• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 5 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 5

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 544с.
    Мінск 2006
    141.94 МБ
    Здаецца, яны да ранку пракараскаліся на гэтай бездані, a канца балоту ўсё не было. I тады наспеў час, калі яны ўсе спыніліся і змоўклі. Грузнучы ўсё глыбей, яны трымаліся за аглоблі і фурманку, а бедны іх конь выцягнуў наперад галаву, каб як дыхаць; здавалася, каб не воз ззаду, дык ён бы паплыў па гэтай багне. Толькі куды было плыць?
    Паганы чарвячок вінаватасці і сумнення заварушыўся ў душы Леўчука, які пашкадаваў ужо, што сунуўся ў гэта балота. Можа, сапраўды, лепш было б ехаць на грэблю — авось і праскочылі б. А цяпер ні ўзад ні ўперад, хоць ты чакай світання. Ці кідай тут воз і нясі на сабе гэтага дэсантніка. Добра яшчэ, што не скардзілася Клава, трывала ўсё моўчкі і ў меру сваіх сіл неяк яшчэ папіхала фурманку.
    — Во ўлезлі, дык улезлі!
    — Я ж казаў, ага, — ахвотна падхапіў Грыбаед. — Улезлі, як дурні якія, як вылезем цяпер?
    — Можа, з кіламетр праехалі, — азвалася ззаду Клава. — О божа, я ўжо не магу...
    — Трэба назад, — сказаў ездавы. — А то і каня ўтопім, і гэтага. Дый самі. Тут ёсць вокны — ого! Па галаву — і яшчэ застанецца.
    Ляўчук разгублена выціраў рукавом лоб і маўчаў. Ён сам не ведаў, што цяпер рабіць, куды падацца: назад ці ўперад. Ды і сілы ўжо амаль не заставалася ні ў каня, ні ў людзей, яны ўжо выматаліся як мае быць. Сапраўды, чым так выкладвацца, падумаў Ляўчук, лепш бы паспрабаваць паткнуцца на грэблю.
    — Чакайце! — крыху аддыхаўшыся, сказаў ён. — Я пагляджу.
    Ён зноў палез у багну, стараючыся як мага менш пялёскаць у ёй, і ў адным месцы так шугануў, мабыць, у акно, што ледзьве не схаваўся ў ім з галавой. Неяк усё ж выкараскаўся на купіну, але і купіна дрэнна трымала яго, усё ніжэй
    асядаючы пад ваду — на такой купіне не доўга ўседзіш. Тады ён рэзка павярнуў убок, як здавалася яму, не ўпоперак, a ўздоўж балота, бо ўжо думалася не пра тое, як хутчэй адолець яго, а хоць бы не ўтапіць каня і не ўтапіцца самому. Сапраўды, тут, мабыць, была самая глыбіня, вадзяныя прагаліны сталі шырэйшыя, менш стала травы, а кустоўе лазы і алешніку зусім знікла. Тут ужо ў самы раз была б лодка, a не конь з возам, і Ляўчук каторы ўжо раз вылаяў сябе за неасцярогу.
    Як няздатна ўсё атрымалася, мусіць, трэба вяртацца...
    3 гэтай яшчэ канчаткова не аформленай думкай ён і павярнуў назад і як-кольвечы дабраўся да фурманкі, якая цярпліва замерла сярод багны з дзвюма апануранымі постацямі ў тумане. Яны цярпліва чакалі яго рашэння, яго слова аб тым, куды і як рухацца далей, бо неўзабаве павінен пачацца ранак, і тады ім на голым балоце не месца.
    Але Ляўчук яшчэ не дайшоў да іх і нічога яшчэ не надумаў, як недзе ў недалёкай начы імклівым рэхам пакаціўся па лесе стрэл. Праз секунду яму адказаў другі, траскотна ўдарыла кулямётная чарга, глуха і важка кахнуў мінамёт, і міна, завішчэўшы ў самае высі неба, неўзабаве разарвалася ў лесе. I тут пачалося: закалацілася, задзігала, загрукацела — дзіва, адкуль што і ўзялося ў гэтай соннай туманнай ночы.
    Яны ўсе знерухомелі, дзе стаялі, Ляўчук, разявіўшы рот, упіўся ў ноч слыхам і хацеў што-небудзь убачыць, але праз туманісты змрок нічога не было відаць. I раптам злая здагадка амаль узрадавала яго:
    — На грэблі, ага?
    — На грэблі, — паныла пацвердзіў Грыбаед.
