Прыгоды барона Мюнхаўзена
Эрых Распэ
Выдавец: Звязда
Памер: 64с.
Мінск 2024
Аднойчы ў рускім дрымучым лесе мне трапіўся чорна-буры ліс.
Шкура гэтага ліса была такая прыгожая, што мне шкада было псаваць яе куляй або шротам.
He марудзячы ні хвіліны, я выцягнуў кулю са стрэльбы і, зарадзіўшы яе доўгай шавецкай іголкай, стрэліў у гэтага ліса. Ліс стаяў якраз пад дрэвам, таму іголка моцна прыбіла яго хвост да самага ствала.
Я, не спяшаючыся, падышоў да ліса і пачаў яго хвастаць бізуном.
Ён так ашалеў ад болю, што — ці дасцё веры? — вылузаўся са сваёй шкуры і пабег ад мяне галышом. А шкура дасталася мне цэлая, не папсаваная ні куляй, ні шротам.
Сляпая свіння
Так, шмат здаралася са мною ўсякіх дзівосных выпадкаў!
Прабіраюся я неяк праз гушчар дрымучага лесу і бачу: бяжыць дзікае парася зусім яшчэ маленькае, а за парасём — вялікая свіння.
Я стрэліў, але — на жаль — прамахнуўся.
Куля мая праляцела якраз паміж парасём і свіннёй.
Парася завішчала і шмыгнула ў лес, а свіння засталася на месцы як укопаная.
Я здзівіўся: чаму і яна не бяжыць ад мяне? Але, падышоўшы бліжэй, я зразумеў, у чым справа. Свіння была сляпая і не разбірала дарогі. Яна магла хадзіць па лясах толькі трымаючыся за хвосцік свайго парасяці.
Мая куля разарвала гэты хвосцік. Парася пабегла, а свіння, застаўшыся без яго, не ведала, куды ёй падацца. Бездапаможна стаяла яна, трымаючы ў зубах абрывак яго хвосціка. Тут мне прыйшла ў галаву бліскучая думка. Я схапіў гэты хвосцік і павёў свінню да сябе на кухню. Бедная сляпая паслухмяна плялася следам за мною, думаючы, што яе па-ранейшаму вядзе парася!
Так, я павінен паўтарыць яшчэ раз, што кемлівасць — вялікая справа!
Як я злавіў дзіка
Другі раз мне трапіўся ў лесе дзік.
Адолець яго было значна цяжэй. У мяне нават стрэльбы з сабой не было.
Я кінуўся наўцёкі, але ён памчаўся за мною як шалёны, і абавязкова пранізаў бы мяне сваімі ікламі, калі б я не схаваўся за першым дубам, які трапіўся на маёй дарозе.
Дзік з разгону наляцеў на дуб, і яго іклы так глыбока ўсадзіліся ў ствол дрэва, што ён не мог выцягнуць іх адтуль.
— Ага, папаўся, галубок! — сказаў я, выходзячы з-за дуба. — Пачакай! Зараз ты ад мяне не ўцячэш!
I, узяўшы камень, я пачаў яшчэ глыбей забіваць у дрэва вострыя іклы, каб дзік не мог вызваліцца, а потым звязаў яго моцнай вяроўкай і, узваліўшы на калёсы, урачыста павёз да сябе дамоў.
Вось дык дзіву даваліся ўсе паляўнічыя! Яны і ўявіць сабе не маглі, што такога лютага звера можна злавіць жыўцом, не патраціўшы ніводнага зарада.
Незвычайны алень
Зрэшты, са мной здараліся яшчэ і не гэткія цуды.
Іду я неяк лесам і частуюся салодкімі, сакавітымі вішнямі, купленымі падарозе.
I раптам проста перада мною — алень! Стройны, прыгожы, з вялізнымі галінастымі рагамі!
А ў мяне, як на тое ліха, аніводнае кулі!
Алень стаіць і зусім спакойна пазірае на мяне, быццам ведае, што ў мяне стрэльба не зараджаная.
На шчасце, у мяне засталося яшчэ некалькі вішань, і я зарадзіў стрэльбу замест кулі вішнёвай костачкай.
Так, так, не трэба смяяцца, звычайнай костачкай.
Грымнуў стрэл, але алень толькі галавой паматаў. Костачка трапіла яму ў лоб і не зрабіла ніякай шкоды. У адно імгненне ён схаваўся ў лясным гушчары.
Я вельмі шкадаваў, што даў уцячы такому цудоўнаму зверу.
Мінуў год, і я зноў паляваў у гэтым самым лесе. Вядома, да таго часу я зусім забыў пра гісторыю з вішнёвай костачкай.
