Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Толькі з умовай: вярнуць. A то тут у мяне чарга...
Яны абодва выйшлі з зямлянкі на сцюжу ветранай ночы, моўчкі паглядзелі ўніз на вышыню, якой цяпер зусім не было відаць. Навокал ляжала санлявае наваколле, поўнае далёкіх і блізкіх няўцямных гукаў, ветру і сцюжы, зводдаль цямнела насцярожаная постаць вартавога.
— Ну што ж, дзякуй за каву, за гутарку,— сказаў Валошын і з ціхенькай журбой паціснуў цёплую руку сябра.— Заўтра іншая гутарка будзе.
— Заўтра іншая,— пагадзіўся Іваноў.— Ну як-небудзь. Жадаю поспеху. А зрэшты, што жадаць, разам жа будзем.
10
3 НП Іванова ён пайшоў да свайго ланцуга, мяркуючы неўзабаве наткнуцца на кулямёты Ярашчука. Але гэты Ярашчук, мусіць, быў сёння няўлоўны. Камбат прайшоў па схіле да нізу, да самага балота, і нідзе не знайшоў кулямёты. Ён зноў прамінуў іх і зразумеў гэта, калі згледзеў у цемры адзіночныя ячэйкі нейкае з сваіх рот, далей чарнела ў ночы хмыззё, між якога шарэлі плямы балотнага лёду. Яго ніхто не аклікнуў, але ён сам пачуў сцішаны ўначы голас Муратава і здагадаўся, што гэта вярнуліся разведчыкі, якіх пасылаў Маркін.
— Трэба далажыць на КП. Дзе старшына? Ідзіце на КП.
— He трэба на КП,— сказаў Валошын, падыходзячы да некалькіх цёмных постацей.— Усе вярнуліся?
— Усе, таварыш камбатціха азваўся Муратаў — На фланговым пагорку нашы.
Валошын падышоў бліжай, трое байцоў у шапках з адтапыранымі вушамі насцярожана стаялі з вінтоўкамі ля нагі.
— Былі на вышыні? — запытаў ён.
— He, таварыш камбат. Да вышыні не далезлі, дрыгва там. I так во па калена,— сказаў адзін з байцоў і, расхінуўшы полы шыняля, паказаў цёмныя, мусіць, мокрыя, сцёгны.— Але мы чулі.
— Што вы чулі?
— Нашыя там. Капаюць акоп. Чулі, лаюцца, і ўсё такое. Па-нашаму, па-руску.
Валошын прымоўк. Тое, што там нашы, а не немцы, было няблага, але такі метад разведкі гэтых разведчыкаў — на слых — яўна не задавольваў яго. Мусіць, заўважыўшы недавер камбата да вынікаў свае работы, усё той жа баец з жывасцю расказаў:
— Улезлі ў кусты, сядзім, чуем, яны там зямлю дзяўбуць. Хацелі ўжо вылезці па вадзе, ды чуем, па-нашаму размаўляюць: «Валодзя, куды ты, кажа, падсумкі дзяваў?» — «На шынялі, кажа, мае і твае». Ну, ведама ж, нашы,— з упэўненасцю скончыў баец.
— Калі нашы, тады трэба ўстанавіць з імі сувязь,— сказаў камбат,— Дамовіцца пра ўзаемадзеянне на заўтра. Паклічце мне лейтэнанта Кізевіча.
— Ёсцьі
Баец пабег у кірунку да дзевятай роты, а Валошын задуменна паўзіраўся ў той бок, за балотца. Ведама, у цемры ён нічога не ўбачыў, але ён ведаў, што пагорак там быў маленькі, сілу на ім вялікую не размесціш, хіба які ўзвод мог бы там акапацца і памагчы батальёну агнём па вышыні «Вялікай». Толькі хто яго мог заняць — няўжо падышоў авангард суседняй арміі? Гэта было б здорава.
Чакаючы Кізевіча, Валошын прысеў на цвёрдыя камякі бруствера адзіночнай ячэйкі, некалькі байцоў, што стаялі каля яго, пачалі стукаць ціхенька, але настойліва чаравікамі — грэць ногі.
— Што там, сапраўды нелыа прайсці? — запытаў камбат.
— Вада там, таварыш капітан. He ўмерзла. Мы пайшлі — праваліліся, насілу вылезлі.
А як жа тыя прайшлі?
— А хто знае? Можа, дзе і ёсць праход. А ўночы як знойдзеш?
«Так, так,— думаў камбат,— Наўрад ці іх там многа. Можа, сакрэт ад суседзяў? Але ўсё роўна трэба звязацца. Трэба кагось паслаць».
Калі валюхастым крокам падышоў з цемры Кізевіч, Валошын сказаў:
— У вас ёсць талковы сяржант?
