• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Ладна, дай і яму,— махнуў рукой Брытвін. Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.
    — Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла! Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса
    яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.
    — Hi павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.
    — Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рэзка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!
    Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.
    — А ты нам не ўказ! He камандзір, каб указваць.
    — Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў?.Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!
    — Маё дзела. He табе папракаць. Смаркач яшчэ!
    — Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін,— Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!
    Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур’ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую танную прынаду яго не возьмуць.
    — Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?
    — Гэта каго?
    — Міцю, каго!
    Брытвін выразна хмыкнуў.
    — Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.
    — А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? — хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.
    — А ты што, недавольны?
    — Давольны!
    — Слава богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?
    «Ах, вось што!» — мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа, Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада зэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.
    — Маслакоў не гнаў! — амаль крыкнуў, зрываючыся на сварку, Сцяпан. — Маслакоў вёў! Гэта ты гнаў!
    — Каго я гнаў?
    — А Міцю! Успомні!
    Ну так і ёсць! Тут ужо стала пэўна, што Сцёпка трапіў у яго балючае месца.
    Распяразаны, босы, Брытвін раптам ускочыў і ашчэрыўся на хлопца.
    — Ах ты, сапляк! Абгаварыць хочаш? У мяне во — сведка! Ану, хай скажа: гнаў я ці ён сам пайшоў!
    — Сам, сам! — хуценька пацвердзіў Даніла. — Прасіў Хрыстом-богам. Каб, значыць, за бацьку апраўдацца.
    — Паняў? Паліцэйскага сынок да таго ж! He забудзь. Сцёпка маўчаў, трохі збянтэжаны гэтым неспадзяваным паваротам спрэчкі. Так, тут яны мелі рацыю. Прасіўся, гэта праўда. I што паліцаеў сынок, таксама праўда. Але што ж тады атрымліваецца?
    — Выходзіць тады, гэты паліцаеў сын мост узарваў. А не мы. Так?
    — He, не так! — цвёрда сказаў, як адсек, Брытвін.— Мы ўзарвалі. Мы арганізавалі ўсё і кіравалі. Я кіраваў. Ці ты з гэтым не згодзен?
    Сцёпка не ведаў чаму, але з гэтым ён сапраўды быў не згодны, хоць і пярэчыць болей не стаў. Мусіць, для сваркі з гэтым чалавекам ён быў слабак. Нешта ў яго галаве пераблыталася, усе гэтыя ўзаемазалежнасці і складанасці, і без таго не дужа зразумелыя яму, цяпер і зусім прыцьмелі — не разабрацца. Толькі нейкаю самай упартай і самай чуйнай часткай свае душы ён адчуваў, што Брытвін махлюе, і ён нізашто не мог памірыцца з ім.
    Даніла пад штабелем драў жоўтымі рэдкімі зубамі кавалак мяса:
    — Гэта самае... Каб не яны, — кіўком барады ён паказаў на Брытвіна, — каб не яны, усё прапала б.
    Сцёпка падняў голаў і, адчуўшы нешта загадкава-важнае ў гэтых словах, утаропіўся на Данілу.
    — Ага. Калі конь падбрыкнуў на мост, яны бабахнулі, і гатова. Якраз пасярод моста.
    — Karo? Каня?
    — Ну! Таго Росліка. Во снайпер, а-яй! — набраўшыся голасу, басавіта гаманіў Даніла.
    У шумлівай і хісткай Сцёпкавай галаве, мусіць, са спазненнем, але надта выразна бліснула проста неверагодная здагадка, аслеплены якой, хлопец хвіліну не мог вымавіць слова. Ён толькі глядзеў то на Брытвіна, то на Данілу. Але спакваля ўсё станавілася на свае месцы, і ён ужо зусім пэўна пачаў разумець, чаму не пабег разам з ім Міця: хлопец кінуўся ратаваць Росліка.
    А яму, дурню, здалося, што ў каня страляў паліцай.
