• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Коні для Міцяева не былі ў навіну, напэўна, за свой век ён перавадзіў іх нямала і таму ахвотна давяраў сваю Мілку ўвішнаму сыну ветэрынара. Ігар карміў яе, чысціў, мыў і выгульваў, у той час як Міцяеў вучыў ды пахвальваў, a то і проста адпачываў, смокчучы сваю цыгарку ў курылцы. Здаралася, што ён нават заступаўся за свайго памочніка перад ягоным бацькам, калі той ушчуваў сына за доўгую адсутнасць дома, што, вядома, не магло не адбівацца на ўроках. Адносіны ў яго з Міцяевым увогуле склаліся такія, што лепшых не пажадаеш, і стары Іваноўскі не раз казаў, што гэты сібірак, напэўна, заменіць хлопцу і бацьку. Ігар не пярэчыў, ён лічыў, што Міцяеў і на самай справе лепшы за бацьку, які не жыў з маці, любіў часцяком выпіць і зусім не песціў увагай свайго самапаса-сына.
    Аднойчы звычайныя турботы з коньмі былі парушаны невялікай падзеяй — на возера прывезлі лодку. Прывёз яе на параконнай фурманцы старшына Белуш, які тут жа апрабаваў яе на вадзе і аб’явіў, што лодка належыць самому каменданту — капітану Зарубіну і што ніхто не павінен дакрануцца да яе пальцам. Каб гарантаваць гэтую яе недатыкальнасць, Белуш прыладзіў ланцуг і прымкнуў лодку да стаяка
    конавязі. Лодка амаль усё лета праляжала на прывязі, Зарубін ёю не карыстаўся, і местачковыя хлапчукі згаралі ад такога зразумелага жадання паплаваць на ёй па возеры.
    Неяк раз надвячоркам, калі коні былі ўжо выкупаны і стаялі на прывязі, а днявальныя пайшлі ў камендатуру вячэраць, Ігар узяў сваю вуду і пайшоў на пратоку лавіць акунёў. Клявала, аднак, кепска, і ён ужо сабраўся перайсці на іншае месца, як з алешніку вылезлі Колька Бароўскі і Яша Фінкель, школьныя яго сябры. Пасля нядоўгай размовы яны далі зразумець, што ёсць магчымасць «стырыць» камендантаву лодку і сплаваць на ёй да другога берага, дзе сінеў вялікі хваёвы лес і дзе ніхто з іх яшчэ не быў. Ігару гэта задумка здалася надта зваблівай: каго з местачковых хлопцаў не захапляў той бераг, дабрацца да якога было дужа цяжка — перад ім ляжала топкае, з праваллем балота ў вусці пратокі, у якой, казалі, жыве вадзянік. Было звабліва завалодаць лодкай, але на конавязі заставаўся дзяжурным Міцяеў, які адказваў за гэтую лодку перад самім капітанам Зарубіным. Праўда, гэтую прычыну тут жа адвёў Колька, сказаўшы, што Міцяеў мірна спіць пад кустом на папоне, а што датычыць замка, дык ён тут жа паказаў Ігару вялікі ключ ад бацькавага хлява з дрывамі, які замыкаўся такім жа замком, як і лодка Зарубіна. Ігару нічога болей не заставалася, як узяць гэты ключ і спакойна адамкнуць замок лодкі.
    Вёслаў у іх, аднак, не было, яны знайшлі доўгую яловую жэрдку і звалаклі лодку на водмель. Спярша адпіхваліся жардзінай, пасля пачалі грэбці рукамі, лодка выплыла на сярэдзіну, і тут аказалася, што яна дужа рассохлася на беразе і праз яе барты ручаямі ліецца вада. Выліваць ваду не было чым, яны спрабавалі выплёскваць яе рукамі, але лодка ўсё больш асядала кармой у ваду, і неўзабаве хлопцам давялося спешна пакінуць судна. Насёрбаўшыся цёплай вады, яны неяк дабраліся да берага. Лодка ж спакойна сабе затанула.
    Міцяеў ля конавязі спаў так моцна, што нічога не ўчуў, а хлопцы высушыліся на пагорачку і да вечара ўжо былі дома. Назаўтра, ведама, пачаліся пошукі прапажы, аказалася, што хтось бачыў паблізу ад купальні местачковага рас-
    пусніка Цёмкіна, на якога тут жа і склалі пратакол. Спрабавалі дапрасіць таксама і Ігара, які з раніцы быў ля коней, але дзяжурны Міцяеў не мог нават уявіць свайго памагатага ў ролі злодзея і паручыўся ў яго невіноўнасці. I калі праз дзень Ігар усё ж прызнаўся Міцяеву ў сваёй віне, той спярша не паверыў. Давялося паказаць месца на возеры, дзе неглыбока на ілістым дне затанула лодка, якую хутка паднялі і прыцягнулі на бераг. Убачыўшы яе, Міцяеў толькі плюнуў у пясок і адышоўся ўбок, нават не зірнуўшы на свайго памочніка. Іх двухгадовае сяброўства на тым і скончылася. Да самай дэмабілізацыі Міцяеў не сказаў хлопцу ніводнага слова, быццам не заўважаў яго, не адказваў на яго прывітанне, пры сустрэчы праходзіў міма, нават не пазіраючы ў яго бок. Ігар не крыўдаваў, ён ведаў: гэтая пагарда была ім заслужана.
    На іхнім шляху неўзабаве аказаўся рэдзенькі малады хвойнік — пасадка, яны хутка прайшлі яго між роўных радоў падросту, і раптам абодва спыніліся. На самым узлеску, пэўна, была дарога, па якой цяпер некуды ўбок марудна, віхляючы на выбоінах, паўзлі ў цемры машыны. Спачатку Іваноўскаму здалося, што ён зблытаў напрамак і выйшаў да той самай шашы. Але хутка ён зразумеў, што гэта зусім не шаша, а, напэўна, якая паваротка з яе ўбок. Але чаму на гэтай паваротцы машыны?
    Стаіўшыся, ён нядоўга пастаяў на ўзлеску. Машыны паўзлі зусім блізка, пярэдняя ішла з уключанымі фарамі, віхляючы па калдобінах крытым высокім кузавам. Тры іншыя машыны, што ішлі следам, былі таксама высокія і крытыя,— што яны везлі, немагчыма было зразумець. Але той факт, што машыны з’язджалі ўбок з галоўнай магістралі, наводзіў лейтэнанта на некаторыя прыемныя думкі. Болей не пад’язджаючы да гэтай дарогі, ён павярнуў на ўзлеску ўслед за машынамі.
    Цяпер ён ішоў вельмі марудна, часта спыняўся і слухаў. Далёкі нутраны гул дызеляў нейкі час яшчэ быў чуваць, пасля, заглушаны павевам ветру, неяк адразу сціх. Іваноўскі паправіў на сабе дзягу з цяжкой гранатай, азірнуўся на
    Піваварава. Той быў побач; прыціхлы ў прадчуванні небяспекі, ён ледзьве спраўляўся са сваім дыханнем.
    — Ану, паглядзім, што там. Ты адстань трошкі...
    Півавараў кіўнуў, таўхануў локцем вінтоўку, рэмень ад якой наўкось перарэзаў яго белыя ў маскхалаце, вузкія грудзі. Ведама, трохі слабаваты аказаўся яго памочнік, але тут і дужы напэўна не вытрываў бы. Зашорхаўшы па снезе лыжамі, Іваноўскі пайшоў па ўзлеску.
    Хвойнічак хутка скончыўся, наперадзе быў ручай або рэчка з кустоўем па берагах, Іваноўскі з прыкметнай натугай зморанага чалавека перабраўся цераз яе і яшчэ прайшоў полем. Нечакана для сябе ён убачыў дарогу — дзве глыбока прарэзаныя ў снезе аўтамабільныя каляіны. Каб не пераходзіць яе і не згубіць у цемры, ён вярнуўся назад і на некаторай адлегласці пайшоў полем.
    Вёска паявілася нечакана хутка — без адзінага іуку, без бляску святла, з шэрага паўзмроку перад ім раптам вынікла страха хлеўчука, за ёю другая, і лейтэнант тут жа ў думках вылаяў сябе за неасцярожнасць — ад вёскі трэба было трымацца далей. Толькі ён наважыў павярнуць у поле, як перад ягоным позіркам за вуглом хлеўчука мільгануў характэрны абрыс гусенічнага ўсюдыхода. Тут жа было і яшчэ нешта, незразумела грувасткае ў паўзмроку. Тонкая патарчака ад яго высілася ў небе, і, паўзіраўшыся крыху, лейтэнант зразумеў, што гэта антэна. Вядома, у вёсцы не магло быць ніякае базы, затое магло размясціцца на ноч якое тылавое ці маршавае падраздзяленне немцаў.
    — Бачыў? — ціха запытаўся Іваноўскі ў напарніка.
    Ну.
    — Што гэта, як думаеш?
    Півавараў толькі цепнуў плячом, ён не ведаў, што гэта, як не ведаў таго і лейтэнант, які цяпер звяртаўся да яго, як да роўнага. Калі б было ў яго пяць або дзесяць байцоў, Іваноўскі нізашто б не дазволіў сабе такога ў адносінах да іх панібрацтва, але цяпер для яго гэты Півавараў быў больш чым баец. Ён быў першы яго памочнік, ягоны намеснік, галоўны яго дарадца — іншага тут узяць не было дзе.
