Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Лукашоў, пойдзеш замыкаючым. I каб ніякіх адставак. Паняў?
— Панятна,— цвёрда адказаў сяржант і саступіў з лыжні, каб прапусціць наперад астатніх.
— Тады марш! Яшчэ пару рыўкоў — і сініца ў шапцы.
Тады таксама сініца ледзьве не апынулася ў шапцы.
Яшчэ не сцямнела, як на мокрую зямлю пачаў падаць мокры сняжок. Было ціха. Спярша ён ішоў рэдзенькі, пухнаты — прыгожыя сняжынкі раздумна кружыліся ў паветры, плаўна асядаючы долу. Пасля снег пагусцеў і на змярканні паваліў так густа, што за пяць крокаў нічога не было відаць. Разведчыкі цярпліва сядзелі ў кустоўі і чакалі. За некалькі гадзін усе дужа азяблі. Параненага Фіха накрылі мокрай
палаткай, і ён ціха пад ёй стагнаў. Калі крышку сцямнела, Волах і сяржант Балаенка пайшлі паназіраць за складам: з кустоў ужо нямнога было відаць.
Праз якую чвэрць гадзіны ўзрушаны Балаенка вярнуўся і перадаў загад капітана: Фіха з Рукавіцыным пакінуць на месцы, а астатнім бегчы на ўзлесак. Яны ўскочылі і хутка прыбеглі да свайго камандзіра. Да склада адсюль было зусім блізка, але снегапад і вечаровае сутонне не давалі нічога згледзець. Ажыўлены капітан рашуча аб’явіў, што дзейнічаць пачнуць зараз жа, не чакаючы ночы, бо пільнасць нямецкіх вартавых яшчэ аслаблена няўлёглай мітуснёй разгрузкі. Ніхто не запярэчыў капітану, разведчыкі заўжды слухаліся першага яго слова і ўсё выконвалі моўчкі і дакладна. Іваноўскаму ж у гэтай дыверсіі ўсё было новае і незвычайнае, ва ўсім ён спадзяваўся на Волаха і стараўся як мага дакладней выконваць яго загады.
— Якраз дарэчы сняжок,— сказаў лейтэнант, апускаючыся ля камандзіра.
Той павярнуў незадаволены, заклапочаны твар.
— He дужа дарэчы. Нас не відно, але і мы ні д’ябла не бачым. А база вялікая.
Цяжка было ўгадаць, як лепш, аднак снег не пераставаў, і капітан рашыў пачынаць. Чацвярых з трафейным МГ пад камандай Іваноўскага ён пакінуў на ўзлеску з задачай прыкрыць на выпадак адходу, а сам з двума разведчыкамі, забраўшы ўсе гранаты, накіраваўся да базы. He было ніякага развітання, проста Іваноўскі правёў іх даўгаватым позіркам, счакаўшы, пакуль усе трое адзін за адным не зніклі ў густых, белых ад снегу прыцемках. Ціхенька зарадзіўшы кулямёт, лейтэнант пачаў чакаць на ўзлеску.
Нейкі час наперадзе было цёмна і ціха, марудна цягнуліся хвіліны самотнага, напружанага чакання. У думках Іваноўскі ішоў за капітанам, уяўляючы сабе, як той пераадолеў адкрыты ўчастак поля, набліжаўся да ўзлеску. Пасля ён павінен, напэўна, спыніцца, каб агледзецца. Але што гэта?..
3 ветранай снегавой цемры раптам даляцеў нейкі дзіўны спалоханы крык, за ім следам наступны, і перш чым Іваноўскі паспеў што падумаць, бахнуў блізкі вінтовачны стрэл.
Тут жа над вяршынямі сосен пырхнула ракета, яна не шмат асвяціла на белым, затканым завеяй прасцягу, але Іваноўскі сцяміў: задума капітана сарвалася.
Напэўна, трэба было прыкрываць адыход, можа, пераняць агонь на сябе, але ён не ведаў, дзе капітан і чаму той ніводным стрэлам не адказаў на агонь вартавых. Аднак калі ад дарогі ўздоўж па ўзлеску секанулі трасіруючыя кулямётныя трасы, ён не стрываў і ўдарыў з МГ насустрач,— наўздагад у тое месца ў цемры, дзе яны ўзнікалі. Ён з нецярпеннем чакаў паяўлення Волаха і выпусціў толькі адну чаргу па нямецкім кулямётчыку. Наўрад ці ягэ чарга дасягнула мэты, але ў іх малавата было патронаў, усяго адна стужка, трэба было эканоміць. Увесь час лейтэнанту здавалася, што восьвось тры знаёмыя постаці выскачаць з цемры, і тады ўсе яны кінуцца прэч ад гэтай праклятай базы. Але мінаў час, a з цемры ніхто не выскокваў, і лейтэнант змушаны быў чакаць. Побач у снезе ляжаў яго баец Таўкачоў. Гукнуўшы да яго, Іваноўскі махнуў у бок базы, і той ускочыў і паслухмяна пабег у поле.
Ракеты над сасонпікам гарэлі не перастаючы, флангавыя трасы несліся кудысь у адно пэўнае месца — мабыць, нямецкі кулямётчык ведаў, куды цаляў. Іваноўскі з калена выпусціў другую чаргу наўздагад, і тады ўвесь гэты недалёкі ўзлесак сасонніку загрукатаў стрэламі,— мабыць, ахова заняла абарону і на поўным сур’ёзе адбівала напад. У такім выпадку трэба было хутка змывацца. Але капітана ўсё не было, і нядобрае прадчуванне сцяла Іваноўскаму горла.
Ён не адразу заўважыў, як нехта з’явіўся ў полі, у дрыготкім святле ракет праз завею наперадзе мільгануў хісткі цень. У той час як другі цень упаў, гэты імгненна вырас да гіганцкіх, на ўсё поле, памераў; абмінаючы яго, з двух бакоў на ўзлесак ляцелі кулямётныя трасы. У некалькі скачкоў цень дасяг іхняга ўзлеску, і праз грукат страляніны Іваноўскі пачуў:
— Капітана забіла!
— Стой! — крыкнуў ён і ўскочыў,— Стой!
Гэта быў баец Фартучны, увогуле неблагі разведчык, каго, можа, болей за іншых любіў капітан Волах, але цяпер, axon-
лены незразумелым спалохам, ён апантана ўцякаў з-пад агню. Прынесеная ім страшная вестка, аднак, не дужа ўразіла лейтэнанта, той ужо адчуў, што сталася кепскае. Але што загінуў сам капітан Волах, гэтага ён не мог сабе ўявіць.
— Стой! Назад!
Ён падхапіў кулямёт з цяжкой, абвіслай да самага снегу стужкай і кінуўся ў поле. Выламваючы ногі на прысыпанай снегам раллі, хвіліну бег у той бок, адкуль паявіўся Фартучны. He азіраючыся, ён ведаў, што Фартучны вернецца і пабяжыць за ім — інакш не магло быць. Ракеты свяцілі няспынна, Іваноўскі ўжо не хаваўся ад іх святла і з ходу запусціў чаргой па сасонніку, каб прымусіць немцаў пасцерагчыся, залегчы. У гэты час Фартучны ўвішна абагнаў яго і знік за снегавой завесай наперадзе.
Іваноўскі падаўся было за байцом, як у ракетным святле над полем убачыў некалькі постацяў, якія беглі ад дарогі ўздоўж драцяной агароджы базы. Спалохаўшыся, што яны перахопяць Фартучнага, ён таропка выпусціў па іх апошнюю сваю чаргу, і калі апусцелы канец металічнай стужкі выскачыў у снег, кінуў непатрэбны цяпер яму кулямёт і выхапіў з кабуры ТТ. Але ён ужо ўбачыў сваіх — двое разведчыкаў, прыгнуўшыся, за рукі і ногі валаклі камандзіра.
— Жывы? — запытаўся ён, падбегшы да іх.
— Дзе там! Забіты! — крыкнуў Фартучны,— Пракляты вартавы! Трэба ж...
Адстрэльваючыся, яны змянілі напрамак, доўга беглі ў кустоўі і толькі, калі адышліся кіламетры на два, у нейкім ляску перавялі дыханне. Капітан быў забіты ва ўпор, несці яго далей не мела сэнсу, да таго ж недзе паблізу трашчалі матацыклы — здаецца, немцы паслалі пагоню. Спяшаючыся, яны як-колечы разрыхлілі мокрую, з лісцем, зямлю, выграблі неглыбокую ямку і прысыпалі ў ёй камандзіра. Прапаў таксама і адзін з разведчыкаў, што пайшоў з Волахам, было невядома, ці ён забіты, ці, можа, адбіўся куды ў другі бок. Але чакаць яны не маглі, з кожнай хвілінай паблізу маглі паявіцца немцы, уцячы ад якіх з параненым Фіхам было б нялёгка.
