• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Тым не менш выбар быў зроблены, Півавараў неяк ураз падабраўся, пасур’ёзнеў і ціха сядзеў у патаптанай ботамі снегавой гурбе.
    — Што ж, вашае права,— сказаў Дзюбін,— Дык як там перадаць, у штабе?
    — Я напішу,— падумаўшы, сказаў Іваноўскі.
    Паперы, аднак, у яго не знайшлося, быў толькі трафейны аловак, давялося старшыне выдраць лісток са свайго замусоленага блакнота, на якім лейтэнант, нядоўга падумаўшы, напісаў: «Аб’екта на месцы не аказалася. Група панесла страты, адпраўляю яе назад. Сам з байцом прадаўжаю пошукі. Праз двое сутак вярнуся. Іваноўскі. 29.11.41 г.».
    — Вось. Перадайце начальніку штаба.
    — Гэта самае, гранаты возьмеце?
    — Ага. Гранату і пару бутэлек. Півавараў, вазьміце ў Судніка бутэлькі з КС. Гранату дайце сюды.
    Старшына зняў з іюяса супрацьтанкавую гранату, якую лейтэнант тут жа падвязаў кавалкам бінта да дзягі.
    — I харчамі б запасціся трэба.
    — Харчамі таксама. Дайце сухароў. Кансерваў пару бляшанак. Самі ж, напэўна, у АХЧ снедаць будзеце...
    — Дай божа, каб у АХЧ,— з надзеяй уздыхнуў Краснакуцкі.
    — Толькі глядзіце пры пераходзе. Як бы зноў не напароліся. He шкадуйце жыватоў, галовы цалейшыя будуць.
    — Гэта так,— ціха пагадзіўся Дзюбін.
    — Ну, здаецца, цямнее, можаце рушыць. А мы тут яшчэ пасядзім. Як там на шашы, Заяц?
    — Нейкая з фарамі коціць. Адна ці болей — добра не відаць.
    Старшына завязаў рэчмяшок, Півавараў складваў у свой сухары і дзве вялікія, загорнутыя ў анучу бутэлькі з КС. Лукашоў і Краснакуцкі, не чакаючы каманды, падступіліся да абсыпанага снегавым пылам Хакімава.
    — Глядзіце Хакімава,— сказаў лейтэнант Дзюбіну— Можа, яшчэ дажыве да ранку.
    — Пра што гаварыць!
    — Тады ўсё. Топайце!
    — Што ж, шчасліва, лейтэнант,— павярнуўся Дзюбін і тут жа закамандаваў байцам: — Ану, узялі! За лыжы, за лыжы бярыце! Паднімайце вышэй! Вышэй, яшчэ вышэй! Во так...
    Яны паднялі Хакімава і як-колечы выбраліся з рова. 3 насыпу Дзюбін яшчэ азірнуўся — развітанне атрымалася таропкае, невыразнае, і Іваноўскі махнуў рукой.
    — Шчасліва!
    Калі яны схаваліся ў полі і апошні за насыпам знік высокі капюшон старшыны, Іваноўскі сеў на снег. Ён адчуў асаблівае задавальненне ад таго, што Дзюбін не прапаў, дагнаў групу і цяпер з тымі, хто вяртаўся, будзе талковы і чалавечны камандзір, які павінен іх вывесці да сваіх. А яны тут неяк абыдуцца ўдвух з Піваваравым, які ўсё яшчэ стаяў
    у рове, пазіраючы цераз край высокага насыпу. Каб неяк зменшыць няёмкасць, выкліканую гэтым расстаннем, лейтэнант сказаў з неўласцівай яму жартоўнасцю:
    — Сядай, Піваварчык. Скора і мы патопаем. Цябе як завуць?
    — Пётра.
    — Пецька, значыць. А мяне Ігар. Ну што ж, можа, нам яшчэ пашанцуе. Як думаеш?
    — Можа, і пашанцуе,— няпэўна сказаў Півавараў, тручы ложа вінтоўкі, і ўздыхнуў — ціхенька і парывіста.
    — Ладна. Няма чаго ныць — яшчэ не ўсё страчана. Яшчэ мы з імі схопімся. Хоць нас двое, але і гэта — сіла. А цяпер пакуль ёсць час, давай падрубаем, менш несці прыйдзецца,— сказаў Іваноўскі і пачаў развязваць свой рэчмяшок.
    9
    Праз якія паўгадзіны, калі добра ўцямнела, яны выбраліся са свайго снежнага сховішча. Абодва скалелі, надта азяблі ногі, хацелася адразу прыпусціць на лыжах, каб як сагрэцца. Але перш трэба было агледзецца. Уночы рух на шашы паменшаў, ішлі адзіночныя машыны, некаторыя слаба свяцілі падфарнікамі. Навокал было ціха і пуста, снежную далячынь з хмызняком зацягнула вечаровай імглой, хмарііае неба без зор нізка навісла над цьмяным начным прасторам. Іваноўскі рашыў ісці на ўсход уздоўж шашы, далёка не адхіляючыся ад яе, каб бачыць увесь на ёй рух. Ён думаў, што як і той раз, увосень, базу павінны выдаць машыны.
    Яны хутка спусціліся са свайго пагорка, па рыхлым снезе перайшлі лагчыну. Дваццаці хвілін хапіла на тое, каб добра ўгрэцца і нават замарыцца. Што ні кажы, а напамінала аб сабе мінулая ноч. Да таго ж, у адрозненне ад учарашняга, Іваноўскі адразу адчуў пры хадзе больш моцны боль у хворай назе, міжволыіа ён ступаў ёю асцярожней, болей налягаючы на здаровую. Праўда, ён стараўся прывыкнуць да гэтага свайго болю, думаў, як-небудзь абыдзецца, разыдзецца, авось рана яму не пашкодзіць. Але, падняўшыся на чарговы пагорак, лейтэнант адчуў, што трэба адпачыць. Тады
    ён трохі расслабіў нагу, цяжар цела перанёс на здаровую і, каб Півавараў, які падыходзіў следам, не заўважыў нічога, зрабіў выгляд, што аглядаецца, хоць аглядацца не было чаго. Шаша была тюбач, яна ляжала пустая; наперадзе не шмат было ўгледзець, моцны ўсходні вецер пругка дзьмуў у твар, ад яго слязіліся вочы.
    — Ну як, Піваварчык? — знарок жартаўлівым голасам запытаўся лейтэнант.
    — Нічога.
    — Угрэўся?
    — Упарыўся нават.
    — Ну, давай далей.
    Азіраючыся па баках, яны прайшлі яшчэ, мабыць, з гадзіну, зводдаль абышлі край якогась ляска, хвойнік, нейкія будынкі ля дарогі — пасля ўчарашняга абстрэлу з хутара Іваноўскі стараўся трымацца ад будынін далей. Шаша амаль скрозь ішла прама, без паваротаў, гэта аблягчала арыенціроўку, і лейтэнант толькі зрэдку пазіраў на компас — правяраў напрамак.
    Настрой яго быццам нават палепшыўся. Півавараў ішоў па пятах, не адстаючы ні на крок, і лейтэнант, спыніўшыся, запытаўся з некаторай жвавасцю ў голасе:
    — Піваварчык, што ты ў жыцці бачыў?
    -Я?
    — Ну, ты. У жыцці, кажу, што ты бачыў?
    Півавараў паціснуў плячамі.
    — Нічога.
    — Кніжак хоць ты пачытаў?
    — Кніжак пачытаў,— не адразу, нібы ўспамінаючы, адказаў баец.— Усяго Жуль Верна, Конан Дойла, Вальтэра Скота, Марка Твэна...
    — А Гайдара?
    — I Гайдара. Яшчэ Дзюма, усё, што дастаў, прачытаў.
    — Ого! — здзівіўся лейтэнант і нават з некаторай павагай паглядзеў на Піваварава.— I калі ты паспеў столькі?
    — А я захварэў у шостым класе і паўгода не вучыўся. Ну і чытаў. Усё перачытаў, што ў бібліятэцы было. Мне з бібліятэкі насілі.
    Так, мабыць, гэта цудоўна — прахварэць паўгода і прачытаць усю бібліятэку. Колькі ён марыў захварэць у дзяцінстве ды і ў вучылішчы, але болей трох дзён яму хварэць не ўдавалася. Здароўе яго заўжды было добрае, і чытаў ён нямнога, хоць цікавыя кнігі выклікалі ў яго трапяткую да хвалявання радасць, і кніжак, лепшых чым творы Гайдара, яму ў сваім жыцці чытаць не давялося. I то ў дзяцінстве. Пасля стала не да літаратуры — пайшлі кніжкі іншага зместу.
    Наўкола па-ранейшаму было ціха, увогуле спакойна, як бывае спакойна толькі далёка ад перадавой. Іваноўскі ішоў цяпер без учарашняй паспешлівасці, замінаў прыкметны цяжар у нагах і боль раны, які прыкметна запавольваў ягоныя рухі. Праўда, пакуль боль гэты можна было трываць, і, каб не надта засяроджвацца на ім, лейтэнант стараўся скіраваць сваю ўвагу на іншае, нават старонняе. У думках ён цяпер быў ля ягоных байцоў, якія пад камандай Дзюбіна вярталіся да сваіх. Напэўна, ужо ідуць ля ракі, поплавам. Добра, калі не занесла лыжню, яна дапаможа зарыентавацца. Зрэшты, Дзюбін, напэўна, і без таго запомніў дарогу, а ў выпадку чаго дапаможа карта. Карта на вайне — каштоўнасць, шкада толькі, што не заўжды хапае гэтых вось карт.
    Увесь час не выходзіў з галавы Хакімаў. Вядома, напакутуюцца з ім не дай бог, асабліва пры пераходзе лініі фронту. Цяпер з ім не ўскочыш, не рванеш на лыжах, трэба ўсё паўзком, па-пластунску. Але хоць бы прайшлі. Праўда, Дзюбін, напэўна, сумее, павінен прайсці. Дзюбін і растлумачыць начальніку штаба іх няўдачу, неяк апраўдаецца за групу і за яе камандзіра. Хаця пры чым камандзір? Хто мог падумаць, што за якіх два тыдні так многа зменіцца і немцы вывезуць базу?
    Сябе Іваноўскі не адчуваў вінаватым ні ў чым,— здаецца, ён зрабіў усё, што было магчыма. Тым не менш нейкі паганы чарвячок вінаватасці варушыўся ў ягонай душы, быццам лейтэнант усё ж недагледзеў чаго і ў выніку не апраўдаў даверу. Менавіта гэты неапраўданы давер трывожыў яго болей за ўсё. Цяпер лейтэнант аж скаланаўся ад думкі, што з усёй гэтай задумы можа раптам нічога не выйсці.
    Іваноўскі выдатна ведаў, як можна адным нейкім учынкам спляжыць усю сваю рэпутацыю. Аднойчы з ім было такое, што, падвёўшы чалавека, ён так і не змог вярнуць яго добрыя да сябе адносіны.
    Незадоўга перад тым Ігару споўнілася чатырнаццаць гадоў, і ён пяты год жыў у Кублічах — невялікім ціхім мястэчку ля самай польскай граніцы, дзе ў пагранкамендатуры служыў ветэрынарам бацька. Забаў у мястэчку было нямнога. Ігар хадзіў у школу, сябраваў з хлопцамі, а ў вольны час прападаў на каменданцкай стайні. Коні былі, можа, самым вялікім захапленнем яго дзяцінства. Колькі ён перачысціў іх, перакупаў, колькі паездзіў конна — у сядле і без сёдлаў! Гады тры запар ён не заўважаў нічога вакол, апроч коней; кожны дзень пасля ўрокаў бег на стайню і вяртаўся з яе толькі на ноч, каб назаўтра да прыходу дзяжурнага зноў быць там. Пагранічнікі жартавалі часам, што Ігар — нязменны днявальны на іхняй канюшні, і ён бы з задавальненнем згадзіўся штодзень дняваліць, калі б не ўрокі ў школе.
    На стайні заўжды было мноства цікавага, пачынаючы ад кармлення і вадапою, чысткі скрабком і шчоткай і канчаючы ўрачыстым рытуалам вывадкі з пастраеннем, мітуснёй чырвонаармейцаў, прыдзірлівай строгасцю начальства, якое насоўкамі правярала чысціню конскіх бакоў. Было штось бязмерна захапляючае ў коннай яздзе, занятках па вальтыжыроўцы, але асабліва захапляла яго рубка лазы на пляцы за стайняй, калі ўздоўж рада стаякоў з лазовымі прутамі галопам скакалі кавалерысты, направа і налева секучы канцы гэтых прутоў. А чаго варта была джыгітоўка самага ліхога конніка ў атрадзе славутага лейтэнанта Хакасава!
    Але вывадку, рубку, джыгітоўку ён назіраў збоку, сам не прымаючы ў іх удзелу — яго яшчэ не пускалі ў строй і нават ні разу не дазволілі сесці з шашкай на каня. Іншая справа — купанне. На мурожным беражку возера, ля пясчанай водмелі стаяла старая, пагрызеная конавязь, і амаль кожны спякотны поўдзень да яе прыводзілі потных, змораных коней. Тут ужо Ігар адводзіў душу, плёскаўся да таго часу, пакуль апошні конь не выходзіў з возера.
    Звычайна ён прыязджаў на Мілцы — маладой рыжай кабыле з танканогім брыкастым жарэбчыкам. Мілка была замацавана за камандзірам аддзялення сяржантам Міцяевым, з якім у Ігара склаліся зусім асаблівыя, можа, нават незвычайныя між хлапчуком і дарослым адносіны. Гэты Міцяеў хоць і служыў тэрміновую, але, у адрозненне ад іншых дваццацігадовых байцоў-пагранічнікаў, здаваўся Ігару амаль старым, з парэзаным маршчынамі тварам, цяжкою хадой і нязграбнай марудлівасцю пажылога вясковага дзядзькі. Родам Міцяеў быў аднекуль з Сібіры, дома ў яго засталіся дарослыя дочкі, і ён даўным-даўно павінен быў бы прызвацца ды і адслужыць сваю службу, калі б не нейкая блытаніна ў яго дакументах, дзе значылася, што Міцяеву ўсяго толькі дваццаць гадоў. Як гэта сталася, не мог растлумачыць і сам Міцяеў, які толькі лаяў нейкага п’янага дзяка ў царкве, з ласкі якога яму давялося служыць разам з тымі, хто мог быць яму зяцем.