Я аж дзіву даўся, калі з ляснога гушчару проста на мяне выскачыў незвычайны алень, у якога паміж рагамі расло высокае, разгалістае вішнёвае дрэва! Ах, паверце, гэта было вельмі прыгожа: стройны алень, а на галаве ў яго стройнае дрэва! Я адразу здагадаўся, што гэтае дрэва вырасла з тае маленькае костачкі, якая ў мінулым годзе паслужыла мне куляй. На гэты раз у мяне не было недахопу ў зарадах.
Я нацэліўся, стрэліў, і алень мёртвы грымнуўся на зямлю. Такім чынам, з аднаго стрэлу я адразу атрымаў і смажаніну, і вішнёвы кампот, бо дрэва было пакрыта буйнымі спелымі вішнямі.
Павінен прызнацца, што больш смачных вішань я не каштаваў за ўсё сваё жыццё.
Воўк навыварат
He ведаю чаму, але са мною часта здаралася, што самых лютых і небяспечных звяроў я сустракаў у такую хвіліну, калі быў не ўзброены і бездапаможны.
Іду неяк лесам, а насустрач мне — ваўчына. Разявіў пашчу — і проста на мяне.
Што рабіць? Бегчы? Але воўкужо накінуўся на мяне, паваліў і зараз перагрызе мне горла. Іншы б на маім месцы разгубіўся, але вы ведаеце барона Мюнхаўзена! Я рашучы, кемлівы, смелы. Hi хвіліны не марудзячы,
я засунуў кулак воўку ў пашчу і, каб ён не адкусіў мне руку, засоўваў яе ўсё глыбей і глыбей. Воўк люта глядзеў на мяне. Вочы яго блішчалі ад злосці. Але я ведаў, што калі я выхаплю руку, ён адразу разарве мяне на кавалкі, і таму адважна засоўваў яе далей і далей. I раптам мне прыйшла ў галаву цудоўная думка: я схапіў яго за вантробы, моцна рвануў і вывернуўяго, як рукавіцу!
Зразумела, што пасля такой аперацыі ён мёртвы паваліўся да маіх ног.
Я пашыў з яго шкуры выдатную цёплую куртку. I, калі вы не верыце мне, ахвотна пакажу яе вам.
Шалёнае футра
Зрэшты, у маім жыцці здараліся падзеі і больш страшныя за сустрэчу з ваўкамі.
Неяк аднойчы за мной пагнаўся шалёны сабака.
Я кінуўся ад яго з усіх ног.
Але на плячах у мяне было цяжкае футра, якое перашкаджала мне бегчы.
He спыняючыся я скінуў яго, убег у дом і зачыніў за сабой дзверы. Футра так і засталося на вуліцы. Шалёны сабака накінуўся на футра і пачаў раз’юшана кусаць яго. Мой слуга выбег з дому, падняў футра і павесіў яго ў тую шафу, дзе вісела маё адзенне.
На другі дзень раніцай ён прыбег у маю спальню і крычыць спалоханым голасам:
— Уставайце! Уставайце! Ваша футра ашалела!
Я ўсхапіўся з ложка, адчыніў шафу і што ж бачу?! Усё маё адзенне парвана на шматкі!
Слуга казаў праўду: маё беднае футра звар’яцела, бо ўчора яго пакусаў шалёны сабака.
Футра раз’юшана накінулася на мой новы мундзір, і ад яго толькі шматкі паляцелі.
Я схапіў пісталет і стрэліў.
Шалёнае футра імгненна заціхла. Тады я загадаў маім людзям звязаць яго і павесіць у асобнай шафе.
3 таго часу яно ўжо нікога не кусала, і я апранаў яго не баючыся.
Васьміногі заяц
Так, нямала цудоўных гісторый здарылася са мною ў Расіі.
Аднаго разу я гнаў незвычайнага зайца.
Заяц быў надзіва хутканогі. Скача ўсё наперад і наперад — хоць бы прысеў адпачыць.
Два дні я гнаўся за ім, не злазячы з сядла, і ніяк не мог дагнаць яго.
Мой верны сабака Дыянка не адставаў ад яго ні на крок, але я ніяк не мог наблізіцца да яго на адлегласць стрэлу.
На трэці дзень мне ўсё ж такі ўдалося падстрэліць гэтага праклятага зайца.
Ледзь толькі ён упаў на траву, я саскочыў з каня і кінуўся разглядаць яго.
Уявіце сабе маё здзіўленне, калі я ўбачыў, што ў гэтага зайца, акрамя яго звычайных ног, былі яшчэ запасныя. У яго было чатыры нагі на жываце і чатыры на спіне!
