• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Самохін пакутна паморшчыўся.
    — Вось так! — зазначыў камбат, не жадаючы далей працягваць гэтую слязлівую гутарку.
    Тым болып знадворку пачуліся крокі, у бліндаж ужо ўлазіў сяржант Нагорны, за ім ішчэ два байцы. Абодва амаль адначасна далажылі:
    — Таварыш камбат, радавы Дрозд па вашаму загаду...
    — Таварыш камбат, радавы Кабакоў...
    Гэта таксама былі новыя байцы ў батальёне, не вядомыя яму з твару, хоць прозвішча Дразда ён памятаў з папер, якія падпісваў, перш чым паслаць у штаб палка для ўзнагароджання за зімовыя баі пад станцыяй Гуляеўка. Яшчэ ён успомніў, што гэтага Дразда некалі на партсходзе хваліў нябожчык палітрук сёмай Пятрэнка. Дрозд і сапраўды рабіў добрае ўражанне сваёй ладнаю дужай постаццю і даверлівым, трохі наіўным тварам, які выражаў цяпер увагу і гатоўнасць выканаць усё, што яму загадаюць. Кабакоў выглядаў горш — танклявы, надзьмуты і апрануты не дужа ахайна,— з-пад целагрэйкі тырчаў зялёны каўнер нямецкага кіцеля, нацягнутага для цяпла паверх гімнасцёркі.
    — Стаяць тут няма як, таму сядайце і слухайце,— сказаў Валошын. Байцы зважліва апусціліся ў мігатлівы прыцемак пад сцяной.— Вам баявая задача. Вельмі важная. I зусім простая. Узяць нажы ці штыхі, а таксама паболей паперы — газет, кніжку якую мо растрыбушыць, ціхенька перайсці балота і з узмежка — па-пластунску ўгору да нямёцкай траншэі. Без аніводнага гуку. Ля траншэі развярнуцца і такім жа манерам назад. Вось і ўсё. Зразумела?
    Байцы шырокімі вачмі глядзелі на камбата.
    — He зразумела? Тлумачу. Прапаўзці і нажамі прамацаць зямлю. Калі дзе міна — не чапаць. Толькі на тое месца кавалак паперы і глыжом прыціснуць. Каб ветрам не здзьмула. I так далей. Цяпер ясна?
    — Ясна,— не дужа ўпэўнена сказаў Дрозд.
    Кабакоў шмыргануў носам, камбат уважліва паглядзеў на яго.
    — Усё гэта зойме ў вас не больш дзвюх гадзін. Можа, так
    здарыцца, што на нейтралцы будуць немцы. Тады паслухайце, чым яны займаюцца. I назад. Я вас чакаю. Пытанні ёсць?
    — Ясна,— трохі ўжо болей бадзёра, чым першы раз, сказаў Дрозд.
    Кабакоў зноў шмыргануў носам і няпэўна закашляўся.
    — Значыць, усё зразумела? — заключыў камбат.— Тады сяржант Нагорны праводзіць вас да лёду і паставіць задачу на мясцовасці.
    Байцы ўсталі з-пад сцяны, павярнуліся да выхаду, але Кабакоў, які быў першы, раптам спыніўся.
    — Я гэта... таварыш камбат, кашляю.
    — Да? I здорава?
    — Як калі. Часам калі нойдзе...
    Баец з пераболыпаным стараннем пракашляўся.
    Валошын зірнуў у яго вочы і ўбачыў там неадольную боязь — занадта знаёмае на вайне пачуццё, толькі згледзеўшы якое, усё станавілася простым да абурэння. Цяпер, аднак, камбат пастараўся быць стрыманым.
    — Тады адставіць,— сказаў ён рашуча,— Вашу кандыдатуру адставіць. Замест вас пойдзе старшы сяржант Нагорны.
    — Ёсць! — сказаў Нагорны і запытаў, счакаўшы: — Дазвольце выконваць?
    — Выконвайце,— сказаў камбат,— Вернецеся — адразу ка мне.
    Нагорны з Драздом вылезлі, напусціўшы сцюжы. Кабакоў паныла апусціў галаву.
    — Баіцёся? — запытаў камбат, ва ўпор разглядваючы байца і як заўжды ў такіх выпадках чакаючы апраўдання і хлусні.
    Але Кабакоў ціха пацвердзіў:
    — Баюся.
    I яшчэ ніжэй нагнуў галаву. Канец провада дагарэў да самае палкі, пачаў дымна хліпаць, Вера прыўстала на ногі і з запасам пацягнула яго з-пад столі.
    — Лейтэнант Самохін, ён што — заўжды труса святкуе?
    — Ды не быццам. He замячалася.
    — Даўно на фронце?
    — Чатыры месяцы.
