Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
А ўсяго тры дні назад, аціраючыся пры штабе пасля выхаду з нямецкага тылу, Іваноўскі болей за ўсё баяўся трапіць на вочы менавіта гэтаму прыдзірліваму, строгаму і ўладарнаму генералу — начальніку штаба. Ды і не толькі ён — многія ў ціхай лясной вёсцы, дзе размясціўся штаб, з таропкай баязлівасцю праходзілі міма яго высокага, з блакітнымі аканіцамі, дома. Генерал быў бязлітасна строгі да ўсіх сваіх падначаленых, а тут, вядома, усе, апроч хіба самога камандуючага, былі ў яго прамым падначаленні. Аднаму Богу было вядома, за што ён мог кожную хвіліну прыдрацца: генерал не дараваў, калі кагось заставаў без справы, спаганяў за парушэнне формы адзення і маскіроўкі, лаяў тых, хто, на яго думку, недастаткова хутка выконваў загады,— ці мала за што можа прыдрацца да падначаленага строгі начальнік у арміі? Неяк міжвольна Іваноўскі зрабіўся сведкам, як генерал лаяў аднаго палкоўніка за адсутнасць нейкіх дадзеных на ўчастку левага фланга і як пасля гэтага палкоўнік, у сваю чаргу, разносіў камандзіра разведкі, дзве раз-
ведгрупы якога не вярталіся з-за лініі фронту, хоць мінулі ўсе тэрміны іх вяртання.
Іваноўскі тут быў выпадковым, чужым чалавекам. За час сваёй не надта вялікай армейскай службы яму не даводзілася бываць нідзе вышэй штаба дывізіі, і цяпер ён з цікавасцю назіраў жыццё гэтай тылавой установы. Разы два, зрэшты, у вёсцы паднімаўся перапалох, калі наляталі «юнкерсы», скінутыя імі бомбы, аднак, не ўчынілі асаблівай шкоды, апроч таго, што разбурылі пусты хляўчук ды забілі на вуліцы асядланую гнядую жаробку. У астатнім усё тут ішло мірна і роўна, хіба што часам па аддзелах пачынаў свой абход начальнік штаба, і тады ўсе палкоўнікі, капітаны і ўвішныя пісары ненадоўга перажывалі трывогу. Але неўзабаве, каму зрабіўшы вымову а на каго проста накрычаўшы, генерал знікаў, і зноў у вёсцы ўсё ішло, як заўсёды.
Пасля пераходу лініі фронту лейтэнант Іваноўскі паявіўся тут з двума ўцалелымі разведчыкамі, бо пасля смерці капітана Волаха палічыў сваім абавязкам далажыць аб усім, што здарылася за два тыдні іх блукання па нямецкіх тылах. Але заклапочаныя сваімі справамі штабныя начальнікі аднесліся да яго без асаблівай увагі, і гэта яго пакрыўдзіла. Надта свежым быў у яго памяці боль нядаўніх страт, смерць Волаха, усе іх неймаверныя перажыванні там, у нямецкім тыле, каб ён так проста мог прымірыцца з гэтай няўвагай. Ён прыйшоў у хату разведаддзела да бялявага маладога палкоўніка і з ходу пачаў выкладаць яму сутнасць справы, але той доўга і невідушча глядзеў на яго, яўна думаючы пра нешта іншае. Пасля палкоўнік абарваў ягоны расказ і загадаў усё падаць у пісьмовай форме. Нібы між іншым, ён запытаўся, ці прайшоў лейтэнант праверку ў Дольцаве, дзе знаходзіўся зборны армейскі пункт. Іваноўскі пакрыўдзіўся. Ён сказаў бяляваму, з прыгожа ўкладзенымі валасамі палкоўніку, што ў Дольцава ён паспее, а вось да нямецкага склада боепрыпасаў можна спазніцца і тады ўсе іх намаганні і ўсе страты, у тым ліку і смерць выдатнага армейскага разведчыка капітана Волаха, могуць аказацца дарэмнымі.
— Як дарэмнымі? — здаецца, упершыню нешта сцяміў
палкоўнік і адарваў аловак ад паперы, па якой старанна лінеіў нейкую складаную, з мноствам графаў табліцу.
— Вельмі проста,— адказаў лейтэнант,— Загінулі без карысці. Hi за панюх табакі.
— Во як! — сказаў палкоўнік і ўстаў, абцягваючы гімнасцёрку і крута выгінаючы зайздросна развітыя мускульныя грудзі,— Вы з якой, сказалі, дывізіі?
Іваноўскі назваў дывізію і полк.
