• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Вось так! — сказаў Валошын.— Старшы лейтэнант Кізевіч.
    Кізевіч неяк напаўсур’ёзна паглядзеў у дымную столь і махнуў рукой.
    — Ат, тое самае. Што дакладваць!
    — А іменна?
    — Ну што: трыццаць тры чалавекі. Два «максімы». Слёзы, а не рота.
    — Боепрыпасы?
    — Боепрыпасы? — перапытаў Кізевіч і ўважліва паглядзеў у цёмны кут бліндажа, дзе нерухома сядзела Вера.— Мусіць, патронаў па пяцьдзесят будзе.
    — А калі канкрэтна?
    Камандзір дзевятай зноў паглядзеў у падстолле. Па ягоным худым твары з прытоенымі пад брывамі маленькімі вочкамі трымцеў адбітак нейкае пакутнае думкі.
    — Канкрэтна — па шэсцьдзесят пяць штук.
    — А да трафейнага «кольта»?
    Ураз спыніўшы на камбату позірк, старшы лейтэнант недаўменна цепнуў вачмі.
    — А што трафейны? Ён так.
    — Як гэта так?
    — На падводзе ляжыць. Што, я з яго страляць буду?
    — Чаму вы? У вас ёсць для таго кулямётчык.
    Кізевіч, відаць было па ўсім, ухіляўся ад адказу, і камбат, гледзячы на яго ва ўпор, раздумна пастукаў алоўкам па сумцы. Як заўжды, хітры прыжымісты камандзір дзевятай стараўся абысці самыя непрыемныя для яго моманты, бо, відаць, ужо адчуваў, што яму пагражае. Камбат падумаў, што тут жа трэба выкрыць яго, аднак даклад быў не скончаны, яшчэ заставаўся Ярашчук, і пасля паўзы Валошын кіўнуў у задымлены змрочны кут.
    — Камандзір узвода ДШК.
    — Узвод ДШК пакуль што хліпае. Трое паранены, а так усе дома. Два разлікі, два кулямёты, адна фурманка, два кані.
    — I ўсё?
    -Ну.
    — А патроны?
    — Ёсць пакуль. Пакуль хопіць,— лёгка запэўніў Ярашчук. Валошын з некаторым недаверам паглядзеў на яго. Мусіць, у словах малодшага лейтэнанта было нешта такое, што прымушала ўсумніцца, але ўзвод ДШК нядаўна ўвайшоў у батальён, Ярашчук быў «чужы» камандзір, падначалены яму толькі на час наступлення, і камбат, падумаўшы, не стаў да яго прыдзірацца.
    Збольшага даклады былі скончаны, камбат падбіў у блакноце невялічкі рахунак, і баявыя магчымасці батальёна сталі яму зразумелыя да дробязей. Што і казаць, магчымасці гэтыя аказаліся дужа сціплыя. Грак выключыў ліхтарык. У бліндажы стала куды цямней. Провад аднастайна і смярдзюча дыміў у падстоллі.
    — Таварышы камандзіры. Мяркуючы па ўсім, заўтра давядзецца браць вышыню. Загаду яшчэ няма, але, я думаю, будзе. Так што, не губляючы часу, давайце рыхтавацца да атакі.
    Зрабілася зусім ціха. Так ціха, што было чутно, як у кішэні камбата цікае гадзіннік. Самохін шпурнуў у дол саломіну, якую ўсё ламаў у пальцах. Муратаў напружана ўгледзеўся ў камбата, Ярашчук згорбіўся, сцяўся і стаў зусім непрыкметным у змроку. Кізевіч са здзіўленым выглядам выцягнуў з каўняра паўшубка сваю доўгую кадыкастую шыю.
    — Калі дывізіёны два папрацуюць, дык возьмем,— сказаў ён.
    Камбату гэтыя словы не спадабаліся, і ён нахмурыўся.
    — Наконт двух дывізіёнаў сумняваюся. Баюся, як бы не давялося абысціся адной батарэяй Іванова. Кізевіч здзіўлена чмыхнуў.
    — Іванова? Ды яна ж без снарадаў. Уранку мой старшына хадзіў, кажа, сядзяць гаўбічнікі, а між станін па адной скрынцы. Хоць страляй, хоць палохай!
    Валошын не перабіваў яго, выслухаў са стрыманай увагай старэйшага і спакойна зазначыў:
    — Снарады падвязуць. А вы забяспечце людзей гранатамі. Спатрэбяцца. Старшына Грак?
    Ля парога страпянулася цьмяная постаць Грака.
    — Я вас слухаю.
    — У вас была скрынка з КС. Раздзяліце яе паміж ротамі. — Ёсць!
    — А ў вас, старшы лейтэнант Кізевіч, трафейны «кольт», значыць, на возе?
    — На возе. А што?
    — Перадайце яго Муратаву. Ён знойдзе яму лепшае прымяненне.
    Кізевіч пакутна напружыў свой вузкі са згорбленым носам твар.
    — Гэта за якія заслугі?
    — Так трэба.
    — Трэба было свае берагчы. A то свае паразгрохалі, а цяпер на чужое зарыцца.
    — Я ў вас нічога не прашу! — успыхнуў Муратаў.
    — Ну і няма чаго тады гаварыць. A то ўсё «кольт», «кольт»!..
    Валошын спакойна выслухаў кароткую спрэчку ротных, якая, дарэчы, не была навіной у батальёне. Гаспадарлівы Кізевіч болей за ўсё не любіў чымсьці дзяліцца з іншымі, хоць часам мусіў рабіць гэта, бо і ў яго былі слабасці, калі патрабавалася дапамога хоць бы таго ж лейтэнанта Муратава. Робячы выгляд, нібы ніякае спрэчкі тут не было, камбат дадаў роўным голасам:
    — Патроны таксама. Сотні тры іх павінны ў вас быць. A каб Муратаў не шукаў у сябе кулямётчыка, то і яго перадайце. Сіпак, здаецца, ягонае прозвішча?
    — Які Сіпак? Сіпак пяць дзён як у зямлі. Новы кулямётчык.
    Валошын паўхвіліны маўчаў, пераборваючы ў сабе раптоўную тугу ад гэтае навіны — Сіпака ён ведаў даўно, яшчэ з фарміроўкі, і тут, аказваецца, яго ўжо няма. Зусім недарэчы прыпомнілася ягонае прозвішча — усё ж камбат павінен быў ведаць пра выбыцце кожнага з старых. Гэта было куды як непрыемна, але Валошын ніяк не выдаў свае хвіліннай збянтэжанасці і з ранейшай цвёрдасцю загадаў:
    — Перадайце новага.
    — Ну во! Яшчэ і новага! Што я — запасны полк, ці што? — шырока развёў рукамі Кізевіч.
    Валошын ніяк не адрэагаваў і на гэта, змоўчаў, даючы тым зразумець, што пытанне вырашана беспаваротна. Кізевіч, аднак, раззлаваўся, відаць, не на жарт.
    — Як толькі што, усё да дзевятай! «Кольт»! Можа, на «кольт» у мяне галоўны разлік. Я ўжо з яго ўсе арыенціры прастраляў. А цяпер палучаецца: аддай жану дзядзьку...
    — Во і правільна. Каб не хітрыў,— коратка ўставіў Самохін.
    — Ага. Ты не хітрыш? Чэсны такі!
    — He ў тым справа,— іншым тонам перабіў яго Самохін.— Што там «кольт»! Ты вось лепш запытай, якога ражна мы гэтую вышыню ўчора не ўзялі? Чаго валынілі? Пакуль немцы акапаюцца?
    Кізевіч павярнуў да камбата незадаволены, надзьмуты твар. Іншыя, хто быў у бліндажы, таксама насцярожыліся, чакаючы адказу на тое, што, пэўна, найбольш займала іх. Валошын выдатна адчуваў гэта, сам насіў у сабе тое пытанне, але цяпер выказваць сваёй думкі не стаў, паспрабаваў прамаўчаць. Маўчанне камбата, аднак, не задаволіла ротных.
    — Цяпер папоўзаеш сюды-туды,— сказаў Самохін.
    — Вунь ужо два дзоты адгрохалі. Натанцуешся перад імі.
    Аднак гэта было занадта. Такія размовы ўжо выходзілі за рамкі дазволеных у адносінах да начальства, і Валошын цвёрда сказаў:
    — Ну хопіць! Загад ёсць загад. Мы абавязаны яго выканаць. Асабістыя ж меркаванні можаце пакінуць пры сабе.
    Яны ўсе прымоўклі, і ў гэтае цішыні камбат дастаў з кішэні гадзіннік. Было без чвэрці адзінаццаць.
    — Так, усё! — сказаў ён.— Давайце рыхтавацца. Загад аддам дадаткова.
    6
    У траншэі на выхадзе з бліндажа Валошын сутыкнуўся з Гутманам. Запыханы ардынарац бег на камбата — у батальён прыбыло папаўненне.
    — Многа?
    — Дзевяноста два чалавекі.
    Ого! Гэта было больш, чым сёння ў яго страі. Батальён
    павялічваўся ўдвая, амаль удвая ўзрастала яго агнявая моц. I тым не менш камбат не ўзрадаваўся.
    Яны прыйшлі ў канец траншэйкі, якая тут, паступова мялеючы, выходзіла на паверхню. Самохін спыніўся ззаду, і Валошын на развітанне сказаў:
    — Прышліце старшыну за людзьмі. I перадайце таксама Муратаву з Кізевічам.
