Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Стой, хто ідзе? — нягучна пачулася ў цемры.
Валошын крыху павярнуўся на голас, не спяшаючыся, аднак, з адказам. Наперадзе ў змрочным доле ясніўся глеісты пагорачак бруствера, за ім цямнела ямка акопчыка, у якой варухнулася нешта жывое. Баец болей не аклікаў — мабыць, яшчэ зводдаль па хадзе пазнаў камбата. Увогуле гэта быў непарадак, але Валошын не злаваў, ён прывык ужо, што яго ведалі ў батальёне і пазнавалі ўсюды пры першым жа гуку ягоных крокаў і першым слове яго каманды. Гэтак жа моўчкі камбат узышоў на бруствер.
Баец з паднятым каўняром шыняля і ў касцы зверху на шапцы зябка знерухомеў у акопчыку.
— Дзе камандзір роты?
— Далей, таварыш камбат. Там кусцікі ёсць, дык ён каля кусцікаў.
— Як немец?
— Маўчыць, таварыш камбат,— асіплым ад сцюжы голасам адказваў баец.
Валошын угледзеўся пільней — не, то быў незнаёмы, мусіць, нехта з пазнейшага папаўнення,— худзенысі азяблы хлопец з вострым падбародкам пад каскай. Старых стралкоў сёмай ён ведаў усіх яшчэ з таго часу, як сам камандаваў гэтаю ротай. Але засталося іх нямнога.
— Ваша як прозвішча?
— Маё? — ціха перапытаў баец,— Радавы Тарасікаў.
— Адкуль родам?
— Я? Саратаўскі,— адказаў ён і прыціх, мабыць, чакаючы новых у гэтым жа сэнсе пытанняў.
Валошына, аднак, цікавіла іншае:
— Машын там не чутна было? He гудзелі?
— Машын? He, не чуў. Звечара неяк рыдлёўкамі блізка бразгалі. Вунь там, ля равочка,— баец старанна паказаў у цемру— Пэўна, дзот ладзяць.
Дзот, гэта вядома, без дзотаў яны не абыдуцца. Але куды горш, калі, збудаваўшы дзоты, яшчэ і замініруюць схілы. Тады заўтра не мінуць бяды, будзе нечакана, не дай бог. Валошын паўзіраўся па-над акопчыкам, паслухаў, але ноч была надта ўжо глухая і цёмная. 3 вышыні ад вечара, мабыць, не ўзляцела ніводнай ракеты, і адно гэта наводзіла на некаторыя падазрэнні.
— Ну што ж, Тарасікаў. Назірайце.
— Ёсць! — па-начному сцішана, з гатоўнасцю адказаў баец і ўжо іншым тонам, як да знаёмага, запытаў: — А дзе гэта Джым ваш, таварыш капітан? He бяжыць нешта.
— Няма Джыма,— суха адказаў камбат і нетаропка пайшоў далей.
Джыма, вядома, ужо не вярнуць, калі трапіў да такога начальніка, дык назад не адбярэш. Увогуле для сабакі гэта, можа, і лепш, у генерала ягоны лёс, напэўна, будзе шчаслівейшы, чым на перадавой. I тым не менш шчымлівы жаль варухнуўся ў пачуццях камбата — столькі ў яго было звязана з гэтым сабакам!.. Але, глядзі ты, і баец — малады, а дапытлівы, ведае Джыма і нават цікавіцца ім. Валошын быў перакананы, што бачыць байца ўпершыню, а той, аказваецца, мала што пазнае камандзіра батальёна ў цемры, яшчэ і ведае ягонага сабаку. Хаця што ж, такая камандзірская роля — кожны крок перад сотняю пільных уважлівых вачэй, ад якіх не ўтоіш нічога.
Яго яшчэ аклікнулі з цемры — ля акапанага на брустверы «максіма», грэючыся, размахваў рукамі стары кулямётчык Дзянішчык, знаёмы яшчэ па летніх баях пад Кузьмінскам, калі зусім невялічкая група іх прабівалася з акружэння. Тады гэты даволі ўжо пажылы баец невядома адкуль прыбіўся да яго роты і так разам з батальёнам выйшаў з-за фронту. А на фарміроўцы праз яго яшчэ была непрыемнасць — начальства пачало чапляцца, чаму не адправіў на
праверку, чаму пакінуў у роце,— чалавек чужы, невядомы, ці мала што. Праверыўся Дзянішчык ужо пазней у баях, калі неяк выпадкам падмяніў параненага кулямётчыка, памог адбіць контратаку ды так і застаўся пры кулямёце. Зрэшты, кулямёт, здаецца, цяпер у яго ўжо другі — замест «максіма» танкастволы, сістэмы Гарунова.
