Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Тут быў цвёрды высакаваты бераг з бярэзнічкам, балота трохі адступала ўбок, ён прабег у ранейшым кірунку з паўсотню крокаў і крута завярнуў назад. Там, дзе асакаватая забалаць бліжэй падступала да берага, ён шырока сігануў убок і, стараючыся не дужа слядзіць у траве, палез да бухматага лазовага куста ў багне. Спярша было неглыбока, вада даходзіла не выпіэй халяваў, але потым пабольшала, ён пашкадаваў, што не ўзяў палку, хоць як яму было ўпраўляцца з палкай? Аднак па характары балота, па тым, што ў ім сярод вадзяных вокнаў зелянелі купіны з кустамі лазы і алешніку, ён зразумеў, што яно не павінна быць дужа тваністым і, можа, яго не засмокча.
Прытрымліваючы малога за пазухай, ён асцярожна прабіраўся ад купіны да купіны, хапаючыся левай рукой за голле і паступова вязнучы ўсё глыбей. Ён не адышоўся яшчэ і ста крокаў ад берага, як ногі яго ўжо да каленяў патаналі ў гразі, хутка каламутпая, з торфам і тванню жыжка падабралася да самых сцёгнаў, і ён думаў: хоць бы яна не стала глыбей, бо як тады ён будзе з гэтай сваёю ношай? Але балота і яшчэ глыбела, купіны радзелі, і між імі стаялі чыстыя, без зарасцяў, вокны чорнай вады, у якой плавала пляскатае лісце гарлачыкаў. Ляўчук ведаў, што гарлачыкі любяць глыбіню, і не соваўся туды, стараючыся лезці зводдаль ад іх, ля купін, дзе можна было ўхапіцца за мох і голле. Ён імкнуўся ісці хутчэй і асабліва не боўтаць нагамі, хоць усё роўна плёханне яго было чутна далёка, і ён разпораз спыняўся і слухаў. Аднойчы яму здалося, што ён чуе голас, нібыта вокрык, ён шырай расставіў у вадзе ногі і прыціх, болей, аднак, нічога не было чуваць. Памеркаваўшы, ён зразумеў, што вокрык даляцеў здаля і не мог адносіцца да яго. Значыць, яшчэ было трохі часу. Але пакуль ён прыслухоўваўся, ногі яго глыбей аселі ў багну, і ён з намаганнем павыдзіраў іх — спярша адну, а потым другую. Пакуль выдзіраў, намачыў знізу пінжак і падумаў, што так хутка вымакне ўвесь, тады чым захіне малога?
Неяк дабраўшыся да замшаранай, аброслай аерам купіны, ён прыхінуўся да яе, асцярожна садраў з плячэй пінжак і абгарнуў ім малога. Той патузаўся, але не заплакаў і пакорліва сцішыўся ў цяпле яшчэ не астылай адзежыны.
— Ну во і добра! Ну і ляжы. Галоўнае — ляжы і маўчы. Можа, яшчэ мы як-небудзь...
Стоячы па сцёгны ў халоднай вадзе, ён услухоўваўся і выглядваў, куды падацца далей. Добра, каб надарылася дзе якая болей-меней сухая імшарына, які грудок ці востраў, дзе можна было б затаіцца ад сабак, пачакаць, пераседзець.
Але, мусіць, не надта тут адшукаеш імшарыну, балота ўсё глыбела, і ён прабіраўся па ім з усё большаю рызыкай шуснуць з галавой у прорву. Скрутак з малым ён паднімаў усё вышэй і старанна намацваў дно, часам слізгаючы на глыбіні па блытаных каранях алешын і водарасцяў, часам ён траціў раўнавагу і ледзьве ўтрымліваўся над вадой, узнімаючы са дна каламутныя віры багны. Тым часам зусім развіднела, туману чамусьці тут не было, у высокім ранішнім небе стаяла некалькіх бухматых хмурынак, было ціха. I ў гэтай цішы да ягонага слыху данёсся раптам узмацнелы сабачы брэх.
Ён азірнуўся і зразумеў, што гэта ўжо тут, ля балота, і тады здзівіўся, як ён мала адышоўся ад берага. Каламуцячы багну, кінуўся да бліжэйшай купіны, з якой лезла ўгору раздвоеная крывая алешына з закарэлым камлём. Купінка была маленькая — і на бяду — у глыбокім месцы, ён добра вымак, пакуль дабрыў да яе, і нават падмачыў у руках пінжак. Да таго ж ён патраціў шмат часу, яны былі ўжо недзе паблізу і, хто ведае, ці не ўчулі яго. Каб быць гатовым да горшага, ён прыхінуў скрутак з малым пад альховы камель і, прытрымліваючы яго рукой, другой нарыхтаваў пісталет. Вада тут даходзіла яму да грудзей, галаву няблага прыкрывала купіна, у самым нізе якой кусцілася маладая крушына. Ён затуліўся за яе і чакаў: калі палезуць з сабакамі, ён павінен іх згледзець першы.
Толькі б не заплакаў малы.
Ён пачуў іх, і праўда, першы, яшчэ да таго, як згледзець: зашастала на беразе голле і прагучала нейкае слова, мусіць, каманда сабаку, — ён глыбей асеў у ваду і ўставіўся позіркам у незахінуты голлем ускраек берага. Ён перастаў дыхаць, вялікім пальцам ціхенька ссунуў засцерагальнік у парабелуме і тады ўбачыў іх у невялікім прамежку між кустоў і галля.
Першы на доўгай вочапцы з зарасніку выбег сабака. Руды, з пагрозліва настаўленымі вушамі, ён імкліва вёў па зямлі чуйным носам, зрэдку кідаючы хуткія позіркі наперад — ішоў па следзе. Ззаду ледзьве паспяваў праваднік у зялёным разведчыцкім маскхалаце і казыркастай палявой шапцы. За ім шыбаваў яшчэ адзін гэткі ж немец з сабакам. Яны прамчаліся далей, і тады на бераг з кустоў высыпала ўся іх зграя — дзесятак карнікаў у аднолькавых маскіровачных халатах, узброеных аўтаматамі, абвешаных сумкамі, біклагамі і біноклямі. Доўгай чарадой яны выцягнуліся па беразе і, асцярожліва пазіраючы па баках, скіравалі па ягоным следзе, гатовыя ў кожную секунду разрадзіць свае аўтаматы.
— Ох, гады! Ох, гады! — шаптаў ён здранцвелымі вуснамі, добра разумеючы, што ягоная справа дрэнь. Калі толькі яны не праскочаць далей з ягонага следу, то, мабыць, сядзець яму тут давядзецца нядоўга.
На нейкі час пасля ён перастаў іх бачыць за алешнікам, толькі чуў, як шастала голле, і думаў, што ў бліжэйшыя секунды, мабыць, усё для яго і вырашыцца. Пройдуць ці вернуцца? Але там неўзабаве разгублена заякатаў сабака, пачуўся строгі гаспадарскі вокрык, нейкая нягучная кароткая фраза, і ён зразумеў, што сабакі згубілі след. Ён яшчэ глыбей апусціўся ў ваду, па самыя ўжо плечы, і трохі пахінуўся ўбок, каб лепш прыхавацца за купінай. Яшчэ ён азірнуўся назад — за вялікім прагалам чорнай вады стаяў куст лазняку, дзе, вядома, можна б схавацца лепш. Секунду ён адольваў у сабе рызыкоўнае жаданне кінуцца туды, пакуль была такая магчымасць, але стрымаўся — мусіць, цяпер ужо трэба было сядзець. Шкада, ён недалёка адышоўся ад берага, не хапіла часу: калі б ён раней наважыўся ўлезці ў балота, дык, можа б, яшчэ і выратаваўся.
He, далей яны не пайшлі — яны вярталіся.
Ён зноў убачыў іх у тым жа парадку — адзін за адным немцы выбягалі з кустоў па ягоным следзе назад, і ён сцяўся, упіўся ў іх з-за крушынавага голля вачамі, з заміраннем сэрца чакаючы: а што, калі спыняцца? Калі спыняцца і сабака пакажа ў балота — тады ўсё. Тады, лічы, ён гатовы.
Здаецца, яны трошкі праскочылі далей ад яго павароткі,
першы сабака дык пэўна праскочыў і з ім праваднік, астатнія яшчэ ішлі па беразе, і тады ён ясна ўбачыў у асацэ пры беразе свой след. Ну, так і ёсць, некалькі вельмі прыкметных на вадзе крокаў — прытаптаная асака і скаламучаная, яшчэ не адстоеная твань, — ах ты, бог мой, якая неасцярожнасць! I так блізка ад берага! Хоць бы яны не заўважылі, хоць бы прайшлі за сабакам! Дранцвеючы ад холаду і напружання, ён сачыў, як гэтае месца ля бярэзнічку прамінуў адзін, другі, трэці... Ужо заставалася чалавекі тры, і вось прабег і апошні — растаўсцелы карнік з азызлым, счырванелым тварам. Ляўчук дазволіў сабе ўздыхнуць глыбей — можа, і абыдзецца...
