Так сказаў Заратустра
Фрыдрых Ніцшэ
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 367с.
Мінск 1994
♦ Будзь, прынамсі, маім ворагам!» — кажа сапраўдная пачцівасць, якая не адважваецца прасіць сяброўства.
Калі ты хочаш мець сябра, ты павінен быць гатовы весці за яго вайну; а каб весці вайну, трэба ўмець быць ворагам.
У сваім сябры трэба шанаваць яшчэ і ворага.
Хіба можаш ты падысці да свайго сябра, не падступіўшыся да яго?
Хай будзе твой сябар самым годным ворагам тваім. Будзь самы блізкі да сэрца ягонага, супраціўляючыся яму.
Ты не хочаш перад сваім сябрам насіць вопратку? Ты робіш гонар яму, паказваючыся такім, які ты ёсць? Але за гэта ён пасылае цябе к чорту!
Хто не маскуе сябе, той абурае: у вас аж столькі падстаў баяцца сваёй галізны! Былі б вы багамі, тады вы саромеліся б сваёй вопраткі!
He прыхарошвайся дзеля сябра, бо стралой і парывам да Звышчалавека маеш ты быць яму.
Ці глядзеў ты на сябра, калі ён спіць, каб убачыць, які ён тады? Што такое твар твайго сябра? Гэта — сама твой твар, але ў грубым і недасканалым люстры.
Ці бачыў ты сябра свайго, калі ён спіць? Ці не спалохаўся ты яго выгляду? О, чалавек ёсць нешта такое, што трэба пераадолець.
Здагадвацца і ўмець маўчаць павінен сябар: не ўсё ты павінен хацець бачыць. Хай сон твой адкрые табе, што робіць твой сябар, калі чувае.
Хай здагадка твая будзе мілажальная: даведайся спярша, ці хоча сябар твайго мілажалю. Можа, ён любіць у табе цвёрды пагляд і позірк вечнасці.
Хай будзе твой мілажаль да сябра схаваны пад моцнай абалонкай, на ёй ты павінен скрышыць свае зубы. Тады спагада набудзе вытанчанасць і слодыч.
Ці стаў ты чыстым паветрам, хлебам і лекамі свайму сябру? Некаторыя не ўмеюць скінуць з сябе ланцуг, аднак ратуюць сваіх сяброў.
Ты раб? Тады ты не можаш быць сябрам. Тыран? Тады ты не можаш мець сяброў.
Занадта доўга жылі ў жанчыне раб і тыран. Таму яна няздольная на сяброўства: яна ведае толькі каханне.
У яе каханні заўсёды ёсць несправядлівасць і слепата да ўсяго, чаго яна не любіць. Але і ў свядомым каханні жанчыны ёсць і раптоўнасць, і маланка, і ноч побач з святлом.
Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства. Жанчыны — усё яшчэ кошкі альбо птушкі. Альбо, у лепшым разе, каровы.
Пакуль яшчэ жанчына няздольная на сяброўства: але скажыце вы мне, мужчыны, хто з вас здольны?
0 вашая беднасць, мужчыны, о скнарыстасць вашай душы! Тое, што вы даяце сябру, я даю кожнаму свайму ворагу, але ж не раблюся бяднейшы.
Ёсць таварыскасць: хай будзе і сяброўства!
Так сказаў Заратустра.
Пра тысячу і адну мэту
Шмат краін і народаў пабачыў Заратустра: так ён адкрыў дабро і зло ў розных народаў. He Ьнайшоў ён на цэлай зямлі сілы, большай за дабро і зло.
Ніводзін народ не здолеў бы выжыць, не робячы ацэнкі — што дабро і што — зло; каб захавацца, ён павінен ацэньваць інакш, чым ягоны сусед.
Многае, што ў адных народаў называюць дабром, у другіх лічыцца ганьбаю і гідою —
вось што зразумеў я. Многае з таго, што тут называецца ліхам, там ходзіць у пурпурах шаноўлі.
Ніколі сусед не разумеў суседа; заўсёды здзіўлялася душа аднаго з шалу і злосці другога.
Скрыжаль даброцяў вісіць над кожным народам. Глядзі, гэта скрыжаль ягоных пераадоленняў, гэта голас ягонай волі да ўлады.
Вартае хвалы ў яго тое, што цяжка робіцца; добрым называецца цяжкае і непазбежнае; а тое, што настолькі моцнае, што аж можа вызваліцца ад найвялікшай гароты, — самае рэдкае і цяжкае — ён абвяшчае свяшчэнным.
