Залаты птах
беларускія народныя чарадзейныя казкі
Для малодшага школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 94с.
Мінск 2004
Пастукалі браты ў вароты — ніхто не адчыняе.
— Давядзецца, мабыць, булавою выбіваць іх,— кажа старэйшы брат.
Размахнуўся ён, грукнуў булавою — толькі булава сагнулася, а вароты і з месца не скрануліся.
— Давай, хіба, я выб’ю,— кажа сярэдні брат.
Стукнуў ён сваёй булавою — вароты толькі ўвагнуліся.
— Ну, цяпер я паспрабую,— кажа меншы брат.
Размахнуўся ён ды як стукнуў з усяе сілы, дык вароты і разляцеліся на дзве палавіны.
Старэйшыя браты губы прыкусілі, а меншы смяецца:
— He казаў я, што запас бяды не чыніць?
Зайшлі на двор — нікога не відаць, а багацця скрозь, як у пана: у свірнах збожжа поўна, у хлявах — кароў і валоў. У Вячорніка аж вочы загарэліся.
— Калі так,— кажа ён,— то мы тут будзем гаспадарамі. Навошта нам цяпер тыя царэўны?
Зайшлі ў дом, пераначавалі. Назаўтра дамовіліся, што адзін застанецца абед варыць, а двое пойдуць на паляванне.
Застаўся на першы дзень старэйшы брат. Зарэзаў ён вала, разабраў яго, палажыў у кацёл і пачаў варыць. Зварыў і лёг адпачываць, чакаючы братоў.
Раптам нехта ў дзверы — стук, стук!
— Адчыні! — крычыць.
Зірнуў Вячорнік праз акно, бачыць: стаіць ля дзвярэй сівенькі дзядок — сам з кокаць1, барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае.
— Хто ты такі? — пытаецца Вячорнік.
— Гаспадар гэтага дома. Калі не адчыніш, дык я таўкачамі дзверы выб’ю!
Напалохаўся Вячорнік, адчыніў.
— Цяпер перанясі цераз парог! — загадаў дзядок.
Вячорнік перанёс дзядка цераз парог.
1 К о к а ц ь — кіпцюр.
— Пасадзі на лаву!
Вячорнік пасадзіў яго на лаву.
— Падавай сюды кацёл з валом!
Вячорнік гневаецца:
— He магу: я на абед братоў чакаю.
Дзядок злосна заляскаў драцяною пугаю:
— Як гэта не магу! Вы ў маім доме жывяце, маё дабро спажываеце, а мне есці шкадуеце!
«Ну што ж,— думае Вячорнік,— няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!»
Паставіў ён кацёл перад дзядком, а той як накінуўся на вала — усяго з’еў і ўсю поліўку выжлукціў. Наеўся, падужэў, а потым давай Вячорніка жалезнымі таўкачамі таўчы, драцяною пугаю хвастаць! Збіў на порхаўку, падкінуў пад лаву, а сам знік.
Ачухаўся Вячорнік, дацягнуўся сяк-так да пасцелі і ляжыць — ледзь дыхае.
Вярнуліся браты з палявання.
— Давай абед,— кажуць.
— Няма чаго...— стогне Вячорнік.
— Чаму ж ты не наварыў?
Брыдка Вячорніку прызнацца, што яго нейкі дзядок гэтак аддубасіў,— ён і кажа:
— Ды нешта нездаровіцца мне...
Рабіць няма чаго, узяліся меншыя браты абед варыць: зарэзалі вала, разабралі і зварылі. Самі наеліся і брата накармілі.
Назаўтра застаўся дома сярэдні брат — Паўночнік. Зрабіў усё, што трэба, і лёг адпачываць. Раптам нехта стукае ў дзверы.
— Хто там? — пытаецца Паўночнік.
— Гаспадар.
Адчыніў ён, бачыць: сівенькі дзядок паўзе — сам з кокаць, барада з локаць, вочы па яблыку; жалезнымі таўкачамі пастуквае, драцяною пугаю палясквае.
— Перанясі цераз парог! — крычыць дзядок.
Напужаўся і Паўночнік лупатага дзядка, перанёс цераз парог.
— Пасадзі на лаву!
Пасадзіў і на лаву.
— Давай піць і есці!
«Ну што ж,— думае Паўночнік,— няхай пасёрбае крыху поліўкі: колькі яму трэба!»
Паставіў ён кацёл перад дзядком. Дзядок усё з’еў, Паўночніка на порхаўку збіў і пад лаву падкінуў.
Вярнуліся браты з палявання, зноў няма чаго есці. А Паўночнік стогне:
— Занядужаў я, браткі...
