Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Ну. Генерал-лейтэнант Багданаў. Геройскі мужык. А што ён мог зрабіць? У прарыў сам на кулямёты вёў і загінуў.
— Дваццаць дзевятай хапіла. Трыццаць дзевятай таксама. — А трыццаць трэцяй? А коннікам Бялова ды Сакалова? — He шмат іх засталося,— пагадзіўся камбат.
— Няўдачнік я! — раптам проста сказаў Маркін, і Гутман з Чарнаручанкам насцярожана паднялі галовы,— Што перажыў, ворагу не пажадаю. У рэзерве сустракаю таварыша, разам выпускаліся. Два ордэны, пшала ў пятліцах. А я ўсё лейтэнант.
Камбат абапёрся на скрынку локцем і скоса паглядзеў на прыціхлых байцоў.
— Дарма вы так думаеце, Маркін. Да Берліна яшчэ даўгая дарожка.
— Ат! — махнуў рукой Маркін і зноў узяўся за шомпал.— Ці многа іх тут лінеіць? Ведаць бы хоць, колькі дадуць. A то налінею ды залішне. Таварыш камбат,— узняў ён твар да Валошына,— 3 папаўнення трэба пісара падабраць. A то колькі можна?
— А вы вунь Гутмана абучылі б. Па сумясціцельству. Або Чарнаручанку.
Тэлефаніст з ніякаватай сарамлівасцю заварушыўся каля апарата, а Гутман амаль што пакрыўдзіўся.
— Ну, скажаце, таварыш камбат! Я работу люблю. А гэта...
Маркін павярнуў да яго амаль што гняўлівы твар.
— А гэта што — не работа? Вось пасядзі дзень над паперкамі, дык увесь свет з аўчынку пакажацца.
— He люблю!
— Ну ведама ж, лепш па палях гойсаць. Трафейчыкі і так далей...
— Ладна, Гутман, канчай шытво. A то ўжо спіна акалела,— перапыніў іхнюю спрэчку камбат.
— А вы — мой кажушок.
— He ўжо, дзякуй. У тваім кажушку, мабыць, таго... Дыверсанты бегаюць.
— Нямнога, таварыш камбат. Куды ж ад іх дзенешся? Ну вось і ўсё. Калі ласка.
— Давай, пабачым, які ты майстра.
Камбат узяў з ардынарцавых рук шынель і надзеў яго. Потым прывычнымі дакладнымі рухамі накінуў на плечы партупею, зашпіліў спражку, ссунуў на месца кабур.
— Ну што ж — дзякуй,— сказаў ён ардынарцу,— Чарнаручанка, выклікайце дзесятага «Волгі». Пагаворым з начальствам.
2
Пагаварыць з начальствам, аднак, не ўдалося.
He паспеў тэлефаніст пакруціць ручку свайго жаўтаскурага амерыканскага апарата, як дзесь на паверхні з нарастаннем завыла, данеслася некалькі слабых «ках-ках-ках», і блізкія выбухі скаланулі зямлю. На салому і на печку са столі сыпанула жвірам, ліхтар па сцяне калыхнуўся, загойдаўшы гарбатыя цені. Маркін угнуў над паперамі галаву, Гутман схапіўся за аўтамат і паўшубак. Карбідны агеньчык у ліхтары яшчэ не супакоіўся, як заверашчала зноў і зноў ірванула. Ад серыі з не менш чым дзесяці выбухаў хадуном захадзіла зямлянка.
— Што за халера?!
Камбат сунуў за пазуху ўжо нарыхтаваную карту і адхінуў палатку на выхадзе. У начным цемрыве над пагоркам мільганулі туга напятыя агняныя ніці трас — адтуль, з вышыні, цераз іх галовы пад лес. Чэргі былі даўгія і, напэўна, буйнакаліберныя — «дуг-дуг-дуг» — данеслася з вышыні. Але кулямёт раптам змоўк, стала ціха, у цёмным сцюдзёным небе дрымотна раіліся бліскучыя зоркі. Мяркуючы па ўсім, нем-
цы штосьці падпільнавалі ў бліжнім тыле пад лесам. Гутман, стоячы ў траншэі, паспешліва падпярэзваў паўшубак, і камбат кіўнуў галавой.
— Ану, куляй! Туды і назад.
— Ёсць!
Ардынарац, абсыпаўшы зямлю, вылез з траншэі, яго боты пратупацелі ў цемры і сціхлі, а ён яшчэ пастаяў, услухоўваючыся ў невыразныя гукі навокал. Але паблізу зноў стала ціха, толькі недзе далёка за лесам слабым водбліскам пыхаў край неба ад далёкай артылерыйскай кананады.