    — Падлюга! — адчуваючы, як нешта лютасцю ўзгарэлася ў ім, закрычаў Сцёпка. — Падлюга ты! Паняў?
    Амаль не валодаючы сабой, Сцёпка ўскочыў на ногі, сашчэпленыя ў кулакі яго рукі дрыжалі, і ён задыхнуўся ад бяссільнага абурэння. Брытвін хвіліну сядзеў, нібы таксама збіты з панталыку ягонымі словамі.
    — Ах, во як! — урэшце зразумеў ён і таксама ўскочыў на шынялі. — Здаць аўтамат!!
    Цяпер ужо апешыў Сцяпан.
    — Аўтамат? А ты мне яго даваў?
    Брытвін памкнуўся да хлопца, але Сцёпка, апярэдзіўшы яго, з нетаропкаю ўпэўненасцю нагнуўся і ўзяў з долу свой новенькі, з лакіраванай ложаю ППШ.
    — Здаць аўтамат! — гняўліва патрабаваў Брытвін.
    — А хрэна вот!
    — Ты што, блазнота! Выпіў, дык бунтаваць? Проці камандзіраў ісці?
    — Ты не камандзір! Ты — жулік!
    — Ах, так!
    Стычка прымала новы абарот. 3-пад штабеля са спуджаным тварам таропка і няспрытна ўзграбаўся Даніла. Брытвін, счакаўшы секунду, моўчкі павярнуўся і рашуча схапіў прыхінутую да бервяна яго трохлінейку. 3 ёй ён упэўнена сігануў да Сцёпкі.
    — He падыходзь! — крыкнуў Сцяпан і пад штабелем адступіў на адзін крок.
    Але Брытвін і яшчэ сігануў з нарыхтаванай вінтоўкай у руках — увесь зацяты, напружаны і рашучы.
    — He падыходзь, кажу! — амаль з роспачнай лютасцю папярэдзіў Сцёпка і скінуў з пляча аўтамат. Ад шалёнасці і хвалявання ён цяжка, задышліва дыхаў, заходзячыся ў крыўдзе, што іх двое на яго аднаго.
    Брытвін на момант спыніўся, самкнуўшы настырчаныя бровы, з лютасцю ў вачах, затым раптам шырока скочыў і апынуўся насупроць. Сцяпан тузануў рукаятку — затвор шчоўкнуў у цішы, стаўшы на баявы ўзвод. Дзеручы аб дравіны плечы, Сцёпка ціснуўся спіной да штабеля.
    У азвярэлых вачах Брытвіна слізганула нерашучасць. Але зараз жа яны ўзгарэліся яшчэ болыпым шаленствам, ён зрабіў рэзкі выпад наперад і адначасна ўзмахнуў вінтоўкай. Сцёпка ўгнуўся, ды няўдала: боль электрычным ударам пранізаў яго ад скуляной шыі да пят, па плячах пацякло штось гарачае. Хлопец ледзьве не выпусціў аўтамат і сцяў зубы. Злосная крыўда пыхнула ў ім з новаю сілай, не сваім голасам ён крыкнуў: «Сволач!» — і, захліпнуўшыся, пырануў ад сябе аўтаматам. Кароценькая, у тры кулі чарга пругка пырснула ў лесавой цішыні.
    Брытвін раптам выпусціў вінтоўку, угнуўся, абедзвюма рукамі схапіўся за жывот і, хістка ступаючы, пачаў хіліцца долу.
    У гарачцы хлопец яшчэ нічога не паспеў зразумець — ён толькі адчуў, што сталася бяда, — як ззаду штось дыхавічна хакнула, і шырокія чужыя рукі сашчапіліся на яго грудзях. Сцёпка тузануўся, паспрабаваў вырвацца, але не хапіла сілы, і ён, тузаючыся і жахліва слабеючы, асядаў пад цяжарам, пакуль не ўваткнуўся тварам у імшысты дол.
    — Блазнота! Страляць? Ах ты!..
    — Вяжы яго! Рукі вяжы! — сіпеў побач плаксіва-разлютаваны голас.
    Даніла без пільнай патрэбы помсліва крутануў яго на зямлі, болей падламаў рукі, каленам бязлітасна ціскануў у рэбры ніжай лапаткі — у хлопцавых вачах бліснуў і расплыўся жоўта-агнявы круг. Сцяпан захліпнуўся, але змаўчаў, з усяе сілы трываючы боль і задыхаючыся ад кіслага смуроду імшарыны, які раздзіраў яго грудзі.
    18
    А цяпер вось тут сядзі. Відаць, і сапраўды яго расстраляюць.
    Сонца з-за яліны лагодна высвечвае адзін бок ямы — робіцца цяплей. Лес наўкола ваўсю поўніцца гукамі: чуваць, гамонячы, строіцца кудысь група партызан — мабыць, на чарговае заданне; хтосьці з пасыльных, аклікаючы па дарозе знаёмых, шукае начальніка гаспадаркі Кляпца; з другога боку адпрагаюць каня — бразгаюць кінутыя на дол аглоблі, і рыпіць хамут. Чуваць рэплікі і смех людзей. Новы вартавы не-не ды і падыдзе да ямы — мусіць, зазірне ў яе: на земляныя камякі ўскрайку тады кладзецца яго рэзкі зламаны цень і тут жа знікае. Хоць ён і суцяшаў Сцёпку, але, мабыць, размаўляць яму з арыштантам не хочацца, і хлопец адчувае гэта. Нейкая страхавітая адчужанасць ужо аддзяліла яго ад астатніх, колішніх яго суседзяў і таварышаў па атрадзе, і паставіла ў асаблівае становішча — крыўднае і пагрозлівае. Што ж, мусіць, ён вінаваты.
    Наверсе, мяркуючы па гуках, нічога асаблівага не адбываецца, там з поўнай абыякавасцю да яго ідзе заўсёднае атраднае жыццё. I таму зусім нечаканы знаёмы голас прымушае яго здрыгануцца.
    — Во дзе яны! Шукаў, шукаў...
    — Чаго шукаць! Вунь кухня.
    Сцёпка непрыемна сціскаецца ў камяк — гэта ўжо па яго, пэўна. Але чаму Даніла?
    — Ну, дзе ён? Сядзіць?
    У зямлі добра аддаюцца крокі, абодва з вартавым яны
    ідуць да ямы, і неўзабаве Сцяпан бачыць над сабой знаёмыя Данілавы касмылі. Ну, што яму яшчэ трэба?
    — Во пасадзілі! Як ваўка. Га! На, есці прынёс.
    У яму звешваецца на драцяной дужцы зроблены з нейкае бляшанкі кацялок, на краі яго свежы, трохі падсохлы пацёк куляшу. Пах ежы адразу забівае ўсе іншыя, затхлыя пахі ямы. Адчуўшы на хвіліну радасць, Сцёпка бярэ кацялок і заціскае яго між калень.
    — Лыжка ёсць?
    Лыжка ў яго ёсць, ён дастае яе з кішэні — сваю даўнюю алюмініевую карміцельку з коратка абрэзаным тронкам, выцірае пальцамі ад крошак і пачынае есці. Даніла сядае над ямай. Побач стаіць вартавы.
    — Знаю я гэтага Брытвіна, — кажа ён. — Занудлівы, не дай бог. Вунь зімой Маланчука ў Падасінавіках застрэліў. Нібыта за парушэнне дысцыпліны. Нягоднік ён.
    — Нягоднік, — лёгка згаджаецца Даніла, і Сцёпка ажно папярхаецца ад здзіўлення: глядзі, як хутка перамяніў думку! Ён коратка пазірае знізу ўгору: Даніла нетаропка ладзіць цыгарку — на яго касмылявым твары не разабраць што.