Вячорнік маўчыць, а Світаннік кажа:
— Што гэта за хвароба на вас напала? Калі так будзеце хварэць, дык мы тут з голаду паўміраем.
На трэці дзень застаўся дома меншы брат — Іван Світаннік. Зрабіў ён усё, што трэба, лёг адпачываць, пакуль браты з палявання вернуцца.
Раптам нехта стукае ў дзверы:
— Адчыні!
He хацелася Світанніку ўставаць.
— Дзверы не замкнутыя,— адказвае ён,— сам адчыніш!
Мусіў дзядок адчыніць сам. Як убачыў яго Світаннік, дык аж зайшоўся ад смеху.
— Колькі,— кажа,— на свеце жыву, а такога смешнага дзядка не бачыў!
Узлаваўся дзядок ды як кінецца на Світанніка з таўкачамі!
— Ах, дык ты так! — здзівіўся Світаннік.— He на таго ж напаў!
Схапіў ён булаву і давай дзядка дубасіць. Збіў яго, таўкачы з пугаю адабраў, самога зацягнуў у лес, расшчапіў там пень, бараду ў расшчэп засадзіў, клінам заклінаваў і пайшоў назад.
Вярнуліся браты з палявання.
— Ну што, зварыў абед?
— Зварыў,—адказвае Світаннік.
Паставіў ён кацёл на стол.
Наеліся браты ды пытаюцца:
— А не прыходзіў да цябе часам лупаты дзядок?
— Прыходзіў.
— Ну і што?
— Нічога. Я яго бараду ў пень зашчаміў, каб болып сюды не хадзіў.
— He можа быць! — дзівяцца браты.
— Хадзем пакажу.
Падышлі да пня, а там адна барада тарчыць...
— Вось чорт лупаты, вырваўся! — кажа Світаннік.— Трэба яго знайсці, a то ён зноў будзе цягацца да нас.
Пайшлі шукаць. Ішлі, ішлі па следзе і прыйшлі да вялікага каменя. Адвярнулі камень, а там нара, ды такая глыбокая — дна не відаць.
— Трэба яго адтуль выбавіць ды дабіць,— кажа старэйшы брат.— A то нам у гэтым доме жыцця не будзе.
— Але,— згадзіўся і сярэдні брат, успамінаючы, як збіў яго дзядок сваімі таўкачамі.
Зрабілі браты доўгі пасак з валовых скур, прычапілі да яго кош і пачалі раіцца, каму ў нару спускацца.
Старэйшы кажа:
— Мне нешта нездаровіцца, не палезу...
Сярэдні таксама адмаўляецца.
— Ну, дык я палезу, калі вы такія хворыя,— кажа меншы брат.— Спускайце мяне, ды глядзіце: як таргану за пасак — назад цягніце.
Спусцілі яго браты ўніз, і апынуўся Іван Світаннік пад зямлёю.
«Дзе ж тут таго чорта шукаць?» — думае ён. Азірнуўся, бачыць — стаіць недалёка медны палац. Зайшоў Іван у палац, а там сядзіць дзяўчына — змучаная ды засмучаная, слязьмі заліваецца. Шкада стала Івану дзяўчыны.
— Чаго ты, сястрыца, плачаш? — пытаецца ён.
— Як жа мне не плакаць: была я царская дачка, а цяпер стала нявольніцай злога Кашчэя...
Пачаў Іван Світаннік суцяшаць царэўну:
— Пацярпі яшчэ трошкі, я цябе вызвалю!
— Ох,— уздыхае царэўна,— ніхто мяне не вызваліць: злы Кашчэй любому асілку дасць рады. Уцякай, хлопча, бо хутка ён дамоў вернецца.
— Нікуды я не пайду, пакуль злога Кашчэя са свету не звяду! Дзе ён?
— Хто яго ведае: можа, у сярэбраным палацы, можа, у залатым, а можа, дзе па свеце лятае.
— А дзе твае сёстры?
— Сярэдняя жыве недалёка — у сярэбраным палацы, а меншая крыху далей — у залатым.
Пайшоў Іван да сярэдняй сястры, у сярэбраны палац,— няма і там Кашчэя: адна царэўна сядзіць,
слязьмі заліваецца. Пагаварыў ён з царэўнай, суцешыў як мог ды пайшоў да малодшай сястры — у залаты палац. Агледзеў палац — нікога няма. Аж раптам бачыць — сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе.
— Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца.
— Была царская дачка, а цяпер нявольніца паганага Кашчэя. А ты хто?
— Сялянскі сын Іван Світаннік.
— Чаго ж ты прыйшоў сюды, сялянскі сын Іван Світаннік?
— Прыйшоў Кашчэя забіць і цябе з няволі вызваліць.
