Поўны збор твораў. Том 5
Аповесці
Васіль Быкаў
Памер: 544с.
Мінск 2006
лем ён працінаў лейтэнанта да сляпучай цемры ў вачах. Але Півавараў быццам някепска перавязаў яму грудзі, ад прысохлых да ран бінтоў хоць і было балюча, але яны не давалі спаўзці перавязцы, кроў з ран болей не ішла. Калі б толькі не гэта д’ябальская пякотка ўнутры...
Ён імкнуўся ісці як мага хутчэй, і цяпер паказчыкам ягонай хуткасці была лазня. Ледзьве стоячы на нагах, ён зрабіў ужо чатыры або пяць прыпынкаў, кожны раз азіраючыся, але лазня, бы знарок, усё чарнела і чарнела ў прыцемку, з вялікім нежаданнем аддаляючыся ў ноч. Мінула, напэўна, не менш за гадзіну, перш чым шэры паўзмрок канчаткова праглынуў яе.
Навокал быў снег, вецер і поле — і тады ён зразумеў, што быццам бы дасягнуў сярэдзіны шляху, цяпер вярнуцца ён бы ўжо і не здолеў, на гэта ў яго проста не было сілы. Болей ён не азіраўся, ззаду ўжо нічога для яго не было,— усё добрае ці благое чакала яго наперадзе.
Потым ён два разы запар упаў, проста не ўтрымаўся на сваіх аслабелых нагах, уставаў не адразу — спярша аддыхваўся на снезе, трываючы боль у павярэджаных ранах. Другі раз яму не пашчасціла і яшчэ болей — упаў дужа нязручна, спіной; балявы ўдар быў такі моцны, што на нядоўгі час, здаецца, лейтэнант страціў прытомнасць. Пасля ён ачнуўся, але доўга ляжаў на снезе, увесь час адчуваючы пад сабой мулкі кругляк гранаты. Але ўсё ж ён намогся яшчэ, каб падняцца, сесці, пасля, хістаючыся, стаць на ногі і зрабіць некалькі першых, самых няўпэўненых крокаў.
Ён стараўся ні пра што не думаць, ён нават не вельмі глядзеў па баках, усё роўна там няшмат было відаць, затое ён не адрываў позірку ад снегу, на якім цягнуліся глыбокія сляды Піваварава. Яны ішлі ўсё ў адным напрамку; здаецца, баец даволі ўпэўнена памятаў іх шлях з учарашняй вёскі і хутка ішоў да яе. Іваноўскі цяпер болей за ўсё баяўся, каб не збіцца з гэтага следу.
А збіцца было няцяжка, асабліва калі падступала чарговая хваля знямогі і цямнела ўваччу. Але тады ён спыняўся, утыркаў у зямлю вінтоўку, падпіраў сябе яе драўляным прыкладам і чакаў, пакуль пройдзе немач. Апроч таго, яму
надта дакучаў вецер — не даваў глядзець наперад, выціскаў з вачэй слёзы; часам яго моцныя парывы так штурхалі Іваноўскага, што той, хістаючыся, ледзьве не падаў долу. Але ён упарта супраціўляўся ветру, уласнай знямозе, болю. Ён разумеў, вядома, што наўрад ці спаткае тут Піваварава, хутчэй за ўсё ён ніколі больш не ўбачыць свайго байца, але ўсё роўна ён павінен быў прайсці той шлях, на які адправіў яго. Ён не мог пакінуць яго немаведама дзе і ратаваць сябе. Безумоўна, ён надта многімі рызыкаваў на гэтай вайне, мабыць, многія па яго волі знайшлі сабе на ёй смерць. Але гэтая яго рызыка мела адрозненне ад усіх папярэдніх — яна была апошняй, і таму Іваноўскі павінен дайсці да канца. Калі ў гэтай д’ябальскай сутычцы са смерцю ён не збярог многіх, дык ён не бярог і сябе, і толькі гэта апраўдвала яго камандзірскае права распараджацца жыццямі іншых. Інакшага права на вайне ён не хацеў прызнаваць. У горшым выпадку, перш чым загінуць самому, ён павінен пераканацца, што дзенебудзь у гэтым полі не сцякае крывёй яго Піваварчык.
I ён ішоў — хістка, расслаблена, раз за разам спыняючыся і абапіраючыся на цяжкую і доўгую вінтоўку Піваварава. Аднойчы, калі ад стомы падкасіліся ногі, сеў на снезе, доўга адпачываў. Але, каб падняцца потым, яму давялося патраціць столькі яго мізэрнай сілы, што болей ён не садзіўся і аддыхваўся, абапёршыся на прыклад вінтоўкі. Спыняўся ён цяпер праз кожныя чатыры або пяць крокаў. На болей у яго ўжо не хапала дыхання.
