• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Сцёпка здорава ўгрэўся, пакуль бег, але цяпер, заняты ўвагай да моста, не здагадаўся нават расшпіліць гузікі ды зняць шапку. Трохі спачыўшы ў засені, ён зразумеў, што, мабыць, давядзецца паляжаць тут доўга: на дарозе ў сасонніку яшчэ нікога не было відаць. Затое з боку мястэчка неўзабаве паказалася нейкая фурманка, якая хутка каціла дарогай да моста. Яшчэ праз нядоўгі час стала відаць, што гэта брычка; запрэжаны ў яе ладны буланы конік рухава кідаў капытамі, наравіста выгінаючы прыгожую, з коратка падстрыжанай грывай шыю. Сцёпка сцяміў, што гэта хтосьці з начальства. Сапраўды, хутка брычка ненадоўга спынілася каля тых, што капалі, там жа апынуўся і вартавы; не злазячы з сядзення, чалавек у шэрым паліто нешта загаманіў, другі, з лейцамі ў руках, сядзеў ля яго моўчкі. Неўзабаве, аднак, ён заварушыўся, гукнуў на каня, і брычка з ціхім стукатам пакацілася па дашчаным насціле моста.
    Сцёпка шчыльней прытуліўся да зямлі, нават зацяў дыханне; яны праехалі зусім блізка ад яго, але нават не зірнулі ў яго бок, і Сцёпка ўздыхнуў, з прыемнасцю адчуваючы вясновыя пахі зямлі.
    Зноў пацягнуўся час. Сонца ў небе павольна падымалася над лесам; мабыць, было ўжо гадзін дзесяць, калі не болей. Сцёпка часцей, чым на мост, пазіраў цяпер назад, на дарогу, чакаючы ўбачыць там Міцеву фурманку з Рослікам. Але там доўга нікога не было, і хлопца пакрысе пачаў агортваць неспакой: ці не здарылася што на дарозе?
    Вартавы разы тры прайшоўся сюды-туды па мосце і зноў завярнуў у гэты канец. Правай рукой ён высока, ля самага
    пляча, перахапіў рэмень, а левай, заклаўшы яе назад, ашчаперваў ложу карабіна, які, мабыць, добра ўжо намуляў за змену яго худое плячо. Ён нетаропка пашкандыбаў уздоўж па мосце, спыніўся ля паламанай парэнчы, і Сцёпка падумаў, што зараз паверне назад. Але паліцай чамусь не паварочваўся. Ён нават выняў левую руку з-за спіны і таксама перанёс яе на рэмень карабіна, нібы рыхтуючыся зняць яго з-за пляча. Адчуўшы штось новае ў паводзінах паліцая, Сцёпка азірнуўся і з-пад навіслай альховай галінкі ўбачыў, як з горкі ў хвойнічку шпарка і неяк весела нават коціць уніз знаёмы іх Рослік.
    Хлопец пасунуў бліжэй да сябе аўтамат, ямчэй упёрся локцямі ў чорны мяккаваты дол. Думкі яго набылі іншы, паскораны тэмп. Сам не хочучы таго, ён захваляваўся, адчуваючы, што зараз настане самае важнае. Праўда, ягонае напружанне трохі расслабілася ад здзіўлення, калі ён згледзеў на калёсах аднаго толькі Міцю: ні Данілы, ні Брытвіна там не было. He відаць іх было і ззаду, і нідзе паблізу. «Няўжо яны выправілі Міцю аднаго?» — падумаў Сцёпка. А мо там што здарылася? Здагадвацца, аднак, не было калі: фурманка хутка набліжалася, а паліцай стаяў у пачатку моста, і ў Сцёпкі аж схаладнела ўнутры: а раптам спыніць? Калі паліцай спыніць падводу, тады, мусіць, усё прапала.
    Сцяўшыся і нязручна падкурчыўшы ногі, Сцёпка праз вецце пазіраў то на дарогу з фурманкаю, то на мост, дзе ва ўпартай нязрушнасці ля зламанай парэнчы стаяў паліцай. I тады ў хлопца мільганула думка: а раптам гэтаю ноччу варту змянілі, паставілі новых, якія цяпер першы раз бачаць малакавоза? Вядома, тады ўжо яны яго спыняць. Але ж Міця недзе тут, блізенька ад моста, павінен падпаліць шнур — што ж тады здарыцца?
