• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    I лейтэнант пачаў рыхтавацца.
    Апроч людзей, трэба было атрымаць боепрыпасы, бутэлькі КС, узрыўчатку, два метры бікфордава шнура. Чацвёра байцоў былі ў абтрэпаных шыняльках без ватовак, трэба было
    іх пераабмундзіраваць. Хтось доўга не хацеў выдаваць маскхалаты (на накладной не было подпісу старшага начальніка), за лыжамі ён ездзіў у тылавую, за пятнаццаць кіламетраў, вёску. Апошнюю ноч перад выхадам ледзьве прыдрамнуў пару гадзін, паеў толькі раз за дзень, выстаяў на трох інструктажах, але ў трынаццаць усё ж прывёў групу ў двор высокага, з прыгожымі аканіцамі дома. На гэты раз яго адразу ж прапусцілі ў пакой, і ён з трапяткім гонарам далажыў аб гатоўнасці выканаць баявы загад.
    Генерал скончыў тэлефонную размову і паклаў трубку. Як быў у футравым на гімнасцёрцы жылеце, моўчкі выйшаў у двор, дзе, пастроеныя па камандзе «смірна», чакалі дзевяць байцоў з Дзюбіным на чале. Генерал моўчкі абышоў гэты строй, агледзеў усіх, і на яго немаладым, у зморшчынах, з запалымі шчокамі твары ўпершыню за ўвесь час свайго прабывання ў штабе Іваноўскі не знайшоў і следу начальніцкай строгасці. Цяпер гэта быў проста зморшчаны твар абцяжаранага шматлікімі турботамі, зморанага, даўно не маладога ўжо чалавека.
    — Сынкі! — сказаў генерал, і штось у душы лейтэнанта жаласна ўздрыгнула.— Вы ведаеце, куды ідзяце? Ведаеце, што будзе цяжка? Але трэба. Бачыце: мяце,— паказаў ён у нізка аселае хмарнае неба, з якога падаў лёгкі сняжок,— Авіяцыя на прыколе. На вас уся надзея...
    Ён і яшчэ гаварыў, раячы, як трэба паводзіць сябе ў трудную хвіліну ў тыле ворага, дзе ўжо ніхто, апроч хіба таварыша, табе не паможа. Але ён мог бы і не рабіць гэтага — лейтэнант ужо меў некаторы вопыт баявых дзеянняў у нямецкім тыле, накоплены за час яго двухтыднёвых блуканняў па смаленскіх лясах. А вось яго зусім не начальніцкі, амаль што сяброўскі тон і яго ўвага да іх поўных невядомасці лёсаў кранулі лейтэнанта, які з гэтай хвіліны гатовы быў на ўсё, абы толькі выканаць баявую задачу. Нават смерць у гэты час не здавалася яму чымсьці жахлівым — ён гатовы быў рызыкаваць жыццём, калі гэта спатрэбіцца для Радзімы.
    Напэўна, так адчуваў сябе не адзін ён, а і астатнія ў гэтым кароценькім страі на двары, поўныя маўклівай увагі і рашучасці. I калі Іваноўскі, аддаўшы чэсць, павярнуў групу
    на выхад, у ягонай душы гучалі фанфары. Ён ведаў, што выканае ўсё, на што пасланы, іншага не павінна, а таму і не магло быць...
    6
    Як лейтэнант ні падганяў байцоў на апошніх кіламетрах шляху, усё ж світанак застаў іх у голым, беласнежным пасля начной мяцеліцы полі, непадалёк ад шашы.
    Карыстаючыся апошнім прыцемкам, Іваноўскі прайшоў яшчэ кіламетр. 3 усё большай рызыкай ён набліжаўся да ледзьве прыкметнай здаля ніткі дарогі, як раптам убачыў на ёй машыны. Лейтэнант ледзь не крыкнуў ад прыкрасці — не хапіла якіх пятнаццаці хвілін, каб праскочыць на той бок шашы! Для суцяшэння сябе ён спярша падумаў, што машыны неўзабаве пройдуць, і яны сапраўды хутка схаваліся ўдалечыні, але следам за імі паявіўся нейкі марудлівы конны абоз, у абгон яго з-за пагорка выскачылі дзве чорныя прыземістыя легкавушкі. Стала відавочна: пачынаўся дзень і большаў рух, перайсці шашу незаўважанымі з іх валакушай, мабыць, не было чаго і думаць.
