• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Што з палка? — запытаў Валошын.
    — У шэсць трыццаць атака.
    — Папаўненне патронамі забяспечана?
    — Патроны-та ёсць,— неяк загадкава адказаў Маркін,— Толькі карысці з таго...
    — А што такое?
    — Што? — лейтэнант шматзначна кіўнуў на байцоў. Чалавек пяць іх у касках, нязграбна насунутых на зімовыя шапкі, нерухома стаяла перад ім з цярпліваю пакорай на цёмных шырокіх тварах.— Па-руску ні бельмеса. Вось што.
    Гэта было горш. Гэта было нават зусім кепска, калі ўлічыць, што планавалася на ранак і колькі часу заставалася да гэтага ранку. Валошын у задуменнае заклапочанасці паглядзеў на байцоў, і яму стала самотна ад аднаго іх выгляду. Непрыношаныя камкаватыя шынялі, абвіслыя, з брызентавымі падсумкамі дзягі, змерзлыя рукі ў нязграбных каляных рукавіцах, якія неяк няўмела і бяссільна трымалі абшарпаныя ложы вінтовак. Гарбатыя ад рэчмяшкоў на спінах паставы. Па-руску яны сапраўды мала што разумелі — Маркін задаваў пытанне, адзін нізенькі, з прыпухлым тварам чырвонаармеец перакладаў, і чарговы ля скрынак баец паныла адказваў.
    — Замучыўся зусім,— сказаў Маркін і амаль закрычаў са злосцю: — Месца нараджэння? Вобласць?
    Камбат паныла назіраў за гэтаю сцэнай і думаў, што выпеставаны яго клопатам, выхаваны і зладжаны за доўгія тыдні трывог і пакут яго батальён канаў. Як ён ні стараўся, як ні супраціўляўся таму, усё большала ў ім невядомых і менела старых надзейных байцоў, а з імі па крупінках знікала яго камандзірская сіла і чалавечая ўпэўненасць. Гэта амаль што палохала, ён улавіў у сабе гэта непрывычнае адчуванне яшчэ там, у траншэі, калі прабіраўся сюды сярод іх — стомленых невядомасцю і благім прадчуваннем, падаўленых небяспечнаю блізасцю перадавой, абыякавых да ўсяго, што не «я» і што не несла небяспекі гэтаму «я».
    Камбата ўсё болей ахоплівала пачуццё злой нецярплівасці, нейкая неспатоленая сіла вымагала на рэзкае слова, крык, нейкі рашучы ўчынак, у якім бы знайшло выйсце гэтае яго затрудненне. Але такі ўчынак — ведаў ён — быў немагчымы, трэба было сцяўшы зубы, нетаропка і няўхільна рабіць сваю справу.
    — Многа яшчэ пісаць?
    — Заканчваю,— сказаў Маркін. Валошын рэзка павярнуўся да ардынарца.
    — Таварыш Гутман! Пастройце папаўненне.
    — Ёсць. Папаўненне, выхадзі строіцца! — старшынскім голасам скамандаваў Гутман.
    Прыглушаны тупат наверсе яшчэ не скончыўся, як ён рашуча выйшаў з зямлянкі і скочыў на бруствер. Гутман таропка скамандаваў «смірна», камбат зышоў з падмёрзлых глыжоў бруствера. Ззаду над вышынёй якраз узляцела ракета, аслабленае адлегласцю яе святло трапяткім водблескам замільгала па тварах людзей, якія страхавітазасцярожліва заварушыліся, аднак не пакідаючы месца ў страі. Усе паглядзелі на вышыню, затым — на яго, мабыць, чакаючы каманды «лажысь» ці дазволу разбегчыся. Аднак ён не падаў нават «вольна», а выйшаў перад сярэдзінай строю і стаў.
    Ракета дагарэла, мігатлівы паўзмрок саступіў месца яшчэ больш пагусцелай цемры.
    — Хто разумее па-руску?
    — Я панімай.
    — Я тожа.
    — Адзін чалавек — ка мне.
    Нехта выйшаў са строю і спыніўся ў трох кроках перад камандзірам батальёна.
    — Станьце побач і перакладайце. Хворыя ёсць?
    — Ёсць.
    — Я хворы,— адказалі са строю. Тады ён скамандаваў:
    — Хворыя, пяць крокаў наперад. Шагам марш!
    Перакладчык павярнуўся тварам да строю і не дужа ўпэўнена пераклаў. Валошын адзначыў, што слоў у яго чамусьці атрымалася больш, чым у ягонай камандзе. У гэты час зза-
    ду зноў узляцела ракета. Камбат, знерухомеўшы, услухаўся: ці не пачуюцца стрэлы? Калі пачнецца страляніна, тады будзе кепска. Тады наўрад ці атрымае ён звесткі ад тых двух разведчыкаў. Але, здаецца, абышлося і гэты раз — ракета дагарэла і стрэлаў не было. I калі зноў над начной прасторай самкнулася цемра, ён пачуў, як сям-там са строю выйшла некалькі чалавек. Выходзілі нерашуча, адны раней, другія пазней. Усе няўпэўнена спыняліся перад строем, насцярожана пазіраючы на камандзіра батальёна.
    — Хто не абучаны — тры крокі шагам марш!
    Памарудзіўшы, яшчэ выйшла шэсць чалавек. Сталі, аднак, амаль што ўпоплеч з тымі, што выйшлі на пяць крокаў. Валошын адзначыў гэтую недакладнасць, аднак папраўляць не стаў — цяпер гэта не мела значэння.
    — Хто вельмі баіцца — таксама!
    Перакладчык не скамандаваў, а хутчэй растлумачыў каманду, і камбат амаль сцяўся нутром, чакаючы яе выканання. Але цяпер парадзелы строй стаяў нерухома — мусіць, усе баякі ужо скарысталі сваю магчымасць у ліку папярэдніх.
    — Так. Вось гэтым, што выйшлі,— направа! — скамандаваў Валошын,— Таварыш Гутман, адвесці групу назад у штаб.
    — Назад? — здзівіўся Гутман. Але тут жа паспешна скамандаваў: — За мной шагам марш!
    Калі яны, па адным пераскочыўшы траншэю, зніклі ў цемры, Валошын падышоў да строю бліжэй. Пашчэрбленыя дзве шарэнгі з напружанаю ўвагай глядзелі на яго.
    — А з вамі будзем ваяваць. Перакладзіце. Заўтра мы пойдзем у бой. Усе разам. Нехта загіне. Калі будзеце дружныя і напорыстыя, загіне менш. Замарудзіце пад агнём — загіне болып. Запомніце закон пехацінца: дабегчы да немца і забіць яго. He ўдасца забіць яго — ён заб’е вас. Усё вельмі проста. На вайне ўсё проста.
    Пакуль перакладчык тлумачыў гэта, Валошын прайшоў сюды-туды перад строем, пазіраючы на вышыню. Ракет болей не было, стрэлаў таксама. Толькі недзе збоч ад ляска і далёка ўсё пыхала і таўкло зямлю, мусіць, гэта выроўнівалася суседняя армія. Хацелася верыць, што ўсё як-небудзь абыдзецца і пасланцы вернуцца. Цяпер ён ні за што не ха-
    цеў губляць нават двух старых байцоў — цана ім за гэтую ноч падвоілася.
    Некалькі чалавек, абмінуўшы траншэю КП, падышло да строю і спынілася непадалёк ад камбата. У пярэднім ён пазнаў старшыну сёмай Грака — гэта ўжо прыбылі за папаўненнем.
    — Так, усё. Пытанні ёсць?
    Пытанняў не было. Ён самкнуў строй, які аказаўся прыкметна карацейшы, чым упачатку, і рукой пачаў аддзяляць чацвёркі.
    — Восемь, дзевяць, дзесяць... Направа! Старшына Грак, атрымлівайце.
    Старшына адвёў сваіх крыху ўбок, а ён палічыў астатніх. Іх было мала. Восьмай як самай слабай трэба было б даць болей, але нешта ўтрымала яго ад такога намеру. Рэшткі строю ён падзяліў папалам.
    — Восьмая і дзевятая — па васемнаццаць чалавек.
    — Усяго толькі? — здзівіўся сяржант з восьмай.
    — Толькі ўсяго. Затое без браку.
    Людзей павялі ў роты, а ён скочыў у траншэю і ледзьве не сутыкнуўся з Маркіным. У накінутым на плечы паўшубку, лейтэнант адразу павярнуў назад. Валошына гэта трохі здзівіла — чаму ён стаяў тут?
    Яны вярнуліся ў амаль што пустую зямлянку. Печка тут ужо не гарэла, пастаянны яе даглядчык Чарнаручанка, прывязаўшы да вуха трубку, зябка корчыўся ў куце на саломе. Маркін кінуў на скрынкі скручаны ў трубку сшытак.
    — Думаеце, яны сапраўды хворыя? — нешта тоячы ў сабе, запытаў начштаба.
    — Зусім не думаю.
    — Дык як жа гэта іх за здорава жывеш — шагам марш у тыл?
    Тон начальніка штаба быў буркатлівы, амаль сварлівы. Валошын, аднак, не дужа на тое зважаючы, дастаў з кішэні гадзіннік і падышоў да ліхтара. Абедзве зеленавата-фосфарныя стрэлкі яго набліжаліся да дванаццаці.
    — Спадзяюся, Маркін, вы мяне за ідыёта не лічыце?
    — Ну што вы! Я так проста. Сказаў...
    — Хто-хто, а вы-та павінны разумець: мішэні на полі бою нам не патрэбны.
    Ен паклаў гадзіннік на край стала і сам сеў побач. Маркін з нейкім незразумелым запалам выпаліў:
    — А гэтыя, што асталіся, не мішэні?
    — Тое будзе залежаць ад нас.
    — Ад нас! Ось паглядзім, як яны заўтра паднімуцца. Ці не прыйдзецца абцасам у зад штурхаць.
    — Вельмі нават магчыма. Заўтра, магчыма, і не паднімуцца. Прыйдзецца паднімаць. А праз тыдзень паднімуцца. Праз месяц ужо ўзнагароджваць будзем.
    Маркін надзеў у рукавы паушубак.
    — Калі будзе каго,— цішэй зазначыў ён і дастаў з кішэні сшытак.— Баявое распараджэнне з палка. На атаку.
    Камбат узяў сшытак, напалову спісаны знаёмым пісарскім почыркам. Дастаў з сумкі карту. Маркін пасядзеў і, пазяхнуўшы, адкінуўся ў кут на салому.
    Наверсе зрабілася ціха-ціха...
    7
    Баявое распараджэнне не шмат дадавала да таго, што было і без яго вядома. Валошын хутка прабег вачмі дзве старонкі рукапіснага тэксту, даўжэй затрымаўся на карце. Спакваля яму стала зразумела, што абхватны манеўр, які прадпісваў камандзір палка, наўрад ці атрымаецца. Для абхвату такой вышыні, як гэта, спатрэбіўся б не адзін батальён і не адна артбатарэя, якая прызначана яго падтрымліваць. Зноў жа суседні за балотам пагорак! На выгляд — гэта была малапрыкметная сярод хмызняку гарбінка, ледзьве азначаная на карце дзвюма гарызанталямі, да таго ж знаходзілася яна далёка за флангам, на суседнім, невядома чыім участку. Але ў выпадку іменна гэтага абхватнага манеўра гарбінка апыналася амаль што ў тыле баявога парадку батальёна, і гэта ўжо насцярожвала. А раптам там — немцы?
    Невясёлыя думкі камбата перапыніў рэзкі ўнутраны трэск тэлефона. Чарнаручанка з ахрыплай паспешлівасцю прабуркаў свае пазыўныя і зняў з галавы трубку.
    — Вас, таварыш камбат.
    У шораху і трэску памех буяў злы нервовы голас камандзіра палка.
    — Зноў у вас тое самае! Зноў фокусы, сюрпрызы! Калі гэта скончыцца, Валошын?
    — Што вы маеце на ўвазе?
    — Чаму вярнулі «карандашоў»? Вы што — не атрымалі загад на «сабантуй»?
    — Атрымаў, таварыш дзесяты,— знарок спакойна адказаў камбат.
    — Дык у чым жа справа?
    — Я вярнуў хворых.
    — Што? Хворых? — Гунько знарочыста зарагатаў злым здзеклівым смехам.— Хто табе сказаў, што яны хворыя? Ці не яны самі?
    — Ну вядома. У мяне ж доктара няма.
    — Слухай, ты... вы там нармальны ці не? Калі вы будзеце такі легкаверны, дык у вас заўтра ў хазяйстве нікога не застанецца.
    — Застануцца, таварыш дзесяты. А тыя, што на санчасць глядзяць, мне не патрэбны.
    — Як гэта — не патрэбны? Вы разумееце, што вы гаворыце? 3 кім вы тады будзеце выконваць баявую задачу? Вы прасілі папаўненне. Я вам даў максімум. За кошт іншых, можна сказаць. А вы адмаўляецеся. Я проста не ведаю, як гэта разумець?
    Валошын самотна ўздыхнуў, яму зноў станавілася сумна і агоркла ад гэтай бязглуздае спрэчкі.
    — Таварыш дзесяты! Вось і аддайце іх тым, каго вы абдзялілі. Мне хопіць.
    — Хопіць?
    — Да, хопіць.
    У трубцы змоўкла, пасля зноў загучала, але ўжо ў новым, болей пагрозлівым тоне.
    — Майце на ўвазе, Валошын, я вам заўтра гэта прыпомню. Запросіце падмогі — шыш атрымаеце.