Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
— Гэй, бялявая, навошта плакаць? Другога знойдзем.
Сказана гэта было з бяздумнаю дарожнай лёгкасцю ў адносінах між людзьмі, якія выпадкам спаткаліся і тут жа расстаюцца, каб ніколі больш не сустрэцца. Але дзяўчына ражком стракатай, завязанай на шыі касынкі выцерла вочы і кінула на яго востры, кароценькі позірк. Тым часам цягнік даў гудок. Ззаду за Ігарам, трымаючыся за поручань, навісаў Коля Тамолка; абодва яны былі ў добрым, прыўзнятым настроі і, здавалася, усякае гора маглі перавесці на жарт.
— A то давай з намі. Да Беластока!
Дзяўчына машынальна паправіла на тонкай шыі касынку, зноў акінула позіркам твары двух апранутых ва ўсё новае ваенных хлопцаў, і на яе вуснах ужо трапянулася лёгкая ўсмешка, якая і засведчыла змену ў яе настроі.
— А мне ў Гродна.
— Якое супадзенне! — жартоўна здзівіўся Іваноўскі.— Нам таксама. Паехалі разам!
Яна не прымусіла сябе ўпрошваць, падхапіла чамаданчык, які стаяў каля ног, і спрытна ўчапілася за поручань. Іваноўскі падтрымаў яе, Тамолка пастараніўся, і некалькі збянтэжаная і ўзрадаваная такім паваротам справы новая пасажырка паднялася на пляцоўку вагона.
— Білет, білет, грамадзяначка! — тут жа патрэбаваў у яе мітуслівы дзядзька-праваднік, які з флажкамі ў руках спяшаўся да выхаду.
— Ёсць, ёсць білет! Усё ў парадку! — тонам, які не пакідаў ценю сумнення, сказаў Іваноўскі, праціскаючыся паперадзе яе ў вагон.
Ён павёў дзяўчыну ў пятае ці шостае купэ, дзе яны атабарыліся з Тамолкам, сам нёс у руцэ яе чамаданчык, які здаўся яму надта лёгкі, хутчэй за ўсё пусты. Коля лез следам, і дзяўчына, прыціхшы, ішла паміж імі, кідаючы па баках ніякаватыя, трошкі збянтэжаныя позіркі.
— Во, калі ласка. Можаце займаць маю. Я ўзлезу наверх,— з гасціннай лёгкасцю прапанаваў Іваноўскі сваю ніжнюю полку і апусціў чамаданчык.
Яна паслухмяна прысела ля акна і не адразу, адолеўшы яўную збянтэжанасць, ціха сказала:
— А ў мяне білета няма.
— Што — не хапіла?
— Укралі...
— Як?
— Ноччу. У цягніку з Мінска.
Гэта было горш. Здаецца, яны бралі на сябе трохі празмерную адказнасць, парушаючы строгі парадак чыгункі, за што магло нагарэць абодвум. Але як было адступаць? Ігар зірнуў на Міколу і прачытаў на яго грубаватым, заўжды нахмураным твары рашучасць стаяць на сваім. Сапраўды, як было цяпер дапусціць, каб пакрыўдзілі таго, хто гэтак прастадушна і даверліва пайшоў за імі?
— Нічога. 3 правадніком дамовімся.
Але дамаўляцца мусілі не толькі з правадніком, а яшчэ і з рэвізорам, і з брыгадзірам цягніка, і перагаворы гэтыя скончыліся тым, што на нейкай станцыі, дзе пеўзабаве спыніўся цягнік, Іваноўскі збегаў у вакзальную касу і ледзьве паспеў аформіць білет на ўжо занятае ёю месца. Білет быў да Гродна, і дзяўчына прыкметна павесялела, нават заўсміхалася. Яна аказалася разгаворлівай і ўвогуле іірыемнай дзяўчынай і хутка не без гумару расказвала ім аб сваіх дарожных прыгодах. Аказалася, што яна жыве ў Гродна і ў Мінск ездзіла да сваякоў, якіх ніколі не бачыла, і тут такое няшчасце ў вагоне. У яе ўсё начыста выграблі з яе чамаданчыка, апроч таго, узялі плашчык, жакет і, ведама, усе грошы, Але вось яна ўратавана і цяпер вельмі ўдзячна абодвум за іх велікадушную дапамогу.
— Ды ну, пра што гаварыць! — адмахнуўся Іваноўскі і перавёў размову на іншае: — А вы даўно жывяце ў Гродна?
— Там і нарадзілася.
— Ого! Значыць, тутэйшая?
-Ну.
— А так добра гаворыце па-руску?
— А ў нас дома заўжды гаварылі па-руску. У мяне бацька рускі, і цётка, яго сястра, таксама руская. Толькі мама полька.
— А дзе вы вучыліся?
— У польскай гімназіі. Рускіх жа ў нас не было.
— А як вас завуць? — усё болып цікавіўся Ігар.
— Янінка. А вас — калі не вайсковая тайна? — амаль ужо какетліва ўсміхнулася яна.
— Мяне Ігар, а яго Мікалай.
— У мяне дзядзька, што ў Мінску, таксама Ігар. Ігар Пятровіч. А вы да нас служыць едзеце?
Тут ужо яны пераглянуліся, гэта сапраўды ў нейкай меры адносілася да строгай вайсковай тайны, з лёгкасцю, аднак, разгаданай іх спадарожніцай. Але што тут было таіцца? Сапраўды, тыдзень назад, пасля сканчэння вучылішча, яны атрымалі назначэнне ў армію, штаб якой размяшчаўся ў гэтай яе Гродні.
— Падобна, што так,— няпэўна сказаў Іваноўскі.— А што гэты Гродна — нішто гарадок?
— Вельмі добры горад. He пашкадуеце.
— Думаеш, нас у Гродна пакінуць? — з уласцівым для яго скептыцызмам сказаў Тамолка,— Запруць куды-небудзь у лясны гарнізон.
— О, дык у лесе ж цудоўна! У нас такія лясы! Дзіва! — поўная захаплення загаварыла Янінка.
Іваноўскі змоўчаў. Ягоныя адносіны да лесу, нават самага прыгожага, не супадалі з захапленнем гэтай дзяўчыны. Бывала, у вучылішчы, у шматмесячных летніх лагерах, лясы, палі, уся гэта аддаленасць ад пастаяннага месца жыхарства з яго хай сабе несамавітым, але наладжаным бытам так надакучвалі пад восень, што самая багатая прырода рабілася невыноснай — хацелася ў горад. Правільна кімсьці сказана, што ваенныя не заўважаюць прыроды, для іх болей важна надвор’е.
Тым не менш у наіўным захапленні Янінкі прысутнічала такая шчырасць, што Іваноўскі заўсміхаўся, гатовы ўжо палюбіць першы, што трапіцца, гродзенскі лес. I наогул нешта ў ёй усё больш яму падабалася, у гэтай жвавенькай, даволі мілавіднай, з какетліва рассыпанымі на лбе светлымі кудзеркамі дзяўчыне ў просценькай стракатай сукенцы. Яму ўжо было сорамна за той свой фрывольны жарт на вакзале ў Баранавічах, за нстактоўнасць іх прапановы, каторую выбачала хіба што іх пазнейшая дапамога ў яе здарэнні.
Цягнік з кароценькімі прыпынкамі на маленькіх станцы-
ях ішоў усё далей на захад. За акном, нібы ў мінулае, адплывалі назад зялёныя чэрвеньскія палеткі, пералескі, велічныя хвойныя бары, вёскі і скрозь — хутары, хутары. Іваноўскі ніколі не быў у гэтым баку Беларусі, меней як за два гады ўз’яднанай з яе ўсходняй часткай, і цяпер у ім нарадзілася шчырая цікаўнасць да ўсяго, што адносілася да гэтага не вядомага для яго і, напэўна, такога натуральнага для Янінкі жыцця.
На нейкай невялікай станцыі іхні вагон спыніўся якраз насупраць маленькага прывакзальнага рыначка, і Іваноўскі выскачыў на платформу, таропка накупляў у газету несамавітага сялянскага харчу — яек, гуркоў, вясковай каўбасы і нават міску гарачай, разварыстай маладой бульбы. Пасля яны елі ўсе разам, хлопцы клапатліва частавалі дзяўчыну, якая зусім ужо асвойталася ў іхняй кампаніі, ахвотна смяялася, жартавала, смачна ядучы гуркі з бульбай. Пасля абеду, мабыць, штось сцяміўшы ў адносінах да яе Ігара, Мікалай зважліва адышоўся і ўзлез на верхнюю полку паспаць. Яны ж засталіся ўдваіх — адно супраць аднаго, раздзеленыя маленькім вагонным столікам.
Яму было добра з ёй, хоць ён усё яшчэ не мог да канца асіліць у сабе нейкае спазнелае пачуццё ніякаватасці, быццам якую вінаватасць за свае намеры, хоць з самага пачатку ніякіх намераў у яго не было. Янінка ж, мяркуючы па ўсім, адчувала сябе зусім натуральна і вольна. Яна зняла свае маленькія, белыя, на коркавай падэшве басаножкі і, напяўшы на каленях караткаватую сукенку, па-хатняму проста ўладкавалася на цвёрдым сядзенні, увесь час з нейкай мілай хітрынкай заглядваючы яму ў вочы.
— А ў нас, ведаеце, Нёман,— казала яна, менавіта так, на беларускі лад вымаўляючы гэта слова, і Іваноўскі ўнутрана ўсміхнуўся, прыпамінаючы сваё недалёкае дзяцінства, школу, вядомую паэму Якуба Коласа і гэтую беларускую назву ніколі не бачанай ім ракі.— Адразу пад акном круты спуск, дзве вярбы і плыты ля самага берага. Я там купаюся з плытоў. Ранічкай выбегу, на рацэ яшчэ лёгкі туманок сцелецца, вада цёплая, як сырадой, нідзе нікога. Так накупаюся, што ўвесь дзень радасна.
— А мне болей азёры падабаюцца. Асабліва лясныя. У ціхае надвор’е — прыгажосць,— сказаў Іваноўскі.
— Рэкі лепш, што вы! У азёрах вада балотам смярдзіць, a ў рэчцы заўсёды праточная, чыстая, бы сляза. Улетку на рацэ — рай. Ды што там! Вось прыедзем — пакажу. Спадабаецца.
Мабыць, сапраўды спадабаецца. Ён ужо быў упэўнены, што гэта штось незвычайнае: домік, дзве вярбы на абрыве, плыты ля берага, з якіх можна ныраць у глыбокі, імклівы Нёман. I ён ужо маляваў гэта ў сваім уяўленні, хоць з вопыту ведаў, што самае багатае ўяўленне ніколі не адпавядае сапраўднасці. У сапраўднасці ўсё інакш — горш або лепш, але менавіта інакш.
Янінка паводзіла сябе з ім лёгка і вольна, так, быццам яны даўно былі знаёмыя, а ён усё адчуваў нейкую невыразную скаванасць, якая не толькі не міналася з часам, але і яшчэ большала. Ігару пачынала здавацца, што, бесцырымонна гукнуўшы яе ў Баранавічах, ён выглядаў перад ёй як чалавек легкадумны, схільны да нікчэмных дарожных прыгод і што яна не магла не заўважыць гэтага. Хоць ніякага легкадумства ў тым не было, была простая дзіцячая гуллівасць, якая, можа, і не зусім дарэчы ў характары дваццацідвухгадовага выпускніка ваеннага вучылішча, нядаўна атэставанага на пасаду камандзіра ўзвода. Тады, на пероне, ён нават і не разгледзеў яе, толькі ўбачыў — разглядаў ён яе цяпер шырока раскрытымі, амаль здзіўленымі вачыма, якія, як ні стараўся, не мог адарваць ад яе прыгожага, усмешлівага твару.
Пад канец дня, пад’язджаючы да Гродна, ён ужо ведаў, што не расстанецца з ёю — яна ўсё больш зачароўвала яго сваёй юнай пекнасцю і вабіла чымсьці загадкавым і таямнічым, для чаго ён проста не знаходзіў назвы, але што адчуваў няспынна. Пра яе дарожнае здарэнне яны не гаварылі, здаецца, яна забылася пра яго і толькі аднойчы заклапочана варухнула броўкамі, калі перастаўляла на паліцы свой чамаданчык.
— I нават бялілы забралі. Татку везла. У нас цяпер бяліл не дастаць.
— А што, бацька — маляр?
— Мастак,— проста сказала Янінка,— А з фарбамі цяпер кепска. Раней мы фарбы з Варшавы выпісвалі.
Нарэшце цягнік прыбыў на станцыю Гродна, і яны, трохі хвалюючыся, сышлі на перон. Янінка са сваім пустым чамаданчыкам у руках павяла іх да штаба арміі, які быў ёй па дарозе. Але ў штабе, апроч дзяжурнага, нікога больш не аказалася, трэба было чакаць да ранку. Пераначаваць можна было тут або ў гарнізоннай гасцініцы, лейтэнанты, аднак, не сталі шукаць гасцініцу і прынеслі свае рэчы ў нейкі маленькі, падобны на капцёрку пакойчык з трыма салдацкімі ложкамі каля сцен. Тамолка адразу ж пачаў уладкоўвацца на тым, што стаяў у куце пад нішай, а Ігар, крыху выцершы з ботаў пыл, заспяшаўся на вуліцу, дзе на бліжэйшым рагу пад каштанам яго ўжо чакала Яніна. Яна шчыра ўзрадавалася яго паяўленню і яшчэ болей таму, што ён быў вольны да заўтра, і яны пайшлі па вечаровае вуліцы горада, усё ў якім было для яго незвычайна цікавае.