    Тады Іваноўскі, не набліжаючыся да шашы, але і не аддаляючыся ад яе, крута ўзяў убок, на недалёкі пагорак з рэдзенькай грыўкай кустоўя. Сховішча там, мяркуючы па ўсім, было нікудышняе, але і чакаць у лагчыне паблізу ад шашы таксама не выпадала — хутка віднела, і кожную хвіліну іх маглі згледзець немцы.
    3 апошняе сілы лыжнікі ўскараскаліся на пагорак, ледзьве не вывалілі з валакушы параненага, і лейтэнант, перасільваючы звыклы боль у назе, зморана пасунуўся да недалёкага ўжо хмызняку. Аднак на паўшляху да яго перад Іваноўскім вырас са снегу нейкі даволі высокі вал, які роўна пераразаў пагорак і збягаў да шашы. Спярша лейтэнант здзівіўся, а пасля ўсё зразумеў і ўзрадавана замахаў рукою таварышам, якія ледзьве брылі за ім,— маўляў, давайце хутчэй.
    Гэта быў напаўзамецены снегам супрацьтанкавы роў, адно з тых шматкіламетровых палявых умацаванняў, якія з па-
    чатку вайны ва ўсіх кірунках парэзалі тутэйшыя землі. Цяпер роў трапіўся ім вельмі дарэчы на гэтым адкрытым пагорку, і лейтэнант наўскос ціха з’ехаў на яго шырокае, перамеценае снегавою хрыбцінай дно. Тут было зацішна і даволі глыбока, вецер з аднаго боку намёў прыгожы фігурны застрэшак, які ўтварыў некаторае сховішча зверху. Напэўна, нейкі нядоўгі час тут можна было адседзецца.
    Адзін за адным яны ўваліліся ў гэтае сховішча і тут жа пападалі на мяккія выгібы гурбаў. Ён таксама ўпаў — як упаяўся задам у шчыльна спрасаваны завеяй снег — і, горача дыхаючы, доўга невідушча глядзеў, як снегавым пылам курыцца на ветры грабеньчык застрэшка. Іваноўскі не ведаў, як яму быць далей, дзе і як перабрацца цераз злашчасную гэту шашу, не ўяўляў сабе, што рабіць з параненым. Ён толькі адчуваў, што з мінулай ночы ўсё пайшло не так, як ён на гэта разлічваў, усё выходзіла горш, а можа стацца, што скончыцца і зусім кепска. Але ён не мог дапусціць, каб пасля столькіх пакут і намаганняў усё скончылася няўдачай, ён адчуваў, што павінен да апошняй магчымасці супрацьстаяць абставінам так, як бы ён супрацьстаяў немцам. He падвялі б сілы, а рашучасці ў яго хопіць. Хвілін дваццаць яны ляжалі ў рове, не сказаўшы ніводнага слова, і ён не мог знайсці ў сабе сілы, каб загаварыць і назначыць назіральніка. Ён толькі ў думках паўтараў сабе, што зараз, зараз трэба кагосьці назваць. Хоць усе яны былі дарэшты знясілены, але адзін нехта павінен быў ахвяраваць адпачынкам і вылезці наверх, на вецер і сцюжу, каб не даць ворагу засцігнуць знянацку астатніх.
    — Трэба паназіраць,— нарэшце сонна вымавіў Іваноўскі і перачакаў нямое маўчанне лыжнікаў,— Суднік, вы.
    Суднік прываліўся спіной да снежнай сцяны, трымаючы на каленях набіты пілавіннем рэчмяшок са сваім далікатным грузам. Было падобна на тое, што ён спаў. Галава яго ў мокрым капюшоне была звешана долу, вочы прыкрыты.
    — Суднік! — зноў гукнуў лейтэнант.
    — Зараз, зараз...
    Яшчэ трохі счакаўшы, баец рыўком выпраміўся, сеў раў-
    ней. Пасля абапёрся на рукі, устаў і, рэзка хіснуўшыся, ледзьве не паваліўся зноў.
    — Ціха! Бутэлькі! — спалохаўся лейтэнант, і гэты спалох разам вывеў яго са стану неадчэпнай санлівасці.
    Пакінуўшы лыжы ўнізе, Суднік узлез на высокі крутаваты бруствер трошкі збоч ад байцоў і залёг за ім — белым пластам на свежым снезе.
    — Як там? Ідуць?
    — Ідуць. I канца не відно.
    Ну, вядома, яны будуць ісці, не чакаць жа ім, калі ён пярэйдзе на той бок шашы, каб знішчыць іх базу. У іх свае мэты і свае задачы, напэўна, супрацьлеглыя ягоным задачам, і ён падумаў: добра яшчэ, што паблізу няма іх стаянак, інакш бы ён нядоўга праседзеў у гэтым сховішчы.