— Гэта навошта?
— Устанавіць сувязь з вышынёй «Малой». За балотцам.
— Што ўстанаўліваць! — цепнуў плячом Кізевіч,— Там нікога няма.
— Як няма? Во людзі прыйшлі, чулі — галасы. Нашых, рускіх.
— Што яны маглі чуць? Я да вечара туды глядзеў — ніводнай жывой душы. Можа, яны ў цемры не на той бугор вылезлі? Можа, правей узялі, там праўда нехта поўзаў увечары.
Камбат памаўчаў, не ведаючы, што рашыць. Упэўнены тон камандзіра роты яго бянтэжыў, але і хлопцы таксама былі ўпэўнены, што ішлі правільна.
— Мы ж прама ішлі. Цераз кусты. Пад самы бугор. Але ж там вада, не ўмерзла. Балота.
— Вось іменна балота. Залезеш — не вылезеш,— сказаў Кізевіч і адвярнуўся.
— Тым не менш пашліце сяржанта з байцом. Хай дакладна ўстановіць: хто і колькі.
— Сяржанта! У мяне іх зашмат?
— Самахвалаў у вас ёсць? Яго і пашліце.
Кізевіч пастаяў моўчкі і пайшоў у ноч, несучы незадаволенасць новым загадам. Валошыну гэта не дужа спадабалася, але камандзір дзевятай меў асобны характар і рабіў так не першы ўжо раз. Да таго ж ён гадоў на пяць быў старэйшы за Валошына, і гэтая акалічнасць трохі стрымлівала камбата ў падобных сітуацыях.
Валошын коратка развітаўся з маўклівым, заклапочаным сёння Муратавым і пайшоў у роту Самохіна — важна было дазнацца наконт мінаў на той, галоўнай іх, вышыні. Хоць ён
і разумеў, што ўночы сілай двух байцоў не шмат чаго разведаеш на даволі шырокім умерзлым схіле, але ўсё ж. Па крайняй меры, хоць адна знойдзеная там міна дала б камандзіру батальёна знак, што вышыня замініравана і што без яе размініравання нельга пачынаць атакі. Горш, калі яны там нічога не знойдуць і ён заўтра налезе з батальёнам на міннае поле.
На гэты раз камбат лёгка знайшоў у цемры па-над балотцам маленькі бліндаж Самохіна, ля якога яго, аднак, сустрэў старшына Грак. Ён сказаў, што лейтэнант прылёг адпачыць і пакінуў яго, Грака, дачакацца разведчыкаў з вышыні, якія ўсё яшчэ не вярнуліся. Камбат хвіліну маўкліва пастаяў разам са старшыной, паслухаў, але на вышыні па-ранейшаму было глуха і цёмна, ніводзін гук адтуль не далятаў супраць ветру, і Валошын рашыў вярнуцца на свой КП.
— Прыйдуць разведчыкі,— адразу ка мне.
— Ёсць, таварыш камбат!
Справа з разведкай неспадзявана затрымлівалася на абодвух напрамках, і гэта не магло не турбаваць камбата. Асабліва непакоіла вышыня — нешта дужа доўга не было сяржанта, хоць бы ён там дзе не наткнуўся на баявое ахраненне немцаў, думаў Валошын. Ідучы ў цемры на свой пагорак з НП, ён некалькі разоў спыняўся і ўслухоўваўся. Аднойчы яму здалося, што ён чуе нейкі голас, які даляцеў з вышыні. Але, мусіць, гэта быў голас немцаў, бо калі б яны заўважылі яго разведчыкаў, дык напэўна пачалася б страляніна — без страляніны ўжо не абышлося б. Але пакуль было ціха, і можна было спадзявацца на ўдачу разведкі.
На НП у траншэі дзяжурыў ужо не Прыгуноў, а Ціток, ён таксама пазнаў камбата і не аклікнуў яго, а толькі паціху затупацеў ботамі, даючы тым знак, што не спіць, назірае і грэецца.
— Ну як — усё ціха? — запытаў Валошын.
— Ціха, таварыш камбат. Толькі машыны гурчаць.
— Дзе гурчаць?
— Ды там, на гарбу гэтым.
— На гарбу і будуць гурчаць. Умацоўваюцца.
Ён прайшоў па траншэі і падняў край палаткі на ўвахо-
дзе ў сваё жытла. Цяпер тут было не шмат цяплей, чым знадворку, печка-бітон, мусіць, ужо не гарэла. На яго ўваход у куце ля тэлефоннага апарата заварушыўся, пачаў дзьмухаць у трубку заспаны, з паднятым каўняром Чарнаручанка, побач пад паўшубкам спаў, выцягнуўшы ногі, Гутман, а ля ягонага боку сцяўся намерзлы за сваё дзяжурства Прыгуноў. Ад скрынак падняў санлявы твар Маркін.
