• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    — Ну ладна. Чаго ты? — сказаў ён Леўчуку. — Ну і што! Хай паплача. У кожнага нешта ёсць, каб паплакаць. У яе во сваё. Хай!
    Ляўчук сеў, і Клава сапраўды разы два хліпнула і рукавом гімнасцёркі выцерла вочы.
    — Прабачце. He ўтрымалася. Болей не буду.
    — Ты кінь так жартаваць,— сур’ёзна сказаў Ляўчук. — А то знаеш... I мы заравём, на цябе гледзячы.
    Вусны яе зноў скрывіліся, здавалася, яна зноў не ўтрымае ў сабе нейкую крыўду, і Грыбаед паспяшаўся запэўніць:
    — Нічога, усё добра. Галоўнае — дзіцёнак ёсць. Ладны такі. Вырасце. Вайна праклятая скончыцца, усё наладзіцца. У маладых усё хутка наладжваецца. Старому ўжо тупік, а ў маладых усё ўперадзе. He трэба ўбівацца. Каму цяпер лёгка? Мне, думаеш, лёгка? Каб мне вашае гора...
    — Да, — памаўчаўшы, сказаў Ляўчук. — Давайце пра што весялейшае... От магу расказаць, як я перад вайной ледзь не ажаніўся...
    Але Грыбаед, захоплены сваім, не адгукнуўся на гарэзную Леўчукову прапанову і ўсё сядзеў, нявесела пазіраючы перад сабой.
    — Век сабе не дарую: ну нашто я яго тады ў Выселкі ўзяў? Чаму я яго не пабіў, чаму ў зямлянцы не кінуў?
    — Ты гэта пра каго? Пра сына?
    — Ну. Пра Валодзьку. Век сабе не дарую...
    — А я вот сабе не дарую — бацькі не паслухаў,— ураз ажывіўся Ляўчук і сеў роўна. — Гэта ж я ў сорак першым дамоў прыбег,— добра, недалёка бегчы было ад Кобрына да Старобіна. Пад Старобінам вёска мая, Курачкі называецца. Як немцы растрыбушылі полк, ну, апынуліся дзе хто: хто ў шталагу, хто на ўсход падаўся, хто ў лес. А я да бацькі дамоў. Прыбег, вайсковае з сябе скінуў, цывільнае апрануў, памагаю бацьку, жыву. Бацька кажа: лепей хавайся, а я — дзе там! Герой! Каго я буду баяцца?
    Немцы няблізка, адзін паліцай на вёску — Казлюк такі ў нас быў — здыхля, недаробак, ходзіць з павязкай, драгунка на плячы. Дык што я буду яго баяцца? У мяне ў самога СВТ у варыўні пад страхой, калі што, я яго ўраз шпокну. I праўда, ён мяне не чапаў, пабойваўся. Але пад вясну такіх, як я, завуць у раён на рэгістрацыю. Некаторыя пайшлі, пабаяліся — і цю-цю! Забралі. Раз так, я за СВТ і ў лес. Во тады Казлюк і асмялеў. Прыехаў з бандай ды за бацьку. «Дзе сын?» — «Не знаю». — «Ах, не знаеш, то мы знаем!» I забралі бацьку. I цю-цю бацька. Праз мяне, героя. Дужа смелага. A каб прыхаваўся... Дык дзе ж мне бацьку паслухаць! Ён жа на печы сядзеў, а я паваяваў ужо...
    Малы пачаў нешта незадаволена варушыцца пад рукамі ў маці, затузаўся ў сваім шаўковым скрутачку, падаў ціхенькі плаксівы голас. Клава ўзяла яго — дужа беражна і няўмела, ціхенька прыгаворваючы нешта ласкавае, і Грыбаед панятліва сказаў:
    — Ага, давай, давай. Бач, есці хоча. Ну, а ты адвярніся, чаго не бачыў?
    Ляўчук адвярнуўся, Клава прытуліла дзіця да грудзей, трохі прыхінулася радзюжкай.
    — А і добра! Яй-богу, добра, — сказаў Ляўчук, зноў выцягваючыся на таку. — He было б вайны, была б у мяне жонка. Меў адну на прыкмеце, Ганькай звалі. Ды дзе там — ні Ганькі, ні жонкі. Вайна!
    — Божа! — з праніклівай набалеласцю сказала Клава. — Хіба гэта я думала, што такая вайна. Я ж сама пайшла, сама напрасілася. Браць не хацелі, ледзь не па блату ў радыёшколу ўладкоўвалася. Думала... А тут! Божа, колькі тут гора, колькі крыві ды смерці! Як толькі тут людзі трываюць, каторыя месныя! Ну мужчыны — яшчэ панятна. A то жанчыны, дзяўчаты, дзеці! Іх, бедных, за што — б’юць, сабакамі цкуюць, паляць? Ды яшчэ з такой лютасцю, такой нянавісцю!
