• Часопісы
  • Прыгоды Васількі з Брачыслаўля  Мікалай Плавінскі

    Прыгоды Васількі з Брачыслаўля

    Мікалай Плавінскі

    Выдавец: Беларусь
    Памер: 68с.
    Мінск 2016
    29.8 МБ
    — Ну што, сынок, хочаш са мной у далёкую выправу?
    Васілька настолькі здзівіўся такому пытанню, што спачатку амаль не паверыў пачутаму Ён толькі і змог сказаць:
    — Канешне, хачу!
    Бацька шырока ўсміхнуўся, зрабіў вялікі глыток квасу, выцер свае доўгія вусы і сказаў:
    — Вось і добра, ты ў мяне ўжо зусім вялікі, таму час табе паспытаць сапраўднага дружыннага жыцця. Паслязаўтра мы рушым у далёкі шлях на поўдзень. Выправімся, можа, нават на цэлы месяц. Я сёння атрымаў загад ад князя Брачыслава.
    Васілька быў проста ў захапленні і толькі ўскрыкнуў:
    — Выдатна’
    
    
    
    
    
    Але тут з кута, ад агменю загаварыла маці:
    — Людаслаў, ты што ж гэта? Ён жа яшчэ зусім маленькі! Куды ж ты яго хочаш браць, ды яшчэ так надоўга? Хай яшчэ падрасце.
    Васілька абурыўся і хацеў адказаць маці, што ён ужо дарослы, але не паспеў, бо бацька сказаў сваё слова першым:
    — He, жонка, яму трэба вучыцца. Час зараз мірны, небяспекі на шляхах няма, а для яго гэта будзе выдатным досведам. Я ўжо ўсё вырашыў.
    Маці толькі глыбока ўздыхнула, але сказаць нічога не адважылася.
    — А цяпер спаць! Заўтра будзе шмат турботаў, — сказаў бацька, ускудлаціў Васількавы валасы і задзьмуў свечку на стале.
    Васілька хуценька пайшоў спаць, але заснуць адразу, канешне ж, не змог. Яго проста распірала ад радасці прадчування далёкай дарогі і нечаканых сапраўдных дарослых прыгод.
    Наступны дзень прайшоў у турботах і клопатах. Маці завіхалася па гаспадарцы — збірала ў дарогу ежу і розныя неабходныя рэчы для Васількі і яго бацькі і ўсё ўздыхала, што рана яму яшчэ кудысьці ехаць. Але Васілька спакойна слухаў матчыны ўздыхі, бо ведаў, што бацька ўжо ўсё вырашыў і не перадумае, нягледзячы ні на якія адгаворы.
    Васілька з самага ранку дапамагаў бацьку і іншым дружыннікам рыхтаваць да выправы коней і іх рыштунак. Пасля бацька дазволіў яму пачысціць зброю і нават свой уласны меч! Нарэшце хлопчык сабраў
    свае ўласныя рэчы — вопратку, розныя прысмакі, якія адмыслова падрыхтавала для яго маці, агледзеў і пачысціў суліцу і невялічкую сякерку, якую яму даў бацька.
    Пасля абеду Васілька пабег на заняткі да Жызнаміра. У гэты дзень ён займаўся ўсімі практыкаваннямі з патройнай ахвотай, бо думаў аб тым, што раптам ужо заўтра давядзецца выкарыстоўваць ваярскую навуку на практыцы. А яшчэ Васільку было страшэнна прыемна бачыць, з якой зайздрасцю глядзяць на яго іншыя хлопчыкі... I не дзіва, кожны з іх аддаў бы ўсё, што заўгодна, каб апынуцца зараз на Васількавым месцы.
    Увечары маці прыгатавала вельмі смачную вячэру і ўсё ўздыхала, што Васільку не будзе чаго есці ў дарозе. А бацька толькі шырока пасміхаўся ў адказ. Пасля вячэры ён пайшоў праверыць, ці падрыхтавана ўсё да выправы, а таксама аддаць тым дружыннікам, хто застаецца ў Брачыслаўлі, апошнія загады на час сваёй адсутнасці.
    А Васілька разам з сястрычкай пайшлі спаць. Міласлава папрасіла, каб ён распавёў ёй нешта перад сном, і Васілька стаў пераказваць ёй тую частку «Святога Пісання», якую яны апошнім часам чыталі на ўроку ў айца Лазара. Сястрычка заснула вельмі хутка, а вось Васілька не мог заснуць амаль да самага досвітку, хаця ён і ведаў, што трэба выспацца і набрацца сіл перад дарогай. Але як тут заснуць, калі толькі заплюшчваеш вочы, як адразу пачынаюць мроіцца невядомыя лясныя сцежкі, рачныя броды, вёскі і гарады...
    'ЖЕЧЫПрАВА
    На досвітку бацька пабудзіў Васільку і яны селі снедаць. Маці ўсё ўздыхала, і было бачна, што яна зусім не хоча адпускаць сына з дому. А бацька быў, відавочна, вясёлы, бо сам даўно не выбіраўся надоўга са свайго горада.
    Паснедаўшы, Васілька з бацькам пайшлі на двор, дзе ўжо стаялі чатыры зацугляныя кані — вялікі і прыгожы бацькавы, меншы, але таксама вельмі ладны для яго, і яшчэ два, якія павінны былі везці розную паклажу ды зброю. А калі раптам давялося б спяшацца і ехаць вельмі хутка, дык на гэтых коней можна было б перасесці, каб даць адпачыць першым двум. Амаль увесь іх паходны рыштунак і прыпасы ўжо былі сабраныя і прыладжаныя да сёдлаў. Васілька нават здзівіўся: і калі гэта бацька мог усё паспець? Хіба што ён таксама амаль не спаў гэтай ноччу.
    На ганак выйшла маці. Яна сумна назірала за апошнімі прыгатаваннямі. А бацька ўсё падбадзёрваў яе і шмат жартаваў Нарэшце ўсе рэчы былі сабраныя і можна было выпраўляцца. Бацька абняў маці, моцна пацалаваў і гарэзліва сказаў:
    — Ну што, жонка, чакай ваяроў з перамогай! I месяца не пройдзе, як мы вернемся.
    — Ай, ну цябе... Вы галоўнае сябе беражыце ў дарозе! — адказала маці. — I за Васількам сачы, бо малы ён яшчэ.
    Пакуль яны так размаўлялі, Васілька паспеў забегчы ў хату, каб абняць сястрычку, якая яшчэ соладка спала, агледзеўся, згадаў, што ледзь не забыўся пра
    сваю дудачку, што так доўга майстраваў, паклаў яе ў торбу і заспяшаўся на вуліцу. Калі ён выйшаў на ганак, бацька ўжо сядзеў на кані. Васілька падбег да маці. Яна абняла хлопчыка, пацалавала і перахрысціла на дарогу.
    — Ну досыць ужо, — сказаў бацька, — час выпраўляцца.
    Васілька падбег да свайго коніка, спрытна ўскочыў у сядло, і яны з бацькам накіраваліся ў бок гарадской брамы.
    Горад паціху прачынаўся, і ў кожным двары гаспадары ўжо займаліся сваімі справамі. Усе віталі Васількавага бацьку і жадалі ім добрай дарогі. Ля брамы іх ужо чакалі пяцёра дружыннікаў У кожнага з іх таксама было па два кані, нагружаныя розным рыштункам. Побач з вершнікамі стаяў дзядзька Давыд, якога Васількаў бацька пакідаў замест сябе сачыць за гарадскімі справамі і за аховай межаў іх воласці. Яны крыху паразмаўлялі, Васількаў бацька даў Давыду апошнія даручэнні, пасля агледзеў сваіх спадарожнікаў і загадаў выпраўляцца.
    I вось, нарэшце... Іх невялічкі атрад выехаў за гарадскую браму і скіраваўся на ўсход, па дарозе, якая пралягла ўздоўж возера.
    Васілька быў сам не свой ад шчасця! Сапраўдная далёкая выправа. Гэта колькі ж усяго ён зможа пабачыць, колькі будзе прыгод! Толькі зараз хлопчык зразумеў, што ён нават ні разу не запытаўся ў бацькі, куды менавіта яны едуць і навошта. Але, зрэшты, якая
    розніца? Усё роўна гэта самая неверагодная прыгода ў яго жыцці, сапраўдная дарослая ваярская прыгода!
    Хутка сцены Брачыслаўля схаваліся за лесам. Васілька ехаў побач з бацькам і разглядаў наваколле. Мясціны гэтыя былі добра знаёмыя, але ж гэтым разам, нейкія надзвычай прыгожыя і, адначасова, незвычайна таямнічыя. Настрой у хлопчыка быў проста цудоўны. Ды і бацька з яго дружыннікамі былі, відавочна, у гуморы. Яны гучна перагаворваліся і жартавалі. 3 размоў Васілька зразумеў, што шлях іх скіроўваецца на поўдзень.