— Гэта якой жа арміі? Гэта нават не нашага фронту. Так не пойдзе, пішыце аб’ясненне.
Нічога не зробіш, давялося ўзяцца за гэта «аб’ясненне». Ён пісаў яго двое сутак, хаваючыся ад прыдзірлівага генерала, які якраз прыехаў з перадавой і, як звычайна, пасля нядоўгай адсутнасці наводзіў у штабе парадак. Іваноўскі часова прытуліўся ў штабным АХО, з пісарам якога напярэдадні выпіў пляшку шнапсу, і той велікадушна падзяліў з «нічыйным» лейтэнантам свой ложак у паўразбуранай пустой хаціне. Праўда, у дадатак да пляшкі давялося адарыць гасціннага пісара трафейным люстраным компасам і назаўсёды расстацца з прыгожай запальнічкай-манахам. Але за два дні ён склаў падрабязную справаздачу памерам у два школьныя сшыткі ў клетачку.
Калі ён прынёс сваю працу, бялявы палкоўнік, відаць, быў не ў настроі. Размашыстым дакладным рухам, не зірнуўшы, ён перакінуў ягоныя сшыткі на суседні стол, за якім сядзеў над паперамі лысы брывасты маёр.
— Кавалёў, займіцеся. Што ён там сачыніў — мне чытаць няма часу.
Але Кавалёў таксама па нейкай прычыне не мог прачытаць гэта адразу, і лейтэнанту нічога больш не заставалася, як пайсці і чакаць у сваёй хаціне. Ён ужо ўскінуў да пілоткі руку, каб павярнуцца і выйсці, як дзверы ў хату шырока расчыніліся і на парозе, згінаючы галаву, паявіўся той самы, каго ён болей за іншых баяўся сустрэць. Камандзіры за сваімі сталамі ўскочылі, а Іваноўскі толькі павярнуўся ды так і застыў з паднесенай да пілоткі рукой.
Напэўна, яго нехуцавы, нязвыклы тут выгляд — у пісаравай ватоўцы, без знакаў адрознення на ёй і ў заношанай
суконнай пілотцы, калі ўсе камандзіры штаба хадзілі ў аўчынкавых шапках,— здаўся незвычайным і спыніў на сабе востры позірк генерала.
— Хто такі? — тонам, які не абяцаў нічога прыемнага, запытаўся ён, звяртаючыся да палкоўніка.
— Лейтэнант Іваноўскі, камандзір узвода такога-та палка, такой-та дывізіі,— з натужнай ліхасцю чужым голасам адрапартаваў лейтэнант.
— Якой, якой дывізіі?
Іваноўскі цвёрда паўтарыў нумар сваёй дывізіі.
— Што вы тут робіце?
— Ён з акружэння,— сказаў палкоўнік, стоячы перад генералам і ўсёй сваёй імпазантнай постаццю выказваючы належную павагу, але з адценнем нейкай фамільярнай вольнасці.
Іваноўскі ж акамянела застыў навыцяжку, упершыню ў жыцці размаўляючы з такім высокім начальствам.
— Акружэнец? Чаму тут?
— Я тут з поваду нямецкай базы боепрыпасаў, таварыш генерал.
— Новая справа! — сказаў генерал, стоячы напаўабарота да лейтэнанта. Погляд яго прыдзірлівых вачэй не сыходзіў з напружанай постаці Іваноўскага,— Што за база? Дзе? Адкуль вам пра яе вядома? Вы разабраліся, палкоўнік?
— Разбіраюся, таварыш генерал,— зусім інакшым тонам, чым размаўляў дагэтуль, сказаў палкоўнік.
Аднак гэты яго тон чалавека, які гаворыць не зусім тое, што было ў сапраўднасці, вымусіў лейтэнанта на новую ў адносінах да яго дзёрзкасць.
— Палкоўнік не хоча разбірацца, таварыш генерал,— выпаліў Іваноўскі. Генерал кінуў востры запытальны позірк у бок лейтэнанта, пасля — у бок палкоўніка. I лейтэнант, адчуўшы, што тут можа нешта раз і назаўсёды рашыцца, дадаў: — Артылерыйская армейская база за шэсцьдзесят кіламетраў адсюль. Некалькі эшалонаў боепрыпасаў, ахова невялікая, навокал драцяная загарадзь у адзін кол. Можна ўзарваць.
— Во як! Вы ўжо і разведалі? — сказаў генерал і павяр-
нуўся да яго ўсім тулавам у расшпіленым паўшубку, з-пад белых бартоў якога бліснула белая эмаль ордэнаў.
Голас яго ўжо адтайваў, лейтэнант з радасцю адзначыў гэта і тут жа рашыўся сказаць усё напрамую.