    Яны зноў сціхлі, знерухомелі перад агромністасцю начной бяды, якая абрынулася на іншых, а вельмі проста магла б абрынуцца на іх чацвярых. Цяпер усіх дапякала адна толькі думка: хто каго? Але тут, мусіць, і думаць не было чаго — стралялі немцы. Страчылі з таго, іх боку. Зноў жа, і мінамёты, — мабыць, у іх атрадзе не было мінамётаў. Значыць, нехта ўсё ж не ўтрымаўся ад спакусы праскочыць па гаці, паспадзяваўшыся на разведку, і цяпер вось расплачваецца. Цяпер там незайздросна.
    I Ляўчук, здрыгануўшыся ад золкасці ці ад усведамлення свае нечаканай удачы, раптам са злым папрокам накінуўся на сваіх памагатых:
    — Ну во, вашай матары! А вы — назад! Any давай упярод! 3 усяе сілы ўпярод! Раз-два, узялі!
    Прыслухоўваючыся да страляніны, яны зноў узяліся папіхаць і цягнуць фурманку, сцябаць і крычаць на знясіленага мокрага коніка. Аднак сілы іх былі ўжо не тыя, што спачатку, і фурманку, відаць, засмактала як мае быць. Марна правалэндаўшыся з ёю хвілін дваццаць, Ляўчук разагнуўся. Страляніна на грэблі ўсё калаціла лясны абшар. Тады ён, крыху спачыўшы, зноў палез у туман, беручы то ўлева, то ўправа, шырока мацаючы ў багне нагамі. Добра, што боты ў яго былі скураныя, не кірзачы, набрыняўшы цяпер у вадзе, яны селі, шчыльна абляпілі ногі і не звальваліся — інакш бы ён хутка застаўся босы. Ён рашыў найперш знайсці які шлях на бераг, калі толькі сам дзе не шусне з галавой у прорву, а пасля ўжо тым шляхам вывесці за сабой фурманку. Цяпер ён не зважаў на глыбіню, усё роўна па плечы быў мокры, ён толькі хапаўся рукой за куп’ё і дзе ішоў, а дзе плыў, рассоўваючы грудзьмі густую цёплую твань. Слых ягоны пры гэтым увесь час лавіў гукі бою на грэблі, якія то заціхалі, то ўсчыналіся зноў, і не зразумець было, хто там браў верх. Можа, збілі нашы нямецкі заслон, а можа, заслон дарэшты перастраляў партызан.
    «Ну і дурні,— думаў Ляўчук. — Чаго было перці ўсім на ражон, лепш ужо так, па балоце. Калі толькі там, за балотам, таксама не заселі немцы...»
    Надзіва цяпер яму ўжо не здавалася страшным балота, хутчэй наадварот: страшнае было на дарозе, на грэблі, a балота не першы ўжо раз укрывала яго, ратавала, цяпер ён проста любіў балота. Калі б толькі яно не было бяздоннае і, вядома, не дужа бяскрайняе.
    Неяк неўпрыцям ён згледзеў над туманам вяршалле кустоў і зразумеў, што гэта бераг. I сапраўды, праз якіх дваццаць крокаў балота ўраз скончылася, за нешырокай асакаватай паласой былі кусты алешніку, перад якім ляжала се-
    нажаць, з пракосамі свежай травы. Ён не стаў нават вылазіць на сухое, узрадавана павярнуў назад, у багну, да свае фурманкі. Гэты раз ён ледзьве не згубіў яе, прайшоў у тумане міма і толькі тады пачуў ззаду ціхае пялёхканне каня і вярнуўся. Клава сядзела на паўзатопленым возе, відаць, ратавала ад вады дэсантніка. Грыбаед плёхаўся каля каня, не даючы, каб таго зусім засмактала багна.
    Яны маўкліва дачакаліся, калі ён падыдзе бліжэй.
    — Во што! — сказаў Ляўчук, хапаючыся за аглоблю,— Трэба паасобку. Распрагай каня, перавязём Ціханава, пасля, можа, фурманку. Бераг тут, недалёка...
    4
    Пачынала світаць, калі ў белым, нібы малако, згусцелым тумане яны выбраліся ўрэшце з балота. Непрытомнага дэсантніка вывезлі конна, узваліўшы на мокрую конскую спіну, з бакоў яго падтрымлівалі Грыбаед і Клава, Ляўчук вёў каня. Ездавы, апроч таго, валок дугу і сядзёлку, якія ён не захацеў кінуць у балоце, дзе застаўся затоплены іх воз. Але воз яны мелі надзею знайсці ў якой вёсцы, быў бы конь ды збруя.