Яму зноў здалося, што ён прайшоў кіламетры два, не менш, і ён усумніўся ў правільнасці слоў Піваварава адносна адлегласці да гэтай вёскі. Цяжка было паверыць, што яна была за два-тры кіламетры ад іх лазні. Шкада, у гэты раз ён не ўзяў з сабою гадзінніка і не мог вызначыць часу. Але па нейкіх няўлоўных прыкметах яму здалося, што вёска недалёка, магчыма, ён быў ужо ля яе ваколіцы. Сляды Піваварава, аднак, усё цягнуліся і цягнуліся з прыцемак, здавалася, ім не будзе канца ў гэтым полі. Дзе цяпер мог быць сам баец, цяжка было ўгадаць, хоць Іваноўскі быў гатовы да самага горшага. Але магло стацца і так, што той, як і яны ўчора, уцёк ад пагоні і дзе-небудзь, паранены, ляжыць у полі.
Іваноўскі ледзьве не прайшоў паўз яго, бо сляды на снезе ўсё кудысьці вялі і наперадзе нічога не было відаць. Але раптам крыху ўбаку, у мутным цемрыве ночы сярод замеценага снегам быльнягу яго ўвагу прыцягнуў да сябе нейкі невыразны рух. Спярша ён і не паглядзеў туды, толькі матлянуў позіркам, але тут жа спыніўся, угледзеўся, і штосьці ў ім роспачна здрыганулася ўнутры. Ціха, амаль бязгучна на ветры матлялася нешта, падобнае на шматок паперы, хоць адкуль тут магла ўзяцца папера? Ён збочыў са слядоў Піваварава і, не ў стане адарваць позірку ад недалёкай быльняговае грыўкі, заплятаючыся ў снезе нагамі, павалокся туды.
Яшчэ зводдаль і неяк раптам ён згледзеў белы невыразны бугорчык у тым быльнягу, характэрную лінію чалавечага цела, чорныя халявы ботаў у снезе. I ён спыніўся. У галаве яго мільганула дзіўнае недаўменне — хто мог ляжаць тут, у начным полі, на сцюжы? Лейтэнант проста не адважыўся звязаць у думках тое, што ўбачыў, з яго Піваваравым, напэўна, вельмі недарэчна было бачыць у гэткай позе байца, здавалася, гэта нехта другі, выпадковы, чужы тут чалавек.
Але ўсё ж гэта быў ён, яго апошні баец, яго Півавараў. Ён нерухома ляжаў у разадраным сваім маскхалаце, без шапкі, з абсыпанай снегам стрыжанай галавой, раскінутымі нагамі. Лейтэнант не адразу заўважыў, што снег вакол быў густа патаптаны мноствам чужых ног і ў ім дзе-нідзе чарнелі маленькія круглячкі аўтаматных гільзаў.
Давалокшыся да быльнягу, Іваноўскі выпусціў з рук вінтоўку і ўпаў побач з байцом. Замерзлымі чужымі пальцамі ён ашчаперыў яго галаву, прыўзняў, але, запарушаная снегам, яна даўно, мабыць, страціла ўсе адзнакі жыцця і была проста мёртвай галавой чалавека, пазбаўленага ўсякага падабенства з яго Піваваравым. Іваноўскі пачаў абмацваць ягонае цела — падраны маскхалат змерзся ў крыві, ватоўка таксама прымерзла да акрываўленага цела, напэўна, з блізкай адлегласці расстралянага аўтаматнай чаргой. Снег пад Піваваравым таксама пабраўся цвёрдымі, намерзлымі камякамі.
— Што яны з табою зрабілі! Што яны зрабілі! — шапталі ягоныя вусны недаўменнае, марнае цяпер пытанне.
Але што яны зрабілі, і так было відавочна. Мабыць, на-
сцігнуты імі, Півавараў быў расстраляны ва ўпор. Магчыма таксама, што яны расстралялі яго параненым, на снезе, у гэтым быльнягу, і цяпер з мноства дзірак у яго ватоўцы тырчэла светлае клочча ваты. Кішэні штаноў былі вывернуты, гімнасцёрка на грудзях расшпілена, худыя скрываўленыя грудзі засыпаны снегам. Аўтамата ні ля яго, ні паблізу нідзе не было — аўтамат, напэўна, забралі немцы.
Зразумеўшы, што ўсё ўжо скончана і нікуды болей ісці не трэба, Іваноўскі абвяў, знясілеў і моўчкі сядзеў, паклаўшы рукі на снег. Побач ляжала змерзлае цела байца. Незвычайная апустошанасць авалодала лейтэнантам, ніводнага жадання, ніводнае выразнай думкі не з’явілася ў яго галаве. Хіба толькі недзе на сподзе яго пачуццяў ціхенька тлеў нейкі забыты вугольчык гневу. Гэты вугольчык, аднак, з часам разгараўся ўсё болей. Але ён ужо не меў канкрэтнай накіраванасці супраць кагосьці — хутчэй за ўсё гэта дагарала яго чалавечая крыўда на такі яго няўдалы канец. Цяпер Іваноўскі ўжо ведаў пэўна, што не ўратуецца, не праб’ецца да фронту, што і ягоная смерць будзе на гэтым жа полі, паміж дзвюх невядомых вёсак, і ніхто не раскажа людзям ні пра яго пагібель, ні пра гэты нямецкі штаб. Штабу, вядома, ніхто зрабіць нічога не зможа, таму што нашы далёка, а мёртвыя не маюць ніякай магчымасці што-небудзь зрабіць. I яму нічога не заставалася болей, як сядзець і чакаць, калі мароз і раненне адбяруць у яго апошнія рэшткі жыцця. Чымсьці гэта было нават зманліва, бо вызваляла ад знясільваючай барацьбы з немцамі, болем, сабой. Каб скончыць усё найхутчэй, варта было выцягнуць чаку з супрацьтанкавай яго гранаты і адпусціць планку... Яе моцны выбух разарве на шматкі іхнія целы, размяце вакол снег, вырые ў зямлі невялікую ямкуваронку, якая і стане іх навечнай магілай. Калі яго фінал задоўжыцца або акажацца нестрываны — відаць, так і прыйдзецца зрабіць. Іншага ўжо не заставалася. I няхай яму даруе Радзіма, людзі — не яго віна, што не выпала яму лепшай долі і не абышло яго тое самае страшнае на вайне, пасля чаго нічога болып не бывае.
Напэўна, ён бы неўзабаве і адубеў на марозным ветры і назаўжды застаўся б каля свайго напарніка, калі б у хуткім
часе да яго слыху не данесліся з ветранай цішыні дзіўныя гукі. Магчыма, слых быў самым вынослівым з ягоных пачуццяў і дзейнічаў да апошняй мяжы жыцця; менавіта слых болей за ўсё звязваў яго з навакольным светам. Спярша Іваноўскі падумаў, што яму здалося, але, услухаўшыся, ён адагнаў ад сябе ўсе сумненні — на самай справе дзесьці вурчэла машына. I ён успомніў, як недзе мінулай ноччу ў полі яны напаткалі дарогу, якая іх прывяла ў вёску. Але дзе яна магла быць цяпер, тая дарога, ён не меў уяўлення. Тым не менш дзесьці яна была — зусім непадалёк у начной шэрай цемры па ёй ішла машына. Лейтэнант прыўзняў голаў і доўга напружана слухаў натужны маторны гул, пакуль гэты гул зусім не прапаў удалечы.
Гэта нечаканая падзея растрывожыла ягоную амаль ужо супакоеную свядомасць, новае супярэчлівае жаданне нарадзілася ў яго душы. Ён перастаў думаць пра сваё няшчасце, увесь насцярожыўся, гнеўная яго роспач паступова ўвасобілася ў мэту — апошнюю мэту яго жыцця, якой ён не мог занядбаць. Эх, калі б гэта адбылося раней, калі ў яго было трохі болей сілы!..
Баючыся спазніцца, ён заварушыўся на снезе, падцягнуў пад сябе параненую нагу, неяк абапёрся на рукі. Спярша стаў на калена, а затым спрабаваў устаць на ногі. Але ён не здолеў утрымаць раўнавагі і ўпаў плячом у снег, глуха, працяжна завыў ад болю ў грудзях. Хвілін дзесяць ляжаў, сцяўшы зубы і баючыся глыбей уздыхнуць, пасля пачаў караскацца зноў. Пасля трэцяй спробы яму ўдалося, ён нарэшце падняў сябе на дрыготкія свае ногі, пахіснуўся, але ўсё ж не ўпаў. Ён забыўся ўзяць вінтоўку, якая ляжала воддаль, ля ног Піваварава, але цяпер у яго ўжо не было ўпэўненасці, што, нагнуўшыся за ёй, ён не ўпадзе зноў. Падумаўшы, ён так і не наважыўся нагнуцца, каб не ўпасці, а хутка, нібы з разбегу, пайшоў па снезе.