— Ну як справы, Дзянішчык?
— А покі што слава Богу.
— Чаму Богу? Ты што — веруюшчы?
— Верушчы — не верушчы, а так кажуць. К слову падходзіць.
Баец зважна, але і з пэўнаю годнасцю перад начальствам перамінаўся з нагі на нагу ля кулямёта, уцяўшы голыя без рукавіц рукі ў караткаватыя рукавы целагрэйкі. Камбат прысеў ля акопа і зірнуў цераз бруствер.
— А як абстрэл? Мёртвай прасторы няма?
— Ды ну! Усё як на талерцы, таварыш камбат.
— А яны тут не засякуць вас? 3 вышыні ж таксама як на талерцы.
— Ну. Але мы, калі ціха, «Гаруна» сюды,— паказаў Дзянішчык у акоп, дзе пад брустверам чарнела абсталяваная для кулямёта ніша-сховішча, у якой цяпер ляжаў, пасапваючы, скурчаны ў тры пагібелі ягоны напарнік: — Абстрэл калі? А калі заварушка, тады на месца.
Камбат устаў з бруствера.
— Ну малайцы. Камандзір роты дзе?
— А вунь. Бліндажык там,— кіўнуў галавой Дзянішчык і зноў замахаў на месцы рукамі — грэўся.
Непадалёк пад узмежкам пачыналася мелкая недакапаная траншэйка, з якой чуліся далекаватыя, з-пад зямлі, галасы. Абсыпаючы берагі, камбат амаль бокам сунуўся ў ёй, пакуль не ўбачыў пад брустверам слабую светлую шчылінку акрай палаткі. Адхінуўшы залубянелую палу тае палаткі, ён дужа ўгнуўся і з натугай прашчаміў сваё велікаватае цела ў бліндаж.
У бліндажы вячэралі. Цесна асеўшы палатку, чалавек пяць працавалі лыжкамі, між ног, абутых у боты, валёнкі і чаравікі, стаяла са тры кацялкі. У кутку ля ўвахода, прыўстаў-
шы на каленях, у адной гімнасцёрцы з медалём на грудзях складвала нешта ў рэчмяшок Вераценнікава. Яе зыркія вочы здзіўлена міргнулі з-пад русявае грыўкі, і ў тое імгненне дзяўчына локцем штурханула ў бок лейтэнанта Самохіна.
— Вадзька!
Самохін прыкметна трапятнуўся, згледзеў камбата, які ўжо амаль налез на нечую спіну ля ўвахода, і зрабіў спробу ўстаць для даклада.
— Таварыш капітан!.. Валошын ціха спыніў яго:
— Вячэрайце.
Нехта пасунуўся, даючы камбату месца, каб сесці, нехта перапоўз у другі кут. Над галовамі ўгары, заткнуты за жардзіны, патрэскваючы, дыміў азекерытавы канец тэлефоннага кабелю. Смярдзела гарэлым мазутам. Вераценнікава зноў зыркнула на камбата насцярожаным поглядам, і яе спрытныя рукі пачалі завязваць рэчмяшок.
— Можа, павячэраеце з намі, таварыш камбат,— сказаў Самохін.
Валошын не адказаў, і ў бліндажы замаўчалі, адчуўшы яго настрой,— пэўна, тут ужо ведалі, што нядаўна адбылося ў зямлянцы на батальённым КП. Адчуваючы іх пільную ўвагу да сябе, камбат палез у кішэню, дастаў дзюралевы, з няхітраю інкрустацыяй партсігар і пачаў згортваць цыгарку.
Ён ведаў, яны чакалі разносу за тое здарэнне на КП, якое для яго скончылася другой па ліку вымовай, але цяпер ён не хацеў гаварыць аб тым, асабліва пры падначаленых. Старшына роты Грак і камандзір узвода сяржант Нагорны, што сядзелі ля другой ад камбата сцяны, пахавалі свае лыжкі за халявы ботаў. Самохін зашпіліў кручкі шыняля. Вераценнікава пачала надзяваць целагрэйку. Мяркуючы па ўсім, вячэра была сапсавана.
— Таварыш Самохін, колькі ў вас сёння ў страі? — зірнуўшы на камандзіра роты, запытаў Валошын.
— Дваццаць чатыры чалавекі. 3 санінструктарам.
— Санінструктара не лічыце.
Самохін сціх, чакаючы, што камбат скажа далей. Валошын зацягнуўся махоркай, якая неяк дзіўна патрэсквала ў цыгарцы, часам успыхваючы, нібы да яе быў падмешаны
порах. Байцы гэтую махорку празвалі «трасіруючай», што было асабліва відавочна на ветры.