Так, на спіне ў яго былі выдатныя, дужыя ногі! Калі ніжнія ногі ў яго стамляліся, ён пераварочваўся на спіну, брухам уверх, і бег далей на запасных нагах.
He дзіва, што я як апантаны трое сутак ганяўся за ім!
Цудоўная куртка
На жаль, даганяючы васьміногага зайца, мой верны сабака так стаміўся ад трохдзённай пагоні, што зваліўся на зямлю і праз гадзіну памёр.
Я ледзь не заплакаў ад гора і, каб захаваць успамін аб сваім памёршым любімцу, загадаў пашыць сабе з яго шкуры паляўнічую куртку.
3 таго часу мне ўжо не трэба было ні стрэльбы, ні сабакі.
Кожны раз, калі я бываю ў лесе, мая куртка так і цягне мяне туды, дзе хаваецца воўк ці заяц.
Калі я набліжаюся да дзічыны на адлегласць стрэлу, ад курткі адрываецца гузік і, як куля, ляціць проста ў звера!
Звер падае на месцы, забіты дзіўным гузікам!
Гэтая куртка і зараз на мне.
Вы, здаецца, не верыце мне, вы ўсміхаецеся? Але паглядзіце сюды і вы пераканаецеся, што я расказваю вам чысцюткую праўду: ці ж вы не бачыце сваімі вачыма, што цяпер на маёй куртцы засталося толькі два гузікі? Калі я зноў пайду на паляванне, я прышыю да яе не менш трох тузінаў гузікаў.
Вось будуць зайздросціць мне ўсе паляўнічыя!
Конь на стале
Я, здаецца, яшчэ нічога не расказваў вам пра сваіх коней?
Між тым у мяне і з імі здарылася нямала цудоўных гісторый.
Было гэта ў Літве. Я гасцяваў у аднаго сябра, які вельмі любіў коней.
I вось, калі ён паказваў гасцям лепшага свайго каня, якім асабліва ганарыўся, конь сарваўся з аб-
році, паваліў чатырох конюхаў і памчаўся па двары як ашалелы.
Усе ў жаху разбегліся.
He знайшлося ніводнага смельчака, які б рызыкнуў наблізіцца да раз’юшанай жывёліны.
Толькі я адзін не разгубіўся, бо, валодаючы надзвычайнай смеласцю, я з дзяцінства ўмею ўтаймоўваць самых дзікіх коней.
Я ўскочыў каню на хрыбет і мігам уціхамірыў яго. Ён адразу адчуў маю дужую руку і скарыўся мне, нібы маленькае дзіцятка. Урачыста аб’ехаў я ўвесь двор, і раптам мне захацелася паказаць сваё майстэрства дамам, што сядзелі за чайным сталом.
Як жа гэта зрабіць?
Вельмі проста! Я накіраваў каня да акна і як віхор уляцеў у сталовую.
Дамы спачатку вельмі спалохаліся. Але я прымусіў жарабка ўскочыць на чайны стол і так лоўка прагарцаваў сярод кілішкаў і кубкаў, што не пабіў ніводнага кілішка, ніводнага самага маленькага сподка.
Гэта вельмі спадабалася дамам, яны пачалі смяяцца і пляскаць у далоні, а мой сябра, зачараваны маёй надзвычайнай спрытнасцю, прасіў мяне прыняць гэтага цудоўнага каня ў падарунак. Я быў вельмі рады яго падарунку, бо збіраўся на вайну і даўно шукаў сабе скакуна.
Праз гадзіну я ўжо імчаўся на новым кані ў напрамку да Турцыі, дзе ў той час ішлі жорсткія баі.
Паўканя
У баях я, вядома, вылучаўся адчайнаю смеласцю і наперадзе ўсіх налятаў на ворага.
Аднойчы пасля гарачай бітвы з туркамі мы захапілі варожую крэпасць. Я першы ўварваўсяўяе і, прагнаўшы
з крэпасці ўсіх туркаў, падскакаў да калодзежа — напаіць разгарачанага каня. Конь піў і ніяк не мог наталіць смагі. Прайшло некалькі гадзін, а ён усё не адрываўся ад калодзежа. Што такое? Я дзіву даўся. Але раптам ззаду мяне пачуўся нейкі плёскат.
Я паглядзеў назад і ад здзіўлення ледзь не зваліўся з сядла.
Аказалася, што ўся задняя частка майго каня была адсечана начыста, і вада, якую ён піў, адразу ж вылівалася ззаду, не затрымліваючыся ў яго жываце! Ад гэтага за маёй спінай утварылася шырокае возера. Я быў ашаломлены.