• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Аўчарка?
    — Аўчарка,— стрымана сказаў Валошын і крыху адступіў убок.
    Генерал, грузна павярнуўшыся на скрынках, з цікавасцю паглядзеў на сабаку.
    — О, звяруга! Як зваць?
    — Джым, таварыш генерал.
    Генерал стрымана паляпаў далонню па пале бекешы.
    — Джым, Джым! Ка мне!
    Але Джым толькі варухнуў вушамі і завурчаў нядобразычліва і пагрозліва.
    — He пойдзе,— сказаў Валошын.
    — Ну гэта мы яшчэ паглядзім,— зазначыў генерал і зірнуў на камбата.— Даўно камандуеце батальёнам?
    — Сем месяцаў, таварыш генерал.
    — А раней чым камандавалі?
    — Ротай у гэтым жа батальёне.
    — Чакайце, як вы сказалі ваша прозвішча?
    — Валошын.
    — Гэта не ваша рота захапіла пераправу ў Клепіках?
    — Мая, таварыш генерал.
    Валошын чакаў, што генерал пахваліць або запытае пра гэты яго даўні, даволі вядомы ў дывізіі подзвіг, за які ён некалі атрымаў першы свой ордэн. Але генерал не пахваліў, а запытаў аб іншым:
    — Дзе пярэдні край вашага батальёна?
    — На паўднёва-заходніх схілах, уздоўж балота.
    — Пакажыце на карце.
    Валошын дастаў з-за пазухі пацёрты гармонік карты і разгарнуў яго перад генералам. Ён ужо здагадваўся, што было прычынай нядаўняй нямецкай страляніны, і думаў, што ў
    такім разе генералу яшчэ пашэнціла. Магло быць горш. Але навошта яму спатрэбілася так блізка пад’язджаць да перадавой — гэта пакуль што заставалася для камбата загадкай.
    — Вось. Пярэдняя траншэя па прамежкавай гарызанталі над самым балотам.
    Пры цьмяным святле ліхтара генерал стаў моўчкі разбірацца ў карце, адставіўшы яе наводдаль, як пры дальназоркасці. Да яго падсунуўся маёр, які трохі паўзіраўся і аб’явіў з упэўненасцю:
    — Ну, я ж дакладваў. Іменна так: вышыня шэсцьдзесят пяць ноль.
    — Гм... Да. Вышыня шэсцьдзесят пяць ноль. Дык што ж, выходзіць, яна — у праціўніка?
    Генерал падняў на камбата цяжкі з яўным папрокам позірк.
    — У праціўніка,— проста сказаў Валошын.
    — Пачаму вы яе не ўзялі?
    — He было загадана, таварыш генерал.
    — Ось як! — сказаў генерал з недаверам і пасля паўзы загадаў: — Выклічце сюды камандзіра палка. Валошын павярнуўся да тэлефаніста.
    — Чарнаручанка, выклікайце «Волгу». Маёр тым часам дастаў з кішэні пачак «Казбеку», працяг яго генералу, які аднае рукой узяў папяросу і прыкурыў ад услужліва паднесенай запальніцы. Пасля прыкурыў маёр. У зямлянцы расцёкся духмяны, чужы сярод звычайнага яе дымнага смуроду пах, і Валошын падумаў, што, здаецца, будзе скандал. Ён па-ранейшаму стаяў збоч ад генерала ў напружана-насцярожанай позе, у якой, аднак, адчувалася і пэўная незалежнасць чалавека, упэўненага ў сваёй сумленнасці. Хоць перспектыва, мяркуючы па ўсім, акрэслівалася для яго не дужа зайздросная.
    Чарнаручанка сціпла перадаў на «Волгу» генералаў выклік, і яны ўсе зноў змоўклі, як пры нябожчыку. У гэтай насцярожанай цішыні прывычна зашорхала палатка, і з прыступкі лёгка саскочыла Вераценнікава, санітарны інструктар сёмай стралковай роты. За ёю ўлез Гутман. Валошын змрочна насупіў бровы і ціха сам сабе вылаяўся — Верацен-
    нікава суткі назад павінна была адбыць з батальёна. Ён ужо атрымаў за яе вымову ад камандзіра палка, і цяпер вось напэўна давядзецца атрымаць і другую. Вераценнікава тым часам хуценька акінула позіркам незнаёмыя постаці ў зямлянцы і, ускінуўшы да шапкі руку, упэўнена ступіла да генерала.
    — Таварыш генерал, малодшы сяржант Вераценнікава прыбыла аказаць першую дапамогу пры агнястрэльным раненні.
    Мусіць, не кожны старшына роты змог бы далажыць так хлёстка і ўпэўнена, як гэта дзяўчына ў яўна шыракаватым для яе салдацкім шынялі. Насуплены генералаў твар увачавідкі праясніўся.
    — Харашо, дачка. Паглядзі, што тут мне фрыцы нарабілі.
    Вераценнікава, аднак, не кратаючыся з месца, зноў дзеўбанула рукою ў край сваёй шапкі.
    — I дазвольце звярнуцца па асабістаму пытанню, таварыш генерал.
    Генерал здзіўлена прыўзняў галаву, але перш чым ён штонебудзь адказаў, Вераценнікава выпаліла:
    — Загадайце камбату пакінуць мяне ў батальёне.
    Прыкметна здзіўлены, генерал выслухаў яе, пасля спадылба зірнуў на камбата. Валошын падцяў вусны, ледзьве стрымліваючы абурэнне на санінструктара за яе гэткую бесцырымонную нават для гэтай дзяўчыны выхадку.
    — А што, ён вас адсюль праганяе? — холадна запытаў генерал.
    — Праганяе ў тыл.
    — Такі загад па палку,— вытлумачыў Валошын,— Санінструктар Вераценнікава камісавана як непрыгодная да страявой службы. А вы, таварыш малодшы сяржант, павінны ведаць, як у арміі звяртаюцца да старшых начальнікаў! — строга дадаў ён, звяртаючыся да падначаленай.
    Вераценнікава, аднак, зусім безуважная да камбатавых слоў, па-ранейшаму трымаючы рукі па швах, чакала адказу. Генерал ледзьве прыкметна павёў плячом.
    Я не магу гэтага вырашыць. Звяртайцеся да вашага непасрэднага начальніка.
    Дзяўчына крыўдліва прыкусіла губу і рэзкім, амаль дэманстратыўным рухам саўганула наперад санітарную сумку. Генерал павярнуўся параненым бокам да святла, Вераценнікава зірнула на яго скроню.
    — Трэба абстрыгчы.
    — Усяго? — здзівіўся генерал з ноткамі гумару ў голасе. Вераценнікава, аднак, яго гумар пакінула без увагі.
    — Вакол раны.
    — Ну што ж, стрыжы. Калі маеш чым.
    — Знойдзецца.
    Яна выняла з сумкі нажніцы і даволі спрактыкавана абстрыгла сіваватыя ўжо валасы каля вуха. Генерал моршчыўся, але цярпліва чакаў. Затым дзяўчына дастала скрутак бінта, і яе маленькія рукі ў падкасаных рукавах шыняля пачалі спрытна снаваць складаную схему галаўной павязкі. Некалькі разоў абвіўшы бінтам галаву, яна прапусціла яго пад сківіцу. Генералу гэта раптам не спадабалася.
    — Адсюль убяры. Шыя ў мяне здаровая.
    — Так трэба,— сказала Вараценнікава,— Паводле настаўлення.
    Генерал рэзка павярнуўся да яе ўсім сваім цяжкім тулавам.
    — Якое настаўленне? Мне кіраваць войскам, а вы з мяне пудзіла робіце.
    — Інакш павязка не будзе трымацца.
    — Тады ты не ўмееш перавязваць!
    — Умею. He вас першага.
    — Сумняваюся.
    — Дык перавязвайце самі!
    Кароткім дакладным рыўком яна раптам абарвала бінт, і не паспелі яшчэ прысутныя ў зямлянцы што-колечы зразумець, як шорхнула палатка і Вераценнікава знікла ў траншэі.
    — Што за самавольства?! — сказаў генерал амаль разгублена.
    Ля яго вуха віселі доўгі і кароткі незавязаныя канцы бінта. Генералаў маёр ускочыў з саломы і пагрозліва сігануў да выхаду.
    — Таварыш сяржант! Ану, вярніцеся!
    — He вернецца,— ціха зазначыў у куце Гутман, і Валошын, які ледзьве стрымліваў у сабе прыкрасць, выразна паглядзеў на яго. Але маёр ужо звяртаўся да камандзіра батальёна:
    — Як гэта не вернецца? Камбат!!!
    Гэта быў загад, Валошын павінён быў нешта зрабіць, каб выканаць волю начальства, і хоць сам быў амаль упэўнены, што Вераценнікава не вернецца, рашуча накіраваўся з зямлянкі.
    — Малодшы сяржант Вераценнікава!
    Ноч ударыла ў вочы маўкліваю цемрай і сцюжай, вецер круціў над траншэяй дым з трубы. Валошын прыслухаўся: паблізу не чутно было ніводнага гуку.