    Між тым, борзда патрухваючы, Рослік з фурманкай набліжаўся да кусцікаў. Міця высока сядзеў на адным з бітонаў, выглядаў ён спакойны. Праўда, трохі ненатуральным здавалася гэта яго сядзенне, хіба што так ямчэй было сапхнуць з задка міну. I зноў — ні ў фурманцы і нідзе паблізу нікога: Брытвіна з Данілам сапраўды не было. Няўжо яны засталіся ў сасонніку, ці, можа, з імі здарылася што кепс-
    кае? — дзівіўся Сцёпка. Вядома, ён прыкрые Міцю, калі на тое пасланы, але навошта тады яны? I на што ўвогуле ўсё гэта падобна?..
    I тут Сцяпан згледзеў над возам дым. Хлопец здзівіўся, нават спалохаўся, але неўзабаве сцяміў, што Міця пыхкаў цыгаркаю. Пыхкаў, аднак, няўмела, надта ўжо дымна і часта — незразумела было, ці для таго, каб падпаліць шнур, ці каб замаскіраваць ягонае гарэнне. Міця настойліва варушыў лейцамі, Рослік увішна бег, і фурманка на момант схавалася за навіслым суччам алешын...
    У Сцёпкі ад хвалявання нядобра закалацілася сэрца, спатнелі далоні, ён пасунуўся крыху ўбок, ствол аўтамата нацэліў на вартавога. Як на тое ліха, свежаваты вецер заматляў перад тварам галінкі, маладая лістота то адкрывала на момант, то зусім затуляла сабой паліцая. Але вось той ступіў з месца насустрач фурманцы і, нешта нягучна гыркнуўшы, зняў карабін. Міця саскочыў на дарогу.
    Фурманка спынілася, трохі не даязджаючы да вартавога, мо за які дзесятак крокаў ад моста. Рослік, выставіўшы наперад нагу, узяўся яе церабіць зубамі. Сцяпан у алешніку ўвесь сцяўся ад напружання — ён кепска разумеў, што адбываецца, але адчуваў, што брытвінаўскі план пляжыцца, што справа паварочвае ў другі бок і што цяпер, відаць па ўсім, настала ягоная чарга. Ён не ведаў, ці запаліў Міця шнур (павінен быў запаліць), але калі сапраўды той гарыць, то паліцай, як толькі падыдзе да воза, адразу ўсё згледзіць. Тады незалежна ад таго, будзе выбух ці не, хлопец загіне. Дужа хвалюючыся, каб як уратаваць хоць бы Міцю, Сцёпка скіраваў аўтамат панад насыпам і ціскануў на спуск.
    -Трр-р-р-р-р-рр-рт!
    Што адбылося далей, ён не адразу і сцяміў. Ён убачыў толькі, як ірвануў з месца Рослік — збіўшы, ці што, паліцая, конь з возам кінуўся па мосце наперад, задняе кола, мусіць, трапіўшы на выбоіну, дужа падскочыла, затрэсліся ўвязаныя вяроўкай бітоны, фурманка апантана загрукала. Ззаду на дарозе астаўся адзін толькі Міця, паліцай недзе знік. Хлопец памкмуўся быў за фурманкай, але ў нейкай няўцямнасці спыніўся, раскінуўшы ў бакі рукі.
    Сцёпка ўскочыў, каб бегчы, ды позірк яго напаследак ухапіў гэтую разгубленую постаць Міці, і ён зноў асеў за кустом. Ён хацеў крыкнуць хлопцу, каб той бег, ратаваўся, як раптам Міця скалануўся, нібы ад жаху, ад таго нябачнага, што ў гэты момант сталася на мосце. Сцёпка хуценька і трывожна выглянуў праз голле — Рослік, упаўшы ў аглоблях на пярэднія ногі, біўся аб насціл каленямі, спрабуючы ўстаць, высока і роспачна матляў галавой. У тое ж імгненне аднекуль збоку, нібы нават здалёк, да слыху запознена данеслася нягучнае «бах-х!». Сцёпку здалося, што гэта паліцай з-за насыпу, і ён зноў ірвануў да пляча аўтамат.
    Але стрэліць ён не паспеў.
    Міця апантана сарваўся з месца і, матляючы поламі свайго пінжачка, кінуўся па мосце. «Што ты робіш?!» — нема закрычала ўсё ў Сцяпане. 3 таго канца моста да фурманкі ўжо бегла трое паліцэйскіх, Рослік скроб заднімі нагамі па насціле, марна спрабуючы падняцца, воз перакасіўся, упёршыся адным колам у парэнчу...