    Напэўна, мінула каля гадзіны, і Іваноўскі прахапіўся ад сцюжы — разгарачанае цела пачаў прабіраць мароз. Усе, апроч Судніка на брустверы, нерухома ляжалі, бы нежывыя, і ён, падумаўшы, што так лёгка можна памерзнуць, крыкнуў:
    — He спаць! Ану, сесці ўсім!
    Сёй-той заварушыўся, Лукашоў сеў, мутным ад знямогі поглядам абвёў снежнае сховішча. Півавараў не крануўся нават са зручнага снегавога месца — ён спаў. I тады лейтэнант рашыў, што, мабыць, трэба ўсё ж даць некалькі хвілін паспаць, іначай іх проста не скранеш з месца. Можа, за трыццаць — сорак хвілін не замерзнуць. Праўда, у такім выпадку сам ён заснуць ужо не меў права.
    Немалым намаганнем, выкліканым блізкай, навіслай над імі небяспекай, Іваноўскі адагнаў ад сябе цягучую дрымоту і ўстаў. Яго даўно непакоіў Хакімаў, але толькі цяпер з’явілася магчымасць агледзець байца, і лейтэнант, хістаючыся, падышоў да параненага. Як ён і баяўся, байцу было кепска. Мабыць, усё яшчэ непрытомны, ён нерухома ляжаў на лыжах, туга загорнуты ў абсыпаную снегам палатку праз цесную адтуліну ў якой праглядваў яго белы, з сінім адценнем твар. Ад частага кароткага дыхання краі адтуліны густа заінелі, і дробныя сняжынкі, абсыпаючыся з іх, адразу ж раставалі на мокрых шчоках Хакімава — ён быў у гарачцы. Схіліўшыся над байцом, лейтэнант ціхенька паклікаў яго,
    але той ніяк не рэагаваў на ягоны голас, толькі часта, напружана дыхаў.
    Некалькі хвілін ён сядзеў над параненым і сумняваўся ў правільнасці свайго рашэння, якое асуджала Хакімава на гэты пакутны шлях. Можа, сапраўды лепш было пакінуць яго ў якім-небудзь стажку пачакаць, калі вернецца група. Але тады з параненым трэба было б пакінуць і яшчэ кагосьці, а на гэта лейтэнант згадзіцца не мог: і без таго з дзесяці чалавек іх засталося ўсяго пяцёра. I перад гэтымі пяццю ўсё ўскладнялася іх галоўная баявая задача, дзеля якой яны хоць і са спазненнем даклыпалі сюды. Цяпер трэба было перайсці шашу, але як гэта зрабіць на вачах у немцаў, лейтэнант проста не мог даўмецца.
    Думка аб гэтай шашы не выходзіла ў яго з галавы, і ён хутка ўстаў. Хакімаву ён нічым не мог памагчы, а пра задачу ён проста не мог не думаць. Ён уваткнуў у гурбіну лыжы і, хістка ступаючы ў снезе, палез на бруствер да Судніка.
    Тут было ветрана і халадней, чым у рове, затое адкрываўся шырокі кругагляд на поле з абодвума канцамі шашы, сярэдзіна якой хавалася за вяршыняй пагорка. Там жа знікаў і роў. Па той бок шашы, месцамі блізка падступаючы да дарогі, шырока разбегліся хмызнякі і пералескі, а трошкі ўбаку ад прырэчнай лагчыны цямнеў знаёмы хвойны лясок, які так вераломна сустрэў іх аднойчы.
    Лейтэнант выняў з запазухі карту, зарыентаваўся. База наўмысля не была пазначана на яго карце, але ён і без таго цвёрда памятаў яе месца на паўночным мыску невялікага надрэчнага лесу. Цяпер, знайшоўшы на карце гэты пагорак, лейтэнант убачыў, што базу і яго раздзяляла ўсяго якіх паўтара кіламетра, не больш. Зноў стала да болю крыўдна: так гэта было блізка — і так недаступна. Праз гэтую праклятую шашу ён мусіў марнаваць увесь дзень — цэлы дзень пакутаваць ад няпэўнасці і сцюжы.
    Разам з Суднікам Іваноўскі пачаў назіраць за шашой, на якой на працягу нядоўгага часу выпадалі невялікія перапынкі ў руху. Ішлі ў асноўным грузавыя — крытыя і з адкрытымі кузавамі машыны самых розных марак, відаць, сабраныя з усіх краін Еўропы. Большасць іх імчалася на ўсход, да