Праклінаючы тую халерную базу і сваю няўдачу, Іваноўскі
павёў маленькую групу на поўнач — далей ад сасонніку, над якім усё смылелі ўначы ракеты, і водсветы ад іх доўга суправаджалі байцоў. На душы ў лейтэнанта было пагана, то яго ўзвінчвала злосць, то апаноўвала роспач. Увесь час хацелася лаяцца. Але ён не асуджаў капітана — напэўна, сам на яго месцы зрабіў бы таксама. Было крыўдна да слёз, што недарэчны сляпы выпадак так здорава дапамог немцам. He наткнуўся б Волах на вартавога — напэўна, усё было б добра, яны б узарвалі базу і тады не спатрэбілася б і гэтая іх вылазка з яе непазбежнымі ахвярамі.
Значыць, трэба асцярожней. Трэба ў сто разоў асцярожней, прадбачлівей, тым больш яму, Іваноўскаму, які цяпер быў адказны не толькі перад самім сабой...
4
Мінуўшы лес, лейтэнант вывеў групу на раўнінны прырэчны прасцяг, і лыжнікі доўга зморана ішлі па прамой. Тут ужо не было ні пад’ёмаў, ні спускаў, лыжня ішла роўна па глыбокім снезе, Іваноўскі ўвесь час з прыкметным высілкам налягаў на палкі. Лыжы ў пульхным снезе правальваліся глыбей, чым трэба было для хуткай хады, і амаль не слізгалі. Увесь час пракладваючы лыжню, камандзір браў на сябе найбольшую ў гэтым шляху нагрузку і недзе каля поўначы адчуў, што стаў выдыхацца. На ім ужо ўсё было мокрае, бялізна не высыхала ад поту, гарачае дыханне распірала грудзі, пачала дапякаць смага. Але ён не хацеў есці снег, ведаў: вада абернецца лішнім потам, а гэта толькі зменшыць вынослівасць і не надасць сілы, якой яму спатрэбіцца яшчэ многа.
Хутка бег час, а Дзюбін не даганяў групу, і лейтэнант усё ламаў галаву: што з ім здарылася? Але, мабыць, трэба перастаць пра яго і думаць — калі не дагнаў раней, дык цяпер не дагоніць: яны адмахалі палавіну шляху, калі не больш. У лейтэнанта кожны раз сціскалася сэрца ад думкі, што іх усё менела. Яшчэ не дайшлі да месца, а ўжо чацвярых не стала. Але ён не мог, проста не меў права траціць дарагі час на пошукі або чаканне.
Іваноўскі знарок як мага радзей пазіраў на гадзіннік, ён
пачаў ужо баяцца няспыннае хады часу і ўсе свае сілы ўкладваў у бег, стараючыся не надта думаць пра іншае. Напэўна, па гэтай прычыне ён не адразу заўважыў, што значна паболыпаў вецер, у доле закруціла завея, здаецца, пачаў ісці снег. Некалькі моцных парываў ветру так секанулі снежнай крупой па твары, што лейтэнант задыхнуўся. Вакол стала глуха і цёмна. I без таго вузкі начны прасцяг яшчэ павузеў, амаль знік у шэрым непагодным змроку. Начных плямаў навокал значна ўбавілася. А вецер і яшчэ ўдарыў снегам у твар,— здаецца-такі, пачалася завея. «Не ў час»,— трывожна падумаў лейтэнант, мацней налягаючы на палкі. Лыжы яго ўжо зусім танулі ў снезе, выстаўляючы на паверхню толькі самыя кончыкі наскоў. Стараючыся вытрымаць напрамак, Іваноўскі цяпер амаль не пазіраў пад ногі, трэба было як мага далей бачыць у цемры, у гэтым быў галоўны яго абавязак. Іншыя пазіралі ў бакі, замыкаючы Лукашоў адказваў за бяспеку з тылу. Ведама, у гэтай цемры лёгка было налезці на немцаў, але болей за нечаканую сустрэчу з імі ён баяўся спазніцца. У завею ці ў добрае надвор’е, а да ранку яны павінны дабрацца да месца.
Але, мабыць, рака зноў павярнула ўбок, наперадзе зацьмела штосьці вялікае, няроўным бугром праступіла ў цемры. Завея ваўсю гуляла над полем, і праз яе немагчыма было ўбачыць, што гэта такое. Тым не менш гэта грувасткае было якраз на шляху групы, Іваноўскі зразумеў гэта адразу і прыпыніў крок. Ён цяпер часцей, чым дагэтуль, прыкладваўся да компаса, вывяраючы маршрут. Ззаду не адставаў Суднік, блізка трымаліся і астатнія.