    — Во таму і б’юць, — сказаў Грыбаед, усё ўставіўшыся позіркам кудысь перад сабой. — Бо без абароны! Партызанаў не дужа паб’еш — здачы даць могуць. А тут прыедуць, абкружаць, пагоняць усіх у клуб ці ў абору, нібы дакументы
    праверыць. Усе знаюць, што не дакументы, а ідуць. Спадзяюцца. Ужо і запруць дзе, а ўсё спадзяюцца: а раптам пужаюць? I ўжо страляць пачнуць — усё спадзяюцца: а можа, не ўсіх? Так да самай смерці ўсё спадзяюцца на лепшае. Каб яно спрахла, тое спадзяванне!
    — Ну няхай б’юць немцы... А каторыя нашы! Свае! Як жа ў іх рукі паднімаюцца?
    — Паднімуцца! — сказаў Ляўчук і сеў роўна. — Калі ўжо на такое пайшлі, форму надзелі, вінтоўкі ўзялі, дык мусяць, што ні скажуць. He адмовішся.
    — Але як жа пайшлі на такое? — не магла зразумець Клава.
    — Крыўда адолела на Саветы. Пакрыўдзіліся і падаліся да немцаў. А тыя спярша добранькія — я, я, паспачувалі ды вінтоўкі ў рукі. I загад: давай — пуф, пуф! Усё з маленькага пачынаецца.
    — Добра яшчэ, калі пад прымусам, — разважна сказаў Грыбаед,— Яно і відаць, калі па прымусу. Быў вунь у Зарудзічах выпадак, як палілі — адзін немец згледзеў пад печчу падлетка ды прыкладам яго, прыкладам, запіхаў у самы кут — сядзі! I гэны ўцалеў. Усіх пабілі, папалілі, а гэны ўцалеў. Немёц уратаваў. А каторыя, як звяры. Ад крыві, як ад самагонкі, шалеюць. Чым болей льюць, тым болей хочацца.
    — Божа мой, божа! — сказала Клава. — Дагэтуль во ўсё сама за сябе баялася, а цяпер удвая мне баяцца нада! За яго во! Такі маленькі!.. Залаціначка ты мая горкая, няшчасненькі ты мой дзіцёначак, як жа мне ўберагчы цябе? Чаго ж гэта доля наша такая?..
    Ляўчук з прыкрасцю ўскочыў на ногі — ён не выносіў скаргаў, тым болей жаночых, да якіх проста не прывык у жыцці.
    — Ладна табе плакацца! Выняньчым як-небудзь! Трэба во толькі добрае месца знайсці. Відаць, тут нікога не дачакаешся.
    — Дык яе ж рана яшчэ чапаць. Ляжаць ёй трэба,— зазначыў Грыбаед.
    — Хай ляжыць. I ты з ёй пабудзеш. А я пайду. Трэба дзе людзей пашукаць. Недзе ж яны павінны быць. He ўсіх жа перабілі. Мо засталося трохі.
    — У Круглянку трэба падысці. Цэлая была вёска. Гэта адсюль кіламетраў дзесяць.
    — Што ж, можна і ў Круглянку. У мяне там дзядзька знаёмы быў. На май разам паліцыю ганялі.
    — Або ў Шыпшынавічы. Але Шыпшынавічы невядома ці ўцалелі. Пры лесе стаяць.
    — Пры лесе наўрад... Дай кацялок, па ваду схаджу. Нешта піць хочацца.
    Грыбаед працягнуў руку за казанком, каб падаць яго Леўчуку, як Клава зноў здрыганулася і застыла, прыслухоўваючыся.
    — Што? — не зразумеў Ляўчук.
    — Чуеце? Чуеце?..
    — Ды што?.. — хацеў быў прыкрыкнуць на яе Ляўчук і сам схамянуўся: у ветранай паўдзённай цішы знадворку данёсся ціхенькі галасок губнога гармоніка. Ляўчук моўчкі схапіў аўтамат і сігануў да дзвярэй.
    11
    Дзверы ён толькі прыадчыніў на ступню і тут жа прыкрыў іх зноў — у вузкую шчыліну паміж палавінак і без таго было добра відаць, як па дарозе са спаленай вёскі каціліся дзве фурманкі з чорнымі седакамі ў іх. У руках і за плячыма гэтых седакоў у чорных пілотках тырчалі вінтоўкі, чуліся гоман, смех і ціхае піліканне губнога гармоніка. Ляўчук роспачна-злосна вылаяўся.
    — Што, што там? — спалохана пачала дабівацца Клава. — Немцы, ага? Немцы?
    — Немцы! — сказаў Ляўчук і раптам адскочыў ад дзвярэй. — Грыбаед — у той кут! Ты накрыйся! — сігануў ён да Клавы і тузануў з-пад яе галавы кажушок. — I ляжы! Ціха толькі. Яны міма едуць, — сам не надта верачы ў тое, што гаварыў, спрабаваў ён супакоіць сяброў.