    Выкінуўшы ўбок лыжу, Іваноўскі развярнуўся ў поле,
    Півавараў павярнуў таксама, яны крута ўзялі ў абход вёскі. Але, крыху прайшоўшы па снежным полі, лейтэнант спыніўся пры думцы: а раптам гэта які-небудзь буйны штаб немцаў? Штаб ім спатрэбіўся б нават болей, чым тая злашчасная база, якую немаведама дзе было шукаць уначы.
    Хвіліну ён пастаяў на ветры ў роздуме, згадваў, што можна было зрабіць. Побач чакаў Півавараў. Баец разумеў, мабыць, што камандзір рашаў штосьці важнае для абодвух, і чакаў гэтага рашэння са спакойнай салдацкай вытрымкай. А Іваноўскі думаў, што, ведама, лепей бы абысці гэта асінае гняздо, але, можа, спачатку варта было падкрасціся бліжэй, разведаць — авось надарыцца што-небудзь зручнае і ім пашанцуе болей, чым з той базай.
    Пакуль яны стаялі так у нерашучасці, дзесьці ў вёсцы бліснула плямка святла, штось асвяціла на снезе і тут жа пагасла. Гэты выпадковы пробліск нічога не вытлумачыў ім, але паказаў у цемры напрамак, пэўнае месца. Мабыць, там была вуліца, і лейтэнант урэшце наважыўся падысці да яе бліжэй, каб зразумець, што там адбываецца.
    — Так, Піваварчык, прыадстань. I паціхеньку — за мной!
    Півавараў згодна кіўнуў, Іваноўскі рашуча адштурхнуўся палкамі і пайшоў да вёскі.
    Спярша на ягоным шляху паявіўся стары паламаны плот, праз дзірку ў якім ён выйшаў на гарод і ў начным паўзмроку наткнуўся на тонкія дрэўцы з кустоўем — падобна, на мяжы двух гародаў. Ён павярнуў крыху ўбок і пад прыкрыццём гэтых дрэўцаў пайшоў па неглыбокім снезе да цемнаватых сілуэтаў будынін. Вакол па-ранейшаму было ціха, халаднавата, парывамі дзьмуў вецер, у паветры коса несліся негустыя сняжынкі. Ніякіх пэўных гукаў сюды не далятала, але ўсё ж па якіхсьці невыразных прыкметах Іваноўскі ўгадваў прысутнасць у вёсцы чужых, якімі цяпер маглі быць толькі немцы. Адчуваючы, што вось-вось нешта для яго адкрыецца, ён асцярожна іпіоў да будынкаў.
    Зусім ужо блізка горбілася заснежаная страха хлява, ля якога крывабока тырчэў падскубаны з аднаго боку і падпёрты жардзём стажок. Дрэўцы межавай пасадкі тут разам канчаліся, крайняй у радзе была раскідзістая грушка з таў-
    ставатым, прыкметным сярод танканогага вішняку камлём. Убачыўшы яе зводдаль, Іваноўскі падумаў, што за гэтым грушавым камяльком, мабыць, трэба прысесці, перачакаць. Але ён яшчэ не дайшоў да грушкі, як зусім невядома адкуль ля стажка паявілася нейкая постаць у расшпіленай даўгаполай вопратцы, і ён, скалануўшыся, сцяміў: немец! Немец ад нечаканасці на секунду знерухомеў, пільна ўгледзеўся ў яго, але тут жа, мабыць, спакайнеючы, пракартавіў здаля:
    — Es schien, ein Russe...1
    Іваноўскі нічога не зразумеў і, мабыць, надта рэзка рвануў рукаятку аўтамата, які вісеў на яго грудзях. Затвор гучна шчоўкнуў у цішы, немец, зразумеўшы памылку, прыдушана крыкнуў і вёртка кінуўся па снезе ад стажка — наўскос, цераз гарод, да суседняга дома. На секунду разгубіўшыся, Іваноўскі прысеў і, здаецца, своечасова: тут жа ад будынін бухнуў адзіночны стрэл, куля гучна шчоўкнула ў намерзлым голлі кустоўя. Але ён ужо быў напагатове і з калена коратка тыркнуў чаргой па шэрым вугле за парканам, пасля другой чаргой — ніжэй, па ўцекачу, які ўжо быў гатовы схавацца ў цень будыніны. Апошнія яго кулі былі, аднак, лішнія — немец адразу ткнуўся галавой у снег і застыў там; Іваноўскі тут жа выкінуў левую лыжу на разварот, схапіў адну палку. Другую, спяшаючыся, ён упусціў у снег і толькі нагнуўся за ёй, як у цемры двара зноў пыхнула чырвоным агнём, і ён ціха войкнуў ад глыбокага, вострага ўдару ў плечы. Адразу адчуў, што паранены, знячывелы шалёна рвануўся на лыжах з гэтага гарода, туды, дзе нецярпліва чакаў яго Півавараў.