Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— He сумняваюся.
-Што?
— Кажу, не сумняваюся. Толькі прасіць не буду.
— He будзеце?
— He, не буду.
Трубка змоўкла, і ён ужо хацеў аддаць яе Чарнаручанку, як там зноў паявіўся голас. Голас быў бадзёры, амаль што вясёлы, камбат не адразу пазнаў яго.
— Алё, Валошын. Дык як вы сустрэлі «карандашыкі»?
— Звычайна. Хлебам і соллю,— напаўжартоўна адказаў камбат.
Тут ён не дужа выбіраў выразы — то гаварыў намеснік камандзіра палка па палітчасці маёр Міненка. Адносіны з ім у камбата былі даволі дэмакратычныя.
— Хлеб добрая рэч, але не забывайце і пра харч духоўны.
— Ну, а як жа. Вядома.
— Дык вось што. Трэба пагутарыць з людзьмі. Расказаць пра становішча на франтах. Пра перамогу пад Сталінградам, баявыя поспехі часці. Ды і наогул... Вы ведаеце пра што.
— Вы думаеце, я — палітрук?
— А гэта няважна. Інстытут ваенкомаў адменены. Так што...
— Тым не менш вы-та засталіся. Вось бы і расказалі пра становішча на франтах.
— Ну гэта ты кінь, Валошын,— незадаволена забурчаў бас у трубцы,— Што мне рабіць, я і без цябе ведаю.
Валошын уздыхнуў на поўныя грудзі.
— Таварыш дванаццаты! Няўжо вы думаеце, што ў мяне перад заўтрашнім «сабантуем» няма другіх спраў, як толькі расказваць пра становішча на франтах. Я перад сваім носам яшчэ не разабраўся ў становішчы.
Ён змоўк, у трубцы таксама змоўкла. Пасля Міненка, мабыць, падумаўшы, пагадзіўся:
— Ну добра! Я падашлю лейтэнанта Круглова. Ён правядзе бяседы, а вы ўжо забяспечце людзей.
— Заўтра?
— Чаму заўтра? Сёння.
Гэта ўжо было больш чым занадта. Людзям і без таго заставаўся кароценькі хвосцік ночы, за які дай бог прыплюшчыць вочы на холадзе. А тут — бяседы. I Валошын амаль са злосцю закрычаў у трубку:
— Ну што вы гаворыце, таварыш дванаццаты! Людзі прыбылі з марша. Дашчэнту змораныя. Заўтра... Вы ведаеце, што будзе заўтра. Трэба ім адпачыць ці не? У канцы канцоў...
Нампаліта гэты камбатаў выпад, аднак, мала збянтэжыў. Відаць, ён быў маёру не ў навіну, і той меў на яго даўно гатовы адказ.
— Ну, ну, ну... Так не пойдзе. Мы не можам ні на хвіліну спыняць палітмасавае работы. Мы павінны яе праводзіць у любых умовах. Так патрабуе Вярхоўны Галоўнакамандуючы. Вы разумееце?
Другі раз за сённяшні дзень яму напаміналі патрабаванні Вярхоўнага. Валошын кінуў на скураны футарал трубку і ў злое роспачы прываліўся плячмі да сцюдзёнае сцяны зямлянкі. Ад ягонага крыку на саломе заварушыўся і ўстаў разведчык, падцяўшы ногі, сеў каля скрынак лейтэнант Маркін... Ён прышле лейтэнанта Круглова! Прыслаць Круглова, вядома, няхітрая справа, безадмоўны камсорг і так толькі ўчора пайшоў з ягонага батальёна ў суседні. А вось самога Міненку тут не бачылі, мабыць, ад першага дня наступлення.
А зрэшты, так яно, можа, і лепш. Хай прыходзіць Круглоў, з ім можна будзе дамовіцца і як-небудзь даць ротам магчымасць хоць на пераменку адпачыць перад атакай. Інакш заўтра ад іх не шмат будзе толку. Гэта ён ведаў пэўна.
Разведчык спрасоння пачухаўся, паскрэбся пад пахамі, зняў бот, пачаў перакручваць анучы. Чарнаручанка з маўкліва-незадаволеным выглядам прадзімаў трубку. Маркін запытальна пазіраў на камбата.
— Што ён?
Валошын узяў з долу карту, на якой яшчэ шмат было нявырашана і недадумана з заўтрашняе задачы, і, не паднімаючы позірку на свайго начальніка штаба, сказаў:
— Таварыш Маркін. Адпраўляйцеся ў дзевятую і арганізуйце разведку вышыні «Малой».