    Сцёпка на каленях крутануўся з-за вецця ўбок, ловячы на мушку тых, што беглі, але яму не хапіла якое секунды, каб сумясціць яе з проразам, як магутная сіла выбуху кінула хлопца вобзем. На ўсю глыб скалануўся поплаў, цёплая смярдзючая хваля шаснула па кустоўі. Аглушаны Сцяпан нейкаю часткай пачуцця адзначыў, як штось важнае гэпнула паблізу на зямлю. Ён, аднак, тут жа ўскочыў, глытаючы горкую сліну навобмацак ухапіў ля сябе аўтамат. Клубы едкага рудога дыму ахінулі кустоўе, вочы тут жа заслала слязьмі, хлопец спатыкнуўся і зноў упаў на штось цвёрдае — пад нагамі, коса ўбіты ў зямлю, тырчаў абламаны брус ад парэнчы.
    Ён прабег трохі за алешнічкам — далей ад моста і дарогі, потым па лузе завярнуў да недалёкага знаёмага хвойнічку. Па ім не стралялі, усё наўкола замерла, аглушанае выбухам. Паступова Сцяпан адолеў сваё ўзрушэнне і ўпершыню азірнуўся: мост акурат пасярэдзіне быў разарваны вялізнай праломінай, з якой бязладна тырчалі ў бакі абломкі бярвён, дошак. Там жа нешта смылела — шызы, не густы дым слаўся панад рэчкай і поплавам.
    На мосце і каля яго не было ніводнай жывой душы.
    16
    Заграбаючы ботамі ў дробнай траўцы, Сцёпка ацяжэла трухаў да недалёкага ўжо сасонніку. Драціна на боце парвалася ці, можа, спаўзла, падэшва зусім адстала і па кожным кроку дакучліва ляскала. Аднак цяпер было не да падэшвы — удалося б вынесці ногі. На бягу ён колькі разоў азірнуўся: дарога з мястэчка ўжо закурэла пылам — некалькі конных імчалі да моста.
    Але наўрад ці яны дагоняць яго: ужо зусім блізенька лес, кустоўе, а ззаду рэчка з багністым берагам у трысці — хай паспрабуюць перабрацца цераз яе з коньмі. Праўда, яны маглі дастаць яго тут агнём, ды ўсё роўна ён перайшоў на крок: не хапала ўжо сілы бегчы — гаркота распірала грудзі, вочы заліваў гарачы салёны пот.
    — Хутчэй! Хутчэй ты! Бягом!..
    Сцёпка падняў разгарачаны твар — між хвойніку ў зялёным суччы варухнулася знаёмая галава ў пілотцы, Брытвін апантана махаў рукой і з прыцішанай злосцю патрабаваў цяпер ад яго:
    — Бягом!!
    Сцяпан аслабела затрухаў, кіруючы трохі ў бок ад свайго напрамку, туды, дзе быў Брытвін, і праз хвіліну, расхінаючы грудзьмі калючае сучча, уціснуўся ў хвойнік. Ззаду так і не стрэлілі ні разу, і ён не азірнуўся болей — дзе былі ў той час яго даганятыя, ён не бачыў. Ён імкнуўся цяпер хутчэй далучыцца да сваіх двух. Але тыя не дужа чакалі яго — зводдаль у сасонніку мільганула зялёпая ў ватоўцы спіна Данілы: не трацячы часу, яны цераз пагорак беглі далей.
    Цяжка тупаючы па мяккім іглістым доле, абдзіраючы твар у гушчары, Сцёпка вылез на выспачку і з палягчэласцю ў нагах пабег уніз. Тут ён зноў убачыў тых двух: Брытвін быў ужо на ўзлеску — коратка азірнуўся, матлянуў рукой: «хутчэй!» — і кінуўся на ніўку.
    Здаецца, яны адарваліся ад даганятых, ва ўсякім разе схаваліся з іх вачэй і сталі недасягальныя для іх агню. Можна было б уздыхнуць з палёгкай, нервовае напружанне збавілася. Як ні дзіўна, да Сцёпкі толькі цяпер, у сасонніку, дайшло, што наперакор усяму яны перамаглі. Мост узарваны, было
    чаго радавацца. Але радасць чамусь не прыходзіла, не было нават сціплага задавальнення, нешта яшчэ не ўсвядомленае замінала ўнутры, не давала нават завязацца радасці. Вядома, найперш — Маслакоў. Ён усё гэта пачаў, вёў іх, першы пайшоў на самае небяспечнае, а цяпер вось яны без яго. Мусіць, без Маслакова самая вялікая ўдача будзе для яго пазбаўлена радасці — Сцёпка пачаў адчуваць гэта амаль выразна. Зноў жа — падлетак Міця. Вядома, Міця — эпізод, хлопец на адзін дзень,— колькі такіх з’яўлялася на яго партызанскім шляху і ішло ў свой лёс: жыло ці нават гінула — якая яму была да іх справа?