    Грыбаед падаўся ў кут, знайшоў там шырэйшую шчыліну і стаў пазіраць на дарогу. Ляўчук прыпаў да шчыліны каля дзвярэй і не адрываў позірку ад дзвюх фурманак, якія шпарка кацілі да ручая, пераехалі яго і, уз’язджаючы на
    пагорак, пайшлі павольней. Ён палічыў седакоў — на пярэдняй фурманцы іх было чатыры і трое на задняй. Галоўнае цяпер было ў тым, спыняцца яны ля гумна ці паедуць далей?
    He, яны не паехалі далей — па гэты бок ручая фурманкі спыніліся. Нехта там штосьці гукнуў, мабыць, панямецку, нехта саскочыў на дарогу, і вось ужо ўсе пасаскоквалі з фурманак. У Леўчука нядобра зашчымела сэрца — адчуў, мусіць: з гэтага ліха ім проста не выкараскацца.
    — Грыбаед, чакай! Ціха!
    Але і без яго вокрыку ў таку было ціха. Клава, замест таго каб захінуцца, паднялася на каленях у саломе і, горнучы да сябе малога, напружана ўзіралася ў Леўчука. Грыбаед скурчыўся ля свае шчыліны.
    «Што яны, што яны будуць рабіць?» — нема перажываў Ляўчук неадчэпнае гэта пытанне, сочачы, як яны пабралі зброю, яшчэ нешта, распіхалі па кішэнях патроны і, пакінуўшы фурманкі на дарозе, рушылі па сцежачцы да іх гумна. Амаль з самага пачатку яны раздзяліліся на дзве чарады — адна скіравала сюды, на падворак, дзе былі дзверы тока, другая, меншая, пачала абыходзіць гумно з глухога ад алешнічку боку. Усё было б проста і нават банальна, калі б яны не паводзілі сябе неяк дужа спакойна — нетаропка, без усякае асцярогі, адкрыта ішлі па сцежцы. Менавіта гэтая іх неасцярога разам з няпэўнасцю іх намеру і давалі Леўчуку надзею — а вось не па іх? Можа, яны ідуць далей і пройдуць міма? Ахоплены насцярожанай увагай, ён сцяўся ля шчыліны, паставіў на баявы ўзвод аўтамат і вялікім пальцам памацаў пераводчык, каб упэўніцца, што той стаіць на аўтаматычнай стральбе.
    Чацвёра па сцежцы адзін за адным хутка падыходзілі к току. Іх бы так зручна было зрэзаць трапнай чаргой, але тая самая няпэўнасць іхняга намеру ўсё не давала Леўчуку рашучасці. А вось пройдуць далей — можа, да мяжы ў жыце, па сваіх нейкіх справах, бо адкуль ім вядома, што ў гэтым гуменцы сядзяць партызаны?
    — Ляўчук, што? Што? Дзе яны? — роспачным шэптам дамагалася ззаду Клава, але ён толькі варухнуў галавой.
    — Ціха!
    На нейкі час яны схаваліся за рогам тока, Ляўчук прыціснуўся лбом да шурпатага бока бервяна і не мог згледзець нічога. Але праз дзесяць секунд яны з’явіліся ўжо ля самай сцяны за маліннікам. Наперадзе ішоў рослы дзяцюк у суконным мундзіры з віслай ад цяжкіх падсумкаў папругай на жываце, з нямецкай вінтоўкай у адной руцэ. У другой ён трымаў цыгарку і, прыпыніўшыся, часта зацмыгаў з-пад пальцаў перад тым, як кінуць свой недакурак.
    Ён ужо быў на сярэдзіне іх падворка, але і тады яшчэ ў Леўчука тлела слабенькая надзея, што, можа, пройдзе сабе далей. Ляўчук напружана сачыў праз шчыліну за яго тварам, зыркія вочкі на якім спярша слізганулі ўздоўж сцяны тока, трохі зачапіліся на рагу, мусіць, за густы край малінніку і раптам спыніліся ў доле на іх цяпельцы, ад некалькіх галавешак якога яшчэ ішоў слабы, ледзьве прыкметны дымок. Ляўчук нема вылаяў сябе за неасцярогу, але было позна. Паліцай ступіў да дзвярэй, і тыя ціхенька рыпнулі.
    Ляўчук крутнуўся спінай да сцяны і ўскінуў аўтамат, аднак не стрэліў, усё яшчэ не ў стане расстацца з апошнімі імгненнямі свае надзеі, — ведаў: знадворку не вельмі ўбачыш у цемнаватым памяшканні тока. Але не паспеў яшчэ паліцай расчыніць дзверы, як каля сцяны насупраць мігнулася постаць Клавы, і ў напружанай цішы грымнуў адзін, другі, трэці стрэл. Паліцай выпусціў з рук вінтоўку і сам раптам нібы пераламаўся — упаў ці кульнуўся кудысь за маліннік. Ляўчук праз дошкі дзвярэй пстрыкнуў кароценькай чаргой наўздагон і, адчуваючы, што зараз стрэляць і ў іх, выцягся на земляным доле. Перад ім, забіўшыся пад сцяну за саломай, нервова калацілася з пісталетам у руцэ Клава.