Маркін крыху памарудзіў, пасля ладперазаўся па паўшубку трафейным рэменем з кірзавым кабурам на баку і моўчкі выйшаў з зямлянкі.
Камбат падумаў, што, бадай, загадаў занадта афіцыйна, гняўлівы лейтэнант мог пакрыўдзіцца. Але цяпер у яго не
было ніякае ахвоты да пачцівасці — злавала начальства, злавалі немцы, злавала няпэўнасць у абстаноўцы. А тут яшчэ ніякае весткі ад разведчыкаў з вышыні. Пара ўжо была б ім вяртацца і дакладваць, ды вось — ні слыху ні дыху.
На гадзінніку пачыналася другая гадзіна ночы.
Тады ён рашуча ўстаў з саломы, тужэй падцягнуў спражку. Трывожнае нецярпенне ўсё ўзмацнялася. У такія хвіліны нясцерпна было заставацца сам-насам, цягнула да людзей, батальёна, і Валошын адхінуў палатку.
— Прыйдзе Гутман, хай застаецца тут.
— Ёсць, таварыш камбат,— згодна адказаў Чарнаручанка.
На НП у бакавой ячэйцы стрымана варушылася цьмяная, ахінутая палаткай постаць — баец зважліва павярнуўся бокам да камбата, звыкла чакаючы ягоных пытанняў. Валошын спыніўся, услухаўся: ноч была ціхая, якая рэдка здараецца на фронце,— прынамсі, паблізу нідзе не стралялі. Недзе збоч чутны былі галасы: але наўрад ці на ягоным участку, мусіць, у бліжнім тыле, у суседзяў.
— Ну што, Прыгуноў?
— Так нічога. Пастралялі трохі ды сціхлі.
Даўно?
— 3 паўгадзіны назад. Кулямёт патыркаў-патыркаў і змоўк.
— Ракет не кідалі?
— Дзве ўсяго. Вартавыя, мабыць.
Можа, вартавыя-дзяжурныя, а можа, і баявое ахраненне,— калі засеклі разведчыкаў, тады справа горш. А можа, яны ўжо вярнуліся, ды Самохін марудзіць з дакладам, хоць такое на яго не падобна.
— А там за балотам, з тае высоткі, нічога не было чутна? — запытаў ён у Прыгунова. Той пакруціў галавой.
— He, нічога, таварыш камбат.
Валошын памаўчаў, услухоўваючыся, і разведчык пачаў абмахвацца, ляпаючы сябе рукавіцамі па лапатках — грэўся.
— Колькі часу, таварыш камбат? Гадзін дванаццаць ёсць?
— Палова другой.
— Ну, праз паўгадзіны падменяць. Пакімарыць крыху да ранку. А раніцай наступлення не чакаецца? — ціха, без асаблівай цікаўнасці запытаў разведчык.
Валошын унутрана паморшчыўся ад непрыемнага цяпер пытання.
— Чакаецца, Прыгуноў. Раніцай атака.
— Да? — не надта нават уражаны, хутчэй з абвыклай пакорай перапытаў Прыгуноў.— Тады горш справа.
Заўтра будзе горш, гэта пэўна, але гаварыць аб тым Валошыну не хацелася — турбавала мноства пытанняў, немалаважных для таго заўтра, і сярод іх цяпер самым пільным быў вынік разведкі нейтралкі і таго бугра за балотам. Мусіць, трэба б даверыцца Маркіну; калі ўжо загадаў, дык не блага было б пачакаць выканання загаду. Але чакаць не хапала трывання. Пастаяўшы яшчэ крыху, Валошын ускочыў каленам на край бруствера і вылез з траншэі.
8
Камбат ціха ішоў па касагоры ўніз. Па-ранейшаму было цёмна, напорысты паўночны вецер шапацеў у быльнягу і рэдкім, па ўзмежках, кустоўі. Валошын засцярожліва пазіраў па баках, гатовы да якой неспадзяванкі: усё ж ён быў тут адзін, а ці мала што магло падпільнаваць аднаго на перадавой уначы. Нядоўга было трапіць і ў рукі да немцаў, якія, мусіць, таксама не ўсс цяпер спяць — арганізуюць і абарону, і ахраненне, і пошук разведчыкаў. Зусім не дзіва, калі выйдзеш з КП, а ў роту не прыйдзеш. Куды падзеўся — ніхто і ведаць не будзе.
Мусіць, найгоршае на вайне — гэта недарэчна загінуць.
У дадзеным выпадку палохае нават не сама смерць, a тое, як яе вытлумачаць людзі. Мабыць, знойдуцца і такія, што скажуць: перайшоў да немцаў, як гэта здарылася ўвосень з колішнім іх камандзірам палка Буланавым і ягоным начштаба Алексюком. На змярканні прыехалі конна на КП другога батальёна, пагутарылі, закурылі і выправіліся ў трэці, да якога было кіламетры два логам праз кусцікі. Аднак у трэці яны так і не прыехалі. Прапалі назаўжды, нібы жартуючы між дзвюма зацяжкамі, быццам іх і не было на зямлі. Пасля хадзілі розныя чуткі-здагадкі, кожная з якіх (апроч хіба самай недарэчнай — наконт здачы ў палоп) была вера-
годнай. I ўсё ж найболып пэўным здавалася меркаванне, што абодва камандзіры трапілі языкамі да нямецкіх разведчыкаў.
Так, трапіць у бяду было справай няхітрай, нават дужа простай. Хоць бы і цяпер вось, калі ён брыў у цемры зусім адзін, без ардынарца і нават без Джыма. Вядома, з Джымам было б куды спакайней — Джым у такіх выпадках быў незаменны сваёю сабачаю чуйнасцю і амаль не сабачай адданасцю.
Гэты сабака трапіў да яго паўгода таму, у канцы лета пад Селіжаравам, дзе рэшта іхняй разбітай арміі прабівалася з акружэння. Прарыў, пачаты ўдарнай групоўкай, па незразумелай прычыне затрымліваўся, немцы паспелі закрыць прабіты ёю праход, іх мінамётны агонь крышыў стогадовыя хвоі на ўзлеску, дзе разгарнуліся зводныя батальёны другога эшалона, пачаў гарэць лес, і дым усё болей ахутваў падлесак. Калі ўзнялося сонца, асколкам міны, якая выбухнула ў галлі, Валошына параніла ў галаву, і ён, неяк перавязаўшы яе, ляжаў пад хвояй, чакаючы сігналу «наперад». У поўдзень, спакутаваны ад духаты, смагі і болю, пайшоў у глыб лесу пашукаць вады і неўзабаве набрыў на зарослы ляшчыннікам равок з ледзьве жывым у траве ручайком, дзе і ўбачыў гэтага, невядома адкуль прыбрыўшага сюды, сабаку. Збочыўшы худы зад і шырока расставіўшы пярэднія лапы, Джым сядзеў над ручаём і з пакутным адчаем у вачах пазіраў на чалавека. Валошын напіўся сам, набраў цёплай вады ў трафейную пляшку і, спакойна падышоўшы да сабакі, асцярожна пагладзіў яго. Сабака нават не ўхінуўся ад яго рукі, і Валошын убачыў, што задняя яго лапа перабіта асколкам. У кішэні ў капітана была рэштка бінта, якім той асцярожна перабінтаваў пералом, затым, выламаўшы з ляшчыны дзве тонкія палачкі, наклаў іх замест шын на лапу і зноў туга абматаў бінтам. Сабака асцярожна пераступіў раз і другі і з раптам ажывелым выглядам пабрыў за чалавекам.
Ён не адставаў ад капітана да вечара. У часе ашалелага начнога прарыву ў грымоцці выбухаў і мільгаценні трас ненадоўга прапаў, але калі ранкам рэшта групоўкі прарвалася цераз нямецкія пазіцыі, Валошын, на сваё здзіўленне,
убачыў побач і гэтага кульгавага сабаку, які затым упарта не хацеў разлучацца са сваім выратоўцам. Валошын накарміў яго ля першай жа палявой кухні, дзе першы раз за некалькі дзён паеў сам, перавязаў лапу ў санчасці, дзе перавязвалі і яго, і павёў у тыл на пункт збору і фарміроўкі. Лапа ў сабакі зраслася надзіва хутка, і ён ні на крок не адставаў ад свайго выратоўцы. Часам у іх абодвух здараліся непрыемнасці з начальствам, але неяк усё абыходзілася во да сённяшняй ночы.
Узрушаны многім з таго, што адбывалася сёння ў зямлянцы, занепакоены лёсам батальёна і заўтрашняй атакай, Валошын спярша неяк не дужа і адчуў страту Джыма. Аднак з цягам часу жаль па сабаку ўвачавідкі рос у ім, даходзячы часам да роспачы. Як ні дзіўна, а Джым быў для яго чымсь глыбока асабістым, амаль інтымным, нечым з таго, што начыста вытручвала ў чалавеку вайна і што можна было хіба адчуць і амаль немагчыма сфармуляваць словамі... На жаль, ён не мог пярэчыць генералу, для якога гэты сабака з’явіўся сёння, безумоўна, прадметам хвіліннага захаплення, уладарнага капрызу началыііка — не болей.