Тэма сачынення — вольная Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў

Тэма сачынення — вольная

Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
82.97 МБ
Серыя «Для школьнікаў і абітурыентаў»
M.L Верціхоўская
Тэма сачынення — вольная
Зборнік тэматычных блокаў
Для старшакласнікаў і абітурыентаў
Мінск
ТАА «Юніпрэс» 2002
УДК 821.161.3.09(075.3)
ББК 83.3(4Бен)я721
В35
Верціхоўская М.І.
В35 Тэма сачынення — вольная: Зборнік тэматычных блокаў: Для старшакласнікаў і абітурыентаў. М.І. Верціхоўская. — Мн.: ТАА «Юніпрэс», 2002. — 272 с. — (Серыя «Для школьнікаў і абітурыентаў»)
ISBN 985-474-033-1.
Кніга складаецца з тэматычных блокаў-артыкулаў, напоўненых адпаведным літаратурным матэрыялам, які можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы да сачынення.
У сачыненнях на вольную тэму павінна быць выяўлена цесная сувязь з літаратурай, творчасцю беларускіх пісьменнікаў. Адсутнасць такіх сувязей і асацыяцый — тыповы недахоп школьных сачыненняў. Дапамагчы вучням пазбегнуць гэтага недахопу — прызначэнне кнігі.
УДК 821.161.3.09(075.3)
ББК 83.3(4Бея)я721
ISBN 985-474-033-1
© Верціхоўская М.І., 2002
© ТАА «Юніпрэс», 2002
Ад аўтара
Кніга «Тэма сачынення— вольная...» складаецца з тэматычных блокаў-артыкулаў, напоўненых адпаведным літаратурным матэрыялам, які можа быць выкарыстаны пры падрыхтоўцы да сачынення.
Найбольш распаўсюджаны недахоп сачыненняў на вольную тэму ў тым, што яны пішуцца без выкарыстання мастацкіх твораў, літаратурнага матэрыялу ўвогуле. У сачыненнях такога плану павінна быць выяўлена цесная сувязь з літаратурай, творчасцю беларускіх пісьменнікаў. I хоць аўтары сачыненняў выдатна ведаюць, як павінна і як не павінна быць, пазбегнуць тыповага недахопу складана.
Л.С. Айзерман у кнізе «Сачыненне пра сачыненне» пісаў, што «сінтэз патрабуе не менш, а, магчыма, больш навыкаў, сіл, часу, чым самае руплівае даследаванне. Самае цяжкае — уключыць прачытанае, пачутае ў адзіную сістэму».
Кампазіцыя блокаў-артыкулаў наступная. Афарыстычнае выказванне, якое дае назву артыкулу, акрэслівае прастору разважання, у межах якога магчымы сугучныя тэмы. Эпіграф раскрывае сутнасць, галоўную думку артыкула. Уступ, своеасаблівая прадмова, падводзіць да раскрыцця тэмы, філасофскай думкі, выяўленай у афарызме — назве артыкула. Тэма раскрываецца спасылкамі на мастацкія творы, аўтарытэтныя меркаванні. У заключэнні — падагульненні, вывады.
Аўтар сачынення можа і нават павінен выказваць свае самастойныя думкі-разважанні. Аргу-
ментаваць іх дапамогуць шматлікія літаратурныя спасылкі, прыклады, прыведзеныя ў кнізе, з якіх аўтар можа выбраць сугучныя ўласным меркаванням. У кнізе засведчаны і дыяметральна процілеглыя погляды літаратуразнаўцаў на нейкі пэўны твор, літаратурную з’яву, падзею (да прыкладу, меркаванні Дз. Бугаёва і Г. Шупенькі адносна «сучаснай быкаўскай прозы»). Дарэчы, два апошнія блокі-артыкулы ўяўляюць сабой кампазіцыю з аналітычных прац, прысвечаных «сучаснай быкаўскай прозе». Мэта гэтых артыкулаў не толькі пазнаёміць вучняў і абітурыентаў з рознымі пазіцыямі літаратуразнаўцаў адносна творчасці В. Быкава, але на канкрэтных прыкладах паказаць, як рэалізуецца права аналітыка на асобаснае прачытанне мастацкага твора.
Супастаўляючы пазіцыі некалькіх літаратуразнаўцаў, аўтар кнігі выяўляе і сваё асабістае разуменне жанравай спецыфікі твораў В. Быкава і прапануе адпаведнае гэтай спецыфіцы сваё ўласнае прачытанне іх.
Такое права ёсць і ў аўтара сачынення. Ён таксама можа не пагадзіцца з пазіцыяй і высновай таго ці іншага аналітыка. Аднак аспрэчванне заўсёды павінна грунтавацца на глыбокім веданні твора і тэорыі літаратуры як неабходнай умове аналізу мастацкага твора.
Блокі-артыкулы нельга разглядаць як гатовыя сачыненні, бо нават іх памер значна перавышае аб’ём сачынення, што тлумачыцца насычанасцю літаратурным матэрыялам. Аўтар сачынення зможа выбраць для аргументацыі ўласных высноў 2-3 прыклады з некалькіх прапанаваных.
Звяртаем увагу чытача, што ў асобных артыкулах змешчаны не выбарачны, а цэласны сціслы
пераказ некаторых твораў — тых, якія тэкстуальна ў школе не вывучаюцца, ці тых, якія з’яўляюцца творамі найноўшай літаратуры. Калі аўтара сачынення зацікавіць менавіта гэты твор для аргументацыі сваіх высноў, то твор пажадана прачытаць. Аднак трэба памятаць, што ў сачыненні, як і ў вусным адказе па літаратуры, можа быць толькі выбарачны (мэтавы) пераказ мастацкага твора як элемент яго аналізу.
Для зручнасці карыстання дапаможнікам, арыентацыі ў інфармацыі, змешчанай у ім, у канцы яго ёсць паказальнік імён. Гэта дазволіць выкарыстаць дапаможнік і пры падрыхтоўцы да сачынення на літаратурную тэму.
30-гадовы вопыт выкладання літаратуры ў школе пераконвае аўтара кнігі ў тым, што сачыненне ёсць адзін з найболып выніковых метадаў у сістэме літаратурнай адукацыі. Аднак сачыненне як форма кантролю, а тым больш як форма ўступнага экзамену па літаратуры «канчаткова губіць справу», як пра тое даводзіць вучоны-метадыст М.А. Рыбнікава.
Маскоўскі настаўнік-славеснік Л.С. Айзерман, аўтар некалькіх кніг і шматлікіх публікацый, пісаў у свой час пра эксперымент, праведзены ў Маскоўскім універсітэце імя М.В. Ламаносава. Сутнасць эксперыменту такая: адно сачыненне прапанавалі праверыць і ацаніць некалькім экзаменатарам. Вынік быў ашаламляльны: ад «двух» да «пяці».
Лёс чалавека, які стаіць перад выбарам, кім яму быць, не павінен залежаць ад суб’ектыўнай ацэнкі экзаменатара, ад яго настрою, не гаворачы пра TaKia фактары, як прафесіяналізм, светапогляд, амбіцыёзнасць і нецярпімасць да іншага, чым у «суддзяў», меркавання. Сітуацыя «гора ад розуму» не
выключана. У сваю чаргу і экзаменатарам складана пераканаць аўтара відавочна слабога сачынення ў тым, што ўзровень яго працы не дазваляе прапусціць аўтара ў цесную браму вучонасці. He прапусціць — можна, пераканаць у справядлівасці «прысуду» — наўрад ці. Асабліва калі «прысуд» грунтуецца не на выяўленых арфаграфічных і пунктуацыйных памылках, а на сумна вядомых «не раскрыта тэма», «неадпаведнасць тэме» і да т. п., пра што і сведчаць вынікі эксперыменту ў МДУ.
Аўтару кнігі вядомы выпадак, калі выкладчык падрыхтоўчых курсаў адной ВНУ і экзаменатар слова «пажадана», прачытанае ў адным з аўтарытэтных выданняў, успрыняў як «абавязкова» і выстаўляў адпаведныя патрабаванні да сачыненняў абітурыентаў. Да прыкладу, у кнізе В. Дз. Старычонка «150 сачыненняў па беларускай літаратуры. У дапамогу абітурыентам і школьнікам» на с. 10 чытаем: «Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на вольную (свабодную) тэму. Свабода тут — толькі ў выбары літаратурнага матэрыялу, характары выкладання. Такую тэму трэба раскрываць на аснове літаратурных твораў (пажадана апошніх дзесяцідваццаці гадоў). Пры гэтым абітурыент павінен паказаць не толькі веданне літаратуры, але і сваю эрудыцыю, інтэлектуальную і духоўную сталасць, уменне выкласці на паперы свае ўласныя думкі, меркаванні. Само разважанне павінна быць самастойным, абгрунтаваным, правільным».
Рэальнасць атрымання абітурыентам і школьнікам запаветнай адзнакі будзе залежаць у некаторай ступені і ад таго, ці з’яўляецца яго экзаменатар або настаўнік прыхільнікам выкладзенай у прыведзенай цытаце пазіцыі і акрэсленых патрабаванняў. А калі экзаменатар лічыць, што «та-
кую тэму», г. зн. вольную, можна раскрываць на аснове літаратурных твораў як старажытных, так і сучасных, уключаючы і найноўшыя? А калі экзаменатар лічыць, што некаторыя тэмы (да прыкладу, «Зямля — аснова ўсёй айчыне») наогул нельга раскрыць толькі на аснове літаратурных твораў «апошніх дзесяці-дваццаці гадоў»? Ды і наогул, адзін экзаменатар можа лічыць спасылку на пэўны літаратурны твор лагічнай, доказнай, a другі — нематываванай ці нават абсурднай.
Усё напісанае мае непасрэднае дачыненне і да выкарыстання гэтага дапаможніка. Яго аўтар лічыць сваім абавязкам нагадаць чытачу-школьніку, што яго сачыненне — гэта яго ўчынак, за які адказны ён сам. Аўтар кнігі не можа адказваць за тое, як, на якім узроўні будзе выкарыстаны матэрыял, змешчаны ў кнізе, а таксама за ацэнку сачынення экзаментарам. У нас яшчэ не выпрацаваны механізм, які б выключаў суб’ектыўнасць пры ацэнцы такой формы кантролю, як сачыненне.
He так даўно аўтару кнігі надарылася прачытаць пра цікавы вопыт у сістэме французскай літаратурнай адукацыі. На замяшчэнне вакансій выкладчыка славеснасці ў каледжах і універсітэтах аб’яўляецца конкурс. Усе дапушчаныя да ўдзелу ў ім пішуць... сачыненне на літаратурную тэму. Загадзя аб’яўляюцца ўсяго тры мастацкія творы, паводле якіх будуць прапанаваны тры тэмы на выбар канкурсанта. Тэмы ж аб’яўляюцца непасрэдна перад напісаннем сачынення. На жаль, у газетнай інфармацыі не паведамлялася пра ўсе патрабаванні да сачынення, а толькі пра адно — вызначальнае. Мэта такой формы конкурсу — выявіць галоўную здольнасць чалавека, неабходную для працы з моладдзю ў якасці выкладчыка
славеснасці. На думку французаў, такой здольнасцю з’яўляецца ўсведамленне і асэнсаванне духоўнага вопыту, засведчанага ў мастацкім творы.
Нам падаецца, што ўсведамленне і асэнсаванне аўтарам сачынення духоўнага вопыту, назапашанага ў літаратуры, вельмі пажаданае і ў яго сачыненні. I калі такое дасягаецца — сачыненне атрымалася. Магчыма, у такім выпадку здараецца менавіта тое, пра што А. Твардоўскі пісаў:
О том, что знаю лучше всех на свете, Сказать хочу. М так, как я хочу.
I вельмі важна, каб сказанае пачулі. I зразумелі.
«Мова — сцяг народа» (М. Ермаловіч)
...Ясная ў Божым свеце мудрасць.
В. Цяпінскі
Функцыя пісьменніка заключаецца ў тым, каб у выніку яго дзеяння ніхто не змог спаслацца на няведанне свету, апраўдацца асабістай невінаватасцю перад ім.
Ж.П. Сартр
Французскі пісьменнік А. Камю параўнаў працу пісьменніка з подзвігам Сізіфа і сцвердзіў гэтым параўнаннем перш за ўсё стаіцызм, годнасць свайго героя-вязня, які духоўна ўзвысіўся над катамі. Зноў і зноў паднімаючы цяжкі камень на вяршыню гары, Творца-Мастак здзяйсняе спробу за спробай асвятліць агульным сэнсам уласнае існаванне. Толькі ўласнае існаванне, бо ні свет, ні асобнага чалавека перайначыць, перарабіць немагчыма. I ўсё ж наперакор усяму і нават уласнаму ўсведамленню марнасці высілкаў трэба, як гаварыў адзін з герояў камюсаўскага рамана «Чума», «добра рабіць сваю справу. Рабіць так «як калі б...». Гэтае «як калі б» азначае: як калі б быў упэўнены ў выніковасці сваёй справы.
Усе высілкі беларускіх творцаў адносна