Ногі яго надта засмактала ў твань, і ён пасунуўся грудзямі на імшарыну, схіліўся над малым, які ўвесь час неспакойна варушыўся ў яго пінжаку, нібы хацеў скінуць яго з сябе і зірнуць, што робіцца на свеце. Ляўчук заглянуў пад палу — тварык малога незадаволена зморшчыўся, і Ляўчук спалохаўся ад думкі, што малы зараз заплача. Каб як не дапусціць да гэтага, ён выдраў паблізу аерыну, адарваў ад яе мякчэйшую частку кораня і сунуў малому ў рот — смакчы! Той і сапраўды зацмокаў, прыціх, а Ляўчук падумаў, што надоўга ці не, а, здаецца, ашукаў хлопца.
Затым ён услухаўся — немцы, чуваць было, гойсалі зводдаль, ён думаў, зноў вернуцца, але яны пакуль што не вярталіся, мабыць, яны стараліся знайсці яго след. Хвіліну чуваць быў іх гоман, ці то яны аб чымсь там спрачаліся, а можа, камандзір аддаваў новы загад. Даляцеў яго зычны голас-каманда, і хтосьці адгукнуўся на яе зусім блізка, ледзь не на самым беразе. Ляўчук зноў затаіўся, ён перастаў разумець, што яны ўздумалі, і зноў затрывожыўся.
Ён пачаў азірацца, шукаючы нейкае выйсце, і падумаў, ці не рызыкнуць усё ж перабрацца за той куст лазняку, а можа, і далей, пакуль іх няма паблізу і пакуль яны не знайшлі яго след. Але толькі ён падумаў аб гэтым, як убачыў насупраць немца: павесіўшы на шыю боты, той лез басанож у балота, здаецца, якраз па ягоным следзе. Другі з аўтаматам напагатове стаяў на беразе і, відаць, падбадзёрваў таварыша:
— Forwarts, dort ist es nicht tief!1
— Hier ist eine Kluft2,— незадаволена бурчаў босы, сунучы нагамі ў вадзе.
Ляўчук зноў вялікім пальцам перавёў засцерагальнік і паклаў ствол пісталета на ніжнюю галінку алешыны. Ён рашыў падпусціць немца не далей як да акна з разбоўтаным покрывам раскі і стрэліць. Адсюль ужо ён не вылезе са сваімі ботамі; пасля той, з берага, мабыць, расстраляе яго. А можа, ён паспее зняць і таго...
Ну, во і ўсё... А столькі было с-траху і перажыванняў, калі ўсё канчаецца так проста, звычайна і амаль недарэчна...
Як заўжды ў хвіліны безнадзейнасці ад яго адлятаў страх, тым болей спалох, мозг яго пачынаў працаваць цвяроза і дакладна, рука рабілася дужай і цвёрдай. У такі момант ён не прамахнецца. Немец, аднак, не спяшаўся, лез асцярожна, высока перастаўляючы ў вадзе белыя худыя ногі з падкасанымі вышай калена калошынамі. Калі ён нагінаўся, боты біліся галоўкамі па жываце, там жа боўтаўся аўтамат, які ён падтрымліваў правай рукой. Зрэдку толькі ён кідаў наперад кароткія позіркі з-пад казырка свае шапкі, а так усё глядзеў пад самыя ногі, шукаючы, куды лепей ступіць.
«Ну што ж, можа, так і лепей! Ідзі, ідзі, гад!»
I ён ішоў, несучы яму смерць і сабе, напэўна, таксама. Пагрузшы вышай каленяў у багне, ён падышоў да крушынавага кусціка, ухапіўся за галінку рукой і раптам, мабыць, паслізнуўся на дне — бокам шуснуў у ваду па грудзі. Спрабуючы падняцца, праваліўся яшчэ глыбей, збіў локцем шапку, якая паволі паплыла ад яго, хутка асядаючы пад ваду. Ускаламуціўшы вакол багну і ўжо не разбіраючы дарогі, кінуўся назад, на мяльчэйшае, і раззлавана загергетаў да таго, што стаяў на беразе і рагатаў, выкрыкваючы штосьці жартоўнае.
Мокры, аблеплены тванню немец выбраўся з балота і, усё нешта гергечучы там, знімаў з сябе кіцель, штаны і ўсё іншае, пакуль не застаўся голы. Удвух яны там доўга вы-