— Ну што там, вярнуліся разведчыкі?
Валошын зморана ўладкаваўся на сваім месцы па другі бок скрынак, расшпіліў кручкі каўняра і аслабіў дзягу. Зморанае яго цела, нацёртае вопраткай і рамянямі, прагнула расслабнуцца, выпрастаць ногі, толькі выпрастаць тут не было дзе.
— 3 палка званілі? — замест адказу запытаў Валошын у Маркіна.
— Гунько абзываўся два разы. Загадаў адразу ж пазваніць, як прыйдзеце.
— Сну на яго няма,— прабурчаў камбат і пацягнуўся да Чарнаручанкі за трубкай.
Тэлефаніст на тым канцы провада, мусіць, драмаў і хоць адразу адказаў на пазыўны, але нешта няўцямна змоўчаў затым; Валошын пачакаў і паўтарыў выклік. Гунько таксама спаў і не адразу ўзяў трубку. Нарэшце прыглушаны адлегласцю пачуўся яго незадаволены голас.
— Да, слухаю.
— Дваццаць першы «Арла» слухае,— сказаў Валошын і змоўк.
— А, Валошын! Ну як абстаноўка? Як падрыхтаваўся? Усё гатова?
— Што гатова? — сказаў Валошын, не тоячы свае прыкрасці ад гэтага звычайнага ў такіх выпадках пытання,— Быў у Іванова — «агурчыкаў» кот наплакаў. Якая ж падтрымка будзе?
— Будзе, будзе падтрымка. Гэта не ваш клопат. Аб гэтым паклапоцяцца каму трэба.
— Гэта мне трэба,— стрымана запярэчыў камбат,— Я атакую, а не хто іншы. Таму і клапачуся.
— Во, вы атакуеце, вы сябе і рыхтуйце. Сваю гаспадарку рыхтуйце. У вас усё гатова?
— Яшчэ не вярнуліся разведчыкі. А на вышыні «Малой» яшчэ невядома хто — нашы ці немцы.
— Гэта на якой? За балотам? А там нікога няма. Тая вышыня незанятая.
— А калі ўсё ж занятая?
— Ды ну глупства, Валошын! Вам усё чэрці здаюцца. Учора мае разведчыкі вярнуліся — там пуста.
Валошын гаротна ўздыхнуў — учора! За ноч той пагорак можна тры разы заняць і тры здаць, а маёр усё будзе спасылацца на ўчарашнія звесткі «яго» разведчыкаў.
— Таварыш дзесяты, я прашу дазвол перанесці тэрмін «сабантуя» на гадзіну раней,— ухіляючыся ад бескарыснай спрэчкі, сказаў ён.
Камандзір палка, мяркуючы па яго паўзе, не зразумеў ці нават здзівіўся.
— Гэта чаму?
— Ну раней, разумееце? Пакуль не развіднела. У прыцемку.
Маёр зноў памаўчаў, пэўна падумаў і адмовіў.
— He, нелыа. Дзейнічайце па плану. План, разумееш, зацверджан... Наверсе. Так што... па плану.
Валошын скрыгануў сківіцамі, але змоўчаў, і паколькі Гунько таксама няпэўна маўчаў, адпусціў клапан трубкі, якую і паклаў упоперак на тэлефон. Маркін, відаць, прагнаўшы свой сон, запытальна паглядзеў на камбата.
— План! Гляджу, заўтра будзе цяганіны праз гэты ідыёцкі план,— не стрымаўся Валошын і вылаяўся.
— Калі ўжо план, дык кропка,— усё зразумеўшы, уздыхнуў Маркін,— Цяпер Гунько ад яго ні на крок, ведаю.
— Калі б хоць план, a то... У шэсць трыццаць атака. Чаму ў шэсць трыццаць? Толькі развідняе.— Што не зроблена за ноч, ужо не даробіш — некалі. I людзі не адпачнуць як след. У шэсць трэба ўжо сняданкам накарміць. Hi даразведаць, ні агледзецца... Але ж ім трэба да паўдня аб выкананні далажыць. Каб іх поспехі ў сутачную зводку ўключыць. Таму і гэтая спешка.
Валошын не мог стрымаць абурэння, хоць праз хвіліну і пашкадаваў аб тым. Наракаць на паводзіны камандзіра пал-
ка ды яшчэ ў прысутнасці падначаленых было не ў яго правілах, хутчэй наадварот. Але і стрымацца ў гэты раз было цяжкавата — столькі ўжо назбіралася на ягонай душы за гэтую ноч труднага і нервовага.