Тое, што дазваляе яму панаваць, перамагаць і ззяць на зайздрасць суседу, мае ў яго значэнне найвышэйшага, самага першага мерніка каштоўнасцяў і сэнсу ўсіх рэчаў.
Сапраўды, браце мой, калі ты ўведаў патрэбу народа, яго зямлю, і неба, і суседа ягонага, ты адкрыў закон пераадолення яго і адгадаў, чаму ён падымаецца па гэтай лесвіцы да надзеі сваёй.
«Ты заўсёды павінен быць першы і стаяць наперадзе іншых; нікога не павінна любіць твая раўнівая душа, акрамя сябра», — словы гэтыя ўзрушалі душу грэка, і ён ішоў сцежкай сваёй велічы.
«Гаварыць праўду і добра валодаць лукам і стрэламі», — лічылася годнаю, але і нялёгкаю справаю кожнага народа, ад якога паходзіць маё імя — імя, якое я нашу з годнасцю і гонарам, хоць і нялёгка мне гэта.
♦ Шанаваць бацьку і маці і да патаемных глыбіняў душы аддавацца іх волі» — такая скрыжаль пераадолення другога народа, які ўзвёў яе над сабою і зрабіўся магутнай і вечнай сілай яе.
♦Захоўваць вернасць і ў імя яе ахвяраваць крывёю і гонарам нават у ліхіх і небяспечных дзеях» — так, павучаючыся, пераадольваў сябе другі народ, і, пераадольваючы, вялікія надзеі панёс ён у сабе.
Сапраўды, людзі самі сабе зрабілі ўсё сваё дабро і зло. Сапраўды, не пазычалі яны і не знайшлі нічога, і нішто не ўпала само да іх, быццам голас з неба.
Спачатку чалавек даў каштоўнасць рэчам, каб гэтым захаваць сябе; ён даў рэчам сэнс, чалавечы сэнс. Таму і назваў сябе чалавекам, што пачаў ацэньваць.
Ацэньваць — гэта ствараць. Чуеце вы, творцы! Ацэнка прыўлашчвае каштоўнасць усім ацэненым рэчам. Толькі праз ацэнку з’яўляецца каштоўнасць: без ацэньвання быў бы пусты арэх быцця. Чуеце вы, творцы!
Перамена каштоўнасцяў — гэта перамена творцаў. Заўсёды будзе разбуральнікам той, хто робіцца творцам.
Калісьці творцамі былі цэлыя народы, і толькі потым — асобныя людзі; сапраўды, асобны чалавек — гэта самае маладое з усяго створанага.
Скрыжалі даброцяў павесілі над сабою народы. Любоў, якая імкнецца загадваць, і любоў, якая прагне слухацца, разам стварылі гэтыя скрыжалі.
Імкненне да статка больш даўняе за імкненне да свайго «Я»: і пакуль добрае імкненне азначае волю статку, толькі дрэннае сумленне скажа: «Я».
Сапраўды, падступнае і бессардэчнае «Я», якое шукае сваёй выгоды ў выгодзе многіх, — не пачатак статка, а пагібель яго.
Хто любіць і стварае — вось ён быў заўсёды творцам дабра і зла. Агонь любові і гневу палае на імёнах усіх дабрачыннасцяў.
Шмат краін і народаў пабачыў Заратустра, але не знайшоў ён на цэлай зямлі большае сілы, чым творы тых, што любяць: Дабро і Зло — іх імёны.
Сапраўды, пачварная сіла і ўлада гэтай пахвалы і гэтага паганьбення. Скажыце мне, братове мае, хто адолее іх? Хто накіне аковы на тысячагаловага звера, скажыце?
Тысяча мэт было дагэтуль, бо была тысяча народаў. Цяпер не хапае толькі кайданоў на тысячагаловага звера, не хапае адной мэты. У чалавецтва яшчэ пакуль што няма мэты.
Але скажыце мне, братове мае: калі ў чалавецтва дагэтуль няма мэты, дык ці ёсць яно само, ці яго яшчэ няма?
Так сказаў Заратустра.
Пра любоў да блізкага
«Вы туліцеся да блізкага і гаворыце прыгожыя словы. А я кажу вам: ваша любоў да блізкага — гэта толькі любоў да самога сябе.
Вы ўцякаеце да блізкага ад саміх сябе і хацелі б выдаць гэта за дабрачыннасць; а я наскрозь бачу вашу «самаадданасць».
«Ты» старэйшае за «Я»; «Ты» абвешчана свяшчэнным, але пакуль што не прызнана свяшчэнным «Я»: і вось — чалавек туліцца да блізкага.
Хіба ж заклікаю я вас любіць блізкага? Я лепей параю вам уцякаць ад блізкіх і любіць далёкіх!
Вышэй за любоў да блізкага стаіць любоў да далёкага і бўдучага; вышэй за любоў да чалавека — любоў да дзеяў і прывідных яваў.
Гэтая прывіднасць, што лунае над табой, браце мой, прыгажэйшая за цябе; чаму б табе не аддаць ёй сваё цела і кроў? Але ты баішся і ўцякаеш да блізкага.
Вы не трываеце сябе і недастаткова сябе любіце: і вось вы хочаце спакусіць блізкага свайго на любоў да вас і пазалаціць сябе ягонымі аблудамі.
Я хацеў бы, каб вы не трывалі ўсіх гэтых блізкіх і суддзяў іхніх; тады вы мусімеце стварыць з саміх сябе сябра з перапоўненым сэрцам.
Вы запрашаеце сведку, калі хочаце, каб вас пахвалілі; і калі вы пераканалі яго думаць пра вас добра, тады і самі пачынаеце думаць пра сябе добра.
Хлусіць не толькі той, хто гаворыць насуперак таму, што ён ведае, а найперш той, хто гаворыць насуперак свайму няведанню. Менавіта так вы стасункуецеся паміж сабою, уводзячы наконт сябе ў зман сваіх суседзяў.
Неразумны гаворыць пра сябе так: «Стасункі з людзьмі псуюць характар, асабліва калі яго няма».
Адзін ідзе да блізкага, бо шукае сябе, a другі — бо хоча страціць сябе. Ваша неразумная любоў да сябе ператварае вашу адзіноту ў турму.
Далёкія расплачваюцца за вашу любоў да блізкага; і кожны раз, калі вы зберацеся ўпяцёх, шосты павінен памерці.
Я не люблю вашых святаў: надта багата актораў сустракаю я там, і нават гледачы часта прыкідваюцца акторамі.
He пра блізкага я вучу вас, а пра сябра. Хай будзе сябар вам святам зямлі і пра'дчуваннем Звышчалавека.
Я вучу вас пра сябра і поўніцу сэрца ягонага. Але трэба ўмець быць губкай, калі хочаш, каб цябе любілі ад поўніцы сэрца.
Я вучу вас пра сябра, пра шалю дабра, на якой свет стаіць, дасканалы і завершаны; я вучу вас пра стваральнага сябра, які заўсёды гатовы адарыць такім светам.
I як гэты свет разгортваецца перад ім, так, згортваючыся, зноў вяртаецца да яго, падобна да станаўлення дабра праз зло, падобна да станаўлення мэты праз выпадак.
Хай будзе табе будучае і далёкае прычынаю твайго сённяшняга: у сябру сваім любі Звышчалавека, як прычыну сваю любі.
Братове мае, любіць блізкага не запрашаю я вас, я заклікаю вас любіць далёкага».
Так сказаў Заратустра.
Пра дарогу стваральніка
«Браце мой, ты хочаш асамотніцца? Хочаш шукаць дарогі да самога сябе? Пацярпі крыху і выслухай мяне.
«Хто шукае, той лёгка губляе сябе. Усякае асамотненне ёсць грэх» — так кажа статак. А ты доўга быў у статку.
I голас ягоны яшчэ доўга будзе гучаць у табе. I калі ты скажаш: «У мяне ўжо не адно сумленне з вамі», — гэта будзе скарга і боль.
Бачыш, гэты самы боль народжаны ў табе адным сумленнем: апошнім водбліскам гэтае сумленне яшчэ ўспыхвае на смутку тваім.
5. Зак. 530. 0g
Але ты хочаш ісці дарогаю смутку, бо гэта дарога да цябе самога? Тады пакажы, што маеш на гэта і права, і новую сілу!
А ці ёсць ты новае права і новая сіла? Першы рух? Кола, якое круціцца само сабою? Ці можаш ты прымусіць зоркі абарочвацца вакол цябе?’
0, як многа любацерпцаў за вышыню! I тых, каму яна курчамі славалюбства выходзіць! Пакажы мне, што ты не любацерпец і славалюбец!
0, як многа вялікіх ідэй, дзеянне якіх падобнае да кавальскіх мяхоў: ад іх чалавек надзімаецца і робіцца яшчэ пусцейшы.
Ты сябе лічыш свабодным? Я хачу пачуць тваю галоўную думку, а не тое, што ты ўцёк з-пад ярма.