— Проста можна ўзарваць. Або спаліць. I наступаючыя на Маскву нямецкія войскі застануцца без боепрыпасаў.
Ён выпаліў гэта і зараз жа пашкадаваў аб сваёй паспешнасці, якая адразу і прыкметна прытушыла ўзнікшую да яго цікавасць начальніка штаба. Генерал штось буркнуў у каўнер паўшубка і сеў ля стала на лаўку. Астатнія асталіся стаяць на ранейшых месцах.
— Кажаш, проста? Пых — і нямецкія войскі без снарадаў? Так, ці што?
— He зусім так, таварыш генерал,— паспрабаваў выправіць свой промах Іваноўскі,— Мы ўжо спрабавалі, але...
— Ужо і спрабавалі? Паспелі? Ну і што ж?
— Дваіх страцілі. У тым ліку капітана Волаха.
— Вось так, лейтэнант... як цябе? Іваноўскі. 3 наскоку не возьмеш, з галавой трэба. Але ён маладзец,— сказаў генерал, звяртаючыся да палкоўніка,— Калі так, пашліце яго з групай. Дайце чалавек дзесяць. Займіцеся гэтым. I не марудзьце.
— Ён без праверкі, таварыш генерал,— ціха ўставіў палкоўнік.
Генерал незадаволена саўгануў бровамі.
— Ерунда! Яго ўжо праверылі. Немцы праверылі. А гэта будзе другой праверкай. Я скажу Клюзіну — трэба ж урэшце давяраць сваім людзям.— I, павярнуўшы галаву да нечакана ўзрадаванага лейтэнанта, сказаў падабрэлым голасам: — Рыхтуйце групу, лейтэнант. Во з ім. Паслязаўтра даложыце аб гатоўнасці. Ясна?
— Ёсць! — не сказаў, а па-дзіцячы, у захапленні выкрыкнуў Іваноўскі і, ліха казырнуўшы, зачыніў за сабой дзверы.
Назаўтра яму пашанцавала менш. Палкоўнік, да якога ён зноў прыйшоў раніцай, адправіў яго да нейкага маёра Каламійца, лейтэнант чакаў гэтага маёра паўдня, і, калі ўрэшце дачакаўся і перадаў загад палкоўніка, той амаль знішчыў яго першай жа фразай:
— А дзе я вазьму людзей? У мяне нікога няма. Застаўся адзін ездавы.
Адчуўшы, што зноў усё рушыцца, Іваноўскі не стаў больш нічога ні высвятляць, ні даказваць, а, поўны новай рашучасці, шпаркім крокам накіраваўся да высокага дома з прыгожымі аканіцамі. Вядома, яго туды не пусцілі, ён распачаў недарэчную спрэчку з няўмольным вартавым ля ганка і проста ўжо быў у роспачы, калі дзверы ў хату нечакана расчыніліся і на парозе з’явіўся сам генерал. Начальнік штаба не адразу пазнаў учарашняга лейтэнанта, і таму спатрэбілася зноў назваць сябе і дрыгнуўшым голасам паведаміць, што з арганізацыяй групы нічога не выходзіць.
Генерал гнеўна зыркнуў на яго вачыма, быццам у гэтай няўдачы быў вінаваты сам Іваноўскі.
— Як не выходзіць?
— Няма людзей, таварыш генерал. Палкоўнік паслаў...
— Зімянькова ка мне! — кінуў ён камусьці, хто стаяў у яго за спіной, і той хуценька шмыгнуў у сенцы, куды, ні слова больш не сказаўшы, вярнуўся і генерал.
Іваноўскі застаўся ля ганка адзін на адзін з вартавым, які з маўкліваю злосцю пазіраў на яго. «А ўсё ж не пройдзеш!» — было напісана на ягонай фізіяноміі. Але лейтэнант ужо і не рваўся ў гэтую прасторную хату. Ён пакорліва прачакаў хвілін дваццаць, пакуль на ганку зноў не з’явіўся старшы лейтэнант у паўшубку, з маўзерам цераз плячо.
— Ідзіце да капітана Зімянькова і атрымайце людзей. Заўтра ў трынаццаць ноль-ноль генерал чакае з дакладам аб гатоўнасці групы.
— Ёсць! — сказаў Іваноўскі.
Ён не запытаўся нават, хто гэты капітан Зімянькоў і дзе шукаць яго,— давялося пытацца пра тое ў канаводаў на вуліцы. I сапраўды, пад вечар у яго ўжо быў на руках спіс з васьмі байцоў і аднаго старшыны; дзесятым у гэтым спісе значыўся ён сам.