Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Так прадаўжалася нямала часу, але хвойнік па-ранейшаму заставаўся пусты і непатрэбны, і лейтэнант нарэшце вымушаны быў схамянуцца: усё ж яго чакалі байцы. Перш за ўсё — Півавараў. Іваноўскі азірнуўся — баец цярпліва сядзеў за ровам, там, дзе ён і пакінуў яго, і лейтэнант махнуў рукой — давай, маўляў, сюды.
Пакуль Півавараў ішоў па ягоным следзе да хвойніку, Іваноўскі адшпіліў рамяні лыж і сышоў на снег. Напэўна, тут можна было не баяцца, у пустым сасонніку не было нікога. Ён зморана прысеў на невысокі, абсыпаны снегам пянёк, выцягнуў убок нагу. Трэба было рашыць, што рабіць далей. А галоўнае — сцяміць, як гэтую няўдачу растлумачыць байцам. Ён не мог пазбавіцца ад прыкрага адчування
нейкай сваёй віны, нібыта ён выдумаў усю гэтую гісторыю з базай і кагось ашукаў. Хоць, калі разабрацца, дык болей за іншых ашуканы быў ён сам.
Хаця, разважыўшы, рабілася ясна, што тут не было ашуканства, а была вайна з яе тысячамі хітрасцяў, тонкасцяў, выпадковасцяў, з усёй рознанакіраванасцю яе фактараў.
Півавараў ціха падышоў па яго лыжні і моўчкі спыніўся насупраць. Баец няўцямна азіраў хвойнік, зрэдку кідаў на лейтэнанта недаўменныя позіркі. Нарэшце ён здагадаўся аб нечым.
— А што... Хіба тут была?
— Вот іменна — была.
— Халеры! Вывезлі, ці што?
— Вывезлі, канечне! — Іваноўскі ўскочыў са свайго пянька,— Пакінулі нас у дурнях!
На здзіўленне лейтэнанта, Півавараў вельмі стрымана адрэагаваў на яго запальчывыя, поўныя гневу словы.
— Відаць, спазніліся.
— Ну. Больш за два тыдні мінула. Было калі.
— А цяпер як жа? Прыйдзецца шукаць.
— Што шукаць?
— Ну, базу. Загад жа...
Вядома, базы не было, але загад знішчыць яе заставаўся. Ці даўно лейтэнант сам дабіваўся ў штабе гэтага загаду, які нарэшце і атрымаў на сваю галаву. «Што ж, цяпер давай выконвай загад, лейтэнант Іваноўскі, шукай сваю базу»,— злосна падумаў пра сябе лейтэнант. Аднак тон, з якім Півавараў упамянуў пра загад, усё ж спадабаўся лейтэнанту, і ў душы ён нават узрадаваўся. У выпадку чаго, напэўна, байцам доўга тлумачыць не прыйдзецца — калі гэта зразумеў Півавараў, дык, пэўна, зразумеюць і астатнія.
Бяда, якая спярша так прыдушыла лейтэнанта, памалу пачала меншаць, хоць, вядома, ён не мог не разумець, што клопату і яшчэ прыбавілася. Відаць па ўсім, базу перамясцілі на ўсход, бліжэй да лініі фронту — там яе і трэба будзе шукаць. Калі ісці ўздоўж шашы, аглядаючы кожны лясок,— магчыма, і ўдасца на яе наткнуцца. Але тут ён успомніў пра тых, за дарогай, пра небараку Хакімава і падумаў, што, пэўна, шукаць яе не прыйдзецца. Напэўна, гэта запатрабуе вялікага
часу, болей прыпасаў, чым тыя, што мелі яны. Зноў жа, ці доўга пройдзеш з Хакімавым? Ды і ці лёгка адшукаць у гушчары лясоў старанна замаскіраваны аб’ект, які цяпер стаў для іх іголкаю ў стозе сена? Зрэшты, зусім можа быць, што базы і наогул ужо няма — развезлі па частках і расстралялі ў баях усё, да апошняй міны.
Тады што ж — вяртацца з цэлай узрыўчаткай, з поўным запасам гранат? Зноў цягнуць на сабе чортавы бутэлькі з КС і дрыжэць, каб які-небудзь фрыц, запусціўшы па дурноце чаргу, не пацэліў у іх куляй? I гэта, страціўшы палову групы! 3 цяжкапараненым у валакушы. I, нарэшце, у агідным становішчы поўнага няўдачніка з’явіцца перад генералам? Што генерал скажа яму?
Да-а...
