Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Валошын ледзь прыкметна ўсміхнуўся — ужо і вінават! У чым тут ягоная віна, цяжка было нават уявіць, не толькі ў ёй прызнацца. Хутчэй, мусіць, вінаваты генералаў шафёр, які, пэўна, не сумеў праехаць у цемры ды засвяціў фары, і ніхто болей. Але маёр Гунько, відаць, дапяты такой вымовай высокага начальства, гатовы быў прыняць на сваю галаву ўсе папрокі, абы як-небудзь змякчыць генеральскі гнеў. I, мабыць, ён меў рацыю, бо генерал неяк нечакана вычарпаў свой запал і падышоў да печкі, якая без догляду амаль што патухла. Няўмела адчыніўшы дзверцы, ён прысеў і пачаў грэбаць у доле рукой — збіраць суччо. У зямлянку патхнула дымам.
— I вось ён таксама вінават! — Генерал павярнуў галаву да Валошына.— Ен павінен быў узяць вышыню. А не сядзець у балоце.
— Так точна, таварыш генерал!
Гунько раптам нібы страпянуўся і хуценька павярнуўся да Валошына, пакутлівы выраз на ягоным твары стаў меншаць, саступаючы месца саманадзейна-патрабавальнаму. Валошын недаўменна паціснуў плячыма.
— Мне не было загадана яе браць.
Генерал устаў ад печкі, за хвораст услужліва ўзяўся ягоны маёр. У печцы загуло, затрашчала, усе яе разгарэлыя шчыліны ярка засвяціліся полымем.
— Во ён ужо другі раз апраўдвае сваю бяздзейнасць адсутнасцю загаду. Па плану камандуючага вышыня ў вашай паласе?
Генерал стаў перад камандзірам палка, які таропка схапіўся за сваю палявую сумку.
— Так точна. Для мяне ўключна.
Трохі паспешлівей, чым трэба было, ён дастаў з сумкі абмусолены аркуш карты, і яны абодва схіліліся над ёй пад ліхтаром. Валошын адчуваў, што тут нешта наблытана, але маўчаў, з пакорнай абыякавасцю чакаючы, што будзе далей. Раптам генерал вылаяўся.
— Дзе ж там уключна? На карце ж у вас выключна. Вы бачыце?
— Так точна — выключна,— з гатоўнасцю пацвердзіў Гунько.
— Дык што ж вы блытаеце? Ці вы не разумееце знака?
— Разумею, таварыш генерал.
— Разгільдзяі! Занадта пра сябе турбуецеся! — пасля паўзы злосна аб’явіу генерал і з пакутаю на твары прыклаў далонь да павязкі.
Валошын звузіў цёмныя вочы. Стрыманасць, якая не пакідала яго за ўвесь час гэтае гутаркі, урэшце пачала здраджваць камбату.
— Спадзяюся, таварыш генерал, да мяне гэта не адносіцца?
Генерал зрабіў крок да парога і спыніўся.
— Адносіцца! Адносіцца і да вас! Вось мы разбяромся — будзеце заўтра браць вышыню штурмам! A то распалажыліся, печкі-лавачкі вам!..
Валошын моўчкі сам сабе вылаяўся: вось табе і на — дачакаліся! Ён адчуваў, што гэтыя генеральскія словы — не пустая пагроза, што вельмі нават магчыма — загадаюць і прыйдзецца штурмаваць, асабліва яшчэ, калі ў справу ўмяшаўся такі высокі начальнік. Але ж столькі патрачана часу! Там, мабыць, ужо пакапаны ўсе траншэі, пазакладзены мінныя палі, заняты ўсе пазіцыі, і цяпер — наступаць! Дзе ж вы былі на суткі-двое раней, таварыш разумны генерал? — думаў камандзір батальёна. Губляючы рэшткі свае вытрымкі, ён ступіў наперад і як мог спакайней сказаў:
— Мяркуючы па ўсім, вышыня шэсцьдзесят пяць ноль уключна для паласы суседняй арміі.
Генерал спыніўся, з вышыні свайго немалога росту ва ўпор уставіўся ў камбата звужанымі калючымі вачмі. Ягоны лоб
пад высока надзетай папахай рэзка бялеў у прыцемку свежым бінтам. Валошын амаль з выклікам, не міргнуўшы, вытрымаў гэты позірк.
— Іш які разумны! Знае: суседняй арміі. А вось я наразаю яе вам... А то — суседняй! Вы знаеце, дзе суседняя армія? У чорта на кулічках суседняя армія. Жукаўку яшчэ не ўзяла.
— Тым болып — нельга вырывацца. Адкрыты фланг.
— Бачу, вы занадта граматны! За флангі непакоіцеся. A вы б болей за фронт дбалі! За фронт! За флангі паклапоцяцца каму трэба.