Царэўна цяжка ўздыхнула:
— Ох, добры малойча, ніхто не можа Кашчэя забіць, бо ён бессмяротны. Вось каб яго смерць знайсці, тады б ён і сам здох.
— А дзе ж яго смерць?
— Чула я,— кажа царэўна,— што ёсць на дне мора скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, то гэта яго смерць.
— Дзякуй, родная! — кажа Іван.— Чакай мяне тут: пайду шукаць Кашчэеву смерць.
Выбраў ён сабе ў палацы самы лепшы Кашчэеў лук і пайшоў. Ішоў, ішоў, захацелася яму есці. Бачыць — ляціць каршун. «Заб’ю,— думае,— гэтага каршуна, калі нічога лепшага не трапілася». Нацэліўся на каршуна, а той кажа яму чалавечым голасам:
— He забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся.
Апусціў Іван лук, пайшоў далей. А есці так хочацца, ажно млосна робіцца. «Ну,— думае,— panep хто б ні трапіўся — заб’ю».
Толькі ён так падумаў, бачыць — бяжыць воўк. Падняў Іван лук, а воўк кажа:
— He забівай мяне, Іван Світаннік, я табе яшчэ спатрэблюся.
Пайшоў Іван далей. Прыходзіць да мора. Бачыць — ляжыць вялізны рак: адна палавіна на беразе, другая — у моры. Іван падумаў: «Вось дзе нядрэнная спажыва валяецца!» Але толькі ён нагнуўся да рака, каб клюшню адарваць, як той пачаў прасіцца:
— He чапай мяне, Іван Світаннік. Бачыш, як я пакутую: адна палавіна на беразе ляжыць, другая — у моры плавае. Вазьмі лепш кол ды спіхні мяне ў мора. Я табе за гэта што хочаш зраблю.
Паслухаў Іван, знайшоў кол ды спіхнуў рака ў мора.
Глынуў рак вады, акрыяў і кажа Івану:
— А цяпер, добры хлапчына, кажы, што табе трэба. Я ўсё зраблю.
Іван кажа:
— Ёсць у моры скрыня, у скрыні — заяц, у зайцы — качка, у качцы — яйка, гэта смерць злога Кашчэя. Яна мне і патрэбна.
— Чакай тут, я табе дастану тую скрыню,— адказаў рак і нырнуў на дно мора. Знайшоў там скрыню і выкінуў на бераг.
Узяў Іван скрыню, разбіў замкі. I толькі адчыніў вечка, як выскачыў адтуль заяц ды памчаўся па беразе мора...
Іван за галаву схапіўся:
— Што ж я нарабіў? Вось каб цяпер таго ваўка сюды!
Толькі ён так сказаў, як бачыць — імчыцца воўк. Злавіў воўк зайца і разарваў яго на кавалкі. Выскачыла з зайца качка ды паляцела на мора.
Зноў зажурыўся Іван:
— Вось каб цяпер той каршун тут быў, ён бы качку злавіў.
He паспеў ён так сказаць, як бачыць: ні адсюль ні адтуль — каршун над морам. Схапіў ён качку, прынёс на бераг і разарваў на кавалкі. Выпала з качкі яйка. Узяў Іван яйка, палажыў у кішэнь ды пайшоў назад.
Прыходзіць ён у залаты палац. Глядзіць, аж тут сядзіць знаёмы сівы дзядок — сам з кокаць, вочы па яблыку, але без барады.
Як убачыў ён Івана, аж закалаціўся ад злосці:
— Вось каго я даўно чакаю! Праз цябе я без барады застаўся. Ну, цяпер ты ад мяне не выкруцішся! Бо хоць ты і дужы, але ж на гэтым свеце няма дужэйшага за мяне.
Схапіў лупаты Кашчэй свае жалезныя таўкачы ды рынуўся на Івана. А той — бух яму яйка ў лоб! У Кашчэя таўкачы так і вываліліся з рук. Упаў ён — і паганы дух з яго вон...
Спаліў Іван злога Кашчэя так, каб касціна да касціны, сустаў да сустава не сышліся, а попел па ветры развеяў. I пайшоў да царэўны.
— Дзякую табе,— кажа ёй,— што ты памагла мне гэтую нячыстую сілу са свету звесці. За гэта я цябе да бацькі, да маткі завяду.
Абняла царэўна Івана, пацалавала:
— А я за гэта за цябе замуж пайду. Hi за кога не пайду, толькі за цябе.
— Ну, глядзі ж, каб слова стрымала!
Сабраліся яны і пайшлі. Адышліся крыху, Іван адвярнуўся назад, паглядзеў на палац: