• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Дзе там! Пішуць на імя камсамольскага сакратара часці. He пісьмо — цэлая паэма. Хочаце пачытаць?
    Ён ухапіўся за сваю набітую паперамі кірзавую сумку, але Валошын сказаў:
    — Нашто? He мне ж адрасавана.
    — Дык з маёй жа згоды. Я во байцам усё чытаю — слухаюць, не адарваць. I сардэчна, і патрыятычна. Хоць у газеце друкуй.
    — Вось і пачытай у ротах.
    — Абавязкова. Во як яны пішуць, паслухайце,— сказаў ён, таропка разгортваючы пакамечаны трохкутнічак.— «Ад імя і па даручэнню ўсіх нашых дзяўчат, здраствуйце, дарагія і любімыя воіны-героі, маладыя і трошкі старэйшыя, мы любім вас, і ганарымся вамі, і чакаем вас удзень і ўначы, верна аберагаючы нашу любоў і нашу дзявочую пяшчоту...» Ну і так далей.
    — Добра пішуць,— сказаў Валошын. Круглоў схаваў пісьмо і зашпіліў сумку.
    — Ну што, колькі там настукала? — зірнуў ён на скрынку, дзе ляжаў на краі гадзіннік Валошына,— Ого! Ужо тры. Пайду Ў роту.
    — У якую пойдзеш?
    — Якая пад вышынёй? Самохіна?
    — Самохіна,— сказаў, падумаўшы, камбат,— Але я параіў
    бы схадзіць у восьмую. Лейтэнант Муратаў там захандрыў нешта.
    — Гэта чаму?
    — Ды так. Глупства. Але трэба было б падбадзёрыць.
    — Добра. Пайду да Муратава. Стары знаёмы ўсё ж. Разам у полк прыйшлі. А пасля і да Самохіна заскочу.
    — Што ж, давай!
    — Галоўнае, пісьмо пачытаць. Ведаеце, як натхняе?
    — Пабачым, як ты іх натхніш заўтра.
    — У найлепшым выглядзе. Толькі вось часу ў абрэз. Ну што ж, ранічкай пабачымся.
    — Абавязкова.
    Круглоў пайшоў, і ў зямлянцы зноў стала ціха. Прыслухоўваючыся да ягоных крокаў у траншэі, Валошын успомніў пра вышыню і падумаў, што прыйдзецца, напэўна, зноў вылазіць з зямлянкі і ісці да Самохіна — ён проста губляў надзею дачакацца на КП прапаўшых недзе разведчыкаў. Але зморанае цела марудзіла, так добра было сядзець у цяпле і спакоі, трывожна ўсведамляючы, што канчаюцца апошнія гадзіны ночы, а заўтра ўсё будзе не так.
    Хаця, можа, і абыдзецца. Яны возьмуць вышыню, закапаюцца: настане якая-ніякая перадышка, можа, давядзецца адпачыць у абароне...
    Але во чаго захацелася, спахапіўся камбат, злавіўшы сябе на гэтых расслабленых, амаль крамольных на фронце думках. Палова Расіі стогне пад немцам, ільецца кроў напалам са слязьмі, людзі чакаюць не дачакаюцца, калі Чырвоная Армія адужае ворага, а ён пра што марыць — стаць у абарону, адпачыць, адаспацца. Але што рабіць — менавіта так. Сэрцам і розумам адчуваеш адно, а цела, кожная часцінка тваёй цёплай плоці прагнуць іншага. У іх свае, куды болып сціплыя патрабаванні, без задавальнення якіх, аднак,— нікуды. Вельмі недасканалы, слабы чалавек, але іншага вось няма. Каб дасягнуць вялікае мэты, трэба лічыцца з маленечкімі патрэбамі гэтых недасканалых і слабых людзей, лёсамі і целамі якіх вымашчаны увесь даўгі шлях да вялікай жаданай Перамогі.
    I Круглоў мае рацыю, ідучы да іх не з лекцыяй аб стано-
    вішчы на франтах і не з тлумачэннем чарговага загаду Вярхоўнага, а з просценькім, сардэчным і наіўным пісьмом самотных у абезмужчынеўшым тыле дзяўчат. Мабыць, сапраўды, такое пісьмо болей і глыбей кране ачарсцвелыя душы тых, каму адрасавана, і напэўна болып дабрадзейна паўплывае на іх свядомасць, чым казённыя словы вайсковага загаду, які ставіць даўно знаёмыя задачы. Калі б гэтыя задачы было так проста выканаць, як іх паставіць... А вось пісьмо, гэты ціхі голас дзяўчачай лагоды, які за тысячы вёрст прыляцеў у прамерзлы франтавы змрок,— што можа быць святлей і бліжай для згаладнелага, намерзлага, спакутаванага ў доўгім расстанні з блізкімі чалавека на фронце?
    Але камбат не хацеў чытаць гэтыя, можа, самыя лепшыя з усіх, калі-небудзь напісаных ад імя і па даручэнню радкі. Ён аддаваў перавагу радкам, якія не пакажаш другому, не прачытаеш на сходзе.
    Ён іх чытаў у рэдкія хвіліны спакою, адзін на адзін з сабой.
    «Дарагі мой Валошык, мой срэбны праменьчык закатнага сонейка, які так коратка і светла бліснуў у маім жыцці, дзе ты?
    Дзе ты, зямная і нябесная мая радасць, мой рослы дубок, зялёная траўка палянкі, мёдам прапахлы лужок, цёплая жывая хваля, гулліва забегшая на мае далоні?
    Адгукніся ж, скажы хоць слова — кажу я з пяшчотай, a сэрца маё трапеча ў разгубленасці ўсё з тым жа анямелым пытаннем — дзе ты?
    Дзе ты, Валошык, у той час, калі я заміраю ў журбе і роспачы; дзе ты, калі на сэрцы ў мяне трошкі святлее; дзе, калі мне зусім не хочацца жыць і калі жыццё раптам зробіцца такім слаўным?
    Дзе ты?
    Ці, можа, ты назаўжды выкінуў з сэрца тую, каторая з такой самаадданай радасцю кінула сябе да тваіх моцных ног, каторая аднойчы і на ўсё жыццё пакахала цябе болей за сваю родную маці, каторая не можа жыць без цябе,— твайго непаўторнага ў свеце позірку, ціхага ласкавага слова, дотыку тваёй вялікай, цёплай і надзіва пяшчотнай далоні...
    Ці, можа, ты спаткаў на вайне другую, нечакана асляпі-
    ўшую цябе зіхоткай сваёй прыгажосцю, чароўнай няўяўнасцю свайго кахання. Тую золатавалосую незямную Прынцэсу, перад якой я — няшчасная, адрынутая табой Золушка.
    Ці ты не чуеш і ніколі не пачуеш мяне, бо даўно ўжо ляжыш у сырой анямелай магіле з варожаю куляй у тваіх шырокіх грудзях, да якіх так любіла прыпасці галавой і я.
    Валошык мой, дзе ты?
    Я хачу быць з табой, нават калі ты назаўжды выкінуў мяне з твайго вялікага і гулкага сэрца, усё роўна я буду нячутна, бы цень, хадзіць за табой. I калі ты са сваёй залатавалосай Прынцэсай, я буду чакаць цябе, і ты вернешся. A калі ты даўно супакоіўся ад усяго ў глыбокай брацкай магіле, то і я хачу ляжаць побач. Вазьмі мяне хоць у магілу да сябе, я не магу без цябе.
    Толькі не маўчы, адгукніся. Мінула бясконцых пяць месяцаў нясцерпнага твайго маўчання. Я кожны дзень выходжу на наш ляшчынавы ўзлесачак і крычу, крычу — сонцу, аблокам, пахаладзеламу восеньскаму небу, крычу на ўсход і на захад:
    — Валошык, дзе ты?»
    Недарэчны, страшны і дзікі франтавы лёс!
    Ён перажыў трохмесячнае акружэнне, тыф, дзесяткі разгромных баёў, цяжкое раненне ў грудзі і ўсё ж выкараскаўся з учэпістых лапаў смерці. Але калі ён атрымаў гэта пісьмо, яе ў жывых ужо не было.
    Яна была забіта адзінай кулямётнай чаргой з выпадкова пралятаўшага «юнкерса» на залітай сонечным святлом паляначцы медсанбата, куды вынесла развесіць памытыя свае апраткі...
    12
    Мабыць, ён задрамаў, прыгрэўшыся ў сваім кутку, і раптам прахапіўся ад спалоху з ясным усведамленнем таго, што здарылася ліха. Пакінуты на скрынцы гадзіннік паказваў чвэрць пятай, ён сунуў яго ў кішэню і выскачыў з зямлянкі, збянтэжаны тым, што адбывалася знадворку.
    Яшчэ было цёмна, але начная ціша знікла без рэшты,
    узарваная гулам і абвальным агняным трэскатам; па ўсім паднябессі, ззяючы, навыперадкі несліся адна цераз другую дзесяткі агняных трас, над вышынёй раз за разам узляталі ўгору ракеты, дрыготкім сіняватым святлом заліваючы схіл ля балота. Там жа, чутна было, грымнула некалькі гранатных выбухаў, і над балотам, батальённым ланцугом і ўзгоркам густа несліся, імкліва рассыпаючыся ў мільготкім цемрыве неба, агняныя паскі трас.
    Хутка падавіўшы ў сабе сонны спалох, камбат зразумеў, што, нягледзячы на грукат і густое мільгаценне вакол, бой ішоў у немцаў, яго роты маўчалі. Хутчэй за ўсё, як ён таго і баяўся, гэта за балотам трапілі ў бяду разведчыкі.
    Ён кінуў Маркіну, які спалохана выскачыў следам: «Дакладвай у полк», а сам гукнуў Гутмана і пусціўся па траншэі ў поле.
    Спатыкаючыся на глыжах і ямінах, ён бег у дрыготкападсветленай цемры насустрач гэтаму грому ўніз, да ланцуга сёмай роты і думаў, што цяпер прыйдзецца выручаць разведчыкаў, калі толькі яшчэ можна іх выручыць. Калі абодва яны не распласталіся на схіле. Вядома, пры гэтым зноў не мінуць непрыемнай размовы з Гунько, але што рабіць? Яму не прывыкаць да гэтых размоў.
    Гутман, таропка зашпільваючы паўшубак, моўчкі бег следам, заклапочана пазіраючы на вышыню, аднойчы ўпаў, вылаяўся і, прыгнуўшыся, дагнаў камбата.
    — Ашалелі яны там, ці што?
    Валошын не адказаў. Ён таксама не адрываў позірку ад вышыні, яе залітага мільготкім святлом схілу, на якім, аднак, адсюль нічога не было відаць, і ён думаў, што, мабыць, разведчыкі ўліплі як трэба, напэўна, ім ужо не паможаш. Трошкі прыцішыўшы свой бег, ён вопытным позіркам пачаў прыкмячаць усе выбліскі кулямётных трас, якія ён умеў вылучаць сярод мноства іншых аўтаматных стрэлаў і з паныласцю разумеў, што іх многа. Столькі ён не чакаў. Ён налічыў іх не менш шасці, хаця, вядома, гэта была толькі частка старанна арганізаванай сістэмы кулямётнага агню, усёй цяпер яны не раскрыюць.
    Сёмая была ўжо на нагах, ніхто не спаў, байцы, вытыр-
    каючыся з цёмных акопчыкаў, трывожна глядзелі на ашалелую ад агню вышыню, чакалі, што будзе далей. Ён прыняў убок, прыгінаючыся, дабег да знаёмай прыбліндажнай траншэйкі, у якой стаяла некалькі чалавек і чуўся нервовы голас Самохіна:
    — He лезь, не лезь, не высоўвайся! Жыць надаела?
    Валошын саскочыў у траншэю, нехта пасунуўся, даючы месца камбату, следам улез Гутман, і Самохін паведаміў заклапочана:
    — Бачыце, што робіцца? Пэўна, Нагорны...
    — Яшчэ не вярнуўся?
    — Ды не.
    — Зараз жа дзесяць чалавек цераз балота на выручку. Зараз жа!
    — Ёсць! — кінуў камандзір роты,— Гамзюк! Гамзюк, бяры першы ўзвод і — уніз!
    Падсветлены ракетнымі водбліскамі, Гамзюк выскачыў з траншэйкі, прыгнуўшыся, пабег уздоўж ланцуга, і блізкая агняная чарга ледзьве не збіла яму галаву — тоўстай зіхатлівай вяроўкай пранеслася над байцом. Калі яна згасла, стала відаць, як некалькі чалавек нерашуча выбраліся з сваіх акопчыкаў і ўпалі ў цемры, напэўна, не адважваючыся бегчы кудысь без каманды.
    Яны марудзілі, пара кулямётаў з вышыні слепа страчыла па кустоўі ў балоце, трасірныя светлякі рыкашэтаў з шаршнёвым гудам разляталіся ў бакі. Нарэшце Гамзюк сабраў усіх і толькі памкнуўся бегчы ў балота, як у траншэйцы нехта сказаў:
    — А во гляньце! To не Нагорны?
    Усе павярнулі галовы ў той бок, куды паказваў баец, сапраўды, у змроку кустоўя быў прыкметны нейкі няпэўны рух. Мабыць, гэта заўважылі ўжо і байцы Гамзюка, хтось там, прыгнуўшыся, пабег у той бок. Праз хвіліну некалькі байцоў павярнулі назад, на ўзмежак, адна цесненькая групка іх скіравала да траншэйкі ротнага.
    — Што такое, Гамзюк? — не стрываўшы, здаля гукнуў да байцоў Самохін.
    — Ды во раніла.