Прыгоды Васількі з Брачыслаўля
Мікалай Плавінскі
Выдавец: Беларусь
Памер: 68с.
Мінск 2016
— Ды што ты, Людаслаў! Якая там вайна?! — сур’ёзна адказаў сівавалосы Хацен. — Я ж толькі той восенню за сына свайго суседа Нецімера малодшую дачку аддаў, парадніліся мы з ім, зараз унукаў чакаем.
— Хто ж тады на нас напаў? — запытаўся Людаслаў. — Вунь, мы аднаго нават злавілі, — сказаў ён і паказаў на човен, у якім сядзеў звязаны палонны літовец. — Мо скажаш, што і гэта твой кум?
— Можа каму і кум, але не мне. Гэтыя літоўцы выгнаннікі — яны чымсьці правініліся перад Неці-
(Ct
Р
мерам. Вось ужо амаль месяц, як толькі снег сышоў, яны пачалі рабаваць на памежжы, што свае літоўскія, што нашы крывіцкія вёскі. I ніяк мы іх вылавіць не маглі.
— Ну то кажы нам дзякуй, бо мы, пэўна, палову з іх учора перабілі, за цябе тваю справу зрабілі, — з усмешкай сказаў Людаслаў. — Таму даставай найлепшы мёд, будзеш маіх мальцаў частаваць за такую працу!
— Будзь упэўнены, мёду будзе ўдосталь, стоміцеся піць, — з яшчэ больш шырокай усмешкай адказаў яму Хацен. — А заўтра ці паслязаўтра паедзем у госці да Нецімера, каб завезці яму гэтага злодзея, хай сам з ім разбіраецца.
Гаспадар Мядзела і Васількаў бацька рушылі ў бок адной з вуліц, што вяла да пляца, на якім стаялі царква і самы вялікі дом. За імі пацягнуліся ўсе астатнія. 3 усіх падворкаў і з-за ўсіх платоў на гасцей глядзела шмат народу, асабліва цікавіліся хлапчукі і дзяўчынкі, але Васілька ўжо зусім не звяртаў на іх увагі, бо пасля ўчарашняй бойкі з літоўцамі ён адчуваў сябе амаль дарослым, ды і яго спадарожнікі сталі глядзець на хлопца неяк інакш, прынамсі, зусім інакш, чым на іншых яго пагодкаў.
У вялікай святліцы за доўгім і шырокім дубовым сталом сабраліся ўсе мядзелскія дружыннікі. Пасярод стала, на самым пачэсным месцы сядзелі Хацен ды Васількаў бацька. Васільку пашчасціла сядзець зусім блізка ад старэйшых, бо яго пасадзіў каля сябе малады дружыннік Туна, які распавядаў таварышам пра тое, як хлопчык уратаваў яму жыццё. Васілька
быў вельмі ўзрушаны ад таго, што апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсіх мядзелскіх дружыннікаў Цэлы вечар ён слухаў размовы свайго бацькі з Хаценам. Цяпер ён зразумеў, што князь Брачыслаў рыхтуе будучай зімой выправу на поўнач, на вялікі горад Ноўгарад, і для гэтага яму спатрэбяцца ўсе дасведчаныя ваяры з усіх падуладных Полацку зямель. Людаслаў таксама запытаў у Хацена, ці захочуць суседнія літоўцы прыняць удзел у выправе, бо яна абяцае велізарную здабычу.
УЖдсольствд
Наступны дзень Людаслаў і яго дружыннікі адпачывалі і папраўлялі рыштунак. Васілька заставаўся пры бацьку, бо справа для яго ўвесь час знаходзілася, а ісці гуляць з мясцовымі дзецьмі хлопчыку не хацелася, бо што з іх, малых, узяць.
На другі дзень з самага ранку Хацен з Людаславам сталі збірацца ў госці да суседняга літоўскага правадыра Нецімера. Васілька ўвесь час завіхаўся побач са старэйшымі, дапамагаў ім пераносіць рэчы і ўкладаць іх у чоўны і ўвесь час употай паглядаў на бацьку. Хлопчык вельмі хацеў выправіцца ў дарогу разам з бацькам, каб паглядзець на тое, як жывуць гэтыя літоўцы. Але прасіцца, каб яго ўзялі з сабой, ён не адважваўся. Калі ўжо ўсё было падрыхтавана і дружыннікі паселі ў чоўны і ўзяліся за вёслы, на беразе засталіся толькі Хацен і Васількаў бацька, якія пра нешта ціха размаўлялі паміж сабой. Нарэшце Хацен паглядзеў на Васільку і з хітрынкай у вачах запытаў у яго:
— А што, малец, хацеў бы ты паехаць з намі?
У Васількі ажно пераняло мову ад радасці.
— Я б цябе можа і ўзяў, — працягнуў Хацен, — але ці пагодзіцца твой бацька?
Васілька ўмольна паглядзеў на свайго бацьку, які выглядаў у гэты момант надзвычай суровым, і падавалася, што ён дужа не задаволены задумай Хацена. Але раптам ён шчыра рассмяяўся і сказаў:
— Сядай ужо ў човен, куды ж мы без такога знакамітага ваяра, як ты.
Васілька не прымусіў сябе чакаць і імгненна ўскочыў у бліжэйшы з чоўнаў Людаслаў і Хацен таксама селі ў найвялікшы з чоўнаў і загадалі сваім людзям веславаць у бок Перадграддзя. Там Васількавых спадарожнікаў ужо чакалі асядланыя коні, таму атрад амаль без затрымкі выправіўся ў дарогу. Бацька сказаў Васільку, што да замка Нецімера ім давядзецца ехаць амаль цэлы дзень. Так яно і атрымалася. Атрад на чале з Хаценам і Людаславам увесь час ехаў па дастаткова шырокай і добра наезджанай дарозе, уздоўж якой часта сустракаліся невялічкія вёсачкі, якія звычайна стаялі на берагах азёраў рознага памеру.
Бліжэй да поўдня дарога, па якой пралягаў шлях Васількі і яго спадарожнікаў, выйшла да берага вялізнага возера. Хаця хлопчык і нарадзіўся на беразе вельмі вялікага возера і паспеў ужо пабачыць шмат іншых немалых азёраў, але ад таго, што ён убачыў цяпер, Васілька быў проста ў захапленні. Ён нават падумаў, ці не тое гэта неабсяжнае мора, у якое ўпадае Дзвіна. Васільку настолькі захапіла гэтае пытанне, што ён наважыўся патурбаваць свайго бацьку ды Хацена. Тыя толькі рассмяяліся ў адказ.
— He, Васілька, ніякае гэта не мора, — весела сказаў Хацен, — гэта возера, якое завецца Нарач. Яно
сапрауды вельмі вялікае, напэуна, самае вялікае возера нашага краю, хаця я, канешне, усіх азёраў не бачыў Але ў маёй воласці, ды і ў суседніх таксама, яно самае вялікае.
— А мора, сынок, яшчэ большае, нашмат большае, — падхапіў размову Васількаў бацька. — Я сам яго бачыў толькі аднойчы, калі па княжацкім загадзе ездзіў прадаваць футры ды воск на далёкі востраў Готланд. Па моры можна плыць тыднямі і месяцамі. Людзі, што жывуць на тым востраве, ды іншыя людзі, купцы з краінаў шведаў ці датчан, казалі, што, колькі яны ні хадзілі ў мора ў самыя розныя бакі, ніколі не бачылі яго меж. А яшчэ вада ў моры зусім не такая, як у нашых азёрах і рэках, яна салёная і піць яе нельга.
Васілька вельмі здзівіўся, як жа гэта вада можа быць салёнай і як яе можна піць? Хлопчык падумаў, што ён бы не хацеў жыць на беразе мора, вада ў якім ні да чаго непрыдатная, і што свае азёры яму падабаюцца больш.
Яны ехалі ўздоўж Нарачы гадзіны са дзве, а можа і ўсе тры. Нарэшце Хацен загадаў спыніцца на прывал.
— Вось тут мяжа нашай зямлі, можна і прыпыніцца, адпачываць заўжды лепш на сваёй зямлі, — сказаў ён.
Адпачывалі доўга, гадзіны дзве. Мядзелскія ваяры паспелі раскласці вогнішча і падсмажыць мяса, a Васілька, пакуль старэйшыя гатавалі ежу ды даглядалі коней, паспеў збегаць да возера і памачыць у ім ногі. Купацца ён не адважыўся, бо вада была яшчэ занадта
халоднай. Увесь гэты час хлопчык думаў пра тое, як жа гэта цудоўна, што вада ў нашых азёрах не салёная.
Пасля прывалу атрад заглыбіўся ў лес. Дарога, па якой яны ехалі, заставалася наезджанай і досыць шырокай, але ніякіх слядоў чалавечага жытла паабапал яе не было. Спадарожнікі патлумачылі Васільку, што гэта памежная зямля, нічыйны лес — за іх спінамі засталася Мядзелская воласць, а за лесам пачынаюцца землі літоўцаў. А дарога тут такая добрая, бо па ёй возяць розныя тавары з воласці, падуладнай Хацену, у зямлю Нецімера, прычым тут часам праязджаюць і купцы з аддаленых краёў
Атрад рухаўся па лесе гадзіны са тры. Васілька ехаў адразу за бацькам і Хаценам і ўвесь час задаваў ім розныя пытанні, а яны з ахвотай адказвалі. У нейкі момант Людаслаў запытаўся:
— Васілька, а што ты бачыш за дрэвамі злева?
Хлопчык стаў углядацца ў лясны гушчар, але нічога пабачыць там так і не здолеў.
— He ведаю, — адказаў ён, — здаецца, нічога там няма. — А што?
— Эх, малец, вучыцца табе яшчэ і вучыцца, — усміхнуўся Хацен. — За намі ўжо з паўгадзіны сочаць літоўскія вартавыя. Хутка яны нас сустрэнуць.
I сапраўды, праз некалькі хвілін на дарогу з ляснога гушчару выйшлі два літоўскія ваяры. Хацен выехаў ім насустрач і загаманіў па-літоўску. Васілька не ведаў літоўскай мовы. Ён чуў яе часам у родным Брачыслаўлі, калі туды прыязджалі гандляваць суседнія літоўцы, але амаль нічога не разумеў. Нават
не ведаючы літоускан мовы, хлопчык зразумеу, што гаворка ў Хацена з вартавымі ідзе прыязная і ніякай небяспекі няма. I сапраўды, праз некалькі хвілін літоўцы зноў зніклі ў лесе, а Хацен падаў сваім спадарожнікам знак, што можна спакойна рухацца далей.
У хуткім часе ўздоўж дарогі сталі з’яўляцца асобныя хаты і цэлыя літоўскія вёсачкі. Васілька пільна ўглядаўся, але асаблівых адрозненняў ад звычайных крывіцкіх вёсак так і не знайшоў Усё выглядала навокал гэтаксама, як і дома. Адзіным адрозненнем было тое, што людзі размаўлялі на чужой мове, ды жанчыны былі апранутыя крыху інакш, чым крывічанкі.
Пад вечар Васількавы спадарожнікі нарэшце дабраліся да замка, якім валодаў Нецімер. Замак стаяў на высачэзнай гары на беразе доўгага возера, якое называлася Свір. Калі атрад на чале з Хаценам і бацькам Васількі даехаў да самага замкавага пагорку, стала бачна, наколькі ў яго стромкія схілы. Заехаць на гэтую гару на конях было проста немагчыма, таму давялося спяшацца і пакінуць коней слугам Нецімера. Пасля гэтага Васілька і яго спадарожнікі доўга падымаліся па спіральнай сцежцы да замкавай брамы, дзе іх ужо чакаў Нецімер з жонкай і некалькімі ваярамі. Нецімер трымаў у руках вялізны піцейны рог, напоўнены мёдам. Пакуль Хацен і Людаслаў віталіся з літоўскім уладаром і абменьваліся падарункамі, Васілька з цікаўнасцю разглядаў ваяроў Нецімера. Тыя былі ўзброены вузкімі сякерамі і коп’ямі, на паясах у іх віселі доўгія нажы ў похвах, а на руках у кожнага з літоўцаў
было па адным, а ў некаторых і па два масіўных бронзавых бранзалеты.
Калі прывітальныя прамовы былі скончаны і адбыўся абмен падарункамі, дружыннікі аддалі Нецімеру палоннага літоўца-рабаўніка, каб той судзіў яго па сваіх законах. Пасля ўсе рушылі ўнутр замка, пляцоўка якога аказалася зусім маленькай. На ёй змяшчалася ўсяго некалькі невялікіх дамоў, у адным з якіх жыў сам Нецімер, а астатнія займалі яго ваяры.
Увесь вечар гаспадар і яго госці піравалі і абмяркоўвалі розныя справы. Васілька мала што разумеў з гэтых размоў, бо ўсе гаманілі пераважна па-літоўску. Пад дзіўныя гукі чужой мовы хлопчык паволі задрамаў і заснуў, ухутаны ў мядзведжае футра.
На раніцу, калі Васілька прачнуўся і выйшаў з дома, ён убачыў, як яго бацька і Хацен зноў рыхтуюцца ў дарогу. Хлопчык падбег да бацькі і радасна запытаўся, куды яны зноў едуць.
— Мы з Хаценам ды яго дружыннікамі паедзем далей, у глыб літоўскіх зямель, — адказаў Людаслаў, — а ты, сынок, разам з дзядзькам Янам вернешся назад у Мядзела і будзеш мяне там чакаць.