    — Адкуль сам?
    — 3 Пензенскай вобласці.
    — Хто дома?
    — Маці. I тры сястронкі.
    — Старшыя?
    — Меншыя. У школу ходзяць.
    — А бацька?
    — Няма. У сорак першым з-пад Кіева прыслаў адно пісьмо, і ўсё.
    Стала ціха. Вераценнікава гаротна, перарывіста ўздыхнула. Знадворку пачулася страляніна — кулямётная чарга недзе на ўчастку суседзяў.
    — Значыць, баішся? — з’едліва запытаў Самохін,— За сваю шкуру дрыжыш?
    — Усе баяцца. Каму паміраць хочацца?
    — Ах, вось як? Яшчэ філасофію разводзіш? Разгільдзяй, я табе пакажу зараз! Ану, знімай дзягу.
    Ротны ўстаў і, угнуўшы голаў, рашуча ступіў да байца.
    — Ціха, таварыш лейтэнант! — сказаў камбат.— Хай ідзе. Ідзіце на месца, Кабакоў.
    Баец нязграбна вылез з бліндажа. Самохін нагой адкінуў парожні кацялок.
    — Ну і дарма! Трэба было з Нагорным спецыяльна паслаць! Ад трусасці палячыць.
    Камбат палез у кішэнь па закурку.
    — He варта, Самохін.
    — А-а, таму, што прызнаўся, так? На гэта зважылі?
    Лейтэнант пераставаў стрымліваць сябе, быў гатовы сарвацца, як таго патрабавала ў ім усё перажытае за сённяшні вечар. Але камбат разумеў гэта і не мог дазволіць такой вольнасці ротнаму, якога чакалі справы куды болей нервовыя і важныя.
    — Так, зважыў,— спакойна сказаў ён.— Памятаеце талстоўскую прытчу: за разбіты кубак — дзякуй. Бо не схлусіў.
    — Прытча! — сказаў Самохін, аднак спакайнеючы,— Яму прытча, а Дрозд што — камень? Да? He баіцца? Вось шарахне — і ашмоцце адно застанецца. А гэты жыць будзе. Праўдзівец!
    5
    Першы з выкліканых камандзіраў прыбег малодшы лейтэнант Ярашчук — камандзір прыдадзенага батальёна ўзвода буйнакаліберных кулямётаў ДШК. Самы малодшы па званню ён быў самы стары сярод камандзіраў па ўзросту — гадоў пад сорак дзядзька, былы сельпоўскі работнік з Пензеншчыны, якому некалі перад звальненнем з тэрміновай службы прысвоілі званне малодшага лейтэнанта запасу. Далей гэтае званне на ягоных плячах не расло, што, аднак, мала непакоіла Ярашчука — чалавека прасцецкага, не надта пісьменнага і надта цывільнага. Ён упіхнуў у бліндаж сваё зусім не камандзірскага выгляду, шчуплае, як-колечы захінутае ў чырвонаармейскі шынелак цела і загаманіў хрыплаватым спрасоння голасам:
    — Маразец, хай на яго, усё цісне. He хапіла за зіму прамярзалаўкі...
    Ярашчук, напэўна, не адразу заўважыў, што ў бліндажы ўсе маўчалі, мала ўспрымаючы бесклапотную добрасць яго настрою. Стоячы на каленях, ён ажыўлена пацёр азяблыя рукі, амаль з дзіцячым прастадушшам паглядваючы на прысутных. Камбат скупа кінуў:
    — Сядайце, таварыш Ярашчук.
    — Ну што ж, можна і сесці, калі не прагоніце. А я гэта ў акопчыку пад брызентам кімарнуў крыху. Ды замёрз, як шчанюк... Ці няма закурыць, лейтэнант? — звярнуўся ён да Самохіна.
    Той дастаў з кішэні шчапоць махоркі і моўчкі працяг яе малодшаму лейтэнанту.
    — А паперкі няма? Ну то знойдзем. Дзесь быў у мяне кавалачак...
    Другім неўзабаве з’явіўся камандзір восьмай лейтэнант Муратаў. Ладна апярэзаны рамянямі, у акуратна прышытых роўненькіх пагонах на плячах, з планшэткай на баку і трафейным ліхтарыкам на гузіку, ён спрытна праслізнуў у бліндаж і, трохі ўгнуўшы голаў, прывычнай скорагаворкай з акцэнтам далажыў:
    — Таварыш капітан, лейтэнант Муратаў па вашаму загаду прыбыў.
    Камандзіра дзевятай давялося чакаць даўжэй. Валошын ужо хацеў другі раз пасылаць за ім, калі ў траншэі пачуліся крокі, кашаль і, урэшце, на праходзе зашорхала палатка. Кізевіч, вялікі і худы, у непадперазаным паўшубку з абвіслымі без пагонаў плячамі нязграбна ўлез у бліндаж і, зрабіўшы лёгкі намёк-жэст рукою да шапкі, буркнуў замест дакладу як аб чымсь само па сабе вядомым:
    — Старшы лейтэнант Кізевіч...
    Камбат нерухома сядзеў, прысланіўшыся спіной да сцяны і адзначаючы позіркам уваход кожнага. Ён амаль не рэагаваў на некаторыя вольнасці дакладаў падначаленых, але, мусіць, яны нешта адчувалі ў яго знешняй стрыманасці і са сціплай зважлівасцю прыладжваліся ў доле, побач з Ярашчуком.
    — Ну што ж,— сказаў Валошын і адхінуўся ад сцяны,— Здаецца, усе. Прашу далажыць аб колькасна-баявым стане падраздзяленняў. Камандзір сёмай!
    Самохін, які дагэтуль, трохі схіліўшыся набок, з заклапочаным выглядам на ладным бялявым твары сядзеў ля Веры, сеў раўней, падабраў ногі і ўзяў з долу саломіну.
    — У мяне ў страі дваццаць чатыры чалавекі. 3 іх сярэдніх камандзіраў адзін. Сяржантаў два. Кулямётаў: РПД — два, «Гарунова» — адзін.
    Хуценька прагаварыўшы гэта, ён змоўк, нібы згадваючы, што яшчэ можна дадаць да сказанага. Камбат напомніў:
    — Боепрыпасы?
    — Боепрыпасы? На вінтоўку па шэсцьдзесят патронаў, РПД — па тры дыскі. У «Гарунова» дзве каробкі стужак. Праўда, сёння набівалі яшчэ. I ў запасе адзінаццаць цынак. Ось і ўсё.
    — Гранаты?
    — Гранат не лічыў. У старшыны няма. Толькі тыя, што на руках.
    — He больш чым па гранаце,— уставіў ад увахода старшына Грак,— Усяго штук пятнаццаць будзе.
    — He багатасказаў камбат. Паклаўшы на калені палявую сумку, ён расшпіліў яе і выцягнуў блакнот з алоўкам.
    Самохін змоўк, пальцы яго ўсё круцілі ў руках саломіну.
    Камбат варухнуў брывом і перавёў позірк на лейтэнанта Муратава.
    — Камандзір восьмай.
    Муратаў цепнуў плячыма, нібы распраўляючы іх пад рамянямі, і, увесь падабраўшыся, прыстаў на каленях.
    — Восьмая рота імеется васемнадцаць байцоў, тры сяржант, адын камандыр роты. «Максім» адын, РПД адын. Патронаў мала. Чатыры абоймы на адын вінтоўка. Два лента адын «максім». Гранат мала — дэсят штук.
    Кароценькі яго даклад быў скончаны скорагаворкай, і ўсе памаўчалі, назіраючы, як Валошын нешта памячае ў блакноце. Дымны смярдзючы паўзмрок на даваў згледзець за метр. Старшына Грак, уключыўшы ліхтарык, пасвяціў камбату ў блакнот.
    — Дзякуй. Што ж, малавата, таварыш лейтэнапт. I людзей і боепрыпасаў. Берагчы трэба, Муратаў.
    — Как можна берагчы, таварыш камбат? Я камандую: кароткімі чэргамі! Кароткімі чэргамі! Палучается многа кароткіх чэргаў — адна длінны чарга. Расход балшой.
    Усе засмяяліся.
    — Трышкін каптан,— сур’ёзна сказаў Самохін,— Як ні нацягвай — калі мала, дык будзе не хапаць.
    Увогуле гэта было зразумела і без слоў, і тым не менш восьмая ў батальёне аказалася самай слабай. Часткова таму, што наступала ўвесь час у сярэдзіне батальёна і большую частку агню праціўніка брала на сябе. Але і камандзір — малады, гарачы, вельмі старанны лейтэнант Муратаў не дужа ўсё ж дбаў пра тое, каб зберагчы байцоў — у баі лез у самае пекла, падстаўляў сябе і роту пад самы агонь. Вось і засталіся васемнаццаць байцоў. А два тыдні назад, памятае камбат, было нешта каля васьмідзесяці.
    Аднак пры ўсім тым Муратаў быў надзіва часталюбівы і крыўдлівы камандзір. Камбат заўжды папракаў яго асцярожна, намёкамі і цяпер сказаў:
    — А я на васьмую спадзяваўся. Болей за іншых.
    Муратаў адразу ўсё зразумеў, смуглявы чарнабровы яго твар успыхнуў на скулах. Ен памкнуўся наперад, але тут жа асеў і змоўчаў.