Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
далёкая, нават завельмі далёкая для адной ночы, і вельмі трэба было спяшацца. Тут ён яшчэ памятаў маршрут, вывучаны ўчора па карце, і ведаў, што неўзабаве зноў пойдзе поплаў усё ля той жа рачулкі, якой і трэба будзе трымацца.
Пасля кустоўя байцы ўвайшлі ў рытм, і група хутка рухалася ў шэрым начным паўзмроку. Хмарнае неба шчыльным дываном атуліла зімовы прасцяг, у якім цьмяна шарэлі навокал размытыя плямы кустоў, дрэў, быльнягу і мноства яшчэ нечага, невыразнага і загадкавага. Ракеты на перадавой свяцілі далёка ззаду, адсюль відаць былі толькі іхнія мігатлівыя водсветы за пакатым узгоркам.
Паступова Іваноўскі пачаў спакайнець, набіраць раўнавагі і разважнасці. Праўда, увесь час не выходзіў з галавы Шалудзяк, так няладна з ім атрымалася — пашкадаваў, называецца. Напэўна, спатрэбіўся б заўтра, усё ж сапёр і пажылы чалавек, не які там хлапчук, як гэты Суднік. Мабыць, з сапёрамі яму не пашэнціла, хоць болей за іншых былі патрэбны менавіта сапёры. Але тут нічога не зробіш. У той час, як група ляжала ў святле ракет, здавалася, вярнуў бы назад палавіну, абы другая палавіна прарвалася. Лейтэнант з уласнага вопыту ведаў, што далёка не ўсё ў жыцці атрымліваецца так, як трэба, тым больш на вайне. Каб дасягнуць мэты, часам трэба да апошняй магчымасці змагацца з магутнаю сілай абставін, іначай праваліш справу і прападзеш сам. Наогул вайна бязлітасная да кожнага, але сапраўды першым на фронце гіне баязлівец — менавіта той, хто болей за іншых даражыць жыццём. Зрэшты, даволі гіне і смелых. Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі. Як нідзе ў мірным жыцці, тут здрадлівы і зменлівы лёс чалавека, якому, каб выжыць, ні на хвіліну нельга выпускаць з рук тугіх лейцаў абставін, пры ўсякіх, самых немагчымых, умовах трэба старацца кіраваць імі.
Горыч ад першай і такой недарэчнай страты не пакідала Іваноўскага. Ненадоўга лейтэнант забываў пра яе, заняты дарожнымі клопатамі, але яна ўсё вярталася шчымлівым, надта добра знаёмым на вайне болем. I колькі ён ні перажыў яго за пяць месяцаў, гэты вярэдлівы ў сэрцы боль, і
якім бы звыклым ён ні здаваўся часам, зусім прывыкнуць да яго было немагчыма. Колькі ўжо Іваноўскі страціў назаўжды за гэтыя месяцы вайны! Думалася, пара б ужо і прывыкнуць да саміх страт і скарыцца ўсведамленню іх непазбежнасці. Але як ні прывыкаў, не-не ды і находзіла такая роспач, што, думалася, лепш бы падставіў пад тую праклятую кулю сваю ўласную голаў, чым бачыць, як назаўжды апускаюць у магільную глыбіню блізкага табе чалавека.
А свайго лепшага сябра, разведчыка капітана Волаха, ён нават не паспеў закапаць...
Проста ў іх не знайшлося рыдлёўкі і якіх-небудзь пятнаццаці хвілін часу, а ад шашы ўжо імчаліся на матацыклах немцы. Адстрэльваючыся, яны з Паграбняком загарнулі цела капітана ў палатку і таропка закідалі яго перамешаным са снегам лісцем. Так і застаўся іх камандзір на ўзлеску таго далёкага смаленскага ўрочышча, дзе ледзьве не засталіся ўсе. А наступнага за ім, сяржанта Рукавіцына, нават не ўдалося вынесці з пагорка, на якім яго напаткала куля, і праз дзесяць хвілін яго там падабралі немцы.
Наогул Іваноўскаму шанцавала ў вайну на харошых людзей, але самым вялікім шанцаваннем, вядома, быў капітан Волах. Нейкім невыразным пачуццём лейтэнант зразумеў гэта адразу, як толькі ўбачыў яго на прысмужанай ранішнім туманам прасецы ў Бароўскіх лясах. Стоячы на каленях, капітан нешта вытрасаў з кішэняў у пакладзеную на мох фуражку, побач ляжала разгорнутая карта, а навокал сядзелі і ляжалі яго разведчыкі. Усе былі ў зялёных маскіровачных халатах з адкінутымі капюшонамі і ў пілотках, толькі ў аднаго капітана была фуражка, па якой лейтэнант адразу пазпаў у ім камандзіра і прывітаўся.
— Таварыш камандзір, дазвольце звярнуцца.
— Калі ласка,— проста і ўсмешліва, без ценю камандзірскай строгасці сказаў капітан,— Звяртайцеся, калі ёсць з чым. А то ў нас во адзін пыл.
Відаць, ён не супраць быў пажартаваць і, можа, нават пачаставаць іх махоркай, але махорка ў яго ўся скончылася, як скончылася яна і ў лейтэнанта Іваноўскага. Праўда, лейтэнанту цяпер было не да курыва, ён болей бы ўзрада-
ваўся сухару ці кавалку хлеба, бо два дні яны амаль нічога не елі. Пасля разгрому ў начным баі пад Крупцамі ён адбіўся ад палка, трапіў у акружэнне, выйшаўшы з якога з дванаццаццю байцамі блукаў па лясах у пошуках сваёй часці. Але нідзе ён не мог набрысці нават на рэшткі сваёй дывізіі, часам траплялі байцы з невядомых яму часцей, але ніхто з іх нічога толкам не ведаў, у прыфрантавой паласе ўсе пераблыталіся — і нашы, і немцы. Яшчэ праз дзень вакол засталіся адны толькі немцы, ён скрозь натыкаўся на іх саміх або на свежыя іх сляды і тыдзень кідаўся па пералесках у пошуках якога-ніякога выйсця. У яго не было карты, і зусім незразумелай была абстаноўка, сустрэчныя ў шляху чырвонаармейцы давалі самыя супярэчлівыя звесткі. Зразумела было адно — нашы адышлі далёка, а немцы пруць на Маскву. У некалькіх выпадковых сутычках ён страціў яшчэ трох чалавек; двое зніклі ўначы: можа, адбіліся дзе ў цемры і прысталі да іншых груп, а можа, і яшчэ горш. 3 ім засталіся чацвёра, яны забрылі ў нейкую лясную глушэчу, дзе ўжо не было ні немцаў, ні нашых. I вось гэтая выпадковая сустрэча з групай разведчыкаў на краі лясной прасекі.
Капітан усё ж нешта натрос з кішэняў і скруціў тоненькую скупую цыгарку. Астатнія моўчкі і, як здалося лейтэнанту, з затоеным сумам назіралі за сваім камандзірам.
— Як запальнічка, уцалела? — запытаў капітан, запіхваючы ў сінія галіфэ вывернутыя кішэні.
— Якая запальнічка? — здзівіўся Іваноўскі.
I раптам усё прыпомніў.
Сапраўды, месяц назад пад Касачовам, дзе яны стаялі тады ў абароне, неяк перад світаннем начальнік разведкі палка прывёў на батарэйны НП незнаёмага камандзіра ў фуражцы і з ордэнам Чырвонага Сцяга на габардзінавай гімнасцёрцы. Як трошкі развіднела, яны пачалі нешта разглядваць у стэрэатрубку на нямецкім баку, нешта адзначалі на карце. Пасля разам паснедалі. Капітан яшчэ пачаставаў Іваноўскага «Казбекам» і, прыкурваючы, звярнуў увагу на яго трафейную запальнічку ў форме будыйскага манаха. Запальнічка сапраўды была даволі забаўная: націснеш на спружын-
ку — і ў манаха адскоквала палавінка чэрапа, з якога ўспыхваў далікатны агеньчык полымя.
Запальнічка была пры ім, Іваноўскі дастаў маленькую чорную фігурку манаха, вялікім пальцам ціскануў на спружынку. Але ў гэты раз агеньчык не паявіўся, мабыць, не было бензіну.
— Цікава, цікава,— сказаў капітан,— Шкада, курыва кот наплакаў.
— У нас таксама ні каліва,— сказаў Іваноўскі.
Іх твары ўраз пасур’ёзнелі, капітан нацягнуў на плечы сваю прадраную ў некалькіх месцах куртку. Адчуваннямі завалодала невясёлая франтавая будзённасць.
— Даўно бедствуеце? — запытаўся капітан.
— 3 семпаццатага. Як разбілі пад Касачовам.
— Што ж, пойдзем разам. Вось тут, на маёй карце, азначаны стык, сюды і паспрабуем сунуцца.