— Гэта артылерысты — разявы! Заўжды яны па начах засвецяць,— са злой прыкрасцю зазначыў з зямлянкі Маркін.
Камбат не адказаў. Ззаду шорхнула палатка, шэрая пляма святла коса легла на бок траншэі, і з дзіркі паказалася галава Чарнаручанкі.
— Таварыш камбат! Дзесяты...
Ну вось, так і ведаў! Варта на хвіліну прамарудзіць з дакладам, як ён ужо выклікае сам. Камбат унутрана паморшчыўся, беручы з рукі тэлефаніста трубку, вялікім пальцам рашуча павярнуў клапан.
— Дваццаты «Бярозы» слухае.
— Пачаму не дакладваеце? Што там у вас за артпадрыхтоўка? Зноў не выконваеце правіл маскіроўкі?..
3 першых жа слоў у трубцы было зразумела, што маёр ужо павячэраў і прыдбаў свой звычайны камандзірскі тон. Але каскад ягоных пытанняў, прызначаных ашаламіць, быў прывычны камбату, даўно ўжо не бянтэжыў і нават мала і злаваў. Што зробіш — Валошын ужо змірыўся з роляй нялюбага падначаленага, цярпеў, калі-нікалі агрызаючыся. Праўда, было горш, што часам іхнія ўзаемаадносіны адбіваліся на батальёне, хоць тут ужо ён быў бяссільны што-небудзь змяніць. Камбат па магчымасці цярпліва выслухаў усё і не спяшаўся апраўдвацца — бавіў час, чакаючы, калі з’явіцца Гутман.
— Алё! Вы што маўчыце? Ці вы заснулі там? — ракатала ў трубцы. I тады камбат дазволіў сабе трошкі іроніі, на якую маёр Гунько звычайна рэагаваў у поўным сур’ёзе.
— Стараюся прывесці ў сістэму вашы пытанні.
— Што? Якая сістэма? Вы мне не мудрыце, вы адказвайце.
— На столькі пытанняў не адразу адкажаш.
— Дрэнны той камандзір, які не ўмее як след далажыць началыііку. Трэба на хаду хапаць. Начальства з паўслова разумець трэба.
— Дзякую.
— Што?
— Кажу, дзякую за параду. I дакладваю абстаноўку,— рашуча перабіў яго Валошын, каб разам скончыць апрыклыя настаўленні, якія пагражалі зацягнуцца на няпэўны час,— Праціўнік прадаўжае ўмацоўваць вышыню «Вялікую». Візуальна адзначаны земляныя работы з выкарыстаннем доўгатэрміновага пакрыцця — бярвення. Таксама прадаўжаецца...
— А вы перашкодзілі? Ці, можа, саізволілі спакойна глядзець, як фрыцы траншэі размячаюць?
— Траншэі, на жаль, яны растрасіравалі ўначы,— не зважаючы на маёраву з’едлівасць, спакойна дакладваў камбат— Да ранку ўсё было выкапана ў поўны профіль. Кулямётны агонь быў малаэфектыўны з прычыны куленепрабівальнасці ўкрыццяў. Іншыя сродкі ўздзеяння адсутнічаюць. У Іванова «гуркоў» усяго дзесяць штук. Я ўжо аб тым вам дакладваў.
— Чуў. А хто ў вас дражніць немцаў? Што за расхлябанасць такая ў гаспадарцы? Мусіць, кастры паляць? Ці з бліндажоў іскры шугаюць снапамі. У вас гэта заведзена.
— У мяне гэта не заведзена. Вы блытаеце мяне з кімсьці другім...
Гэта была ўжо дзёрзкасць з боку падначаленага, маёр на некалькі секунд змоўк, а затым трохі інакшым, чым раней, тонам зазначыў:
— Вось што, капітан. He табе папраўляць, калі і зблытаў. Малады яшчэ.
Але, здаецца, знікала трыванне і ў Валошына.
— Дык вось, папрашу не блытаць. Хоць і малады, але вашы знявагі слухаць не маю намеру. Да таго ж папрашу на «вы».
Што?
— Папрашу называць на «вы».
Камбату вельмі хацелася шпурнуць у кут гэтую трубку і болей не браць яе, бо ўся размова была па сутнасці бязмозглымі прыдзіркамі, калі адзін бок дазваляў сабе ўсё, што хацеў, а другі павінен быў апраўдвацца, ды яшчэ прытрымліваючыся субардынацыі. Але варта было камбату перашагнуць цераз гэтае пачуццё падначаленасці і прыняць прапанаваны тон, як голас на тым канцы провада пацішэў, пракашляўся, і камандзір палка, здаецца, ужо і сам быў гатовы пакрыўдзіцца.
