• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Тое, што яшчэ здаля звярнула на сябе іх увагу, зблізку аказалася нейкай будынінай — ускраіннай сядзібай вёскі або якім хутарам. Было б вельмі дарэчы завітаць туды хоць бы для таго, каб напіцца, але Іваноўскі рашуча павярнуў у абход. Ён забабонна баяўся ўсяго, што магло пашкодзіць іх мэце і адабраць час.
    Праз завейную непагадзь цяжка было ўгадаць, на якой адлегласці ад іх быў гэты хутар. Усяго нейкую хвіліну ён чарнеў збоку і ўжо гатовы быў знікнуць, як праз вецер аднекуль даляцеў крык. Лейтэнант не ўцяміў яшчэ, хто і на-
    ват на якой мове крычыць, як ад будыніны пачуўся выразны сабачы брэх. Іваноўскі моцна адпіхнуўся палкамі, робячы рашучы рывок у цемру, і ў той час ветраную цішыню ночы разарвала прыглушаная завеяй чарга. Трасіруючыя светлякі куль у некалькіх месцах прашылі над галавой цемру, чыркнулі па снезе і панясліся прэч. Здрыгануўшыся ад нечаканасці, лейтэнант прыгнуўся і з усяе сілы рвануўся далей, наперад, у цемру. Аднекуль ззаду скрозь палосы завеі ўспыхнула святло, сняжынкі густа забялелі ў яго круглай пляме. Але гэта была не ракета — мабыць, недзе ўключылі фары. I зноў у паветры пранесліся агнявыя пасмы куль — густая доўгая чарга з шырокім рассейваннем прайшлася па полі. Лейтэнант азірнуўся на лыжнікаў — Суднік, як і заўсёды, трымаўся за ім ушчыльную, далей, нагнуўшыся, разгоніста ішлі астатнія. Далекаватае святло з фар усё ж прыкметна падсвечвала поле, вырываючы з шэрае цемры белыя сілуэты людзей; з хутара іх, мабыць, можна было заўважыць. Калі зусім блізка зноў забліскалі трасы, ён нягучна крыкнуў: «Лажысь!», чамусьці больш за ўсё спалохаўшыся за ношу Судніка, і сам мякка апусціўся на бок. Але ён спазніўся. Лежачы на снезе, ён ужо адчуў, што паранены, нагу коратка абпякло вышай калена, цёплая макрэдзь расплылася ў калашыне. Але моцнага болю ён не адчуваў; сцяўшы пашчэнкі, пакратаў нагой — быццам нічога, можна было трываць. Побач, цяжка дыхаючы, уціснуўся ў снег Суднік.
    — Бутэлькі! Бутэлькі глядзі! — гучна шапнуў ён байцу, з незвычайнай выразнасцю ўяўляючы, што калі трапяць у бутэлькі, дык усе тут і загінуць.
    Суднік сцягнуў з плячэй рэчмяшок, уціснуў у снег, прыкрыўшы сабой небяспечную для ўсіх ношу.
    Як толькі апошнія трасы адляцелі ўдалеч, лейтэнант ускочыў на ногі і з радасцю адзначыў, што нага слухаецца. Прыгнуўшыся на лыжах, ён зноў ірвануў у ноч,— з усяе сілы далей ад гэтага хутара, чэргаў і здрадніцкага брэху сабак. Добра, што парывы ветру са снегам усё ж хавалі яго нават у падсветленай начной прасторы, і ён праскочыў яшчэ метраў сто. Хутара ўжо зусім не было відаць, фары, памігаўшы здаля, неяк прыцьмелі, але па-ранейшаму свяцілі ў іх бок.
    Новая чарга прашыла змрок ззаду, але трасы яе паляцелі далёка ў поле.
    Здаецца, яны выбраліся з самай небяспечнай зоны. Лейтэнант спахапіўся, што адарваўся ад сваіх, азірнуўся. Ззаду хтось нерашуча варушыўся ў змроку, але не даганяў, нагінаўся — мабыць, яны згубілі яго лыжню. Тады ён прытрымаў лыжы, прысеў, ціхенька гукнуў байца і павольней пайшоў у цемру, прэч ад гэтага хутара.
    Хутка ён напаткаў нейкі хмызняк ці ўзлесак і стаў: трэба было сабраць байцоў. Нага балела мацней, але боль пакуль быў цярпімы, мабыць, куля толькі зачапіла мякаць. Хутар маўчаў. Зусім побач цямнеў голы, засыпаны снегам хмызняк, у якім там-сям чарнелі маладыя елкі — у выпадку чаго можна будзе схавацца. Чакаючы сваіх, Іваноўскі не пераставаў здзіўляцца пільнасці немцаў. Хаця, здаецца, выдаў яго сабака. Дурная жывёліна, хіба яна ведала, на каго брахала. Зрэшты, было б горш, калі б ён своечасова не павярнуў ад хутара ўбок. Усё ж яны яго абмінулі, хоць і не так далёка, каб іх не заўважылі. Ён адчуваў, што боль у назе ўсё мацнее, у калашыне было зусім мокра, намокла нават ануча ў боце, трэба было перавязацца. Але ён маўчаў і не кратаўся — чакаў, калі падыдуць астатнія.
    Першым з прыцемак нечакана вынырнуў Суднік, пасля паявілася танклявая постаць Піваварава, трохі пазней, прыгінаючыся і размашыста працуючы палкамі, прымчаліся з завеі двое. Усе спыняліся ля камандзіра і насцярожана пазіралі назад. Парывісты вецер круціў у паветры снежнай крупой, абсыпаючы ёю лыжы, маскхалаты, твары байцоў.
    — Каго яшчэ няма? — ціха запытаўся лейтэнант.
    — Хакімава няма,— сказаў Лукашоў, не паварочваючыся.
    Усе ўзіраліся ў бок злашчаснага хутара.
    — Сволачы! I як яны ўчулі? Здаецца, так ціха ішлі! — абураўся Краснакуцкі.
    — Во яшчэ бяда — сабакі! Добра — нямецкія, а калі нашы, рускія?
    — Пад немцам усе сабакі нямецкія. Тут яны нам не таварышы.
    Лейтэнант ледзьве стаяў, аслабіўшы параненую нагу, і
    маўчаў. Ён усё больш змрачнеў, усведамляючы сваё становішча і перажываючы, што доўга няма Хакімава. Было зразумела, што гэтая затрымка дорага ім абыдзецца, але і пакінуць байца ён таксама не мог.
    Пасля нядоўгае паўзы лейтэнант запытаў Лукашова:
    — Дзе ён прапаў? Як ляжалі ці потым?
    — Як ляжалі — быў. А пасля вот не ўгледзеў.
    — Ідзі і шукай. Мы пачакаем.
    Лукашоў пайшоў у завею, а лейтэнант пастаяў трохі і павярнуў у хмызняк за маладыя, абсыпаныя снегам елкі.
    Тут круціла, нібы ў аэрадынамічнай трубе,— хмары снегу віхурай несліся ў паветры, з усіх бакоў дзьмуў вецер. Захінуўшыся за яліну, Іваноўскі рассмыкнуў матузкі маскхалата, расшпіліў штаны. Сцюдзёныя рукі адразу адчулі згусцелую кроў, ён разадраў шархоткую паперу пакета і туга перавязаў нагу вышай калена. Было даволі балюча, але ён стрываў, прыцяў уздых і хутка апрануўся. Снегам старанна выцер рукі — ніхто не павінен заўважыць, што ён паранены, гэта цяпер не патрэбна. Тым больш што рана лёгкая, якнебудзь ператрывае.
    Горш будзе, калі не знойдуць Хакімава.
    Чорт ведае, як недарэчна ўсё атрымалася, скрозь адны няўдачы. Прыпомнілася народная прыкмета, што справа з няўдалым пачаткам абяцае яшчэ горшы канец. У яго пачалося куды як няўдала. Што ж будзе ў канцы?
    Асеўшы на снезе, байцы цярпліва чакалі, сціскаючы ў руках забінтаваныя ствалы зброі. Ён таксама пачакаў крыху, пасля выняў гадзіннік. Той спраўна, як ні ў чым не бывала, рабіў сваю справу, паказваючы палову другой. Мінула палавіна ночы. Нямала прайшлі і яны, але кіламетраў дваццаць усё ж засталося. Калі толькі ён не адхіліўся ад маршруту. Закруціўшыся пад гэтым абстрэлам, ні пра які маршрут ён, вядома, не думаў, цяпер трэба было выпраўляць становішча.
    Іваноўскі зарыентаваў компас. Візір, устаноўлены на дзвесце дзесяць градусаў, паказваў у хмызняк. У цемры завейнай ночы нічога не было відаць, і ён падумаў, што, мабыць, прыйдзецца прадзірацца праз зараснікі. Інакш нядоўга зусім заблудзіцца. Або трапіць у лапы да немцаў.
    — Ціха!
    3 цемры данёсся нечы слабы невыразны голас, Краснакуцкі падняўся на лыжы і, прыгнуўшыся, слізгануў у той бок. Хвіліну адтуль нічога не было чуваць, а пасля нешта мільганула ў цемры і заварушылася, белае і няўклюднае. Праз хвіліну Лукашоў з Краснакуцкім, сагнуўшыся, волакам прыцягнулі Хакімава і тут жа ўпалі каленямі ў снег.
