Так сказаў Заратустра
Фрыдрых Ніцшэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
Расці ж не толькі ўшыркі, але і ўгору. Сад сужэнства хай дапаможа табе ў гэтым!
Ты павінен стварыць вышэйшае цела, першы рух, кола, якое круціцца самое: ты павінен стварыць творцу.
Шлюб: я так называю волю дваіх стварыць адзінае, большае за тых, што стварылі яго. Шлюб — гэта ўзаемная павага і шанаванне гэтай волі.
Хай гэта будзе сэнсам і праўдай твайго шлюбу. Але тое, што лічыцца шлюбам у процьмы людзей, ва ўсіх гэтых лішніх, — як гэта назваць?
0, гэтая ўбогасць душы на дваіх! О, гэты бруд душы на дваіх! Гэта нікчэмная асалода — быць удваіх!
Усё гэта называюць яны шлюбам і кажуць, што саюзы іх змацаваныя на нябёсах.
Тады не трэба мне такога неба лішніх людзей! He, не трэба мне гэтых аблытаных нябеснаю сеткаю жывёл!
Хай не наблізіцца да мяне гэты Бог, які, крэкчучы, дабраслаўляе тое, чаго не злучаў!
Але не смейцеся з такіх шлюбаў! Якое дзіця не мае прычыны паплакаць па бацьках сваіх! '
Годнасным здаваўся мне чалавек, сталым для сэнсу зямлі; але як убачыў ягоную жонку, свет здаўся мне домам вар’ятаў.
Так, я хацеў, каб зямля дрыжала ў курчах, калі паруюцца святы і гусь.
Адзін выйшаў шукаць праўды як герой, a здабыў у рукі маленькую разубраную хлусню. I называе гэта сваім шлюбам.
Другі быў амаль недаступны і выбіраў пры-
дзірліва. Але раз і назаўсёды сапсаваў сваё таварыства — і называе гэта сваім шлюбам.
А той шукаў служанку з цнотамі анёла. I вось — сам зрабіўся служанкаю ў жанчыны, і цяпер яму самому трэба стаць анёлам.
Часта я заўважаю, якія асцярожныя пакупнікі і якія хітрыя ў іх вочы. Але нават самы хітры з іх бярэ сабе жонку не гледзячы.
Каханнем называецца ў вас мноства пустых шаленстваў. А шлюб ваш як адна вялікая дурасць кладзе крэс гэтым пустым шаленствам.
Ваша каханне да жанчыны і каханне жанчыны да мужчыны — о, калі б было яно спагадаю да схаваных, пакутных божышчаў! Але часцей за ўсё толькі дзве жывёліны адгадваюць адна адну.
Нават найлепшае каханне ваша — толькі падабенства кахання і хваравіты запал; тым часам яно павінна быць паходняй, якая асвятляе дарогу ў вышыню.
Прыйдзе час, калі вам трэба будзе любіць звыш сябе! Дык навучыцеся ж спачатку кахаць! I таму давядзецца вам выпіць горкі келіх кахання.
Нават у келіху вышэйшай любові ёсць горыч; так нараджае яна імкненне да Звышчалавека, абуджаючы прагу тваю, творца!
Прага творчасці, страла, якая ляціць да Звышчалавека: скажы, браце мой, ці такая воля твая, што імкнецца да шлюбу?
Святыя для мяне такая воля і такі шлюб.
Так сказаў Заратустра.
Пра свабодную смерць
Многія паміраюць занадта позна, а некаторыя — занадта рана. Пакуль яшчэ здаецца дзіўнай запаведзь: «Памры ў свой час».
Памры ў свой часг так вучыць Заратустра.
Канечне, як можа чалавек памерці ў свой час, калі ён жыў не ў свой? Лепей было б яму не радзіцца! — Так раю я ўсім лішнім.
Але і лепшыя ганарацца сваёй смерцю, і нават самы пусты арэх хоча, каб яго раскалолі.
Усе ставяцца да смерці сур’ёзна; але пакуль што яна святам не стала. Людзі яшчэ не навучыліся шанаваць светлыя святы.
Я вам паказваю смерць, у якой здабываецца поўнасць і закончанасць, — смерць, якая зробіцца ўсім жывым — джалам і святым зарокам.
Сваёю смерцю памірае той, хто прайшоў дарогу сваю, памірае пераможна сярод тых, хто поўны спадзяванняў і даў свой святы зарок.
Так паміраць трэба навучыцца; хай не будзе свята там, дзе той, хто памірае, не асвяціў прысягі тых, што застаюцца жыць!
Такая смерць — самая лепшая; а яшчэ лепшаю будзе — памерці ў змаганні і растраціць вялікую душу.
Але і змагарнік і пераможнік аднолькава ненавідзяць вашую смерць: ашчэрыўшы зубы, яна скрадваецца, як злодзей, а прыходзіць да вас як валадарка.
Сапраўды свабодную смерць я хвалю, тую смерць, што прыходзіць да мяне, бо я хачу яе.
Калі ж памкнецца да смерці воля мая? — У каго ёсць мэта і пераемнік, той захоча смерці ў свой час, калі гэта зручна мэце і пераемніку.
3 глыбокага шанавання мэты і пераемніка не павесіць ён сухіх вянкоў у святыні жыцця.
Сапраўды, я не хачу быць падобным да таго, хто сукае вяроўку: вяроўка даўжэе, а сам ён адступае назад.
Некаторыя робяцца надта старымі, каб перамагаць і знаходзіць ісціны; бяззубы рот ужо не мае права на ісціну.
Кожны спрагнены славы павінен загадзя развітацца з пашанаю і засвоіць цяжкае майстэрства: у свой час — сысці.
He давайся, каб цябе елі тады, калі ты найбольш смачны; гэта ведаюць тыя, хто хоча, каб іх доўга любілі.
Бываюць, вядома, кіслыя яблыкі: іх доля — чакаць апошняга дня восені, і тады робяцца яны адначасова спелымі, жоўтымі і маршчыністымі.
У адных раней старэе сэрца, у другога — розум. Адны бываюць старымі ў маладосці, a хто позна малады, доўга застаецца такі.
Некаторым не ўдаецца жыццё: атрутлівы чарвяк точыць ім сэрца. Хай прыкладуць яны ўсю сілу сваю, каб смерць ім болей удалася.
Есць і такія, што ніколі не робяцца салодкімі: яны пачынаюць гнісці ўжо з лета. Толькі маладушнасць трымае іх на галіне.
Надта многа жывых, і залішне доўга трымаюцца яны на сваіх галінах. Няхай жа наляціць бура і страсе з дрэва ўсю гэтую гнілізну і чарвівасць!
Хай явяцца прапаведнікі хуткай, смерці і, як тая бура, страсянуць дрэвы жыцця! Але я чую толькі пропаведзь павольнага памірання і цярплівасці да ўсяго «зямнога».
Вы прапаведуеце цярплівасць да ўсяго зямно-
77
га? Але гэта зямное і так занадта доўга трывае вас саміх, паклёпнікі!
Сапраўды, надта рана памёр той яўрэй, якога шануюць прапаведнікі павольнай смерці, і многім з таго часу зрабілася наканаваннем тое, што ён памёр так рана.
Толькі слёзную яўрэйскую скруху паспеў зведаць яўрэй Ісус, разам з нянавісцю добрых і праведных, і тады абняла яго прага смерці.
Чаму ён не застаўся ў пустыні, далёка ад добрых і праведных! Магчыма, ён навучыўся б жыць, і любіць зямлю, і нават смяяцца!
Верце мне, братове мае! Зарана памёр, ён і сам адмовіўся б ад вучэння свайго, дажыўшы да маіх гадоў! У ім было дастаткова высакароднасці, каб адмовіцца!
Але ён быў яшчэ няспелы. Нясталая любоў у хлопца, і нясталая нянавісць яго да зямлі і чалавека. Яшчэ звязаныя і цяжкія ў яго адчуванні і крылы духу.
Сталы мужчына больш дзіця, чым хлопец, і меней скрухі ў ім: лепш разумее ён смерць і жыццё.
Свабодны на смерць і свабодны ў смерці, ён вымаўляе свяшчэннае «Не», калі ўжо няма калі сказаць «Але»: так разумее ён смерць і жыццё.
Хай не будзе паміранне ваша наганаю чалавеку і зямлі, сяброве мае: з такою просьбаю звяртаюся я да лёду вашай душы.
Нават у смерці павінны палаць ваш дух і цнота, як вечная зара над зямлёю; інакш смерць ваша дрэнна вам удалася.
Так хачу памерці і я: каб вы, сяброве мае, дзеля мяне яшчэ болей любілі зямлю; я хачу зноў абярнуцца ў зямлю — знайсці спакой у той, што нарадзіла мяне.
Сапраўды, была мэта ў Заратустры, у яе шпурляў ён меч свой; ад сёння вы, сяброве, будзеце пераемнікамі мэты маёй, вам я кідаю залаты мяч.
Найпрыемней мне глядзець на вас, сяброве мае, калі падкідаеце вы яго! Вось чаму я затрымаюся яшчэ на зямлі: даруйце мне за гэта!
Так сказаў Заратустра.
Пра цноту, якая адорвае
1
Калі Заратустра развітаўся з горадам, які палюбіла яго сэрца і які называўся Пярэстая Карова, следам за ім пайшлі многія, што называлі сябе ягонымі вучнямі, і праводзілі яго. Так дайшлі яны да ростані; тут Заратустра сказаў ім, што далей пойдзе сам, бо любіць хадзіць самотна. А яго вучні падалі яму пры развітанні кія, a на залатой булавешцы яго змяя абвівалася вакол сонца. Заратустра парадаваўся з кія і абаперся на яго; а потым сказаў да вучняў:
«А скажыце мне: як зрабілася золата найвышэйшай каштоўнасцю? — А таму зрабілася, што яно рэдкае, і няма ў ім патрэбы, і пяшчотны бляск у яго; яно заўсёды дорыць самое сябе.
Толькі як адлюстраванне найвышэйшай цноты золата пачало лічыцца найвышэйшай каштоўнасцю. Золатам свецяцца вочы ў таго, хто дорыць. Залаты бляск азначае мір паміж сонцам і месяцам.
Найвышэйшая цнота рэдкая і бескарысная, яна ззяе і пяшчотная ў сваім ззянні; цнота, якая дорыць, — найвышэйшая цнота.
Папраўдзе, я вас разгадаў, вучні мае: вы, як і я, парываецеся да цноты, якая дорыць. Сапраўды, што ў вас супольнага з катамі і ваўкамі?
Вашая прага ў тым, каб самім стаць і дарункам, і ахвяраю: таму і прагнеце вы прыняць у душу ўсе скарбы.
Ненаедна імкнецца ваша душа да багаццяў і каштоўнасцяў, бо і вашая цнота ненаедная ў сваім жаданні дарыць.
Вы прыцягваеце ўсе рэчы да сябе і ў сябе, каб яны выліваліся з вашай крыніцы дарункамі вашай любові.
Сапраўды, рабаўніком усіх каштоўнасцяў павінна зрабіцца любоў, якая дорыць; але здароваю і святою я называю гэтую сябелюбнасць.
Есць яшчэ і другая сябелюбнасць, якая нічога не мае, галодная, заўсёды гатовая ўкрасці; такая сябелюбнасць у хворых, хворая сябелюбнасць.
Вачыма злодзея глядзіць яна на ўсё бліскучае; з галоднай прагавітасцю прымерваецца яна да таго, хто многа есць; заўсёды лісліва плазуе яна каля стала тых, якія дораць.
Хвароба і нябачная звыраднеласць праглядваюцца ў гэтай прагавітасці; пра кволае цела сведчыць зладзюжніцкая прагнасць гэтай сябелюбнасці.
Скажыце мне, братове мае: што лічыцца ў нас кепскім і найгоршым? Ці ж не звыраднеласць? — А якраз жа яе мы маем там, дзе няма душы, каб дарыла.
Угору вядзе наша дарога, ад роду да вышэйшага роду. Але нас жахае пачуццё, калі яно звырадняецца і кажа: «Усё — дзеля мяне».
Наша пачуццё ляціць угору: яно сімвал Hama-
га цела, сімвал узвышэння. Сімвалы такіх узвышэнняў — гэта імёны цнотаў.
Так праходзіць цела праз Гісторыю — у станаўленні і змаганні. А дух — што ён для цела? Ен — вяшчун ягоных бітваў і перамог, таварыш і водгалас яго.
Усе назовы дабра і зла — сімвалы: яны не гавораць, а толькі намякаюць. Дурань, хто шукае ведання ў назовах.
Зважайце ж, братове мае, на тую часіну, калі ваш дух захоча загаварыць сімваламі: бо там выток вашай цноты.
Тады ваша цела ўзвышаецца і ўваскрасае; сваёй мілатою яно адчыняе ваш дух, і ён робіцца творцам і ацэннікам, і нясе любоў і дабро ўсім рэчам.
Калі ваша перапоўненае сэрца хвалюецца і разліваецца, нібы паток, гэта — дабро і небяспека тым, што жывуць на беразе: там выток вашай цноты.
Калі вы ўзвысіліся над пахвалой і дакорам і ваша воля хоча загадваць усім рэчам як воля таго, хто любіць, — там выток вашай цноты.