• Газеты, часопісы і г.д.
  • Вочы Зямлі Вандроўкі па роднай Беларусі Уладзімір Ягоўдзік

    Вочы Зямлі

    Вандроўкі па роднай Беларусі
    Уладзімір Ягоўдзік

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 87с.
    Мінск 2020
    46.44 МБ
    ЗЯМЛІ
    Вандроўкі па роднай Бедарусі
    
    Уладзімір Ягоўдзік вочы ЗЯМЛІ
    Вандроўкі па роднай Беларусі
    Мінск «Народная асвета»
    УДК 087.5:502(476)
    ББК 20.1(4Бен)
    ЯЗО
    Г
    Фота:
    1. I. Бышнёў, М. I. Гулінскі, А. П. Дрыбас, A. А. Жданоўская, С. А. Чарапіца, У. I. Ягоўдзік
    Ягоўдзік, У. I.
    ЯЗО Вочы Зямлі : Вандроўкі па роднай Беларусі / Уладзімір Ягоўдзік ; фота : I. I. Бышнёў [і інш.]. — Мінск : Народная асвета, 2020. — 87 с. : іл.
    ISBN 978-985-03-3443-5.
    Кніга Уладзіміра Ягоўдзіка «Вочы Зямлі. Вандроўкі па роднай Беларусі» прысвячаецца багаццям беларускай прыроды. Навуковапапулярныя звесткі пра беларускія лясы, азёры, рэкі і крыніцы аўтар па-майстэрску спалучае з народнымі паданнямі і легендамі. Выданне стане верным сябрам таму, хто хоча пашырыць і ўзбагаціць свае веды па геаграфіі, біялогіі і гісторыі роднага краю.
    Адрасуецца аматарам роднай прыроды сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту.
    УДК 087.5:502(476)
    ББК 20.1(4Беп)
    ISBN 978-985-03-3443-5
    © Ягоўдзік, У. I., 2020
    © Афармленне. УП «Народная асвета», 2020
    Змест
    Вочы Зямлі 	 5
    Нарачанскія казкі 		15
    Аблокі над азёрамі 	23
    Жывая вада крыніц	33
    Срэбракрылыя стужкі	43
    Зачараваная Свіслач	55
    Палеская Амазонія	63
    У векавечных лясах	73
    Мядзведжыя нетры 	81
    Чуйная аленіха ♦ Фота Сяргея Чарапіцы
    Вочы Зямлі
    Пра азёры выдадзена шмат фотаальбомаў, гартаць якія зімовымі вечарамі адно задавальненне. Але лепш вандраваць не па кніжных старонках...
    У Беларусі налічваецца звыш 10 тысяч азёр, і большасць з іх, як пісаў Максім Багдановіч, «у нязнаны свет акно». Каб даследаваць таямніцы гэтага «нязнанага свету», існуе асобная навука — азёразнаўства, або лімналогія (ад грэч. Іітпе — возера і logos — вучэнне), якая вывучае азёры, вадасховішчы і сажалкі. Лімналогія даследуе форму і паходжанне азёрных катлавін, колер і празрыстасць вады, а таксама жыццё раслін і жывёл.
    Дзякуючы вучоным цяпер вядома, як узніклі беларускія рэкі і азёры. Мы не памылімся, калі назавём іх слядамі Паазерскага ледавіка. За апошні мільён гадоў, як мяркуюць геолагі, ледавікі з Кольскага і Скандынаўскага паўастравоў пяць разоў наступалі на поўдзень Еўропы. Таўшчэзны ледзяны панцыр цалкам і часткова накрываў тэрыторыю тагачаснай Беларусі. Апошняе зледзяненне працягвалася амаль 85 тысяч гадоў і скончылася прыблізна 10 тысяч гадоў таму. Магутны Паазерскі ледавік (таўшчынёй да 3 кіламетраў!) далёка на поўдзень не прасунуўся, а спыніўся на Віцебшчыне, у межах паўночных раёнаў Гродзеншчыны і Міншчыны.
    3 цягам часу стала цяплець, ледзяныя горы пачалі раставаць. Вясной і летам патокі талай вады цяклі ў нізіны і лагчыны. Так паступова ўтвараліся азёры. Яны адрозніваліся па глыбіні і памерах, а таксама адметным «абліччам» берагавой лініі. Асабліва гэта заўважна ў Паазер’і, дзе сустракаюцца доўгія і вузкія азёры. На думку даследчыкаў, тут, быццам волат-араты, «папрацаваў» сам ледавік. Марудна рухаючыся наперад, ён пакідаў вялізныя барозны, якія потым напаўняліся вадой. Некаторыя азёры былі створаны бурлівымі вадаспадамі, што зрываліся ўніз з ледзяных глыб. Вось каб зірнуць хоць адным вокам на гэтае відовішча!
    На Палессі, у басейнах Дняпра і Буга, азёр налічваецца амаль 6 тысяч, што на 2 тысячы больш, чым у Паазер’і. Сярод іх ёсць даволі буйныя: напрыклад, Чырвонае возера (у даўніну яго называлі прыгажэй — Князь-возера). Аднак большасць палескіх блакітных люстэркаў — дробныя і неглыбокія. Пасля асушэння балот яны зарастаюць хмызняком і могуць знікнуць з твару зямлі.
    Цікава, а калі б апошні ледавік прасунуўся на 500 кіламетраў далей? Напрыклад, да тых мясцін, дзе цячэ маці пятнаццаці рэк — прыгажуня Прыпяць... Няўжо палескія краявіды сёння выглядалі б інакш? Можа, Прыпяць тады абдымалася б не з Дняпром, а з Бугам... He, няхай лепш усё застаецца так, як ёсць. Прырода нашай Радзімы і без таго адметная непаўторным хараством.
    Першыя паселішчы ўзніклі на берагах рэк і азёраў у каменным веку — археолагі назвалі яго палеалітам. Пакуль нашы прашчуры не навучыліся апрацоўваць зямлю, яны
    займаліся паляваннем, збіралі птушыныя яйкі, а летам і восенню — ягады і грыбы. Потым распаўсюдзілася рыбалоўства. Касцяныя кручкі былі такія ж здабычлівыя, як лук са стрэламі або каменная сякера.
    Вадзяное царства неаднойчы ратавала людзей ад галоднай смерці. Вось яскравы прыклад, пра які згадвае гісторык Адам Ганоры Кіркор. У 1847 годзе ў Мінскай губерні здарыўся неўраджай. Раптам чэрвеньскім днём на нарачанскі край абрынулася жахлівая бура. Яна вырвала з карэннямі дрэвы, перагарадзіла дарогі заваламі. Асабліва бушавала Нарач. Шалёныя хвалі выкідвалі на бераг мноства рыбы — дробнай уклейкі. Так працягвалася некалькі дзён. I ўвесь гэты час неўтаймаванае возера шпурляла рыбу. Сяляне вазілі яе дамоў і сушылі. Мінула восень, надышла зіма. У іншых паветах лютавала страшная бясхлебіца, а нарачанцы карміліся шчодрым гасцінцам роднага возера.
    Я невыпадкова згадаў пра Нарач. Беларускае мора — так паважліва яго называюць. Хапае прасторы, каб разгуляцца ветру і хвалям. Бываюць дні, калі процілеглы бераг Нарачы зліваецца з небам, а лодку шпурляе, як пёрка; калі ў кронах гонкіх хвояў ледзь чутна звініць самотная жалейка-гудзёлка. Гэта юнак Ач спрабуе даклікацца з азёрных прадонняў каханую Нару, ператвораную злым чарадзеем у беражніцу...
    Возера Доўгае, што ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, — самае глыбокае з усіх беларускіх азёраў. На першы погляд, нічым адметным яно не вылучаецца: даўжыня — 6 кіламетраў, шырыня дасягае 700 метраў. Затое глыбіня — аж 53,7 метра! Каб па-сапраўднаму ацаніць, што значыць гэтая лічба, зірніце на дваццаціпавярховы дом. Няшмат знойдзецца ахвотнікаў нырнуць у такую прорву, нават з аквалангам на спіне і ў гідракасцюме. Без вадалазнага
    Вялікая коўра (чомга) ♦ Фота Мікалая Гулінскага
    8	Возера Доўгае ♦ Фота Анатоля Дрыбаса
    касцюма наогул не варта лезці — можна замерзнуць! Летнім днём вада на 20-метровай глыбіні праграваецца ўсяго да пяці градусаў цяпла.
    Упершыню я апынуўся на крутым беразе Доўгага ліпеньскім вечарам. Сонца спяшалася за далягляд. У нерухомым азёрным люстры адбівалася густая чырвань. Я не сумняваўся: зусім побач палац Вадзяніка. Міжволі прыгадаліся радкі Максіма Багдановіча: «Жыццё сабою адбівае і ўсё, што згінула даўно, у цёмнай глыбіні хавае...»
    Мой спадарожнік, біёлаг па адукацыі, пачуўшы вершаваныя радкі, запярэчыў: «Паэт памыліўся, не ўсё канчаткова згінула ў глыбіні!»
    Аказваецца, ледавіковая эпоха пакінула ў бездані Доўгага жывога пасланца — даўгахвостага лімнакалянуса, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Прыкмеціць драбнюткага рачка (даўжыня яго цельца 1—1,5 міліметра) можна хіба пад мікраскопам. Рыбы ахвотна ласуюцца такім «веліканам». Канечне, заманліва патрымаць на далоні рэліктавага сучасніка мамантаў і валасатых насарогаў Аднак мяне хвалюе іншае: як нанова памераць глыбіню Доўгага? Магчыма, рэкорд не адпавядае сапраўднасці — возера значна глыбейшае...
    Асвейскае возера (пасля Нарачы яно другое па велічыні) кожнаму вандроўніку запомніцца самым буйным востравам Беларусі. Яго плошча амаль 5 квадратных кіламетраў Неяк шляхі-дарогі прывялі мяне ў гарадскі пасёлак Асвея. Паўтары гадзіны ходу на вёслах — і вось яна, невядомая зямля! На зялёны бераг я ступіў, адчуваючы сябе Хрыстафорам Калумбам. Потым сцежка-змейка прывяла ў сталіцу вострава — невялічкую вёску. Я сустрэўся з яе жыхарамі, пагаманіў... Ніхто з дарослых на лёс не наракаў, наадварот, я
    Шуляк-галубятнік ♦ Гняздо звычаянага рэмеза ♦
    Цікаўная жабка	~
    Фота Сяргея Чарапіцы
    зразумеў, што людзям хапала рыбы і да рыбы. Ну а пра малых астраўлян і казаць няма чаго! На заняткі ў Асвею мясцовыя школьнікі ездзілі на маторнай лодцы. А зімой запрагалі падкаванага коніка і весела імчалі па ледзяной дарозе на санях. Канікулы пачыналіся позняй восенню, бо на «вялікую зямлю», пакуль не замярзала возера, транспарт не хадзіў. У веснавое разводдзе вучобу надоўга перапыняў крыгалом...
    Цяпер на востраве людзі не жывуць. Ад колішняга паселішча засталіся здзічэлыя яблыні і грушы. Навокал — пагоркі, лагчыны, хмызнякі... Лесу амаль няма. Аднак і без лесу тут сапраўдны рай для птушак і звяроў. Калі вам давядзецца трапіць на востраў паспрабуйце знайсці там дзве гары. Першая называецца Пярунка. Кажуць, у навальніцу сюды часта б’е пярун. Другая мае назву Гарадок. Ад мясцовых рыбакоў я пачуў такую легенду... Аднойчы пастушок прыгнаў на Гарадок авечак. I раптам праваліўся ў глыбокую яму. Там ён убачыў незнаёмых дзядулю і бабулю, а побач з імі сабаку. Малы прывітаўся і кінуў сабаку скарынку хлеба. За гэта старыя насыпалі яму поўныя кішэні золата і дапамаглі вылезці з ямы. Прыгнаўшы авечак у вёску, хлапчук паказаў суседзям прыгаршчы золата. Некалькі зайздроснікаў, не зважаючы на прыцемкі, пабеглі да гары, спадзяваючыся разбагацець. Ніводзін з іх дамоў не вярнуўся...
    Я згадаў тры найбольш вядомыя возеры нашай краіны. Калі б друкаваўся беларускі адпаведнік кнігі рэкордаў Гінеса, дык Нарач, Доўгае і востраў у Асвейскім возеры абавязкова трапілі б на яе старонкі.
    Вялікая белая чапля ♦ Фота Мік^а^Іулінскага
    Лотаць цвіце ♦ Махаон ♦ Прыткая яшчарка
    Фота Сяргея Чарапіцы	® =	13
    Некаторыя мае сябры прыкіпелі сэрцам да Браслаўскіх азёраў. Сапраўды, трапіўшы аднойчы на Браслаўшчыну, потым ляціш сюды, як на крылах. Я сам у тым пераканаўся. Тыдзень прамільгнуў, месяц праляцеў — адпачынак скончыўся. А як развітацца з браслаўскімі краявідамі, што нібы ўзялі цябе на празрыстыя далоні і не хочуць адпускаць?
    Мая старая хаціна стаіць на беразе возера Паўазер’е. Яно ўваходзіць у склад Ушацкай групы азёраў, злучаных паміж сабою рэчкай Дзівай. Хутчэй паспяшайцеся сюды, калі марыце сустрэцца з казачным дзівам! Напрыклад, з возерам Крывым, вакол якога даўно заснаваны гідралагічны заказнік. Думаю, не памылюся, калі скажу: Крывое — самае празрыстае з усіх беларускіх азёраў.
    Бадай, тут і трэба паставіць кропку, бо пра ўсе азёры немагчыма расказаць. I ўсё-такі не магу не сказаць колькі слоў пра возера Свіцязь, што на Наваградчыне. He надта вялікае і не надта глыбокае, яно даўно, быццам неадольны магніт, прыцягвае да сябе падарожнікаў сваёй прыгажосцю. Дзвесце гадоў таму на берагах Свіцязі часта бывалі школьныя сябры — Ян Чачот і Адам Міцкевіч. Абодва нашы землякі — выдатныя паэты. Зачараваныя хараством Свіцязі і народнымі легендамі аб прыгажунях свіцязянках, паэты стварылі некалькі балад — сапраўдных шэдэўраў польскай літаратуры.