    — Ёсць!
    Камбат памкнуўся быў ісці, ды памарудзіў — у паўзмроку траншэі неяк вельмі сіратліва і сцішана стаяла постаць ротнага, цяпер нешматслоўнага і апануранага, і — адчуваў Валошын — наўрад ці толькі ад клопату за заўтрашнюю атаку. Але той яго бок перажыванняў быў надта асабісты і паводле вайсковай завядзёнкі чужому спачуванню не падлягаў.
    — Вернуцца разведчыкі — адразу на капэ,— захоўваючы звычайную дзелавую цвёрдасць, загадаў камбат.
    — Ясна.
    Яны ўдвух з Гутманам хутка пайшлі па схіле ўгору. У полі па-ранейшаму было цёмна і марозна-ветрана. Вышыня змрочна таілася ў зорнае цемры. Валошын на секунду спыніўся, паслухаў — цяпер там недзе паўзлі яго разведчыкі, і кароценькі трывожны клопат звыкла варухнуўся ў свядомасці камбата. У тым, што ён паслаў іх, была маленькая хітрасць, свайго роду мясцовая рацыяналізацыя, на якія часта вымагала вайна і ад якіх, здаралася, залежала вельмі многа. Авось як-небудзь абыдзецца — не напоруцца, ён дужа спадзяваўся на іх.
    Гутман у цемрыве, мабыць, ведаў які інакшы шлях на КП — без хмызняку і варонак, і ўпэўнена вёў камбата. Неўзабаве яны добра-такі аддаліліся ад рубяжа сёмае роты, уважлівая напружанасць зменшылася. Усё ж які там ні тыл за паўкіламетра ад ротнага ланцуга, а на душы рабілася спакайней. Валошын пачаў думаць аб іншым і толькі хацеў запытаць пра Джыма, як Гутман, нібы прадчуваючы ягонае пытанне, сам азірнуўся.
    — Усё кумекаюць там. У штабе. Наконт вышыні гэтай.
    — Да? Ну і што?
    — Ат! Паслухаў, дык дзіўна стала. Батальён, батарэя, узае-
    мадзеянне! I нікому не ў знакі, што батальён гэты — адна рота.
    — Ну? — стрымана перапытаў Валошын.— Чаму ж ты не далажыў ім?
    Гутман ледзь прыкметна цепнуў плячыма.
    — А што я? Маё дзела маленькае. Ён памаўчаў крыху, пасля на хаду павярнуўся да камбата і ямчэй паддаў на плячы аўтамат.
    — Ведаеце, не з таго канца яны пачынаюць. Спярша трэба б саўгас узяць. Тады гэта немчура з вышыні сама дзёру дасць.
    — Ты думаеш?
    — А што ж, скажаце — не?
    He, камбат не мог сказаць «не». Наконт гэтага ардынарац у нейкай меры меў рацыю.
    — Сабраць усе тры батальёны ды жарнуць па саўгасу. A то расцягнулі полк на чатыры кіламетры і тыркаюцца.
    — Табе б начальнікам штаба быць. Палка ці, можа, дывізіі? — з прыхаванай іроніяй зазначыў Валошын.
    Гутмана, аднак, гэта не зачапіла.
    — А што ж! I быў бы. Канечне, я акадэміяў не канчаў, але галаву маю. Скажаце, гэтага мала?
    Валошын адказаў не адразу, усур’ёз пярэчыць на такі аргумент было немагчыма.
    — Увогуле ты правы, Гутман. Гэтага не мала. На жаль, не заўжды галава рашае.
    Ардынарац з прыкметным запалам памкнуўся было нешта сказаць яшчэ, але тут жа махнуў рукой.
    — Ат, што гаварыць! — I ўжо іншым, паспакайнелым тонам паведаміў: — Прывязаў Джыма рэменем да стала. Сядзіць. Нікога да сябе не падпускае. Хай! Яшчэ паплачуць з ім.
    У траншэі на КП было поўна людзей, яны моўчкі стаялі групамі, адвярнуўшыся ад ветру. Стаялі таксама ля ўвахода ў зямлянку, там-сям чуліся кароткія словы на незразумелай азіяцкай мове. Гутман лёгка саскочыў з бруствера, за ім скокнуў камбат. Яны праціснуліся каля абыякавых да іх, незнаёмых байцоў і пралезлі ў зямлянку.
    Тут таксама было цесна і цёмна. Некалькі постацей у
    шынялях загароджвалі скупое святло ліхтара, пад якім горбіўся Маркін — перапісваў папаўненне. Убачыўшы камбата, ён узняў голаў і выразна цяжка ўздыхнуў.