Вочы Зямлі
Вандроўкі па роднай Беларусі
Уладзімір Ягоўдзік
Выдавец: Народная асвета
Памер: 87с.
Мінск 2020
Балотны лунь з падрослым птушанем ♦ Птушаняты балотнага луня
Фота Сяргея Чарапіцы
Трошкі меншы памерамі Каровін камень, да якога калісьці прыходзілі людзі, каб пакланіцца богу Вялесу — ахоўніку і заступніку свойскай жывёлы. У старадаўніх легендах Вялес вядомы яшчэ пад адным імем — Волас. Нашы далёкія продкі вельмі шанавалі гэтае боства, аб чым сведчаць назвы азёраў Волас Паўночны і Волас Паўднёвы. Апошняе возера — самае глыбокае на Браслаўшчыне — 40,4 метры. Вада надзвычай празрыстая і чыстая, у ёй жывуць такія ракападобныя рэлікты ледавіковага перыяду, як бакаплаў Паласа, лімнакалянус, мізіда рэліктавая і пантапарэя.
Безумоўна, азёры — галоўнае багацце Браслаўскага краю. Займаючы 17 % тэрыторыі нацыянальнага парку, яны злучаюцца маляўнічымі рэчкамі і пратокамі. Сярод 30 відаў рыб, якія тут водзяцца, славуты вугор, судак, мянтуз...
У прыбярэжных трыснягах, на пясчаных косах і астравах раскінуліся ўладанні птушынага царства, дзе жывуць 189 відаў птушак. Калі пашчасціць, можна на свае вочы ўбачыць двух крылатых рыбаловаў — скапу і арлана-белахвоста. Прыблізна 46 % навакольных абшараў займаюць лясы — надзейны прытулак бурага мядзведзя, еўрапейскай рысі, барсука.
Крыніца каля вёскі Вяжное ♦ Фота Уладзіміра Ягоўдзіка
Жывая вада крыніц
«У рэках і азёрах жывуць рыбы, а ў крыніцах — зоркі» — не ведаю, ніяк не магу прыгадаць, ад каго і калі запалі мне ў душу гэтыя словы. Але колькі помню сябе, на кожную крыніцу дзіўлюся, як на неразгаданую загадку і вялікую таямніцу. Куды б ні прывялі вандроўныя шляхі-дарогі, заўсёды пацікаўлюся, ці бруіцца паблізу крынічная вадзіца. I абавязкова падгадаю хвілінку, зачарпну далонямі жывое срэбра, спаласну твар, усмак нап’юся — і дарожную стому ці гаркату нейкай прыкрасці як рукою здыме.
Крыніцы — надзвычай шчодры дар Маці-Зямлі. Першабытны чалавек, наш далёкі прашчур, напачатку жыў з ласкі прыроды: паляваў на звяроў і птушак, вучыўся лавіць рыбу, збіраў ягады, грыбы і арэхі. Паступова навучыўся ладзіць жытло, падобнае на цесны бярлог або нару. Зведаў смак падсмажанага на агні кавалка мяса і гаючую сілу чыстай вады. Агонь мог знікнуць, калі полымя не падкарміць галлём, не затуліць ад залевы ці ветру. А крынічная вада бруілася з зямлі днём і ноччу, летам і зімой, непадуладная ніякай сваволі. У любую пару года, у спёку і ў сцюжу, яна служыла людзям, птушкам і звярам. Перад крыніцай міжволі хацелася стаць на калені, пакланіцца, упрыгожыць лугавымі кветкамі. Да самаручна выкапанай студні старажытны чалавек ішоў многія тысячагоддзі...
Галінка з шышкамі ♦ Квакша ♦ Вожык Фота Сяргея Чарапіцы
Нядзіўна, што пра крыніцы складзена мноства прыгожых легенд і паданняў, прыкмет і павер’яў Каб усе пераказаць, атрымалася б вялікая кніга. Гартаеш яе сэрцам, слухаеш, чытаеш — і нібыта наяве трапляеш у казку.
«За гарамі, за лясамі, дзесьці на краі свету, кажуць, ёсць такія крыніцы, з якіх бяжыць вада мацуючая і слабая. Каб чалавек напіўся мацуючай, дык зрабіўся б дужы, як мядзведзь, а каб глытнуў слабай, дык зваліўся б з ног. Пра такія крыніцы ведаюць толькі некаторыя птушкі і звяры...»
«Ёсць такая жывая вада, што можа ажывіць нават мёртвага. I ёсць такая вада, што гоіць усялякія раны, лечыць усялякія хваробы. Толькі гэтую ваду цяжка здабыць, бо яна дзесьці на краі свету, а на дарозе да яе засела нячыстая сіла, засела дзеля таго, каб не дапусціць да цуду чалавека...»
«У Беларусі асабліва шанавалася крынічная вада, якая завецца жывой вадой, бо яна ачышчае і аздараўляе, як святы агонь. Вясною, пасля першага грому, людзі іітглі да крыніц, каб памаліцца і памыцца. Ішлі ў здавён прынятыя дні: на Юр’я, на Міколу...»
Так гавораць ацалелыя старонкі спрадвечнай народнай памяці, незамутнёнай народнай душы.
Hi на імгненне не спыняецца год-карагод. Учора — сонечнымі кроплямі дзьмухаўцоў смяяўся блакітны травеньскі ранак. Сёння — барвовай кляновай далонькай развітваецца з намі самотны восеньскі вечар. Заўтра — зімовы сіберны вецер запануе над кожнаю травінкай, над кожнаю былінкай. Каб пазбыцца стомы, упэўнена ляцець далей, шырэй расхінуўшы крылы, нахіліцеся над крыніцай. I вам абавязкова ўсміхнецца шчаслівая зорка.
Вавёрка ♦ Заяц русак ♦ Фота Сяргея^арапіцы Палыкавіцкая крыніца ♦ Фота Уладзіміра Ягоўдзіка
Зразумелая рэч, у вучоных свае меркаванні пра паходжанне крыніц, і да іх трэба ўважліва прыслухацца. У навуковых артыкулах крыніцы называюцца «прыроднымі выхадамі падземных вод на зямную паверхню».
Гэткая з’ява даволі пашыраная, сустракаецца як на сушы, так і на дне рэк і азёр, а таксама на марскім дне. Угвараюцца такія выхады пры перасячэнні ваданосных гарызонтаў рачнымі далінамі, глыбокімі ўпадзінамі і ярамі, іншымі формамі сучаснага рэльефу. He апошняя роля тут належыць і геалагічным асаблівасцям той ці іншай мясцовасці.
Паводле навуковай класіфікацыі бываюць узыходныя і зыходныя крыніцы, акрамя таго, пастаянныя, рытмічныя і сезонныя, а таксама прэсныя, мінералізаваныя, саланаватыя, салёныя, мінеральныя. Вось колькі ўсялякіх асаблівасцей! Дадайце сюды яшчэ наступныя добра ўсім вядомыя характарыстыкі: кіпячыя, гарачыя, цёплыя, халодныя. Апошнія сустракаюцца найчасцей, прынамсі, на нашай беларускай зямлі.
Калі мы зазірнулі ў падземныя воды, дык мушу сказаць наступнае. У першым ад паверхні зямлі гарызонце залягаюць грунтавыя воды. Над імі знаходзіцца вада-верхаводка, а ніжэй — пластавыя воды. Іх называюць яшчэ артэзіянскімі (Artesium — ад лацінскай назвы французскай правінцыі Артуа). Вучоныя падлічылі: на тэрыторыі Беларусі агульныя запасы падземнай прэснай вады складаюць 16—18 мільярдаў кубічных метраў. Спажываецца іх цяпер усяго 3—3,5 %.
Як вядома, на планеце ёсць цэлыя кантыненты, дзе востра адчуваецца недахоп вады. Наша краіна ў недалёкай будучыні можа стаць буйным экспарцёрам гэтага сапраўды бясцэннага багацця.
Блакітніца Ікар ♦ Жалуды ♦ Фота Сяргея Чарапіцы Аляпка ♦ Фота Мікалая Гулінскага
Сёння крыніцы паўсюдна шануюцца. Рэдка дзе сустрэнеш, каб «крынічкі вузенькае ложа» (радкі з паэмы «Новая зямля» Якуба Коласа) было занядбана, наўмысна забруджана. Наадварот, бачна імкненне як мага лепш упрыгожыць жыццядайны выток. Хто яны, дбайныя рупліўцы? Школьнікі, студэнты, людзі сталага веку самых розных прафесій. На Берасцейшчыне, напрыклад, створаны пашпарты выяўленых крыніц. Сабраныя звесткі і радуюць, і прымушаюць задумацца. Цяжка даць веры, але на Палессі трапляюцца раёны, дзе не засталося аніводнай крыніцы! Старажылы рукамі разводзяць: «А як жа, крынічную вадзіцу мы пілі, ды забыліся, калі...» Даследаванні пацвярджаюць — гэта вынік бяздумна і безаглядна праведзенай у сярэдзіне мінулага стагоддзя меліярацыі.
У даўніну існавала павер’е, што крыніцы часам крыўдзяцца на людзей, таму высыхаюць. He забывайце старадаўнюю мудрасць. Залішні клопат толькі шкодзіць вытоку. Нельга лезці рыдлёўкай у струмень, капаць залатое крынічнае дно! Дзівосная срэбраная нітачка жывой вады вельмі чуйная, у любы момант можа парвацца.
Хочацца верыць, што да крыніц не зарастуць сцежкі. Hi сёння, ні заўтра — ніколі.
Ніхто пакуль не падлічыў, колькі крыніц бруіцца на беларускай зямлі. Адны з іх вядомы толькі ў мясцінах, дзе струменьчык прабіўся на белы свет. А пра другія добрая слава ляціць па ўсёй Беларусі. Раскажу пра тры крыніцы, найбольш дарагія майму сэрцу.
На Слонімшчыне ўжо некалькі стагоддзяў існуе славуты Жыровіцкі манастыр. Народнае паданне сведчыць, калісьці на тых абшарах, дзе сёння стаіць мястэчка Жыровічы, рос векавечны лес. На ўскрайку лесу быў пагорак, з якога цякла крынічка. Летнім днём, каб спатоліць смагу, пастушкі прыгналі сюды статак і заўважылі дзівоснае святло. На грушыдзічцы, якая расла паблізу ад крыніцы, сонечным зайчыкам свяціўся каменны абразок з выявай Божай Маці. Хлапчукі прынеслі абразок уласніку маёнтка Аляксандру Солтану. Той схаваў знаходку ў куфэрак. Назаўтра да Солтана завіталі госці. Гаспадар хацеў паказаць абразок гасцям, але ў куфэрку было пуста... А вечарам таго ж дня пастушкі зноў прынеслі абразок у маёнтак! Яны знайшлі яго на вершаліне той самай грушы, што і ўчора. Уражаны цудам, Солтан загадаў пабудаваць над крыніцай царкву. Цудадзейны выток па сённяшні дзень імкне пад алтаром Успенскага сабора. Зблізку і здалёку ў Жыровічы спяшаюцца людзі, каб падмацаваць стомленую жыццёвымі нягодамі душу і хворае цела. На ўскрайку мястэчка з-пад высокай гары бруіцца яшчэ адна крыніца, да якой спяшаюцца людзі.
Былая вёска Крупцы даўно трапіла ў гарадскую рысу Мінска. Цяпер тут раскінуўся сучасны мікрараён з прыгожаю назвай Вяснянка. Жыхары амаль штодня хадзілі па ваду, якая цурчэла каля праспекта Пераможцаў з упрыгожанай барэльефам металічнай трубы.
Калісьці ў Крупцах было шматлюдна ад вернікаў. Яны прыходзілі з усіх куткоў Мінскай губерні, каб пакланіцца абразу Божай Маці, які ў 1612 г. аб’явіўся на дне крыніцы. Потым аказалася, што крынічная вада дапамагае пазбавіцца ад многіх хвароб, вяртае зрок. Найбольшую моц яна мела ў маладзіковыя дні... 3 часам над вытокам узнікла драўля-
ная каплічка. У сярэдзіне XIX стагоддзя, дзякуючы ахвяраванням, на яе месцы быў збудаваны храм. Калі ж царкву ў 1936 годзе дазвання разбурылі, Крупецкі абраз Божай Маці невядома куды знік. А галоўная святыня — жывая крыніца — засталася. I ўрэшце вярнула страчаны духоўны зрок іхнім нашчадкам’ У самым канцы нядаўна мінулага стагоддзя ў Крупцах зноў паўстаў велічны сабор. Скажыце, хіба нельга назваць цудам непераможнасць святыняў?
А цяпер мой шлях бяжыць на Віцебшчыну, у край незлічоных рэк і азёр, дзе мне пашчасціла знайсці сапраўды райскі куточак. Дыбаў я, дыбаў, як даўней казалі, і надыбаў на возера Гарнасвечча. Адна назва чаго варта! Таямніца з таямніц! За возерам, на пагорку, вёсачка, у якой жывуцьзімуюць тры душы. Адразу за вёсачкай — рэчка Ула, ці Уллянка, як пяшчотна яе заве тутэйшы люд. Спынюся на вузкай, двум легкавікам не размінуцца, вуліцы, па левай руцэ — возера, а праваруч — рэчка. А душа, нібыта ластаўка, лунае высока-высока пад аблокамі! Каб перавесці дух ад хараства і радасці, іду за ваколіцу, да стромкага рачнога берага. Пасярод крутога схілу, у густым хмызняку, стаіць поўная, як вока, крыніца. Я сам, без падказкі, знайшоў да яе сцежку. Затое сто разоў паспеў пераканацца: тут жыве вельмі смачная вада. Іду сюды — нікога з сабой не клічу і за руку не цягну. Кожны з нас у жыцці мусіць сам знайсці сваю крыніцу.