— Ужо і ў пузыр! Падумаеш, на «ты»! Назваў, бо маю права. Вы маладзейшы. А на старшых у арміі не крыўдзяцца. У старшых вучацца. Дарэчы, ледзь не забыў,— раптам змяніў тон Гунько,— Чырвонага Сцяга палучыш. Загад прыйшоў. Так што віншую.
«Успомніў!» — са злосцю падумаў Валошын і не адказаў на гэтае спазнелае і сапсаванае віншаванне. Незанятай рукой ён узяў з пальцаў тэлефаніста недакурак, зубамі адарваў заслюнены канец. Аднак не паспеў ён зацягнуцца, як побач, коратка рыкнуўшы, ускочыў на ногі Джым. Блізка ў траншэі пачуўся тупат, шорхат палатак, чуваць было, нехта саскочыў з бруствера. Чарнаручанка кінуўся на выхад, але адразу адхіснуўся ўбок і прыціснуўся да сцяны зямлянкі.
— Куды тут?
— Прама, прама,— пачуўся здаля голас Гутмана.
— Асцярожна, прыступкі.
— Бачу.
У дол каля печкі ўдарыў пук святла ад ліхтарыка, які затым здрыгануўся пад нечымі нагамі, і, адхінуўшы палатку, у зямлянку ўваліўся грузны чалавек у цёплай, з каракулевым каўняром, бекешы.
Джым ля камбата зноў рыкнуў і рвануўся наперад, Валошын у апошняе імгненне ледзьве паспеў ухапіць яго за касматы загрывак. Сабака апантана ўзвіўся на заднія лапы перад чалавекам, які спалохана хіснуўся назад і раздражнёна вылаяўся.
— Што тут за псарня?
— Джым, ляжаць! — строга скамандаваў Валошын. Саба-
ка неахвотна адступіў і стаў іюбач, а чалавек зрабіў крок да святла.
У дзверы тым часам лезлі і яшчэ, зямлянка зрабілася цеснай і сцюдзёнай, але Валошын упіўся вачмі ў гэтага першага, які выглядаў нечым усхваляваным і рукой трымаўся за галаву без шапкі. Спачатку камбату здалося, што ён адцірае азяблае вуха, але чалавек, нібы безуважны да ўсіх тут, у зямлянцы, адняўшы руку ад галавы, уважліва паглядзеў на далонь. На ёй была кроў. Тут жа да яго падступіўся другі ў паўшубку, з тонкай планшэткай на баку. Пры святле з ліхтара ён пачаў выціраць скрываўленую шчаку чалавека, на шырокім пагоне якога раптам цьмяна бліснула вялікая генеральская зорка.
Валошын стаяў збоку, разумеючы ўжо, што гэта начальства і што неадкладна трэба дакладваць. Але час для таго быў упушчаны, цяпер было нязручна падступіцца да яго, камбат прамарудзіў і з прыкрым адчуваннем няёмкасці зрабіў крок да генерала.
— Таварыш генерал...
— А цішэй нельга?
Генерал на паўабарота павярнуў да яго незадаволены, немалады ўжо твар з сіваватым пучком кароткіх вусоў пад носам. Секунду яны моўчкі стаялі так, адзін перад адным, абодва вялікія і плячыстыя.
— Чаго крычаць? Мы ж не на пляцу.
Валошын яшчэ памарудзіў, падумаўшы, што, мабыць, сказваецца блізкасць перадавой. Але ён усё ж скончыў даклад, хоць і цішай, і генерал, пераставіўшы на скрынцы ліхтар, сеў на яе, не адрываючы рукі ад скроні, на якой, відаць, крывяніла рана. Той, другі, у паўшубку, што выціраў яму шчаку, павярнуўся да Маркіна.
— Медпункт далёка?
— Праз чатырыста метраў. У аўражку.
— Пашліце за доктарам.
— Доктара няма. Ваенфельчар, таварыш маёр.
— He мае значэння. Пашліце за фельчарам. Валошын кіўнуў ардынарцу.
— Гутман!
— Ёсць.
Ардынарац выскачыў у траншэю, і ў зямлянцы запанавала няёмкая працяглая цішыня. Начальства маўчала; зважліва ўтаропіўшыся ў яго, па абодва бакі замерлі Валошьш і Маркін. У парозе ля печкі грэў рукі нейкі плячысты баец у бушлаце. Маёр пашукаў вачмі месца, каб сесці, і ўбачыў Джыма, насцярожаныя вушы якога тырчэлі з ценю.