Так сказаў Заратустра
Фрыдрых Ніцшэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
I вось яно чакае і чакае, — а чаго яно чакае? Так блізка ссуседзілася яно з хмарамі: ці не чакае яно першай маланкі?»
Калі Заратустра сказаў гэта, хлопец усклікнуў, пляснуўшы рукамі: «Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагібелі, калі імкнуўся ўгору, і ты — маланка, якое чакаў я! Паглядзі, што зрабілася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе разваліла мяне!» — так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго і павёў за сабою.
I калі прайшлі яны крыху дарогі, загаварыў Заратустра: «Заходзіцца сэрца маё. Лепш за ўсякія словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.
Ты яшчэ не свабодны — ты толькі шукаеш свабоды. Стамілі цябе твае пошукі і забралі твой сон.
Ты імкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але і благія твае памкненні прагнуць свабоды.
Твае дзікія сабакі рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасці ў сваіх падзямеллях, пакуль твой дух імкнецца разбурыць усе вязніцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такіх вязняў, але разам з тым падступная і нядобрая.
Свабодны духам павінен ачысціцца. Бо ў ім яшчэ шмат астрожнага змроку і цвілі — вока яго павінна ачысціцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклінаю цябе сваёй любоўю і надзеяй: не адкідай сваёй любові і надзеі!
Высакародна ты любіш пакуль што, і высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зіркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсім папярок дарогі.
«Добрым» таксама ён заважае; калі ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогі.
Высакародны хоча стварыць новае і новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробіцца добры, а што знахабіцца, зробіцца перасмешнікам і знішчальнікам.
Я ведаў высакародных, якія страцілі сваю найвышэйшую надзею. I вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокія памкненні.
I вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткія ўцехі і ставяць перад сабою мізэрныя мэты — не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
«Дух — таксама салодкі шал» — так кажуць
яны. I разбіліся крылы ў іх духу, і цяпер ён поўзае ўсюды і апаганьвае ўсё, што грызе.
Калісьці яны мерыліся стаць героямі, сёння яны ласуны. Сёння смутак і жудасць — ім за герояў.
Але любоўю сваёй і надзеяй заклінаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!»
Так сказаў Заратустра.
Пра прапаведнікаў смерці
Есць прапаведнікі смерці, і на зямлі поўна людзей, якім патрэбна пропаведзь агіды да жыцця.
Зямля кішыць лішнімі, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калі б можна было абяцаннем «вечнага жыцця» вынадзіць іх з гэтага жыцця!
Прапаведнікаў смерці называюць «жоўтымі» або «чорнымі». А я хачу паказаць вам іх у іншых колерах.
Вось яны, гэтыя жахлівыя, што носяць у сабе драпежнага звера і не маюць іншага выбару, акрамя пажады і самакатавання. Але і пажада іхняя — таксама самакатаванне.
Яны яшчэ нават не рабіліся людзьмі, гэтыя жахлівыя: няхай жа яны прапаведуюць агіду да жыцця і гінуць самі!
Вось яны, сухотныя душою — толькі нарадзіліся, а пачынаюць ужо паміраць і трызняць вучэннем пра стому і адмаўленне.
Яны вельмі хацелі б смерці, дык давайце ж пахвалім іх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывіць гэтых мерцвякоў і не пашкодзіць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; і адразу кажуць: «жыццё абвергнута»!
Але абвергнуты толькі яны самыя і іхнія вочы, якія бачаць толькі аблічча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага і выпадковага, што цягне з сабою смерць, — так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлівасці; трымаюцца за жыццё, як за саломіну, і кпяць, што трымаюцца за саломіну.
Іх мудрасць маўляе: «Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! I ў гэтым — уся дурнота жыцця!»
«Жыццё — толькі пакута» — так кажуць іншыя і не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабіць так, каб вашае жыццё спынілася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас — пакута!
I хай такою будзе запаведзь вашае цноты:
♦Забі сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!»
«Салодкае пахацінства — грэх, і так кажуць адны прапаведнікі смерці, дазвольце ж нам пайсці і не рабіць дзяцей!»
«Нараджаць вельмі цяжка, — кажуць другія, — ды і навошта? Нараджаюцца толькі няшчасныя!» Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
«Спагада патрэбная, — кажуць трэція, — забярыце ўсё, што я маю! Забярыце і мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!»
Калі б яны былі ў аснове спагадлівыя, яны адвярнулі б ад жыцця сваіх блізкіх. Быць злымі — вось што было б іх сапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавіцца ад жыцця; што ім да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваімі ланцугамі і дарункамі іншых людзей!
I нават вас, каму жыццё — гэта цяжкая праца і неспакой, хіба вас жыццё не стаміла? Хіба вы яшчэ не выспелі на пропаведзь смерці?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца і ўсё імклівае, новае, нязведнае, — вы самі сабе цяжкія сталі; ваш імпэт — гэта толькі ўцёкі ад сябе і жаданне забыцца.
Калі б вы болей верылі ў жыццё, вы менш аддаваліся б імгненнасці. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, і нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнікаў смерці; і поўніцца зямля людзьмі, якім патрэбная пропаведзь смерці.
Альбо «вечнага жыцця» : мне ўсё адно — толькі б зніклі яны з улоння зямлі!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну і ваяроў
Ад самых годных сярод ворагаў нашых мы не хочам літасці, а таксама і ад тых, каго мы любім да глыбіні душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзін з вас, і цяпер я такі самы. I я — самы годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавісць і зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькі вялікія, каб не ведаць нянавісці і зайздрасці. Няхай жа ў вас будзе досыць велічы, каб не было брыдка за саміх сябе!