    Чым далей яны ад’язджалі ад Брачыслаўля, тым радзей былі бачныя палеткі і статкі на выганах, а чалавечае жытло сустракалася зусім рэдка. У адным месцы яны праехалі праз могілкі, якія былі раскіданыя паабапал дарогі. Васілька ўжо бачыў такія могілкі, калі ездзіў разам з бацькам па іх брачыслаўскай воласці. Мясцовыя жыхары хавалі сваіх нябожчыкаў у звычайных курганах, але яны спальвалі сваіх памерлых, a пасля складалі спаленыя косткі ў невялічкія дамкі на вяршынях гэтых курганоў Мяркуючы па тым, што на некаторых курганах такія дамкі былі пастаўлены зусім нядаўна, мо ў мінулым ці пазамінулым годзе, мясцовыя трымаліся старых звычаяў і працягвалі спальваць памерлых. I нічога з гэтым не мог зрабіць ні іх брачыслаўскі святар, ні манахі, якія раз-пораз прыязджалі ў іх воласць з самога Полацка, каб прапаведаваць хрысціянскую веру сярод вясковых жыхароў Васілька не разумеў, як жа спаленыя нябожчыкі змогуць узняцца са сваіх магіл падчас прышэсця сапраўд-
    нага Бога, і вельмі пужаўся такіх месцаў. Але зараз ён быў побач з бацькам ды іншымі дружыннікамі і вырашыў не паказваць выгляду, што спалохаўся. Ен толькі перажагнаўся, каб абараніцца ад злых духаў ды ад бедных непрытульных душ, якім не наканавана пабачыць божае царства на нябёсах.
    Чым далей, тым менш наезджанай станавілася дарога, па якой яны ехалі. Месцамі яна амаль зусім знікала і ператваралася ў звычайную лясную сцяжынку. Бачна было, што вершнікі тут ездзілі зусім рэдка, ды і пешыя крочылі па ёй, пэўна, не кожны дзень. Таму іх невялічкі атрад рухаўся зусім марудна. Васілька пільна ўглядаўся ў лясныя нетры і думаў, якія таямніцы і небяспекі могуць хавацца ў іх. «Напэўна ж і розныя нячысцікі тут таксама ёсць», — думаў хлопчык. Час ад часу сцежку, па якой яны ехалі, перасякалі ручаіны і рэчкі, праз якія яны перапраўляліся ўброд, не злазячы з коней.
    Калі сонца стала хіліцца да захаду, яны дабраліся да мяжы брачыслаўскай воласці і Васількаў бацька сказаў, што варта спыніцца на начлег. Для начной стаянкі абралі месца на беразе невялічкага возера. Трое дружыннікаў узялі лукі з калчанамі і рушылі ў глыб лесу, каб упаляваць нешта на вячэру. Двое астатніх займаліся коньмі. А Васількаў бацька заняўся вогнішчам. Васілька вельмі стаміўся ад нязвыкла доўгай дарогі, але таксама стаў дапамагаць бацьку — збіраў галлё і дровы для вогнішча.
    Хутка на азёрным беразе ўжо палаў яркі агонь. Вечар быў цёплы, а неба бясхмарнае, таму выра-
    шылі не ставіць на ноч намёт, а спаць, загарнуўшыся ў цёплыя ваўняныя плашчы. Калі ўжо напаілі коней, стрыножылі іх і пусцілі пасвіцца на беразе, вярнуліся паляўнічыя са сваёй здабычай. Гэта была маладая казуля! Яе тушу хутка разабралі і пачалі смажыць!
    Калі стала змяркацца, вячэра была гатова. Смажанае мяса елі з хлебам зусім яшчэ свежым, напечаным толькі ўчора ўвечары. Якая ж гэта была смаката! Канешне, Васількава маці гатавала смачней за ўсіх у іх Брачыслаўлі, але гэтая вячэра была проста цудоўная, сапраўдная паходная ваярская вячэра. Дружыннікі елі, запівалі мяса хмяльным мёдам, якога Васільку не дасталося.
    — Малы ты яшчэ, — сказаў яму бацька.
    Наеўшыся ўдосталь дружыннікі загаманілі пра тое, што час для выправы добры і, калі надвор'е не сапсуецца, яны дабяруцца да месца, куды едуць, дзён за шэсць. Старэйшы з дружыннікаў, Ян, зацягнуў старажытную ваярскую песню, а пасля дастаў свой варган — невялічкую жалезную скабу з язычком, уставіў у рот і зайграў. Над возерам разнеслася цягучая мелодыя. Пад гэтыя гукі Васілька незаўважна для сябе заснуў. Прачнуўся ён толькі тады, калі адчуў, што бацька загортвае яго ў плашч. Хлопчык толькі пачуў, як адзін з дружыннікаў ціха сказаў: