• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Але што рабіць?
    Ухіляючыся ад аўтаматнай чаргі, якая імпэтна паласнула па сценах траншэі, Валошын сунуўся ў земляны правал бліндажа і ўпаў на прыступкі. Кулі шалёна зашчоўкалі па сцяне, з якой абрушыўся цэлы пласт гліны, запоўніўшы траншэю пылам. Пад бокам у яго апынуўся кірзавы бот, на якім ён згледзеў знаёмы авальны лапік на задніку, і ўбачыў перад сабой адтапыраныя вушы Чарнаручанкі. Тэлефаніст кароценькімі чэргамі тыркаў па рагу траншэі, і той памалу крышыўся, абвальваўся камякамі, адкрываючы погляд па траншэі. Гарачыя гільзы з яго аўтамата сыпаліся капітану на галаву і за каўнер, ён таксама падняў свой пісталет, адчуваючы, аднак, што патроны ў магазіне вось-вось скончацца. Але ён ведаў, што, пакуль яны прастрэльваюць адсюль траншэю, немцы ў бліндаж не прарвуцца, пятнаццаціметровы адрэзак яе па абодва бакі ад увахода быў надзейна закрыты. Але — гранаты! Немцы маглі закідаць іх гранатамі, ад якіх паратунку тут не было. Хіба што ў бліндажы.
    Тым часам у траншэйным паядынку настала няпэўная паўза. Зрэдку з бруствера зляталі разбітыя кулямі камякі зямлі, і Валошын, аглушаны на правае вуха, не адразу зразумеў, што гэта стралялі знізу. Адтуль жа, аслаблены адлегласцю, даносіўся часты перастук ДШК, які вёў агонь па траншэі, відаць, не даючы немцам падабрацца да бліндажа зверху. Што ж, у тым была пасільная дапамога яго баталь-
    ёна, і ў капітана на момант пацяплела ў душы ад удзячнасці тым, што ляжалі ўнізе. Галоўнае, думаў ён, не даць немцам кінуць гранату ў бліндаж, у траншэі ж няхай яны рвуць, колькі хочуць.
    Павярнуўшыся раўней, ён разрадзіў пісталет, сунуў яго за борт шыпяля, пасля зачарпнуў жменю патронаў у кішэні і ўзяўся таропка набіваць магазін. Але Чарнаручанка зноў паласнуў чаргой па траншэі, і ён схапіўся за пісталет.
    — Таварыш камбат, дайце я,— сказаў нехта побач, і ён, азірнуўшыся, убачыў байца з шырока забінтаванай галавой, які, трымаючы ў руках аўтамат, лез заняць ягонае месца на выхадзе.
    Счакаўшы, Валошын устаў. Баец улез на ягонае месца, a капітан саступіў з прыступак і стаў ля дзвярэй. У бліндажы на засланым саломай доле цесна ляжалі параненыя, у паўзмроку бялелі бінты і слаба варушыліся збялелыя твары, у куце нехта роспачна ціха пагойдваўся ў белай нацельнай кашулі; востра пахла лякарствам. Некалькі пар вачэй у цесным паўзмроку з запытальным чаканнем уставіліся на Валошына, і ён раптам адчуў такую тужлівую бездапаможнасць, якой не адчуваў пад градам асколкаў у траншэі.
    — Нічога! — сказаў ён з суцяшэннем не так для іх, як болей для самога сябе.— Будзем адбівацца. У каго ёсць зброя? Давай сюды да дзвярэй.
    — Зброя ёсць. Але што зброя...
    — Пакуль ёсць зброя, мы байцы. Будзем трымацца.
    У адказ яму было труднае напружанае маўчанне, хтось безнадзейна выдыхпуў, і ён перавёў погляд на Маркіна, які ў ранейшай позе ляжаў на шынялі.
    — Чорт! He ўдалося,— ціха, ні да каго не звяртаючыся, сказаў начштаба.— Усё к чортавай матары!..
    Ды ўжо ж не ўдалося, падумаў Валошын і, успомніўшы камсорга, позіркам пашукаў яго ў бліндажы.
    — А Круглоў тут? Што з Кругловым?
    — Усё, няма Круглова,— азірнуўся з прыступак Чарнаручанка,— Во яго аўтамат. А там сумка,— кіўнуў ён у бліндаж.
    Валошын унутрана сцяўся — значыцца, не стала і Круглова, разам з якім яны прайшлі ўвесь гэты не доўгі, але так
    густа ўкладзены смерцямі шлях батальёна... Хто на чарзе наступны?
    Нехта з байцоў у накінутым на плечы шынялі і з забінтаванай рукой, няспрытна ступаючы паміж целаў, прабраўся да выхаду і перадаў Чарнаручанку два набітыя магазіны. Байца з разрэзаным да пляча рукавом, у якога аказалася граната, Валошын пасадзіў каля самых дзвярэй. Але адной гранаты тут было мала.