    На беразе ў іх ледзьве хапіла сілы, каб зняць з каня абвялае цела дэсантніка, якога паклалі ў пракосе на ахопак волкай ад туману травы, і самі пападалі тут жа. Ляўчук задраў ногі, выліў з левага бота гразь, з правага яна выцякала сама праз дзірку. Грыбаед улетку хадзіў па-сялянску босы, і цяпер з нагамі не меў вялікага клопату, a выняўшы з вінтоўкі затвор, прадзьмуваў забіты гразёю ствол. Побач ціхенька ляжала Клава, і над усімі, нізка звесіўшы галаву і дыхаючы запалымі бакамі, стаяў іх конь з мокрым хамутом на шыі.
    — Ну во! А вы казалі! — з няпэўнай задаволенасцю выдыхнуў Ляўчук.
    Ён адным вухам лавіў нячастыя ўжо стрэлы на грэблі, а другім прыслухоўваўся да навакольнай, паволі святлеўшай прасторы — цяпер якраз пачыналася самае небяспечнае, бо тут на кожным іх кроку маглі аказацца немцы.
    Стрымана пазіраючы сюды-туды, каб быць гатовым да ўсякай нечаканкі, ён левай рукой дастаў з адмяклай скураной кабуры свой парабелум, абцёр яго аб траву. Дзве кардонныя пачачкі з патронамі раскіслі ў вадзе, і ён выкінуў іх, ссыпаўшы патроны ў кішэню. Затым падабраў з зямлі аўтамат Ціханава. Дэсантнік, здаецца, усё быў без памяці і толькі мармытаў нешта, пакуль яны валэндаліся з ім на балоце. Шкада, што пры аўтамаце быў усяго адзін дыск, Ляўчук адняў яго, паважыў у руцэ — дыск, мусіць, быў поўны. Патрохі яны адпачывалі, вяртаючы рэшту страчаных сіл. Але адпачынак нёс свае клопаты: рабілася холадна. Мокрая вопратка сцюдзяніла цела, а сушыцца пакуль што не было як, мабыць, давядзецца чакаць, калі ўзнімецца сонца. Хоць неба над лесам зусім паяснела, але да ўсходу яшчэ заставалася з паўгадзіны. I тады на сырым травяністым доле заварушыўся паранены.
    — Піць... Піць дайце...
    — Што? Піць? Зараз, зараз, браток. Зараз мы цябе напоім, — спачувальна азваўся Ляўчук. — Грыбаед, ану схадзі паглядзі, мо ручай дзе.
    Грыбаед уставіў у вінтоўку затвор і нетаропка завалюхаў у тумане берагам, а Ляўчук зірнуў на Клаву, якая ціхенька дрыжала на пожні. Зачатак нейкага жалю ўшчыкнуў яго адчуванне, і ён скінуў з мокрага пляча падмочаную сваю ватоўку.
    — На, ахініся. A то...
    Клава ахінулася і зноў лягла бокам на травяны пракос.
    Піць! — зноў патрабавальна прамовіў паранены і ўсхапіўся, нібы спалохаўся чагось, Клава, прыўстаўшы, прытрымала яго.
    — Ціха, ціха! Зараз прынясе піць.
    — Клава? — па голасе пазнаў дзяўчыну дэсантнік. — Клава, дзе мы?
    — Ды тут, за балотам. Ляжы, ляжы...
    — Мы прарваліся?
    — Амаль што. Ты не бойся.
    — Дзе доктар Пайкін?
    — Пайкін?
    — Нашто табе Пайкін? — сказаў Ляўчук. — Пайкіна няма тут.
    Ціханаў памаўчаў і раптам, нібы штось западозрыўшы, спалохана залапаў вакол па пожні.
    — Аўтамат! Дзе мой аўтамат?
    — Тут твой аўтамат. Куды дзенецца, — сказаў Ляўчук. Але паранены патрабавальна працягнуў руку.
    — Дай аўтамат!
    — На, калі ласка. Што толькі ты з ім рабіць будзеш? Слепа прыгробшы да сябе аўтамат, дэсантнік супакоіўся, але гэты яго супакой быў напружаны, як перад новым рыўком. I сапраўды, неўзабаве без усякай сувязі з папярэднім Ціханаў сказаў:
    — Я памру, ага?
    — Чаго гэта ты памрэш? — знарок грубавата папракнуў яго Ляўчук. — Вынесем, жыць будзеш.
    — Куды... Куды вы мяне несяце?
    — У адно харошае месца.
    Ціханаў памаўчаў, быццам памеркаваў аб чымсьці, і патрабавальна сказаў:
    — Паклічце доктара!
    — Karo?
    — Доктара! Пайкіна паклічце. Ці вы аглухлі? Клава!
    — Доктара няма тут. Ён недзе пайшоў, — знайшлася Клава і лагодна пагладзіла дэсантніка па рукаве.
    Той прыкусіў засмяглыя вусны і сказаў запалым голасам: