Залаты птах
беларускія народныя чарадзейныя казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 94с.
Мінск 2004
— Хто тут?
— Я,— кажа Сіняя світа.
— А чаго ты сюды залез?
— Ды вось узяўся я ад цара-чараўніка схавацца, а ніяк не ўдаецца.
— Хочаш, я цябе схаваю.
— Схавай, добрая птушка. Век буду табе дзякаваць.
Птушка Нагай перакінула яго ў пярынку, узяла пад крыло, занесла ў царскі палац і палажыла соннаму цару за пазуху.
Раніцай цар устаў, памыўся, паглядзеў у чараўнічую кнігу і кажа:
— Перада мною стаяў добрым малайцом, па двары бег чорным собалем, пад вароты лез белым гарнастаем, па полі бег шэрым зайцам, забег у трыдзесятае царства. Ёсць там дуб, што карэнне ў зямлі, a вяршыня ў небе. Забраўся ён пад яго кару і сядзіць там, перакінуўшыся ў іголку.
Загадаў цар слугам спілаваць дуб, пакалоць на дровы і спаліць.
Слугі так і зрабілі, а Сіняй світы не знайшлі. Прыходзяць і кажуць цару:
— Няма Сіняй світы.
— Як няма? — усхадзіўся цар.— He можа гэтага быць!
— Няма, і ўсё,— кажуць слугі.
Выйшаў цар на ганак, пачаў клікаць:
— Сіняя світа налева пашыта, пакажыся!
— Збяры,— адказвае Сіняя світа,— сваіх генералаў, тады пакажуся.
Цар чуе голас Сіняй світы, а не ведае, адкуль ідзе той голас. Круціўся ён, круціўся, усюды заглядваў, a Сіняя світа як вадой разліўся.
Ну, рабіць няма чаго, сабраў цар сваіх генералаў. Выйшаў на ганак і зноў кліча:
— Сіняя світа, пакажыся!
— He,— чуе голас Сіняй світы,— спярша пры генералах адпішы мне палавіну царства, тады пакажуся. Бо ты падманеш — я цябе ведаю!
Як ні хацелася цару, а прыйшлося аддаць палавіну царства. Толькі паставіў ён пры генералах на ўказе сваю царскую пячатку, як з-за пазухі яго
вылецела лёгкая пярынка і стала добрым малайцом.
— Вось і я! — кажа Сіняя світа.
Схапіў ён той указ — ды сабе ў кішэнь.
Перастаў тады цар-чараўнік хованкамі займацца.
ЧОРТ-ЗЛОДЗЕЙ
аехаў дзед араць поле. I ўзяў з сабою праснак на абед. Палажыў праснак на возе, a |f ж сам арэ.
Араў, араў, змарыўся, пайшоў да воза праснаком падсілкавацца. Прыходзіць, а тут з-пад самага носа чорт ухапіў праснак і пабег у балота.
Узлаваўся дзед на чорта — ды за ім з пугаю. Прыбег на балота, бачыць — чорт у прорву праваліўся. Дзед з гарачкі таксама туды — шабулдых!
Ускочыў на дно прорвы, глядзіць, а там палац вялікі і чарцей у ім поўна.
Пачаў дзед прыглядацца, каторы чорт ухапіў яго праснак. Ды дзе яго пазнаеш: усе чэрці адной шэрсці.
— Хто ў вас тут старшы? — пытаецца дзед у чарцей.
— Ды вунь,— кажуць,— за сталом сядзіць.
Падышоў дзед да яго.
— Так і так,— расказвае сваю крыўду,— твой чорт украў мой праснак. Загадай вярнуць.
Старшы кажа:
— Шукай у маладых: старыя гэтым займацца не будуць.
Падышоў дзед да кучы маладых чарцянят:
— Ану, разяўляйце раты!
Разявілі чарцяняты раты. Паглядзеў дзед і ўбачыў у аднаго з іх у роце недаедзены праснак.
— Вось ён, мой праснак! — кажа дзед старшаму.
Старшы тупнуў на чарцяня:
— Навошта ты ў дзеда праснак украў? Дзед — чалавек бедны, а ты ў яго крадзеш. Калі так, бяры, дзед, яго да сябе, няхай адслужыць за шкоду.
Пачухаў дзед патыліцу:
— Куды мне яго браць! Мне і самому есці няма чаго. Ды і работы яму няма.
— Нічога, ён сам сабе работу знойдзе.
Згадзіўся дзед і ўзяў маладога чорта.
Прывёў яго дадому. Дасталі яны з бабаю жменьку жыта.
— Давайце я малоць буду,— кажа чорт.
— Ды нам і самім няцяжка змалоць такую крыху.
— He,— упёрся чорт,— давайце мне малоць...
