Тэма сачынення — вольная Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў

Тэма сачынення — вольная

Зборнік тэматычных блокаў для старшакласнікаў і абітурыентаў
Выдавец: Юніпрэс
Памер: 272с.
Мінск 2002
82.97 МБ
 сваёй зямлі, ні выяўляць свой светапогляд і сваю грамадзянскую пазіцыю беларускія аўтары не мелі магчымасці. У пачатку стагоддзя толькі ў фальклоры ды яшчэ ў творчасці філаматаў і філа-
рэтаў (членаў тайных студэнцкіх таварыстваў і аб’яднанняў) жыў невынішчальны нацыянальны дух. Трагічным быў іх лёс: арышты, ссылкі, турмы, Кожны з іх заслугоўвае ўдзячнай памяці нашчадкаў за сваю высакародную чалавечую ахвярнасць. Большасць з іх пісалі па-польску. А вось Ян Чачот ад захаплення беларускай народнай паэзіяй перайшоў да творчасці на мове свайго народа ў той «жорсткі» век. Яму — наша асаблівая ўдзячнасць і пашана.
«Знаць Чачота ўсе павінны...» — пісаў Ф. Багушэвіч. Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота — «Вясковыя песенькі з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) — літаральна ашаломіў Ф. Багушэвіча. Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова — то нібыта пра яго ці нават зварот да яго. Ян Чачот, разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым».
I слова Чачота пачулі: многія, вельмі многія сцяганосцы нацыі «ўзялі сабе гэты клопат». Найвышэйшым дасягненнем еўрапейскай славістыкі канца XIX — пачатку XX ст., своеасаблівай энцыклапедыяй беларусазнаўства з’яўляецца трохтомная праца Яўхіма Фёдаравіча Карскага «Беларусы». У ёй навукова абгрунтавана нацыянальная самабытнасць беларусаў як народа са сваёй арыгінальнай і багатай культурай, мовай, традыцыямі,
вуснай народнай творчасцю. Асноўнае месца ў навуковай спадчыне беларускага мовазнаўцы-лексікографа, фалькларыста, этнографа Івана Іванавіча Насовіча займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870), у які ўключана больш за трыццаць тысяч слоў, запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губернях. Зборнікі «Беларускія народныя песні» П.В. Шэйна і «Нарысы Віцебскай Беларусі», «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі...» М.Я. Нікіфароўскага і многія іншыя працы беларускіх захавальнікаў вечнасці і сейбітаў вечнага — неацэнны ўклад у падмурак духоўнасці беларускага народа.
Словам і справай, прыкладам уласнага жыцця, цалкам прысвечанага слугаванню Айчыне і народу, беларускія сцяганосцы клікалі яго за сабой. I даводзілі, што без зберажэння «скарбу вечнага, скарбу душы», якім з’яўляецца мова, немагчыма заняць «свой пачэсны пасад між народамі». I «людзьмі звацца» немагчыма таксама. Свет не прызнае нас толькі праз адно гэтае адступніцтва ад свайго роднага. Наўрад ці апраўдае нас тое, што народ, які жыў у становішчы перманентнага генацыду, іншым быць не можа. Гэта падобна да таго, як быкаўскі герой аповесці «Знак бяды» са скрухай зазначае, што «гора нікога не робіць лепшым».
I ўсё ж у нашай трагічнай гісторыі былі і прасветлыя хвіліны, якімі быццам сам лёс пасылае нам і дакор, папрок, і знак устаць і ісці да Беларусі. 3 надзеяй абудзіць нашу нацыянальную годнасць П. Панчанка нагадвае нам, што «Скарына наш друк распачаў за паўвека да Фёдарава», што
«вучыў царанят у Маскве Сімяон з пасівелага Полацка». А хіба не з’яўляецца напамінам усім нам, каб мы не гнулі плеч ніколі, той факт, што гісторыя расійскага тэатра XVII ст. прадстаўлена толькі імем «вядомага палітычнага дзеяча і драматурга Сімяона Полацкага», як тое засведчана ў расійскіх энцыклапедычных даведніках.
