• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — На каня я воз во які кладу! — падняў ён руку вышэй свайго росту.
    — Харашо, харашо. А каня як завуць?
    — Каня? Рослік. Двухлетак ён, малады яшчэ, але ладны конік. А разумны які!
    — Ну?
    — Яй-богу. Вот ад’едзеш куды, схаваешся, гукнеш: «Рослік!» — і бяжыць. A то як заржэ!
    — Глядзі ты! Як дрэсіраваны.
    — Ды ну! Хто яго дрэсіраваў. Гэта ж я ўсё даглядаю яго: і кармлю сам, і на выпас. У начлег тым летам вадзіў. Тады яго ў мяне немцы забралі. Раніцай вяду з Круглянскага лесу — едуць тры. Вярхамі. Ну і забралі. Думаў — усё: прапаў мой Рослік. Аж прыбягае ўночы. Чую — хрумстае хтось. Выходжу — ходзіць па двары, траву скубе. I повад парваны.
    — Да, замячацельны конь, — пагадзіўся Брытвін.
    — Ага. Толькі стрэлу баіцца. Ляціць тады, як шалёны.
    — Ну, хопіць хлапатаць — ідзі сядай, пагрэемся. Брытвін зняў з палак, мусіць, прасохлы ўжо шынелак і разаслаў яго на зямлі.
    — Сядай во побач.
    Відаць, ужо асвоіўшыся з партызанамі і прывыкшы да ягонай увагі, Міця задаволена апусціўся на край шыняля, цягнучы да агню скарэлыя рукі. Касцёр добра гарэў, пырскаючы іскрамі, наўкола стала горача, мокрыя рукавы хлопцавай світкі хутка задыміліся парай. Прытомлены і апанураны Сцёпка самотна сядзеў збоч, вяла слухаючы ажыўлена-сцішаную гаману хлапчука. Твар у яго быў маленькі, нейкі сцяты, нібы дзіцячы кулачок, з якога піпкай тырчаў кірпаты hoc. На доўгай, худой шыі з-пад світкі выглядваў зашмальцаваны зрэбны каўнер сподняй кашулі.
    — Слухай, а ты даўно малако возіш? — зацікаўлена пытаўся Брытвін.
    — Ды з вясны. Як лёд сышоў. Спярша Кузьмоў зяць вазіў, але яго ў паліцыю забралі.
    — За што забралі?
    — А хто яго ведае. За нешта забралі.
    — А тыя, што на мосце, цябе ведаюць?
    — Паліцаі? Ведаюць, а як жа. Усё чапляюцца: «Водкі прывязі». Асобенна гэты Роўба, што забілі.
    — Гарэлкі, значыць? — раздумна перапытаў Брытвін. — Ну, на гарэлку яны любіцелі. А малако не чапаюць?
    — Малако? Не-а,— сказаў Міця і сарамліва заўсміхаўся сваім маленькім тварам. — Я ў тое малако курачае ... сыплю.
    — Ды ну? Дзеля тлустасці, мусіць? Маладзец! Усхапіўшыся ад нейкае думкі, Брытвін сеў, саўгануў на патыліцу пілотку. I раптам сказаў:
    — Слухай, Міця! Хочаш мост узарваць?
    Сцёпка ад здзіўлення ажно разявіў рот, але тут жа падумаў: а праўда ж — хлопец мог бы памагчы. Міця, з выгляду ніяк не ўражаны пытаннем, адказаў проста:
    — Хачу. Каб было чым.
    — Ну, гэта не твой клопат. Гэта мы пакумекаем. Калі ўдасца — табе найперш аўтамат. Той вунь, з якім Барада паехаў. Далей — правіцельсцвенная награда. Ну, і ў атрад, вядома, з ходу. Я сам парэкамендую.
    Уважліва выслухаўшы Брытвіна, Міця ўздыхнуў.
    — Мне галоўнае — каб у партызаны. Бо мне ўжо дома неяк...
    — Гэта чаму?
    — Бацька ў мяне... Ну і хлопцы ў вёсцы чапляюцца. Мне ўжо неяк стала.
    — Так, зразумела. За атрад я ручаюся. Цяпер слухай мой план. Проста і ясна,— сказаў Брытвін, але змоўк і раздумна паглядзеў у агонь,— Хаця, ладна. Хай Даніла прыедзе.
    «Ну, што ж, хай прыедзе. Калі толькі ён прыедзе?» — расчаравана падумаў Сцёпка, які ўжо быў сабраўся пачуць план Брытвіна. Але той усё таіўся. Размова іх на тым перарвалася, стала ціха. Ад нерухомасці Сцёпку пачала адольвасць дрымота; вогнішча прыгравала твар і грудзі, а спіна стыла. Мусіць, нацёртыя мокрым каўняром, разбалеліся скулы на шыі. Сцёпка падумаў, што трэба б перавязаць шыю, ды не было чым. Боты і калені яго былі ў гразі, рукі таксама. Каб прагнаць дрымоту, хлопец устаў.
    — Ты куды? — зірнуў праз дым Брытвін.
    — Рукі памыць.
    Унізе, у беспрасветнай цемры кустоўя, булькатаў ручай. Шукаючы здатнай для спуску мясціны, Сцёпка пайшоў краем
    прагаліны, пакуль не наткнуўся на свежую, сіратліва аціхлую пад алешнікам магілку, і аж схамянуўся ў недаўменні. Ён усё не мог зразумець чагось і ніяк не мог прыняць гэту недарэчную смерць. Сённяшняе яму здавалася благім сном. Хацелася спадзявацца, што міне ноч і ўсё зробіцца як раней: ён убачыць жывога, рухавага Маслакова, які з добрай усмешыстасцю зноў гукне яго на заданне.
    Хапаючыся за галлё, Сцёпка збег да ручая. Тут было сыра і холадна. Нешырокі струмень вады старанна мыў слізкія камяні. Хлопец намацаў нагой адзін і схіліўся.
    He, Брытвін не такі. Ён жорсткі, нядобры, але справу сваю, здаецца, ведае. Гэты не спудлуе, думаў Сцяпан, апускаючы ў сцюдзёную ваду рукі. Яму надта хацелася цяпер удачы; пасля перажытага ён гатовы быў на новыя пакуты і рызыку, абы толькі расквітацца за іх няўдачу.
    12
    Даніла прыехаў ранкам, калі праяснілася неба над ровам і ў галлі навакол ваўсю ішла світальная птушыная гамана: цвіркатанне, цоканне, посвіст. Акрай прагаліны ў шэрай кучы вуголля ледзь цепліўся агеньчык, стала халаднавата; яны ўсе трохі падрамалі. Аднак конскі фыркат на ўзроўку адразу прагнаў дрымоту. Угары зашастала кустоўе, пачулася знаёмае глухое: «Стой ты, халера!» Дзеручы нагамі зямлю, з шэрых прыцемак на палянку ссунуўся рыжы запараны Рослік.
    Міця першы падскочыў да каня, залашчыў яго, гладзячы па шыі. Рослік задаволена стрыг вушамі і касіў блішчастае вока на Сцёпку. Сцёпка, аднак, глядзеў на ўзровак, як і Брытвін: там, няпэўны яшчэ ў ранішнім паўзмроку, цяжка варушыўся Даніла. Спярша яны не зразумелі, чаму ён затрымаўся, а пасля ўбачылі ў яго, сагнутага, нейкую ношу ў руках.
    Злезшы з узроўка, Даніла цяжка асадзіў долу амаль пад завязку напханы чымсь мех.
    — Вось! Ледзьве давёз, халера. Мокры, ці што?
    — Як мокры?
    Брытвін быў ужо побач, абое яны схіліліся над мехам. Даніла апусціўся на калені і кіпцюрамі пачаў калупаць тонкую вяровачку завязкі. Сцёпка, ды і Міця, ад якога не адступаўся Рослік, стаялі насупроць.
    Тым часам ужо без агню стала відаць уся прагаліна — шэрая, як і ўсё ў гэты світальны час, з расплывістымі ценямі людзей, каня; змрок паволі спаўзаў пад кустоўе, да ручая; неба ўгары ўсё яснела густым вясёлым блакітам — ранак збіраўся быць сонечны.
    Даніла развязаў мех.
    — Што такое? — адразу вырвалася ў Брытвіна. Запусціўшы руку ў мех, ён дастаў адтуль жменю нейкіх жаўтаватых драбкоў, угледзеўся, нават панюхаў. Выгляд ягонага твару быў амаль што разгублены.
    — Што ты прывёз?
    — Ды гэта самае... Тол. Ці як яго...
    — Якога хрэна тол? Аманіт? — сярдзіта запытаў Брытвін, шырэй разгортваючы край мяшка.
    — Ну. Аманіт бытта. Так казалі.
    — Дзярмо! Я думаў — тол. А гэтым што зробіш? Рыбу глушыць?
    Даніла вінавата стаяў збоч, пашкроб за каўняром, потым пад ватоўкай, за пазухай.
    — Казалі, бахае. Карчы ім на дзялянках ірвалі. Дык нейкую сілу мае.
    Брытвін маўчаў — з яўным недаверам на твары ён даследаваў аманіт: адламаў дробку, раскрышыў яе ў пальцах, зноў панюхаў і зморшчыўся — ад паху ці ад расчаравання. Сцёпка, са спадзяваннем гледзячы на яго, пераборваў у сабе сумненне: няўжо не ўдасца? Так усё добра сышлося: і Міця, і ахова, няўжо ж падвядзе ўзрыўчатка?
    — Падмочаны? Ну да. Зляжаўся, як гліна. Эх ты, галава калматая, купаў ты яго, ці што?
    — Чаму купаў? У яме ляжаў — дык вільгаці набраўся. Брытвін штось пашукаў наўкола вачмі.
    — Ану дай шынель!
    Міця паслухмяна збегаў да вогнішча па шынелак, і Брытвін шырокім рухам распластаў яго на траве.
    — Высыпай!
    Даніла вываліў усё з меха — на шынялі аказалася ладная куча жоўтае, з камякамі мукі, ад якой курэла рудым смярдзючым пылам. Усе чацвёра абступілі яе, Сцёпка таксама памацаў некалькі сыраватых драбкоў, якія лёгка раскрышыліся ў пальцах.
    — Ладна. Сушыць трэба! — падабрэла рашыў Брытвін. — Дзмітры, сядай на каня і дуй па малако. Дарога дзе?
    — Якая дарога? — не зразумеў хлопец.
    — Дарога, па якой возіш. Дзе, далёка адсюль?
    — He дужа каб. Можна выехаць. Па кусціках.
    — Давай! — прыспешыў Брытвін. — Мы чакаем. А тады дамовімся.
    — Добра.
    — Толькі глядзі: каб ніхто ні-ні! Ну.
    — Hi адна душа каб не сніла, не бачыла. А не — дык...
    — Знаю. Што я — не разумею? — гатовы быў пакрыўдзіцца Міця.
    Невялічкі і рухавы, ён павалок за сабой на ўзгорак коніка, які, цяжка хакаючы, каторы ўжо раз адолеў круты касагор. Кусты хутка схавалі іх, недзе там пачулася ціхае «тпру», потым тупат капытоў па сцежцы.
    Брытвін павярнуўся да Сцёпкі.
    — Давай па галлё! Паболей. Сушыць будзем.
    — Як сушыць? — заморгаў вачмі Даніла. — Ля агню?
    — На агні! — адрэзаў Брытвін. Даніла зусім знерухомеў.
    — А гэта самае... не ўзарвецца?
    — He бойся. А ўзарвецца — не вялікая бяда. Ці жытухі шкада?
    Замест адказу Даніла валюхаста пераступіў з нагі на нагу і пасунуў наперад сваю процігазную сумку. Там нешта грувасцілася, камякамі выпіраючы ў бакі, напяты раменьчык быў зашпілены на апошнюю дзірачку. Адшпіліўшы яго, Даніла дастаў ладны акрайчык хлеба.
    — А, гэта маладзец. Здагадлівы.
    — I во яшчэ, — задаволена буркнуў Даніла, варухнуўшы сумкай, з-пад вечка якой тырчала рыльца бутэлькі з самадзельнай папяровай затычкай.
    — Атлічна! Толькі пасля. He цяпер. Давай болей галля! Усе па галлё! — бадзёра камандаваў Брытвін.
    Сцёпка, глытнуўшы сліну, раптам на ўсю глыбіню адчуў свой пусты жывот і з неахвотай адарваў позірк ад Данілавай сумкі, якую той асцярожна паклаў ля шыняля. Аўтамат ён, пэўна, не збіраўся аддаваць і нават не знімаў яго з-за спіны. Сцёпку гэта пачало не падабацца, і ён ступіў да Данілы.
    — Аўтамат давай!
    Даніла павярнуўся, зірнуў на хлопца, потым, бы шукаючы падтрымкі, — на Брытвіна.
    — Ну, што глядзіш! Здымай, кажу!
    — Ладна, аддай, — прымірэнча сказаў Брытвін. Нехаця Даніла сцягнуў аўтамат цераз галаву, сапхнуўшы на траву шапку.
    Яны палезлі на ўзровак, бо паблізу ўжо ўсё было падабрана за ноч, ламачча трэба было шукаць далей. Даніла ў акуратнай ватоўцы і ботах зрабіўся зусім не падобны на сябе ранейшага, у сялянскім адзенні і ў лапцях. Набыўшы нейкі не ўласцівы яму зухаваты, вайсковы выгляд, ён нібы памаладзеў, хоць па-ранейшаму не траціў страхавіта-пагрозлівага выразу свайго касмылявага твару. Але касмылявасць не была навіной, многія насілі бароды і вусы, асабліва старэйшыя.
    Яны вылезлі з рова. Сцёпка трохі пакрыўджана маўчаў, Даніла, мусіць, адчуўшы тое, адсопся і запытаў:
    — Міну тэй хлопец павязе?
    — А я адкуль знаю?
    — Брытвін не казаў?
    — Мне не казаў, — буркнуў Сцяпан, не маючы ахвоты гаварыць з гэтым чалавекам.
    Даніла дабрадушна згадзіўся:
    — Гэты не скажа. Але я бачу...
    «Бачыш, ну, і ладна», — падумаў Сцёпка, забіраючы ў бок да яго. Яны разышліся па парасніку. За ноч трава ў доле трохі падсохла, лес таксама зрабіўся сушэйшы і болей прыветны, хоць сцюдзёныя кроплі не-не ды апякалі за каўняром скуру. Месцамі тут раслі елкі з бярозамі, і скрозь рас-