Аддалі яму жыта. Пачаў чорт малоць. Баба ўжо і хлеб замясіла, а ў жорнах поўна мукі. Пачалі дзед з бабаю муку ў засек сыпаць — цэлы засек насыпалі...
Хваліць дзед чорта:
— Вось гэта дык работнік!
Паехаў дзед з чортам поле араць.
Чорт кажа дзеду:
— Запрагай мяне ў саху замест каня.
Запрог дзед чорта ў саху. Той туды-сюды павярнуўся — і ўсё поле ўзараў!
— Што цяпер будзем рабіць? — пытаецца ў дзеда.
— Зямлі ў мяне болып няма,— кажа дзед.
— Дык давай возьмем у пана ляда на часць: высечам ды пасеем пшаніцу.
Ну, так і зрабілі. Чорт за адзін дзень усё ляда высек, выкарчаваў, узараў і пасеяў пшаніцу.
Добрая вырасла пшаніца. Чорт зжаў пшаніцу, у бабкі саставіў, і пачалі дзяліць: пану палавіну за ляда і дзеду палавіну за насенне і работу.
Чорт кажа дзеду:
— Умаўляйся з панам так: яму воз, а нам ахапак.
Дзед так і сказаў пану. Зайздросны пан думае: «Добра, воз не ахапак, ашукаю я дзеда!»
Наклалі пану воз пшаніцы.
— Цяпер бяры свой ахапак,— кажа пан дзеду.
— А няхай мой памочнік возьме — я ўжо стары, мне не данесці.
— Ну, няхай сабе памочнік бярэ.
Завіхурыўся чорт на полі, сабраў у кучу ўсе снапы, згроб іх і павалок дахаты. Пан толькі вачыма лыпае...
Дома чорт дзьмухнуў на пшаніцу — яна і змалацілася. Насыпаў дзед поўныя засекі збожжа.
— А цяпер,— кажа чорт дзеду,— давай каня, паеду па дровы.
Запрог дзед каня. Чорт сеў і паехаў. У лесе без сякеры і пілы навырываў з карэннямі самых тоўстых дрэў, наваліў воз траха не да неба, сеў зверху і цмокнуў на каняку. Конік фыркнуў ды памчаўся, дарогі не разбіраючы,— па цаліне, па кустах ды хмызняках.
Едзе дарогаю пан на цачверыку. Загледзеўся на дзіва: такі недалужны конік, а колькі дроў цягне! A яго чацвярык ледзь адну пустую брычку валачэ.
— Гэй,— кажа пан вазаку,— давай мяняцца: бяры маіх чацвёра коней, а мне аддай свайго.
— Давай.
Аддаў чорт пану дохлага каняку, забраў у яго чацвярык — і толькі яго і бачылі. Прыязджае дадому:
— Прымай, дзед, коней!
У дзеда ад дзіва і люлька з зубоў выпала.
— Дзе ты іх узяў?
— Памяняў на твайго коніка!
— Ды ў мяне ж і сена няма ім...
— Нічога, будзе і сена.
Перакінуўся чорт у парабка ды пайшоў да пана.
— Ці няма ў вас, пане, якой работы? — пытаецца чорт-парабак.
— А ёсць,— кажа пан,— вунь цэлае гумно жыта не малочана.
Пайшоў чорт у абору. Злажыў усе снапы на таку, а потым як дзьмухнуў, дык усё змалацілася.
Паглядзеў пан: чыста змалочана!
— Што табе заплаціць за такую работу?
— Ды нічога. Дай, калі не шкадуеш, ахапак сена. Зарадаваўся пан, што танны работнік трапіўся.
— Вунь,— кажа,— ля рэчкі стог стаіць. Наскубі сабе там ахапак сена.
Пайшоў чорт, абматаў стог вяроўкамі і павалок.
Убачыў аканом.
Пабег да пана:
— Ах, паночак, вы сказалі малацьбіту ўзяць ахапак сена, а ён увесь стог пацягнуў...
— Вось машэннік! — узлаваўся пан.— Выпусці на яго пару валоў — няхай яны яго заборуць!
Выпусцілі валоў, а чорт іх за рогі ды пазакідаў на стог.
— Ах, ах! — крычыць пан.— Напусціце на яго пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць!
Пусцілі вепрукоў. Чорт і іх за вушы ды на стог.
I прывалок усё да дзеда.
Адслужыў чорт год і кажа дзеду:
— Ну, дзед, можа, ужо адрабіў я табе за праснак?
— Дзіва што! — смяецца дзед.
— Дык адпраў мяне дадому.
— А ідзі сабе, ці ж я цябе трымаю.
Махнуў чорт хвастом і памчаў у сваё балота.
МЯДЗВЕДЗЬ
j j і ведаеце вы, адкуль узяўся мядзведзь?
Мядзведзь раней быў такім жа чалавеw кам, як і мы. Людзей тады было мала, і жылі яны па лясах. Там палявалі на звяроў і птушак. Улетку збіралі грыбы і ягады, капалі карэнне і запасілі на зіму. Але найбольш запасілі арэхі і мёд. Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся і ў дуплах, і ў зямлі — у норах.
Людзі шукалі пчол у дуплах, і хто першы знаходзіў, то абвязваў тое дрэва вяроўкаю, і ўжо ніхто не меў права іх чапаць.
Але жыў у той час адзін чалавек — гультай несусветны. He хацелася яму самому шукаць пчол, дык ён выдзіраў чужыя.
Жылося таму гультаю някепска. Растаўсцеў ён
на чужым мёдзе, як калода зрабіўся. Ды вось бяда: цяжка яму стала лазіць на дрэвы па мёд...
Пачаў ён думаць, што б такое зрабіць, каб лёгка было лазіць на дрэвы. Ды нічога не мог прыдумаць.
Дачуўся аднойчы гультай, што жыве за сямю лясамі ды за сямю балотамі такі чарадзей, які ўсё можа зрабіць.
«Пайду,— думае,— да яго. Можа, ён зробіць мяне лёгкім».
I пайшоў да таго чарадзея.
Ідзе лесам, бачыць — ліпа абвязана. Падышоў да яе, а там дупло зусім нізка, і ў ім поўна мёду.
Выдраў ён мёд з дупла, наеўся і пайшоў далей.
Ідзе, аж неўзабаве трапляецца другая абвязаная ліпа з пчаліным дуплом. Выдраў ён мёд і з гэтага дупла.
Ці шмат дзён ішоў ён, ці мала, нарэшце дайшоў да зямлянкі, дзе жыў той чарадзей. Пастукаўся ў зямлянку — ніхто не адчыняе: няма гаспадара дома. Сеў гультай, сядзіць. Прывык гультай выдзіраць чужых пчол. He стрымаўся і тут.
Толькі ён пачаў драць мёд і ўплятаць за абедзве шчакі, як бачыць — ідзе гаспадар.
Паглядзеў чарадзей на гультая, пакруціў галавою і кажа:
— Ну, чалавеча, за такую благую работу будзеш ты з гэтага часу толькі тое і рабіць, што драць пчол.
I перавярнуў чарадзей таго гультая ў мядзведзя.
Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.
А хто не верыць — няхай зловіць мядзведзя і распытаецца ў яго, ці так гэта было, як казка кажа.
ІВАН СВІТАННІК
<< a < ылі муж і жонка. Доўга не было ў іх дзяцей, а потым, ужо на старасці год, адразу 1 нарадзіліся тры сыны: адзін нарадзіўся ўве* чары, другі — у поўнач, трэці — на світанні.
I назвалі іх усіх Іванамі: старэйшага — Іван Вячорнік, сярэдняга — Іван Паўночнік, малодшага — Іван Світаннік.
Раслі браты на лес гледзячы. I выраслі дужыя, статныя, толькі па натуры не роўныя: Вячорнік быў зайздросны, Паўночнік — злосны, а Світаннік — не злосны і не зайздросны, а самы смелы і самы доб-
ры.
Здарылася ў цара той краіны бяда: прапалі тры яго дачкі. Усюды шукалі іх, а знайсці ніхто не мог.
Пусціў цар погаласку: хто знойдзе яго дачок — палавіну царства яму аддасць і дачку, якая спадабаецца.
Дачуліся пра гэта браты ды пачалі прасіцца ў бацькі, каб дазволіў ім ісці шукаць царскіх дачок.
— Ідзіце,— кажа бацька,— шукайце, калі маеце ахвоту.
Пайшлі браты да каваля і заказалі сабе па булаве: Вячорнік заказаў булаву на шэсць пудоў, Паўночнік — на дзевяць, а Світаннік — на дванаццаць.
Браты смяюцца з яго:
— Навошта табе лішні цяжар цягаць?
— Нічога,— адказвае меншы брат,— запас бяды не чыніць.
Сабраліся яны і пайшлі. Як ісці ды ісці — зайшлі ў такі цёмны лес, што і выбрацца з яго не могуць. Давай браты дарогу сабе церабіць: стукне Вячорнік булавою — асіны падаюць; стукне Паўночнік — елкі валяцца, а як стукне Світаннік — дубы з каранямі выварочваюцца.
Працерабілі дарогу і выйшлі на палянку. Бачаць — стаіць на палянцы вялікі дом, каменнаю сцяною абгароджаны. Падышлі да сцяны, а ў ёй жалезныя вароты на замку.