Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
Сапраўды, гэта была маленькая, зрубленая з яловых вяршалін вясковая лазня. Півавараў адкінуў нагой палку-падпору, і нізкія дзверы самі сабой расчыніліся. Увагнуўшы галаву і хапаючыся рукамі за сцены, Іваноўскі ўлез у яе цёмную, смярдзючую дымам цеснату, павёў па баках рукамі, намацаў гладкі шост, шархоткія сухія венікі на сцяне. Півавараў тым часам расчыніў яшчэ адны дзверы, і ў прылазніку моцна запахла дымам, попелам, бярозавай гніллю. Баец увайшоў туды і неўзабаве гукнуў лейтэнанта:
— Давайце сюды. Тут во лаўкі ёсць... Зараз састаўлю...
Іваноўскі ўчэпіста трымаўся за вушак, але пераступіў парог і, намацаўшы лаўкі, з хрыплым выдыхам выцягнуўся на іх, упёршыся нагамі ў сцяну.
— Зачыні дзверы.
— Зараз, зараз. Во тут і саломы крыху. Давайце — пад галаву.
Лейтэнант моўчкі прыўзняў галаву, даючы падкласці пад сябе ахапак саломы, і знясілена заплюшчыў вочы. Праз хвіліну ён ужо не мог зразумець, ці засынаў, ці, можа, траціў прытомнасць; агнянае ззянне ў вачах стала суцэльным, бясконца і пакутліва кружылася ў галаве, цягнула ванітаваць. Ён паспрабаваў павярнуцца на бок, але ўжо не адолеў свайго налітага знямоглым цяжарам цела і, здаецца, сапраўды страціў прытомнасць...
Ачуньваў ён доўга і пакутліва, яго бралі дрыжыкі, вельмі хацелася піць, і ён доўга не мог разняць засмяглыя вусны і папрасіць вады. Ён толькі з натугай расплюшчыў вочы, калі адчуў нейкі рух побач,— з прылазніка паявіўся белы цень Піваварава з адкінутым на патыліцу капюшонам і яго аўтаматам у руках. У лазні было змрочна-шэра, але маленькае акенца ў сцяне свяцілася ўжо, як удзень, ясна прасвечвалі ўсе шчыліны ў прылазніку, і лейтэнант зразумеў, што настаў ранак. Піваварава, аднак, нешта яўна трывожыла, лрыгнуўшыся, баец прыпаў да маленькага акенца, штось пільна выглядаючы там.
Іваноўскі паспрабаваў павярнуцца на бок, у грудзях яго захрыпела, працяжна, з прысвістам, і ён закашляўся. Адскочыўшы ад акенца, Півавараў падаўся да камандзіра.
— Ну як вы, таварыш лейтэнант?
— Нічога, нічога...
Ён чакаў, што Півавараў і яшчэ пра нешта спытаецца, але баец не запытаўся нічога, а неяк адразу прыціх і прыгнуўся ўсё ля таго ж акенца. Пасля ён сказаў прыглушаным шэптам:
— Вунь, немцы ў вёсцы.
— У якой вёсцы?
— У гэтай. Вунь крайняя хата за вярбінай... Немцы ходзяць.
— Далёка?
— Крокаў дзвесце, можа.
Калі за дзвесце крокаў немцы, якія яшчэ не знайшлі іх, дык можна лічыць, што ўвогуле ім пашанцавала ў гэтай лазні. Праўда, дагэтуль была ноч, але вось пачынаецца дзень, і хто ведае, колькі яшчэ ім удасца праседзець тут незаўважанымі.
— Нічога. He высоўвайся толькі.
— Дзверы я зачыніў,— кіўнуў Півавараў у парог,— Рыдлёўкай падпёр.
— Добра. Вады тут няма?
— Ёсць,— ахвотна адазваўся Півавараў.— Во ў дзежцы вада. Я ўжо піў. 3 лёдам толькі.
Дай.
Півавараў не дужа спрытна напаіў яго з нейкай бляшанкі, вада смярдзела венікам, да вуснаў прыліпала размоклае бярозавае лісце. Увогуле вада была агідная, быццам з лужыны, і гэтак жа агідна было ўнутры ў лейтэнанта — нешта распухла ў грудзях, ужо толькі з натугай можна было ўздыхнуць, адкашляцца ён не мог.
Калі напіўся, стала лягчэй, свядомасць яго быццам праяснілася, Іваноўскі агледзеўся навакол. Лазня была дужа маленькая, з нізкай закуранай столлю і чорнымі ад сажы сценамі. У куце каля дзвярэй чарнела куча камення на печцы, побач стаяла дзежка з вадой. На нізкім шастку над ім віселі нейкія забытыя транты. Ведама, у кожны момант і па
першай патрэбе тут маглі паявіцца людзі, якія і знойдуць іх. I як ён не падумаў раней, што лазня не можа быць далёка ад вёскі і што ў гэтай вёсцы таксама могуць быць немцы.
— Што там відаць? — глуха запытаўся ён у Піваварава, які горбіўся ўжо ў прылазніку ля шчыліны ў дзвярах.
— Ды вунь са двара выйшлі... Двое. Закурваюць... Пайшлі некуды.
— Немцы?
— Ну.
— Нічога. Глядзі толькі. Так проста яны нас не возьмуць.
Ведама, ён разумеў невялікі кошт свайго галаслоўнага суцяшэння, але што ён мог болей? Ён ведаў толькі, што, калі прыйдуць немцы, прыйдзецца адбівацца, пакуль хопіць патронаў, а там... Але, можа, яшчэ і не прыйдуць. Можа, яны і зусім пойдуць з вёскі, можа, яны ў ёй толькі начуюць. Дзіўна, але ў яго адчувапнях цяпер з’явіліся нейкія новыя, дагэтуль амаль не знаёмыя яму адценні, нейкі ненатуральны ў гэтай блізі да немцаў спакой без ценю ягонае спешкі, яго нецярпення, якія дапякалі яму ў апошнія дні. Цяпер гэта ўсё знікла кудысьці, прапала, мабыць, разам з ягонаю сілай, страціўшы якую, ён траціў і свой заўсёдны душэўны напор. Цяпер ён стараўся як мага дакладней усё ўзважыць у свядомасці, выверыць розумам, каб паступіць напэўна, бо кожная памылка ў яго рашэнні магла аказацца апошняй. I першай яго выразна зразумелай неабходнасцю была гатоўнасць чакаць. Удзень, у снежным полі, на краі вёскі нічога болей не заставалася, як толькі запасціся да ночы цярпеннем, каб з наступленнем цемры штосьці зрабіць для свайго паратунку.
Але чакаць таксама патрэбна была сіла, трэба было неяк утрымліваць у сабе хісткую сваю прытомнасць, немалым намаганнем волі захаваць вытрымку. Гэта таксама было нялёгка пават для чалавека здаровага, якім быў Півавараў. У гэтае пастцы, паблізу ад немцаў не проста было саўладаць з нервамі, думаў лейтэнант, назіраючы, як кідаўся па лазні баец — то да акенца ў сцяне, то ў прылазнік са мноствам шчылін. Выглядаў ён амаль што спалоханы, і кожны раз, пазіраючы на байца, Іваноўскі думаў: ідуць! Але, мабыць,
каб супакоіць камандзіра ды і сябе таксама, Півавараў час ад часу прыгаворваў услых:
— Хтосьці на сцежку выйшаў... Да калодзежа быццам. Ага. Нейкая цётка з вядром...
I яшчэ праз хвіліну:
— О, о! Выходзяць. He, сталі. Стаяць... Пайшлі кудысь.
— Куды пайшлі?
— А чорт іх ведае! Схаваліся за вуглом.
-Нічога, не хвалюйся. Сюды не прыйдуць.
Іваноўскі не стаў забіраць у яго свой аўтамат, падумаўшы, што ў выпадку чаго Півавараў управіцца з ім спрытней за яго, у лейтэнанта ж засталася граната. Цяпер без гранаты яму немагчыма. Ён адвязаў яе ад дзягі і паклаў каля лаўкі. Побач стаяла прыслоненая да сцяны вінтоўка — усё было пад рукамі, заставалася цярпліва чакаць, спадзеючыся на ўдачу.
— Сунуцца — тут і застануцца,— сказаў Півавараў, зазіраючы ў акенца,— Праўда, і мы...
Іваноўскі зразумеў, што не даказаў Півавараў, і запытаўся нечакана:
— Жыць хочаш?
— Жыць? — амаль здзівіўся баец і ўздыхнуў,— Няблага б. Але...
У тым-то і справа, што але! Гэта але д’ябальскім праклёнам стала ўпоперак іх маладых жыццяў, уцячы ад яго было немагчыма. У той памятны дзень яно бязлітасна рассекла свет на дзве палавіны, на адной з якіх было жыццё з усімі яго несамавітымі, але такімі патрэбнымі чалавеку радасцямі, а на другой — заўчасная, агідная, праклятая смерць. 3 гэтага ўсё пачалося, і што б ні здаралася потым, у наступных яго выпрабаваннях — усё нязменна натыкалася на гэтае праклятае але. Каб неяк абысці яго, абхітрыць, перамагчы на сваім шляху і прадоўжыць жыццё, патрэбны былі неверагодныя намаганні, праца, пакуты... Вядома, каб выжыць, трэба было перамагчы, але перамагчы можна было толькі выжыўшы — у такое чортава кола загнала людзей вайна. Абараняючы сябе і краіну, трэба было забіць не аднаго, а шмат, і чым болей было забіта, тым болей надзейным было існаванне аднаго і ўсіх. Жыццё праз пагібель ворага — іншага выйсця на вайне, мабыць, не існавала.
Але як жа яму цяпер, калі немагчыма і забіць? Ён мог толькі забіць сябе. Як бы ён ні цешыў сябе ды і Піваварава, як бы ні пяўся да дзеяння, ён не мог не разумець тую простую ісціну, што з прастрэленымі грудзьмі ён не ваяка.
Тады што ж — ціха памерці ў гэтай лазні?
He, толькі не гэта! Гэта было жахліва, агідна, амаль подла ў адносінах да сябе, да гэтага байца, якога ён таксама асуджаў на пагібель, у адносінах да ўсіх сваіх. Пакуль жывы, ён гэтага сабе не дазволіць.
Ён нават спалохаўся ад гэтай недарэчнай думкі і прахапіўся з кароткага забыцця. Трэба было нешта прыдумаць, штосьці зрабіць, магчыма, зрабіць зараз жа, не трацячы ні адной хвіліны жыцця, бо пасля можа быць позна...
Кідаючыся ў ліхаманкавых думках, ён доўга, пакутліва перабіраў усе магчымыя варыянты для паратунку і не знаходзіў нічога. Тады зноў наступілі знямога, абыякавасць, гатоўнасць цярпліва чакаць да ночы.
«Праклятая вёска! — каторы ўжо раз паўтараў ён сабе.— Яна яго загубіла. I трэба было так недарэчна наткнуцца на гэтага фрыца, які падняў крык, улезці ў перастрэлку, атрымаць кулю ў грудзі... Але ўсё ж нешта там ёсць. Гэтая цемра і сцішанасць, несумненна, былі штучныя, падтрыманыя строгай дысцыплінай, немагчымай без цвёрдай улады вялікага начальства. Зноў жа антэны... Хутчэй за ўсё там размясціўся нейкі вялікі, можа, нават армейскі іх штаб, бо ў глыбокім тыле маленькага штаба не будзе. Як дарэчы было б нанесці па ім удар! Але як нанясеш? Самалёты цяпер не лятаюць, a настане добрае надвор’е — тады шукай яго, як гэтую распраклятую базу боепрыпасаў...»
Яму не шанцавала ў самым пачатку, а ў канцы тым болей. Калі б не гэта раненне, якое, па сутнасці, загубіла яго, ужо што-небудзь ён бы напэўна прыдумаў. Можна было б наладзіць засаду, узяць языка... А цяпер як возьмеш? Цяпер яго самога можна ўзяць замест языка, хіба што карысці ад яго будзе нямнога. Зрэшты, пакуль ён жывы і ў яго ёсць граната, якой хопіць для абодвух і для гэтай вось лазні,— яго ім не ўзяць. Відаць, на гранату цяпер уся іх надзея.
Але ішоў час, а іх ніхто не трывожыў у гэтым цесным і
цёмным сховішчы наводшыбе ад вёскі. Півавараў цяпер болей стаяў за прасценкам, зрэдку каменціруючы тое, што ўдавалася згледзець праз шчыліну. Але вось ён сціх, мабыць, нічога асаблівага там не было відаць, і лейтэнант раптам запытаўся ціха:
— У цябе маці ёсць?
Мабыць, гэта было дзіўнае ў іх становішчы пытанне, і Півавараў не зразумеў.
— Га? Што вы сказалі?
— Маці ў цябе ёсць?
— Ёсць, а як жа.
— I бацька?
— He, бацькі няма.
— Што, памёр?
— Ды так,— няпэўна адказаў Півавараў.— 3 маці жыў. Калі б яна ведала, як нам тут! Во было б страху!..
— Харошая мама?
— Ну,— проста пацвердзіў баец,— Я ж у яе адзін. Бывала, усё для мяне.
— Адкуль родам?
— Я? 3-пад Пскова. Ёсць такі гарадок Порхаў, можа, чулі? Там жыў. Мама ў школе настаўніцай рабіла.