— Выдзеліце мне двух чалавек. Талковых хлопцаў.
Самохін з прыкметнай палёгкай асеў на заднікі ботаў і ціха выдыхнуў. Рухавы позірк яго цёмных вачэй на маладжавым, але ўпартым, з шырокім падбародкам твары матлянуўся ад камбата да сяржанта Нагорнага.
— Нагорны, дай двух чалавек.
— Адставіць! — роўна сказаў Валошын. Усе ў зямлянцы недаўменна паглядзелі на яго, аднак ён знарок не падаў ніякай увагі да гэтых позіркаў.— Мабыць, у таварыша Нагорнага ёсць воінскае званне?
Лейтэнант зразумеў усё з першага слова.
— Сяржант Нагорны, выдзеліць двух байцоў!
— Ёсць.
Каржакаваты плячысты крапак у расшпіленым паўшубку, Нагорны выцягнуў з-за спіны аўтамат і з шорхатам вышчаміўся ў траншэю.
— I яшчэ пашліце за камандзірамі восьмай і дзевятай. ДШК таксама.
Самохін толькі зірнуў на Грака, і той, зразумеўшы, хоць і нетаропка таксама вылез следам за Нагорным. У бліндажы, апроч камбата і ротнага, засталася адна Вераценнікава. Валошын вальней выцягнуў ногі.
— Дык колькі будзем ваду муціць, таварыш Самохін?
— Якую ваду?
— Калі будзе выкананы мой загад? Лейтэнант, перш чым адказаць, памаўчаў, кідаючы навокал хуткія нервовыя позіркі.
— Заўтра ўранку пойдзе.
— Нікуды я не пайду,— тут жа аб’явіла Вераценнікава.
— Вера! — з папрокам сказаў Самохін.
Дзяўчына падняла на яго раззлаваны твар.
— Ну што? Што Вера? Чаму вы мяне праганяеце? Як наступленне, дык патрэбна была, тады не адпраўлялі, а як ціха, абарона, дык прэч! Я год прабыла ў гэтым палку і нікуды з яго не пайду. Ясна?
Валошын стрымана пазіраў то на яе, счырванелую і гняўлівую, то на пакутліва нахмураны лоб ротнага. Камбат і
асуджаў і абураўся — гэта было чорт ведае што,— слухаць такія сцэны на вайне за паўкіламетра ад нямецкай траншэі.
— Што ж вы тут і раджаць будзеце? — запытаў ён са знарочыстай грубаватасцю.
Вераценнікава страпянулася, хутка павярнулася да яго — на шчоках дзяўчыны бліснулі слёзы.
— Ну і буду! А вам-та якая справа?
— Вера! Што ты! — спахапіўся Самохін.
— He ўжо, таварыш Вераценнікава. У маім батальёне роддома няма,— холадна зазначыў камбат,— Рана ці позна паедзеце ў тыл. Так што лепей зрабіць гэта ў час.
— Нікуды я ад Вадзькі не пайду,— сказала яна.
Аднак рашучасць яе, відаць, пахіснулася. Дзяўчына хліпнула і затуліла твар рукавом ватоўкі. Самохін падаўся да яе бліжэй.
— Вера! Ну што ты? Супакойся. Усё будзе добра.
Вера, аднак, не хацела супакойвацца, усё хліпала, затуліўшы твар, і Самохін хвіліну разгублена ўлагоджваў яе.
«Чортаў бабнікдумаў камбат, амаль з нянавісцю пазіраючы на свайго ротнага,— Хвацкі, відны дзяцюк, неблагі камандзір, ды во зблытаўся з гэтым дзяўчом. Цяпер, калі ўжо прыпёрла і далей не было як хаваць усё, знайшлі выхад — франтавую жаніцьбу. Якраз у пару!»
Адчуўшы на сваіх плячах рукі Самохіна, Вера пакрысе пачала супакойвацца, і Валошын сказаў, каб разам скончыць усю гэтую ўжо агорклую яму справу:
— Заўтра ўранку штурмуем вышыню. Мабыць, у сем пачнем. У шэсць трыццаць вы пакінеце батальён. Вера раптам перастала хліпаць і насцярожылася.
— Што? Каб я змылася за паўгадзіны да атакі? He ўжо, дудкі! Хай мне генерал загадвае! Хай маршал! Хоць сам Бог! Нізашто!
— Ладна, Вера. He гарачыся. Што ты як маленькая! — пачаў ротны.
Але яна перабіла яго:
— Ага, не гарачыся! Доўга ты без мяне ўцалееш? Дурань, ты ж на першай гадзіне галаву пакладзеш. За табой як за маленькім, глядзець трэба! — праз слёзы казала Вера.