    Лукашоў дыхавічна сказаў:
    — Во... ледзьве знайшоў... Палка адна ўваткнута была... Яго палка. Гляджу, тырчыць... А ён праз дзесяць крокаў... Ужо снегам замятаць стала...
    — Што, жывы? — запытаўся лейтэнант.
    — Жывы, але кепскі. У спіну яго ўдарыла. У жывот выйшла, здаецца.
    — Так. Хутка перавязаць!
    Ну во, і яшчэ адзін. Небарака Хакімаў! Такі старанны, рухавы, уважлівы хлопец. Ён з першай сустрэчы спадабаўся камандзіру: негаваркі, талковы. I што цяпер з ім рабіць?
    — Я тут трохі абматаў. Па кухвайцы. Без памяці ён.
    Пакуль двое поркаліся, перавязваючы параненага, Іваноўскі, расслабіўшы прастрэленую нагу, разгублена глядзеў у змрок. Вядома, Хакімава не пакінеш, прыйдзецца несці з сабой. Але як? I да якога часу? I што з ім рабіць заўтра? Усё было трудна, незразумела і кепска, але лейтэнант з усяе сілы стараўся ўтаіць ад іншых свой клопат. У той справе, дзеля якой яны ішлі, ён павінен ведаць усё, усё ўмець і знешне павінен заставацца ўвасабленнем абсалютнай упэўненасці.
    — Так. Перавязалі? Рабіце звязку з лыж. Што, не ўмееце? Півавараў, давай палатку,— з трохі фальшывай бадзёрасцю закамандаваў лейтэнант — Хутчэй, хутчэй!..
    — Хіба так пацягнеш? — усумніўся Краснакуцкі.
    — Пацягнеш. Знімай з вінтоўкі рэмень. Давай хто яшчэ свой. 3 яго таксама ўсе рэмні зніміце. Забярыце патроны. Усе, усе. I гранаты таксама. Суднік, забяры гранаты. Цяпер бярыцеся ўдвох. Адзін за рэмень. Так. Вы, Півавараў, страхуйце ззаду. Смялей, смялей, не бойцеся.
    Як-колечы ўклаўшы на лыжную звязку параненага, яны павалаклі яго ў хмызняк. Атрымалася не вельмі каб зграбна
    — грувастка і нязручна, лыжы раз’язджаліся на снезе, а цела параненага ўвесь час перавальвалася з боку на бок. Ззаду цягнулася глыбокая баразна ў снезе. Невядома, колькі так можна было працягнуць.
    Але іншага выйсця ў іх не было. Адсюль да сваіх не адправіш, пакінуць таксама не было дзе. Вядома, цяпер ім прыйдзецца патузацца. Цяпер ужо наўрад ці яны паспеюць да ранку. Яны нерашуча прабіраліся цераз хмызняк. Часта спыняліся, папраўлялі лыжы, ледзьве ўтрымліваючы на іх Хакімава. Цягнуў Краснакуцкі; Півавараў, сагнуўшыся, папіхаў і падтрымліваў. Лукашоў, ідучы ззаду, часам памагаў, пакрыкваючы на абодвух.
    На шчасце, хмызняк не завёў іх у лес, як таго асцерагаўся Іваноўскі, і праз якіх паўгадзіны яны зноў апынуліся ў полі. Вецер тут і яшчэ памацнеў, у доле гуляла мяцеліца. Наскрозь перасыпаныя снегам, яны выбраліся на чыстае і спыніліся, каб саўладаць з дыханнем.
    — Дык што ж рабіць, лейцінант? — заклапочана выпрастаўся Лукашоў,— Так мы яго і будзем цягнуць?
    — А што рабіць? Што вы прапануеце? — з відавочным незадаволеннем спытаўся лейтэнант.
    — Можа б, пакінулі дзе? Калі ў вёсцы якой? Ці хоць бы ў якой пуньцы?
    — He, не пакінем,— цвёрда сказаў Іваноўскі.— I хопіць пра гэта.
    — Што ж, хопіць, дык хопіць,— раптам згадзіўся Лукашоў,— Толькі ці далёка так пройдзем?
    — Трэба хутчэй,— ухапіўся лейтэнант — 3 усяе сілы хутчэй! Панятна?
    He азірнуўшыся і прыкметна асядаючы на правую нагу, ён пайшоў у цемру. За ім падаліся на лыжах астатнія.
    Усе зморана, паныла маўчалі.
    5
    Ранейшы тэмп гэтай шалёнай гонкі быў канчаткова страчаны, каторую гадзіну яны валакліся ў завеі, як сонныя мухі, і лейтэнант клапаціўся толькі пра тое, каб не згубіць на-