Іваноўскі чарпануў жменю снегу, пажаваў і плюнуў. Як заўжды, пасля бяссоннае ночы ў роце доўга трымаўся агідны металічны прысмак. Чамусьці трохі хіліла на ваніты. I нават быццам бралі дрыжыкі. Хоць дрыжыкі, магчыма, бралі ад стомы і страты крыві.
— У цябе бінт ёсць? — запытаўся лейтэнант у Піваварава.
Той зняў рукавіцу і пачаў мацаць кішэні, а лейтэнант падняўся з пянька.
— Давай памажы во,— сказаў ён, расшпільваючы штаны. Ён падумаў, што цяпер ужо няма ніякага сэнсу ўтойваць недарэчнае сваё раненне.
— Што, параніла?
— Ды зачапіла ноччу. Во чорт, усё сочыцца...
He дзіва, што Півавараў спалохаўся — белыя споднікі лейтэнанта і яго ватныя штаны былі густа запэцканы падсохлай ужо крывёй. Са знешняга боку сцягна з невялікай ранкі хутка споўз да калена цёмна-буры струменьчык крыві.
— Давай. Абматай. Ды мацней каб.
— Доктара трэба.
— Які там доктар. Вось ты і будзеш доктарам.
Было відаць, што Півавараў устрывожыўся раненнем камандзіра больш, чым знікненнем базы. Прысеўшы побач, баец не надта ўмела абкруціў бінтамі сцягно і туга звязаў канцы сабачым вузлом.
— He спаўзла каб.
— Ладна. Пакуль патрымаецца.
Скрываўлены бінт Іваноўскі кінуў на снег, падцягнуў штаны, завязаў матуз запэцканых маскіровачных шаравараў. Півавараў прывязаў лыжы. Мяркуючы па ягоным спакойным выглядзе, няўдача з базай ніяк не адбілася на яго роўным настроі, і лейтэнант у душы пазайздросціў ягонай вытрымцы. Зрэшты, ён проста баец, а байцу што — з байца шмат не возьмеш.
— Што вось цяпер хлопцам сказаць? — заклапочана сказаў камандзір, адчуўшы жаданне параіцца, каб хоць крыху развеяць сваю маркоту.
— А так і сказаць. Што ж такога,— проста адказаў Півавараў.
— Што немцы нас ашукалі?
— Ну а што! Ашукалі, дык ашукалі!..
— Відаць, твая праўда,— падумаўшы, рашыў лейтэнант— Трэба так і зрабіць. Толькі куды вось далей?
— А вы на карту паглядзіце,— прастадушна параіў баец.
— Якую карту?
Святая прастата, Півавараў, мабыць, думаў, што на ваеннай карце ўсё абазначана. Таксама, бывала, вясковыя цёткі, убачыўшы, як камандзір разгортвае карту, здзіўляліся, калі ён пытаўся, як называецца гэтая вёска або колькі кіламетраў да горада. Так і гэты яго Півавараў.
Зрэшты, лейтэнант нерваваўся і, здаецца, пачынаў злавацца — балела патрывожаная рана, і надта прыкра было на душы — ён усё яшчэ не меў пэўнага ўяўлення, што рабіць далей. Невідушчым поглядам ён хвіліну азіраў пакатае, з далёкім кустоўем поле, пакуль думка пра пакінутых за дарогай байцоў не змусіла яго дзейнічаць. Тады ён адштурхнуўся палкамі і хутка пайшоў па ранейшым сваім следзе ўніз.
8
Пакуль прабіраліся па знаёмым шляху ў кустоўі, Іваноўскі, трохі ўжо прызвычаіўшыся да сваёй няўдачы, спрабаваў разабрацца ў пачуццях і рашыць, як быць далей. Ве-
дама, знікненне базы рабіла непатрэбнай усю ягоную вылазку, і было крыўдна да слёз за дарэмныя намаганні. Вельмі шкода было забітых, паміраючага Хакімава, але цяпер яго ўсё болей пачало дапякаць пытанне: як гэтую няўдачу растлумачыць у штабе? Надта ўжо ўрэзаліся ў памяць лейтэнанта іх зусім не ваенныя праводзіны, сардэчная генералава прамова ў двары дома з прыгожымі аканіцамі... «Сынкі!..» Вось табе і сынкі! Нікудыкі, маруды і разгільдзяі. Пакуль збіраліся, пакуль блудзілі ўначы, пакуль спалі ў рове, база бясследна прапала.
Агіднае становішча, болей нічога не скажаш, думаў Іваноўскі і ўвесь час моршчыўся, як ад зубнога болю. Ён ужо не ўхіляўся ад калючага голля хмызняку — ішоў наўпрост, ледзь толькі прыгнуўшыся, і думаў, што лепш бы генерал вылаяў яго ў самым пачатку ды адправіў на праверку ў Дольцава, чым слухаць той яго злашчасны даклад пра базу. А ўжо калі было прынята такое рашэнне, дык хай бы лепш начштаба строга загадаў яму адносна гэтае базы або нават прыгразіў трыбуналам на выпадак невыканання загаду, чым так вось: «Сынкі, на вас уся надзея!» Што яму рабіць цяпер з гэтай генеральскай надзеяй? Куды ён з ёй? Гэтая бязрадасная думка варушыла, трывожыла яго свядомасць, не давала прымірыцца з няўдачай і вымушала на нейкае дзеянне. Але што можна было зрабіць?
Перайсці шашу зноў аказалася няпроста: яшчэ зводдаль стаў бачны суцэльны паток войска. Ішла, напэўна, нейкая пяхотная часць — калоны варожых салдатаў, брычкі, фурманкі, зрэдку трапляліся конныя; у другім радзе раўлі машыны і цягачы з гарматамі на прычэпе. Густы гэты паток няспынна імкнуў на ўсход, да Масквы, і ў лейтэнанта ў нядобрым прадчуванні сціснула сэрца — зноў! Зноў, відаць, наступаюць, магчыма, прарвалі фронт. Бедная сталіца, як будзе ёй выстаяць супраць такой сілы? Але, пэўна, знойдзецца і ў яе сіла, прынамсі, павінна знайсціся. Іначай навошта тады столькі крыві, столькі заўчасна аддадзеных за яе жыццяў, столькі людскіх пакут і намаганняў — ёсць жа ў гэтым сэнс. Павінен быць.
Вось толькі ў яго сэнсу атрымалася дужа нямнога — хоць
за гэтую ноч яны адмахалі шэсцьдзесят кіламетраў, але база ад таго не стала бліжэй, чым учора. Можа, яшчэ і далей, бо ўчора ў яго была поўная сілы група, нерастрачаная рашучасць, а што засталося сёння? Нават у яго самога, што ні кажы, а паменела сілы, а галоўнае — разам з базай знікла ранейшая яснасць мэты: ён проста не ведаў цяпер, што рабіць і куды падацца.
Зрэшты, спярша трэба было дайсці да сваіх байцоў.
I яны з Піваваравым, падхапіўшы ў рукі лыжы, зноў сунуліся ўсё ў той жа супрацьтанкавы роў. Ісці далей да шашы было небяспечна, яны затаіліся за чарговым земляным паваротам, зрэдку выглядваючы з-за яго на адкрыты ўчастак дарогі. Часта выглядваць не было сэнсу — калона войска цягнулася там без канца і пачатку,— перайсці ў такі час не было чаго і думаць. Значыць, зноў трэба было чакаць. I лейтэнант пачаў пакорна бавіць на сцюжы свой час, у поўным бяздзеянні, за паўкіламетра ад немцаў. Цяпер, аднак, нядаўняга нецярпення ўжо не было, ён гатовы быў сядзець тут да ночы, усё роўна ўдзень тут не было куды сунуцца. Да таго ж ён яшчэ не прыняў ніякага рашэння і не ведаў, куды накіравацца далей — шукаць базу або, можа, вярнуцца да сваіх за лінію фронту. 3 Піваваравым ён амаль не размаўляў — размова перашкодзіла б слухаць, а слых цяпер быў для іх адзіным сродкам бяспекі ў гэтым бясконцым снегавым супрацьтанкавым рове. Іваноўскі час ад часу даставаў з кішэні танкавы свой гадзіннік, які толькі і ведаў, што сведчыць, як хутка і няспынна ідзе час. Набліжалася халодная зімовая ноч. Нягледзячы на сцюжу, вельмі хацелася спаць. Напэўна, толькі цяпер Іваноўскі адчуў, як прытаміўся за гэты начны пераход. Вялікае напружанне апошпіх пекалькіх дзён цяпер паступова спадала, нервы расслабляліся, непрыкметна для сябе ён нават заснуў, прыхінуўшыся спіной да марознага снегавога адхону. I раптам прахапіўся ад ціхага голасу Піваварава:
— ...а, таварыш лейтэнант! Праходзяць, здаецца.
— Што? Праходзяць?
Неяк прымасціўшыся на адхоне, баец назіраў за дарогай, голас яго прагучаў з надзеяй, і лейтэнант таксама ўзлез на