• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    За тыя пару гадзін, якія яны з Мікалаем прабылі ў штабе, Янінка паспела прыбрацца і цяпер была ў цёмнай ладнай спаднічцы і светлай шаўковай кофтачцы з маленькім белым каўнерыкам каля тонкай шыі, на яе нагах цвёрда пастуквалі высокія абцасікі модных туфляў. Прыбраная, яна здавалася старэйшай за свае юныя гады і вышэйшаю ростам — амаль упоравень з яго плячом. Яны ўсё ішлі вуліцай, і яму было невыказна прыемна, што яе тут многія ведалі і паважна віталіся: мужчыны — пачціва дакранаючыся рукой да капелюша, а жанчыны — ветлівым кіўком галавы з добразычліваю ўсмешкай на лагодных тварах. Яна адказвала з падкрэсленай ветлівасцю, але і з нейкаю няўлоўнай годнасцю і стрымана, напаўголаса апавядала яму пра тое цікавае, што траплялася ім на вуліцы.
    — Вось наша Раскоша, так яна раней называлася. Нічога асаблівага, але во царква, пабудаваная ў памяць забітых на руска-японскай вайне. Нізенькая, праўда, але вельмі акуратная цэркаўка. Я там хрысцілася. А далей, бачыце, такія смешныя домікі, вунь цэлы рад, з франтончыкамі накшталт петушыных грабеньчыкаў. Гэта дамы тэкстыльшчыкаў з Ліёна. Ага, не здзіўляйцеся. У васемнаццатым стагоддзі
    Тызенгауз выпісаў з Ліёна ткачоў і пабудаваў для іх такія самыя домікі, як у Францыі. Во стаяць і дагэтуль. A то вунь дом польскай пісьменніцы Элізы Ажэшковай, яна тут жыла і памерла. Ведаеце, цікава пісала.
    Гарадок яму сапраўды падабаўся сціплай, але абжытай утульнасцю сваіх брукаваных вулічак з вузенькімі, выкладзенымі пліткамі тратуарамі, якія былі дбайна аздоблены гладкімі каменнымі скосамі. На сценах многіх дамоў кучарава зелянеў вінаград, некаторыя з іх да трэціх паверхаў былі ўвіты яго ўчэпістаю лазой. Але болей за ўсё ён чакаў сустрэчы з расхваленым Янінкай Нёманам, які, як яна сказала, працякаў тут жа, дзелячы горад на дзве няроўныя часткі.
    Каля гатычнай грамады касцёла вуліца павяртала ўбок, і яны ціха пайшлі ўздоўж гандлёвых радоў і гарадской ратушы. На рагу пад каштанамі нейкая жанчына гандлявала марожаным, і Янінка, якая ўвесь час ішла поруч, лёгенька дакранулася да яго локця.
    — Ігар, можна мне папрасіць вас?..
    — Калі ласка,— са шчырай гатоўнасцю выканаць самую яе неверагодную просьбу азваўся ён.
    — Ведаеце, я даўно марыла... Ну гэта... Каб мяне хлопец пачаставаў марожаным.
    — Ах, марожаным!..
    Іваноўскі амаль жахнуўся, падумаўшы, які ж ён вахлак, калі сам не здагадаўся аб гэтым! Але ён, здаецца, і не заўважыў гэтай прадаўшчыцы, так быў захоплены вуліцай, радам каштанаў за агароджай касцёла, яму проста было няўцям, чаго магла пажадаць ягоная багіня.
    — Прошэ, паненка! Дзенькую гжэчнэго пана,— падзякавала прадаўшчыца, калі ён адмовіўся ад некалькіх капеек рэшты.
    — Дзенькуе, пані Вандзя,— у сваю чаргу цырымонна падзякавала Яніна, прымаючы з рук старой жанчыны вафельныя скрылёчкі з марожаным паміж імі.
    У канцы кароценькай вуліцы над ліпамі засвяціўся такі шырокі прасцяг, які можа адкрыцца толькі з вельмі высокага ўзгорка, і яны хутка выйшлі на каменны мост цераз роў. Гэта быў уезд у старажытны, з паўразбуранымі сценамі за-
    мак, па другі бок ад якога ў глыбіні парку высіўся раскошны палац за фігурнай рашоткай агароджы.
    — Замак караля Польшчы Баторыя,— урачыста аб’явіла Янінка.— А гэта Новы замак. А цяпер зірні вунь туды. Бачыш?