    — Гранат трэба болей. У каго яшчэ ёсць гранаты?
    — Во апошняя,— сказаў Аўдзюшкін,— Для сэбэ обэрэгав. Ды чорт з ёй...
    Ён падаў з кутка «Ф-1», якую Валошын планкай начапіў сабе каля спражкі. Іншых гранат у яго не засталося. Цяпер ён зноў быў гатовы да бою і, стоячы каля яловага, з карой, вушака, пазіраў у траншэю. Побач на прыступках, выставіўшы ў розныя бакі аўтаматы, сядзелі Чарнаручанка і панылы баец з тоўста забінтаванай галавой.
    — Гэта... Наце во яшчэ каскі,— клапатліва перадалі з бліндажа дзве нямецкія каскі.
    Чарнаручанка адну надзеў зверху на шапку, а другую паранены баец, прымерыўшы, злосна шпурнуў у траншэю.
    — Падлай смярдзіць.
    Валошын дастаў з маленькай кішэні гадзіннік і са здзіўленнем ахнуў: была чвэрць пятай. А ён усё думаў, што явічэ ранак. Сапраўды, да вечара засталося зусім мала часу, добра, калі б удалося дацягнуць да вечара. Адным вухам слухаючы грымоты бою, ён думаў: а раптам паднімецца батальён? Калі б ён падняўся, можа б, што і ўдалося. Можа б, і яны тут уцалелі і яшчэ спатрэбіліся.
    Але батальён, напэўна, ужо не меў сілы падняцца...
    Раптам абодва байцы на прыступках разам схапіліся за аўтаматы, і адначасова з абодвух канцоў траншэі мільганула ў паветры. Адна з гранат, раней чым разарвацца, ляпнулася канцом аб сцяну і адляцела далей, другая тарчком паскакала на дне траншэі. Як толькі яны разарваліся, падняўшы воблака пылу, абодва аўтаматчыкі на прыступках ударылі са сваіх ППШ, напоўніўшы бліндаж густым аўтаматным трэскам. Валошын ціснуўся плячмі да сцяны і на-
    пагатове трымаў пісталет. 3 кутка бліндажа, цягнучы за сабой прастрэленыя, без ботаў, ногі, выпаўз да дзвярэй Аўдзюшкін. У яго сцятай руцэ бліснула малая сапёрная лапатка.
    — Ах, гады! Ну ідзіце, гады! — джгаючы чэргамі, роспачна крычаў на прыступках паранены.
    Чарговай гранаты Валошын не паспеў заўважыць. Магчыма, яе кінулі цераз бруствер, толькі побач у траншэі раптам аглушальна грымнула, пыхнуўшы ў расчыненыя дзверы гарачым смуродам трацілу, і нямецкая каска з галавы Чарнаручанкі з жалезным звонам выцялася аб перакладзіну. На прыступках, адкінуўшыся назад, канвульсіўна затузаўся Чарнаручанка, Валошын падхапіў яго забіты пяском, гарачы яшчэ ППШ і адскочыў ад расчыненых на завесах дзвярэй.
    — Дзверы! Дзверы! — закрычалі ў бліндажы некалькі галасоў.— Трымайце дзверы!!!
    Нечыя спрытныя рукі ляпнулі з сілай дзвярыма, якія туга і шчыльна зачыніліся, адразаючы ўсё, што было ў траншэі. У бліндажы разам сціхла. Яны чакалі. Валошын не ведаў, што здарылася з Чарнаручанкам, забіты той або ранены, не ведаў, у якім стане паранены ў галаву баец, аўтамат якога, аднак, таксама замоўк. Спалохаўшыся, што ў бліндаж вось-вось уварвуцца немцы, капітан праз дошкі дзвярэй смалянуў у траншэю трыма кароткімі чэргамі і зноў знерухомеў ля вушака.
    — Маты моя рідная! — загаласіў у прыцемку хтосьці з параненых — Роды мэнэ обратна...
    — Мовчі! — крыкнуў з падлогі Аўдзюшкін. — Бэз тэбэ тошно...
    Зноў настала пакутная паўза, якая, відаць, папярэднічала самай рашучай сутычцы. Цяпер ужо памагчы ім не мог ніхто ў цэлым свеце, і нават яны самі памагчы сабе не маглі. Напэўна, надышоў час развітвацца адзін з другім і падумаць, як даражэй аддаць свае жыцці.
    — Ух, сволачы! Ух, якія ж яны гады-сволачы! — плакаў у куце паранены ў сподняй кашулі.— Завошта яны нішчуць нашу маладую жызню? Што мы ім зрабілі?
    — Чакайце! — не ведаючы яшчэ, чым суцешыць іх і сябе, сказаў Валошын,— Яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы патрымаемся. У нас жа браня.
    — Браня?
    — А як жа! — бадзёра сказаў капітан,— Во, зямля родная. Лепшай няма ў свеце брані. Паспрабуй прабі,— стукнуў ён кулаком па сцяне.— Там, на касагоры, бугарка не было. A тут... Там бы такі бліндаж!
    — А цэ ж правда! — раздаўся раптам прасветлены голас,— Я там за лапатачку ховався...
    He паспеў ён скончыць, аднак, як сцены бліндажа зноў скалануліся ад магутнага выбуху, пасля яшчэ аднаго і яшчэ двух запар. Дзверы яны трымалі падпёртыя ля самай зямлі нагамі. Валошын з усяе сілы ўпіраўся ў іх абцасам бота, і ў яго ледзьве хапала сілы ўтрымаць там нагу пры выбухах. Уся верхняя палова тоўстых дзвярэй, пасечаная асколкамі, засвяцілася дзесяткамі шчылін і дзір, з якіх тырчалі доўгія трэскі. Напружваючы нагу, Валошын чакаў, калі гэтыя дзверы рухнуць у бліндаж ці разляцяцца ў трэскі, і тады... Тады настане апошняя сутычка з мінімальным шанцам застацца жывымі. Але дзверы трымаліся. Гранаты ўсё ж ірваліся зводдаль метры праз тры ў траншэі, і ён здзівіўся, што ніводная з іх не разарвалася пад дзвярыма. Зрэшты, ён здагадаўся, што скаціцца гранатам пад дзверы не давалі двое забітых. Застаўшыся на прыступках, мёртвыя абаранялі жывых, прымаючы на сябе ўсю сілу выбухаў і ўсе асколкі. Ім там хапіла. Валошын ужо адчуў пад падэшвай мокрую лужынку і зразумеў, што гэта было. Мёртвыя сцякалі жывой, яшчэ цёплай крывёй.
    Ля сцяны трывожна заварушыўся Маркін.
    He выпускаючы з рукі пісталета, ён выцягнуў з-пад галавы сумку, коратка кінуўшы ў аціхлы бліндаж:
    — У каго запалкі?
    Хтосьці падаў запалкі, і лейтэнант, пашукаўшы ў сумцы, выняў адтуль некалькі паперак, разарваў іх у клочча. У бліндажы загарэўся невялікі дымны агеньчык, у які Маркін, нервова камячачы, пачаў соваць паперы. «Прадбачлівы, аднак»,— падумаў пра яго Валошын. У ягонай палявой сумцы таксама знайшлося б што-колечы, што ў такую хвіліну лепш было знішчыць, але ён усё марудзіў, быццам на што спадзеючыся. Маркін, аказваецца, у гэтых адносінах быў разумнейшы і ўжо не спадзяваўся. Што ж, мабыць, начштаба меў рацыю.
    — Карта ў вас? — узняў ён змрочны твар да Валошыпа.
    Карта з нанесенай на яе абстаноўкай батальёна была ў ягонай сумцы, і хаця абстаноўка гэтая здорава змянілася за суткі, капітан моўчкі выняў яе і кінуў Маркіну. Тады ж ён зірнуў на томік Ясеніна ў сумцы і падумаў, што прачытаць яго ўжо не прыйдзецца. Hi яму, ні Іванову таксама.
    Бліндаж неўзабаве напоўніўся дымам. У дадатак да дакументаў з палявой сумкі начштаба, імяшіых спісаў і карты хто-колечы з байцоў пачаў кідаць на праход свае пісьмы і дакументы, якія пражэрліва нішчыў агонь. У агнянай кучы загарэлася маленькае дзяўчачае фота — спярша плячо, блузка, пасля кучаравыя валасы прычоскі, роўненькі носік, грыўка на лобе. Застаўся вузенькі краёчак поля, які хутка патануў у агнявым попеле.
    Немцы, аднак, усё марудзілі, гранат больш не кідалі. He стрываўшы гэтую няпэўную паўзу, Валошын павярнуў аўтамат ствалом да дзвярэй і зноў пусціў некалькі чэрг. Пасечаныя кулямі і асколкамі дзверы давалі, аднак, згледзець толькі вузкі адрэзак траншэі насупраць. Зазірнуўшы ў адну шчыліну, Валошын убачыў паблізу разбіты выбухам твар Чарпаручанкі, з крывавага месіву якога жахліва тырчэў белы абломак сківіцы. Болей там нічога не было відаць. У траншэі, здаецца, нікога не было, мабыць, немцы хаваліся за павароткамі. Час ад часу капітан пачаў зазіраць у гэту вузкую вертыкальную дзірку ў дошцы і ў трэці або чацвёрты раз заўважыў штосьці такое, што амаль здзівіла яго.