I калі вы не можаце быць апосталамі пазнання, дык будзьце, прынамсі, ваярамі яго. Бо яны — спадарожнікі і прадвеснікі апосталаў.
Я бачу безліч салдатаў — хацелася б пабачыць безліч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзіраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца уніформай. Хай жа не будзе гэтакі аднастайны змест пад іх уніформай!
Будзьце такія, як тыя, чыё вока заўсёды цікуе за ворагам — іхнім ворагам. He кожны бо з вас здольны ненавідзець з першага позірку.
Свайго ворага вы павінны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананні! Калі ж вашыя перакананні будуць разбітыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любіце мір як сродак да новай вайны. I мір кароткі любіце мацней за доўгі.
He да працы заклікаю я вас, а да змагання; не да міру, а да перамогі. Хай будзе праца ваша — змаганне, а мір ваш — перамога!
Вы кажаце, добрая мэта асвячае нават вайну? А я кажу вам: толькі дабро вайны асвячае ўсякую мэту.
Вайна і мужнасць стварылі больш вялікае, чым любоў да блізкага. He спагада, а адвага ваша ратавала дагэтуль няшчасных.
«Што такое дабро?» — пытаецеся. Дабро — гэта адвага. Хай малыя дзяўчаткі кажуць: «Дабро — гэта тое, што прыгожае і разам з тым кранальнае»!
Вас называюць бессардэчнымі: але сэрца ваша шчырае, і я люблю сарамяжлівасць вашай сардэчнасці. Вы саромеецеся прыліву чуллівасці, іншыя саромеюцца адліву яе.
Вы брыдкія? Ну што ж, братове мае! Ахініцеся ўзвышаным, апраніцеся ў мантыю брыдкага!
I калі душа ваша робіцца велічнай, яна робіцца пагардлівай, і сама яе ўзнёсласць тоіць у сабе ліхату. Я ведаю вас.
У ліхаце сустракаецца пагардлівец з бяссільцам. Але яны не разумеюць адзін аднаго. Я ведаю вас.
Вы павінны мець толькі ворагаў, вартых нянавісці, а не ворагаў дзеля пагарды. Вы павінны ганарыцца сваімі ворагамі: тады толькі поспехі вашых ворагаў будуць вашымі поспехамі.
Паўстанне — гэта слушнасць рабоў. Хай будзе вашай слушнасцю паслушэнства! А кожны ваш загад — гатоўнасцю.
Кожнаму добраму ваяру «ты павінен» гучыць прыемней, чым «я хачу». I ўсё тое, да чаго схільнае сэрца ваша, павінна быць спачатку загадана вам.
Хай будзе ваша любоў да жыцця любоўю да найвышэйшай надзеі: а гэтай надзеяй хай зробіцца найвышэйшае ваша перакананне!
Але і яго вы павінны атрымаць ад мяне як загад — ён такі: чалавек ёсць нешта, што трэба пераадолець.
Дык жывіце жыццём паслушэнства і вайны! Які сэнс у доўгім^кыцці! Які ваяр хоча літасці!
Я не літую вас, я люблю вас усім сэрцам, мае супольнікі па вайне!..
Так сказаў Заратустра.
Пра новых куміраў
Сям-там яшчэ ёсць плямёны і народы, але не ў нас, братове мае; у нас ёсць дзяржавы.
Дзяржава? Што гэта такое? Дык вось, слухайце ж мяне цяпер, бо скажу я вам слова маё пра пагібель народаў.
Дзяржаваю называецца самая халодная пач-
вара. Холадна хлусіць яна; і вось якая хлусня лезе з вуснаў яе: «Я, дзяржава, — гэта народ».
Гэта хлусня! Родапачынальнікамі народаў былі творцы — яны надзялілі вераю і любоўю сваіх супляменнікаў: так яны служылі жыццю.
А тыя, што паставілі пасткі на людзей і назвалі гэта дзяржавай, — знішчальнікі: меч і сотню жаданняў навязалі яны ўсім.
Там, дзе яшчэ ёсць народ, не разумее ён дзяржавы і ненавідзіць яе як сурочлівае вока і замах на правы і звычаі.
Такую азнаку даю вам я: у кожнага народа ёсць свая мова дабра і зла, і ў гэтым адзін народ не разумее другога. Свая мова здабываецца кожным народам у спрадвечных правах і звычаяхяго.
Але дзяржава хлусіць на ўсіх мовах дабра і зла; і ўсё, што яна кажа — хлусня, і ўсё, што яна мае, — украдзена ёю.
Усё ў ёй — фалыпывае; крадзенымі зубамі кусаецца яна, пачвара. Нават вантробы ў яе — фальшывыя.
Месіва моваў у разуменні дабра і зла — гэтую азнаку я даю вам як азнаку дзяржавы. Сапраўды, цяга да пагібелі — азнака гэтая! Сапраўды, яна кліча прапаведнікаў смерці!
Народзяцца многія мноствы: лішнім і была прыдумана дзяржава!
Глядзіце, як надзіць яна гэтыя многія мноствы! Як яна душыць іх, як жуе і перажоўвае!
«Няма на зямлі нічога болыпага, чым я. Я — палец Божы, я — упарадковец» — так рыкае пачвара. I не адны толькі даўгавухія і блізарукія на каленях кленчаць!
О, нават вам, вялікія душы, нашэптвае пачвара сваю чорную хлусню! О, яна ўгадвае багатыя сэрцы, што ахвотна раздаюць сябе!