    Ён зірнуў цераз каменны, амаль у чалавечы рост парапет і ўнутрана ахнуў ад вышыні, на якой яны апынуліся. Далёка ўнізе па каменных прыступках лесвіцы рухаліся маленькія фігуркі людзей, якія расходзіліся па абодва бакі набярэжнай, што плаўна агінала бераг і дзесьці знікала пад густой навіссю дрэў.
    — Ну, бачыш? Як табе падабаецца? — хінучыся да ягонага локця, пыталася Янінка.
    Старажытныя, змураваныя з вялізных камянёў сцены замка, гэты цяжкі, аграмадны, перакінуты цераз каменную лесвіцу мост, вялізныя масівы зеляніны на пагорках, высачэзны, уладарны над горадам слуп гарадской каланчы паблізу, вядома, не маглі не спадабацца яму, і ён гатовы быў аглядаць усё гэта да вечара. А вось Нёман з такой вышыні ніяк не ўразіў яго — звычайная, сярэдняй велічыні, заціснутая высокімі берагамі, рака. Помніцца, азёрныя прасторы куды з большаю сілай краналі яго пачуцці. Затое Янінка была ў захапленні менавіта ад Нёмана і нязмоўчна шчабятала ля яго вуха:
    — Паглядзі, паглядзі туды. Бачыш, якое цячэнне! Бачыш быстрак! Вунь там, пад вербамі, такія віры! Ого! Толькі сунься — закружыць, панясе, не выберашся.
    Яны прайшлі трохі назад і па той самай гранітнай лесвіцы спусціліся да ракі. He, усё ж рака была цудоўная, мабыць, з вышыні ён проста не ацаніў яе належным чынам. На яе правым беразе зелянела добраўпарадкаваная, абсаджаная дрэвамі набярэжная, справа высіліся вялізныя, пакрэсленыя сцежкамі адхоны з рэштаю крапасных сцен наверсе. Рака плаўным паваротам хавалася за недалёкімі абрывамі, на якіх высіліся суцэльныя шапкі вербаў, там жа канчаўся горад, і далей сінеў хвойны лес, за які садзілася сонца. Яны памалу ішлі ўздоўж Нёмана, і Янінка ўсё гаварыла і гаварыла штось не вельмі абавязковае ў гэтую хвіліну вечаровага
    хараства, а ён думаў, як усё ж дзіўна ўладкавана жыццё. Да сённяшняй раніцы ён і не падазраваў аб яе існаванні на гэтай зямлі, выпадкам убачыў яе ў Баранавічах і звярнуўся з дурным, па сутнасці, жартам, з якім, напэўна, не павінен быў бы звяртацца выхаваны малады чалавек. А цяпер вось, прабыўшы з ёй дзень, ён не ведаў ужо, як быць далей — далейшае жыццё без яе проста траціла для яго ўсю сваю радасць.
    Яны доўга ішлі так па беразе і, калі сонца зусім схавалася за зубчастаю сцяной лесу, павярнулі назад да горада. Слухаючы часты перастук яе абцасікаў побач, ён невыразна адчуваў, як штосьці ў ягоным жыцці дзівосна перайначваецца, набываючы невядомы, але вельмі дарагі яму сэнс. I ён быў рады таму, амаль шчаслівы. Побач ледзьве прыкметна струменіла бліскучая гладзь Нёмана, людныя ўдзень берагі нанач прыкметна пусцелі, стомленыя за дзень рыбакі адзін за адным складвалі свае вудзільны і ішлі ў горад. Між цёмных узбярэжных камянёў ціха плёхалі дробныя хвалі і зыбка гойдаліся чорныя, поўныя смалістага паху чаўны. Аграмадныя вербы, навісшы над набярэжнай, клалі на яе густы змрок, у якім адзін за адным знікалі прахожыя. У паветры чуўся саладкаваты пах дыму і даносілася прыціхлае вечаровае дыханне горада.
    У густым летнім змроку цёплае ночы Янінка прыкметна пасмялела, напэўна, канчаткова адолеўшы тое, што раздзяляла іх удзень, і цяпер ішла зусім поруч, лёгенька дакранаючыся пальцамі да яго локця. Неяк неўпрыцям для яго яна перайшла на ты, і ён таксама некалькі разоў сказаў ёй ты, абаім стала надзіва проста, канчаткова знікла дзённая няёмкасць і незразумелая нацягнутасць, якая нядаўна была між імі.