    — Вераценнікава!
    Яна не азвалася, і ён, душачы ў сабе злосць, пастаяў яшчэ некалькі хвілін у глухой сцюдзёнай цемры. Гэта было чорт ведае што, не хапала яшчэ яму, камандзіру батальёна, бегаць за гэтым свавольным дзяўчом. Сорам, ды і толькі. Але харош і ротны — лейтэнант Самохін, якому ён учора асабіста загадаў адправіць сан-інструктара ў распараджэнне начсанслужбы дывізіі. Самохін тады сказаў «ёсць», а цяпер вось гэтае з’яўленне перад генералам...
    3
    Вярнуўшыся ў зямлянку, Валошын, знарок ні да каго не звяртаючыся, кінуў «не дагнаў», і генерал амаль абурэннем паглядзеў на яго. Камбат чакаў папрокаў, крыку і, мусіць, стрываў бы іх моўчкі, бо ведаў, што быў вінаваты, але там, дзе справа датычылася ваенных дзяўчат, ён адчуваў сябе бездапаможным. Уся яго выхаваная гадамі вайсковай службы логіка падначалення заходзіла ў тупік, калі ён сутыкаўся з самым банальным дзявочым капрызам. Зрэшты, як і многія камандзіры, Валошын лічыў, што армія і жанчына несумяшчальныя, што гэта проста непаразуменне — жанчына на вайне.
    Але, генерал на гэты раз толькі стомлена ўздыхнуў і змоўк, тоячы на суровым твары да пары стрыманы гнеў. Маёр як-
    колечы завязаў на ягонай галаве канцы бінта і сеў на саломе. Валошын стаў на ранейшае месца. Зноў настала няёмкая, скутая прысутнасцю начальства цішыня, якую, на шчасце, неўзабаве парушылі гукі наверсе. To быў конскі тупат, затым кароткі і гучнейшы, чым звычайна, вокрык вартавога на НП. Валошын з палёгкай уздыхнуў — прыехаў камандзір палка.
    Маёр Гунько рашуча саскочыў у зямлянку, хуценька зыркнуўшы вачмі па постацях прысутных, лёгка вылучыў між іх генерала і коратка прадставіўся. Генерал, аднак, сядзеў як скамянелы, нядобра гледзячы ў парог, і Гунько пераступіў з нагі на нагу. Чуваць было, як зашуршала яго накінутая паверх шыняля плашч-палатка і тоненька звенькнула шпора на боце.
    — Вы што, камандзір кавалерыйскага палка? — тонам, які не абяцаў дабра, запытаў генерал.
    — Ніяк не! Стралковага, таварыш генерал.
    — А на якога ж чорта тады ў вас шпоры?
    Маёр збянтэжана варухнуўся ледзь-ледзь адным толькі плячом і зноў знерухомеў, не адрываючы позірку ад генерала. А той раптам энергічна ўскочыў са скрынак — шырокі цень ад яго накрыў палову зямлянкі.
    — Вы б лепш парадак навялі ў палку! Менш бы дбалі пра свой кавалерыйскі выгляд!
    Відаць, яшчэ мала што разумеючы, маёр стаяў «смірна» і яснымі нявіннымі вачмі глядзеў у раззлаваны твар генерала. Той пасля паўзы злосна зірнуў на байцоў, што стоўпіліся ля печкі.
    — Ану, пакурыце там!
    Гутман, Чарнаручанка, баец у бушлаце і разведчык паслухмяна вылезлі ў траншэю. У зямлянцы стала прасторней — генерал адступіў убок, і агеньчык у ліхтары цьмяна асвятліў не малады ўжо, пакутна напружаны твар камандзіра палка.
    — Якая ў вас пазіцыя? Дзе вы заселі? У балоце! А немцы на вышынях. Вы што думаеце, яны вам адтуль будуць букеты кідаць? Насовачкамі махаць?
    — Я так не думаю, таварыш генерал,— запалым голасам уставіў Гунько.
    Генерал з робленым прастадушшам здзівіўся:
    — Ах, вы не думаеце? Вы ўжо зразумелі? А вы ведаеце, што ўсе пад’езды да вас прастрэльваюцца кулямётным агнём? Вось палюбуйцеся! — генерал ткнуў пальцам у свой абвязаны бінтам лоб,— Ледзь да архангела Гаўрыіла не адправілі. А «віліс» коламі ўгору ляжыць. Новы вы мне дасце?
    — Вінават!
    — Што?
    — Вінават, таварыш генерал.