— Я непакоюся за батальён, якім камандую. А ў батальёне і так семдзесят шэсць чалавек на давольствіі.
Генерал змоўчаў, засунуўшы рукі ў кішэні бекешы, пратупаў да печкі і назад да скрынак і спыніўся там, гледзячы ў агонь ліхтара. Маёр Гунько, не саступаючы са свайго месца пасярод зямлянкі, кожны раз рупна паварочваўся да яго тварам.
— Камандзір палка, вы папаўненне атрымлівалі?
— Так точна. Сёння ў канцы дня.
— Папоўніце ягоны батальён.
— Будзе зроблена.
— Мне трэба яшчэ камандзіры,— сказаў Валошын. Ягоная зважлівая пачцівасць перад генералам раптам уся знікла, выцесненая з пачуцця непакоем перад новай, нечаканай задачай, і цяпер камбат гатовы быў выкласці як мага болей патрэб свайго батальёна.— У мяне толькі адзін штатны камандзір роты. He хапае дванаццаць камандзіраў узводаў, трох зампалітаў рот. У мяне самога няма намесніка па палітчасці — выбыў у шпіталь. А артпадтрымка? Батарэя сядзіць без снарадаў.
Наступіла маўчанне. Камандзір палка пакорна глядзеў на генерала, а ў таго ўсё ніжай на вочы асаджваліся яго калматыя бровы.
Недзе на паверхні зноў забухалі выбухі, але гэта было далей, чым папярэдні раз. Генерал насцярожана ўслухаўся і, калі выбухі парадзелі, павярнуўся да Гунько.
— Вы на кані?
— Так точна.
— 3 канаводам? Аднаго каня дасце мне. Паедзем у штаб.
Маёр Гунько раптам нібы скінуў з сябе ранейшую скутасць школьніка перад строгім дырэктарам.
— Калі ласка, таварыш генерал. А ваш ад’ютант, калі ўгодна, можа пачакаць, я прышлю каня. Гэта хутка.
— Нашто чакаць? — сказаў маёр-ад’ютант,— Мы пешкі. Канавод правядзе.
— Можна і так,— згаворліва пагадзіўся Гунько, і ў Валошына неяк зусім не ў лад з ягоным настроем з’едліва мільганула ў галаве: «Якая ветлівасць».
Гэтую ветлую ўгодлівасць свайго начальніка камбат назіраў упершыню, нават не падазраючы, што ўладарны маёр можа быць здольны на такую пачцівасць. Адкрыць гэта ў знаёмым чалавеку ўвогуле было цікава, але цяпер Валошын, узрушаны ўсім, што яму рыхтавалася, грубавата запытаў Гунько:
— Дык мне што — рыхтавацца да атакі?
Камандзір палка наморшчыў лоб, павярнуўся да яго, затым да генерала. Генерал старанна нацягваў пальчаткі.
— Вось разбярэмся, і атрымаеце загад.
Валошын узяў са скрынкі гадзіннік.
— Ужо амаль дваццаць дзве гадзіны, таварыш генерал. У выпадку чаго калі ж мне рыхтаваць батальён?
Генерал ступіў да выхаду і, стаўшы да яго бокам, сказаў са здзекам:
— Іш занепакоіўся! Раней трэба было непакоіцца, таварыш камбат.
— Раней батальён меў іншую задачу.
— Наступаць — вось ваша задача,— павысіў голас генерал — Запомніце раз назаўсёды. Пакуль вораг не выгнаны за межы нашай свяшчэннай зямлі — наступаць! He даваць яму спакою ні ўдзень ні ўначы. Забылі, чые гэта словы? Напомніць?
Валошын маўчаў. Супраць гэтых слоў у яго не было і не магло быць пярэчання, тут генерал яго проста прыпёр да сцяны. Гэта было куды як пакутна — стаяць так пад строгім начальніцкім поглядам, апусціўшы рукі па швах, і адчуваць, як генерал, смакуючы над ім перамогу, пагардліва свідруе яго злым бязлітасным позіркам. Так, ён перамог незгаворлі-
вага камбата і з вышыні свае начальніцкай уладарнасці хвіліну парадаваўся ў душы. Затым выцяг руку да палаткі, каб выйсці, як раптам спыніўся, нешта прыпомніўшы.
— За адсутнасць дысцыпліны ў батальёне і гэтыя выбрыкі сан-інструктара аб’яўляю вымову, камбат. Вы чуеце?
— Есць! — сказаў Валошын і сцяў пашчэнкі.
— Вось так! Атрымаеце ў загадзе па арміі.
Сярод цішыні, якая настала ў зямлянцы, генерал яшчэ раз працяў уладарным позіркам камандзіра батальёна, і раптам нібы незнарок гэты яго позірк упаў на Джыма.
— А сабачку вашага мы забярэм. Для чаго ён вам? Крохалеў!
Палатка на выхадзе адхінулася, і ў зямлянку ўлез баец у бушлаце.
— Вазьміце пса.
He вельмі рашуча баец зрабіў крок наперад і з працягнутай рукой засцярожліва схіліўся да Джыма. Але сабака пагрозліва настырчыўся і гыркнуў з такой лютасцю, што Крохалеў спалохана адхіснуўся
«Ага, чорта ён вам дасца! — зласліва падумаў Валошын,— Бярыце!»
Генерал, які ўжо памкнуўся было выходзіць, спыніўся.
— Што, не ідзе? Камбат, ану, дайце свайго чалавека. Валошын сціскаў сківіцы, амаль з роспаччу адчуваючы сваю бездапаможнасць. Генерал стаяў, але ў камбата не хапала рашучасці на такую ганебную ў дачыненні да сабакі здраду.
Паўза зацягвалася, генерал чакаў, і Гунько, роблена задрыжаўшы ад абурэння, ступіў да камбата.
— Вы чулі загад? Дзе вашы байцы? Ану там, у траншэі, жыва!..
У зямлянку ўваліўся Чарнаручанка і запытальна ўтаропіўся ў камандзіра палка. За ягонай спіной з-за палаткі выглядваў Гутман.
— Бярыце сабаку! Жыва!
Адчуваючы, што Джыма ўжо не ўратаваць, Валошын ледзяным голасам загадаў ардынарцу:
— Гутман, вазьміце Джыма.
— Куды? Гэта наш Джым. Куды яго браць?
— Спыніце размовы. Выконвайце загад. Абяззброены няўмольнасцю камбата, ардынарац амаль збянтэжана паціснуў плячыма.
— Гм. Мне што? Я выканаю. Джым — ка мне!
Сабака даверліва падаўся да Гутмана, і той узяў яго за ашыйнік. Джым не супраціўляўся, толькі недаўменнаспакойнымі вачмі па-глядзеў на камбата. Валошын адвёў позірк, каб не выдаць сваіх пачуццяў. Але што разумеў сабака?
— Вось так,— сказаў генерал,— Праводзіце да штаба, таварыш баец.
Ён уключыў ліхтарык, і ўсе яны адзін за адным вылезлі ў траншэю.
У зямлянцы стала пуста і холадна. Чарнаручанка ўзяўся шураваць у печцы. Лейтэнант Маркін неяк нячутна вылез з кута і сеў на сваё месца ля скрынак.
Валошын вылаяўся і, ірвануўшы палатку, выйшаў у траншэю.
4
Чорт бы іх узяў, гэтыя патарчакі ды вывараціны, якіх у такой цемрадзі ні згледзець, ні абысці. Калі ўжо дзе і ёсць які корч, дык ноччу абавязкова налезеш на яго. Валошын устаў, пацёр збітае калена, услухаўся — не, здаецца, яго яшчэ не аклікалі, хоць недзе паблізу павінны пачынацца ячэйкі сёмае роты. Амаль вобмацкам ён прайшоў яшчэ, мабыць, з хвіліну. Боты хрустка ламалі леташні змерзлы быльнёг на ўзмежку, нейкае нябачнае калючае суччо ў доле чаплялася за халявы, полы шыняля, вецер надакучліва сцёбаў па твары незавязанымі матузамі шапкі. Наперадзе на краі небасхілу вялізным пакатым горбам чарнела злашчасная вышыня, лёс якой вырашаўся цяпер у штабе. У начным цемрыве яна здавалася зусім побач цераз балотца, што„ невыразна шарэла ў змроку старым брудным лёдам, і Валошын з затоенай цікаўнасцю ўгледзеўся ў яе зблізку.
He, маскіраваліся яны адмыслова, не тое што ў сорак першым, калі амаль адкрыта хадзілі ў трусах на перадавой
і гулялі ў валейбол на агнявых пазіцыях. Цяпер за ўсю ноч не пачуеш ніводнага гуку — стаіліся, закапаліся ў зямлю і робяць сваю справу ціха і тайна. Але колькі іх там, што гэта за часць, якая яе задача, дзе агнявыя сродкі? — усё гэта былі спрэс загадкі, не адгадаўшы якіх, цяжка было разлічваць на ўдачу ў заўтрашняй атацы. Асабліва з такімі сіламі. Семдзесят шэсць чалавек, па сутнасці няпоўная стралковая рота, без артпадтрымкі, без сапёраў, без танкаў на даволі ўжо ўмацаваную вышыню. Калі яшчэ і не арганізаваць як след, дык і вышыні не возьмеш і людзей пагубіш. Усіх, без астатку.