Яны прабіраліся яшчэ чацвёра сутак, але ніякага стыку ў нямецкай лініі фронту не знайшлі, як, зрэшты, не знайшлі і самога фронту. Стаяла глыбокая восень, лісце з дрэў усё абсыпалася, пасля сцюдзёных зацяжных дажджоў наступіла ранняя золкая сцюжа. Дарогі былі забіты абозамі, аўтамабілямі, фурманкамі перадавых і тылавых нямецкіх часцей. Байцы падбіліся ад шматдзённай хадзьбы па бездаражы, схуднелі ад голаду. Некаторых пачалі дапякаць прастуда, кашаль. Лейтэнанта мучыла скуллё па ўсім целе. А пасля ў групе з’явіўся паранены ў нагу разведчык, які не мог ісці, і яны па чарзе неслі яго па звязаных з жэрдак і палаткі насілках. Па гэтай прычыне яны не маглі ісці хутка, але камандзір не хацеў пакідаць разведчыка. Гэта быў выдатны разведчык, светлавокі і светлавалосы атлет па прозвішчу Фіх, які лёгка размаўляў па-нямецку. Паранілі яго выпадкова, калі яны ўдзень заскочылі ў вёску, каб распытацца пра дарогу і разжыцца чаго-небудзь з ежы, і ўжо ў самым пачатку вуліцы наткнуліся на немцаў. Першага немца, які выйшаў з падворка, капітан зваліў ударам нажа ў шыю. Гэта аказаўся афіцэр з сумкай, і Волах па старой звычцы разведчыка першнаперш схапіўся за яго палявую сумку. Але следам за афіцэрам ішлі яшчэ двое, адзін з іх стрэліў з пісталета і трапіў
Фіху ў сцягно. Добра, што Балаенка тут жа крамсануў чаргой, немец упаў, і яны ўсе кінуліся на гарод, падхапіўшы параненага, які пасля гатага стрэлу не ступіў болей ніводнага па зямлі кроку. Напэўна, нямецкая куля пашкодзіла які-небудзь цэнтральны нерв, нага павісла, бы нежывая. Да таго ж неўзабаве паднялася тэмпература, мабыць, пачалося заражэнне. Бясконцыя пераходы прычынялі нясцерпныя мукі параненаму, павязка ўвесь час спаўзала, рана крывяніла. Фіх, сцяўшы зубы, трываў, усё болей хмурыўся і не хацеў размаўляць.
Аднойчы яны спыніліся адпачыць на нейкім зарослым маладым дубнячком прыгорку. Лісцяны лес ужо стаяў увесь голы і непрытульны, толькі пакручастыя дубкі шалясцелі на ветры сваёй надта пажухлай, але яшчэ па-летняму густою лістотай. Тут было трохі зацішней: дубняк надзейна хаваў іх ад чужых вачэй. Як толькі спыніліся, разведчыкі пападалі на зямлю. 3 маўклівай адчужанасцю на схуднелым твары ляжаў на насілках Фіх. Есці не было чаго, курыць таксама. Два разведчыкі пайшлі шукаць якое жыллё, каб разжыцца на ежу і пакарміць параненага.
— Слухай, Фіх,— раптам сказаў капітан,— Ты не бойся. Мы цябе не пакінем. Мы цябе вынесем, і ўсё будзе добра. Галоўнае — не падай духам.
— Аддайце мой пісталет,— слабым голасам прамовіў Фіх.
Два дні запар ён патрабаваў свой пісталет, які, западозрыўшы кепскае, выняў у яго з кабуры Волах. Цяпер кожная размова з ім пачыналася і канчалася патрабаваннем Фіха вярнуць пісталет.
— Ну во, ты зноў за сваё! Аддам я твой пісталет. Але спярша трэба цябе данесці да сваіх.
— Аддайце мой пісталет! Нашто ўзялі? Для апраўдання сумлення? Плюнь, капітан...
Угаварыць яго было немагчыма, капітан, відаць, разумеў гэта і асабліва не ўгаворваў. Іхняе становішча не пакідала зашмат ілюзіі, ды яны і не мелі патрэбы ў ілюзіях. Безнадзейнасць Фіхавага стану была відавочнай як для самога Фіха, так і для ўсіх васьмярых у групе, у тым ліку і старога дружка Фіха сяржанта Рукавіцына, які ўсю дарогу даглядаў параненага, як толькі было магчыма. Бяда, аднак, заключала-