Сівая мінуўшчына нагадвае нам і пра асабліва спрыяльны для Беларусі перыяд, калі яна, паводле вобразнага выразу Ф. Багушэвіча, была ў магутнай дзяржаве, «як зерне ў гарэху», калі ў гэтай дзяржаве яе «златам» было «багацце духоўнае». I юрыдычная думка Беларусі ў XVI ст., як вядома, дасягнула найвышэйшага ў Еўропе ўзроўню. Ніводная з тагачасных краін не мела такога дасканалага заканадаўства як Беларусь, аб чым красамоўна сведчыць змест Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг. Трэці Статут канчаткова замацаваў беларускую мову ў якасці афіцыйнай, дзяржаўнай мовы Вялікага княства Літоўскага. Можна зразумець гонар Льва Сапегі, які ўрачыстымі словамі пісаў у прадмове да Статута ВКЛ: «Не чыёй якой мовай, але сваёй уласнай правы пісаныя маем і кожны раз пры неабходнасці для адпору ўсялякай крыўды ведаць можам». Праца над Статутам і яго выданне ў Віленскай друкарні Мамонічаў — вялікая заслуга Льва Сапегі перад нашай культурай і народам.
Трэці Статут ВКЛ як першая еўрапейская Канстытуцыя набыў шырокую вядомасць. Статут перакладаўся на польскую, нямецкую, лацінскую, французскую мовы, выкарыстоўваўся на Маскоўскай Русі пры падрыхтоўцы Саборнага ўлажэння 1649 г., у судах Эстоніі і Латвіі. Статуту было
наканавана доўгае жыццё. Ён дзейнічаў на працягу XVII і XVIII ст. Толькі ў 1840 г. царскі загад скасаваў яго адначасова з афіцыйнай забаронай назваў «Беларусь» і «Літва», якія жорсткай фантазіяй рускага самадзержца ператварыліся ў «Северо-Западный край» неабсяжнай імперыі.
Народ, як і чалавек, ніколі не бывае абсалютна нешчаслівым. I кожны чалавек у прасветлінах свайго самага гаротнага лёсу знаходзіць сілы, чэрпаючы адтуль успаміны, вылучаючы для сябе ўрокі з мінулага, каб вытрымаць новыя выпрабаванні і думаць пра будучыню. Прасветлае генерыруецца намнога лепш, чым урокі гаротнага.
Прасветлым у лёсе народа з’яўляецца прыклад, які пакінуў сваім жыццём М. Багдановіч. Аднаго гэтага прыкладу дастаткова, каб ведаць адказ на пытанне, што рабіць у сітуацыі, калі вакол нішчыцца і руйнуецца роднае, святое. Бацька паэта Адам Ягоравіч, пісьменнік, вучоны, ва ўспамінах пра сына пісаў, што нават у сям’і размаўлялі па-руску, хоць звычаі, захапленні ў аснове сваёй былі беларускія. Беларускай мовай Максім авалодаў самастойна, яшчэ калі вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Казкі і песні бацькоўскага краю, трапныя народныя прыказкі і прымаўкі жывілі паэтычную душу Максіма і настолькі захапілі яго, што ў гады вучобы ў Яраслаўскім юрыдычным ліцэі ён арганізоўвае і вядзе сярод ліцэістаў гурток вывучэння беларускага фальклору.
У гутарцы, прысвечанай нацыянальнаму герою Кастусю Каліноўскаму, М. Ермаловіч піша і пра тых «сыноў» Беларусі, для якіх вырачэнне роднай мовы было іх першым крокам у здрадзе pa-
дзіме. Для К. Каліноўскага вернасць роднай мове была паролем вернасці Беларусі, «і ён не мог уяўляць уздым роднай старонкі без узняцця з прыніжэння роднай мовы». Калі да яго на гэтай мове пісалі толькі літаратурныя творы, то К. Каліноўскі падняў ужыванне беларускай мовы на ўзровень вялікай нацыянальнай справы і шматграннай дзяржаўнай дзейнасці. На ёй вучыў ён народ сваёй «Мужыцкай праўдай»; на ёй аддаваў загады сваім паўстанцам; на ёй напісаў свой запавет народу— «Ліст з-пад шыбеніцы».
Наш сучаснік сцяганосец Айчыны М. Ермаловіч заклікаў усіх, хто прачнуўся: «Ніколі не выракайся роднай мовы, тым болей жывучы на радзіме... змагайся за яе».
Страту народам мовы М. Ермаловіч параўноўвае са стратай сцяга палком: «Калі полк страчвае свой сцяг, ён перастае існаваць... Калі народ страчвае сваю мову, ён таксама перастае існаваць». Довады М. Ермаловіча для нас асабліва пераканальныя. Даследчык айчыннай гісторыі вылучыў з яе такія ўрокі, якія карысныя для ўсяго народа, знайшоў адказы на такія пытанні, што не могуць не хваляваць усіх, хто прачнуўся. Даводзячы, што прыгнечанне народа пачынаецца са зневажэння і ганення яго мовы, М. Ермаловіч падказвае выйсце са становішча, у якім мы ўсе апынуліся: «Гэтак жа сама і нацыянальнае абуджэнне народа бярэ свой пачатак з усведамлення ім вялікага значэння роднай мовы як свайго сцяга, ідучы пад якім ён знойдзе сваю волю і шчасце».
Пераканальна даводзіць сцяганосец М. Ермаловіч, што страта роднай мовы азначае страту і сваёй нацыянальнасці, а прыналежнасць да яе
будзе толькі фармальная. I гэта заахвочваецца рознымі спосабамі. М. Ермаловіч папярэджвае пра наступствы адзінай свабоды, якая дадзена нам і якой мы можам карыстацца бесперашкодна, — свабоды адрачэння ад сваёй роднай мовы. «Магчыма, таму і знаходзяцца людзі, якія з-за адсутнасці другіх свабод спяшаюцца пакарыстацца хоць гэтай свабодай», — піша М. Ермаловіч. Яго гутаркі «Аб усім, што баліць» прасякнуты верай: народ зразумее, што яму патрэбна не адна гэтая ганебная свабода, а ўсе свабоды, што родная мова — гэта сцяг, ідучы пад якім, «вызваліць свае душы мы можам ужо сёння».
Пісьменнік усведамляе, што вольныя думкі і вольныя словы — «гэта, вядома, далёка не ўсё, але з гэтага пачынаецца» выратавальнае і вызначальнае для любой нацыі — духоўнасць з усімі яе выявамі.
«Шануйце роднае слова!» (Цётка)
У які горад ці селішча вы ні ўвайшлі б, даведайцеся, хто ў ім годны, і там заставайцеся, пакуль не выйдзеце... А калі хто не прыме вас і не паслухаецца слоў вашых, дык, выходзячы з дому альбо з горада таго, абцерушыце пыл з ног вашых; праўду кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, чым гораду таму.
Евангелле ад Мацвея
С. Александровіч назваў артыкул Цёткі «Шануйце роднае слова!» «палымяным гімнам беларускай мове, яе багаццю і сіле». Артыкул пераклікаецца з вершамі «Пагоня» М. Багдановіча, «Ворагам беларушчыны» Янкі Купалы. У ім відавочная рэмінісцэнтная сувязь з багушэвічаўскімі прадмовамі да зборнікаў, у прыватнасці з афарызмам «Бацькава, спрадвечная, святая, Богам дадзеная адзежа душы чалавека». Мова — адзежа душы чалавека, а ўздзець «чужую апратку» — страціць уласную душу, страціць сябе. «Хто адрокся мовы бацькоў сваіх, хто ўздзеў чужую апратку — той адышоў ад народу далёка-далёка», — піша Цётка. А на рэмінісцэнцыю багушэвічаўскага афарызма «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!» указвае сама: «Толькі не кідайце роднай мовы: бо сапраўды для свайго народа тады вы ўмёрлі!»
3 часоў Багушэвіча і Цёткі многа падзей адбылося ў нашай Айчыне, многае змянілася. I на вялікі жаль — не ўсё да лепшага. Многа ёсць набалелага
ў нашым грамадстве. «Але сярод усяго — ёсць і самае набалелае: гэта — становішча, у якім апынулася сёння ў Беларусі беларуская мова. Мацней набалелага болю, чым гэты, — няма. Больш актуальнай, больш вострай праблемы, чым гэта, — няма. Гэта пытанне — у поўным сэнсе слова пытанне жыцця і смерці. Жыцця і смерці беларускай нацыі», — так пра самае набалелае піша Ніл Гілевіч. Роздумы ў вершах і прозе аб роднай мове гэтага сцяганосца народа склалі цэлую кнігу, якая называецца «Любоў прасветлая» і прысвячаецца праблемам нацыянальнага адраджэння.
У паэзіі Ніла Гілевіча — адказ на пытанн