    Як толькі яны ступілі пад вербы, у густы, вільготны змрок ночы, Янінка, нічога не кажучы, раптам кінулася лезці кудысь па травяністым схіле ўгору. Ён спыніўся ў нерашучасці, ашчаджаючы свае хромавыя выхадныя боты, але яна з цемры падбадзёрыла яго — давай, давай! — і сама хутка палезла між калючых кустоў, усё вышэй, на кручу. Ён не бачыў, што было наверсе, паўнеба там закрывала нешта, падобнае на раскідзістую крону дрэва, але ён адчуў у яе голасе змоўніцкі
    азарт таямніцы і таксама палез у зараснікі. Скінуўшы з ног туфлі, Янінка караскалася ўсё вышэй, зводдаль прыгаворваючы яму напаўголаса:
    — Зараз ты нешта пабачыш. Зараз, зараз...
    Праз якую хвіліну ён адолеў самае крутое месца і хоць абадраў да крыві руку, але ўзлез на край нешырокай, абнесенай рашоткай тэрасы, ад гладкіх камянёў якой яшчэ ішло прыемнае дзённае цяпло. Побач, закрыўшы палову неба, высілася магутнае старое дрэва і паднімалася стромкая сцяна нейкай будыніны. Вакол было ціха і цёмна, знізу, з-пад вербаў, ледзьве даносіўся ціхі плёск Нёмана, пахла вапнай ад сцен і кропам з недалёкіх, напэўна, гародаў.
    — Ну, ты зразумеў? Ты зразумеў, што гэта такое?
    — А што?
    — Каложа — во што! Дванаццатае стагоддзе, ты зразумеў?
    — Цяпер зразумеў. Але каб паглядзець...
    — Пабачыш! — проста запэўніла Янінка.— Паспееш. A цяпер ідзі сюды...
    Яна зноў матлянулася ў цемру, лёгенька пралезла праз негустую рашотку агароджы, нырнула ў пралом у сцяне, і яе светлая кофтачка зусім знікла ў змроку. Каб не згубіць яе, ён заспяшаўся следам, пакуль не апынуўся на невялікім глухім травяністым двары. Неба тут спрэс закрывалі дрэвы, было цёмна, і ў гэтай цемры ледзьве ўгадвалася шэрая сцяна побач. Прыслухоўваючыся да наваколля, замерла побач Янінка. Але вакол было ціха, бы ў склепе, і яна падкралася да нізенькіх дзвярэй у нішы. Там паклала ў доле туфлі і, пацягнуўшы да сябе дзверы, па-змоўніцку шапнула яму: «Лезь!» Ён ледзь прашчаміўся ў вузкую шчыліну, затым знутры таксама патрымаў дзверы, каб магла пралезці яна. Калі дзяўчына апынулася побач, дзверы самі сабой зачыніліся, і абаіх агарнула такая цемра, што ён зусім перастаў бачыць яе, і, каб не згубіць, лёгенька прытрымліваў яе за плечы. У насцярожанай цішыні ўверсе штось заварушылася, залапатала.
    Янінка здрыганулася ў ягоных руках, але тут жа паспяшалася супакоіць яго:
    — He бойся: то галубы.
    Я не баюся,— шэптам адказаў Ігар, хоць яму было і цікава, і страшнавата адначасна.
    — Гэта іканастас, гэта аналой. А тут вось...
    Нячутна ступаючы ў цемры па каменнай шархоткай падлозе, яна падвяла яго да нейкай сцяны, дзе прымусіла сесці, затаіцца, а сама, прыўстаўшы, крыкнула:
    — О-о!
    — О-о! О-о! О-о! — адгукнулася ў розных месцах мноствам таямнічых галасоў, ад якіх яму зусім ужо стала страшна.
    — О-о-о! — паўтарыла яна мацней.
    — О-о-о-о! О-о-о-о!..— пакацілася кудысьці далей, мабыць, пад нябачныя ў цемры скляпенні прытвораў, і нарэшце заглухла ўгары, напэўна, у званіцы.
    — Галаснікі, зразумеў? — ціха шапнула Янінка.
    — Якія галаснікі?
    — He ведаеш? Эх ты!.. Ідзі сюды... Во сюды, сюды...
    Яна зноў павяла яго ў цемру, трымаючы за руку, як відушчы водзіць сляпога, дзесьці спынілася, лёгенька таўханула ў бок.
    — Во, мацай. Ты ж вялікі, напэўна, дастанеш?
    Ён пачаў мацаць цагляную сцяну, пакуль не наткнуўся рукамі на нейкія гладкія, адпаліраваныя дзіркі ў ёй, але зразумець нічога не мог, хоць ні пра што не пытаў ужо і не дзівіўся. Ён ужо прывык за сённяшні дзень да такога мноства загадак і ўражанняў, што, каб разабрацца ў іх, напэўна, патрэбны быў час.