• Часопісы
  • Залаты птах беларускія народныя чарадзейныя казкі

    Залаты птах

    беларускія народныя чарадзейныя казкі
    Для малодшага школьнага ўзросту
    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 94с.
    Мінск 2004
    27.83 МБ
    Доўга ці нядоўга ішоў ён — дайшоў да рэчкі. Мясціна выдалася такая прыгожая, што далей і ісці не хочацца. «Ну што ж, адпачну крыху, палюбуюся»,— падумаў Янка. Прылёг ён на беразе, за кустом, дастаў хлеб з торбы. I толькі сабраўся есці, як бачыць — ляціць чарада качак: адзінаццаць наперадзе, а дванаццатая з усяе сілы даганяе іх, і каля яе шуляк1 круціцца. Вось-вось вострай дзюбай ударыць.
    Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў шуляка. Глядзіць — шуляк каменем у балота падае, пер’е рассыпаючы, а качка проста да яго самога зніжаецца.
    Апусцілася качка каля Янкі, ударылася дзюбкаю аб зямлю і стала перад ім дзяўчынаю, ды такою прыгожаю, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
    Пакланілася дзяўчына-прыгажуня Янку і кажа:
    — Дзякую, добры малойча!
    — Няма за што,— адказвае збянтэжаны Янка.
    — Як няма за што? — дзівіцца дзяўчына.— Ты ж мяне ад смерці збавіў. Хто ты такі і куды ідзеш?
    Янка ўсё пра сябе расказаў.
    Паглядзела на яго дзяўчына спалохана і кажа:
    — Дык гэта ж, як відаць, ты ідзеш да майго бацькі!
    — А хто твой бацька?
    — Вядзьмар.
    — He,— кажа Янка,— бацька запрадаў мяне нейкаму дзядку з доўгаю барадою, у лапцях па сажню даўжынёю...
    — Гэта ён! Бацька мой у каго хочаш перакінецца. Цяпер ён панам ходзіць.
    Спахмурнеў Янка, а дзяўчына кажа:
    1 Ш у л я к — каршун.
    — He бядуй, любы! Без мяне ты загінеш, як ужо не адзін загінуў, а ўдваіх мы што-небудзь прыдумаем. Бывай здароў!
    — А як жа цябе хоць зваць? — пытаецца Янка.
    — Кася.
    Перакінулася дзяўчына ў шэрую качку, узнялася і паляцела ўслед за сёстрамі.
    Пайшоў Янка ў той бок, куды качкі паляцелі, і неўзабаве падышоў да маёнтка. Пастукаў у вароты.
    — Чаго табе трэба? — пытаюцца слугі.
    — Гаспадара хачу бачыць.
    Выйшаў гаспадар — тоўсты пан у дарагім заморскім адзенні:
    — Што скажаш?
    — Ды вось,— кажа Янка,— шукаю свайго гаспадара.
    — Якога?
    — Таго, каму мяне бацька запрадаў, калі я яшчэ толькі на свет нарадзіўся.
    — Дык гэта я твой гаспадар.
    — Выбачай, панок,— кажа Янка,— а ці маеш ты распіску майго бацькі?
    — Маю, а як жа.
    — To вярні яе, пане, мне, бо мой бацька ўсё нудзіцца і плача, што так нядобра выйшла. Я занясу яму, і ён супакоіцца.
    — Бач, які порсткі! — смяецца пан.— Спярша ты ў мяне прыгон адслужы, тады і вярну. А не захочаш служыць — з жывога скуру здзяру.
    — To давай работу,— кажа Янка,— буду служыць. Рабіць мне не прывыкаць.
    Пан дастаў з кішэні напарстак, падаў Янку:
    — Гэтым напарсткам вычарпай да раніцы маё возера за маёнткам, рыбу выберы, а дно жоўтым пяском пасып. Работа не цяжкая.
    Пайшоў Янка да возера, пачаў напарсткам ваду вычэрпваць. Чэрпаў, чэрпаў да вечара, змарыўся, a знаку ніякага. Заплакаў ён ад жалю і пайшоў шукаць Касю, каб параіцца, што рабіць.
    Прыйшоў на двор, пахадзіў — нікога не відаць. Зайшоў так аж у самы канец двара. Бачыць — стаіць адзінокая будыніна: хатка — не хатка, хляўчук — не хляўчук... Падышоў ён да хаткі, аж чуе: кліча яго праз акенца знаёмы голас:
    — Гэй, Янка! Ты, бачу, пра мяне зусім забыўся.
    Глянуў ён у акенца, а там Кася стаіць!
    Увайшоў Янка ў хатку, прывітаўся і расказаў, якую нялюдскую яму работу даў яе бацька.
    Дзяўчына кажа:
    — Нічога, раніца за вечар мудрэйшая. Кладзіся спаць, а я што-небудзь прыдумаю.
    Паслухаў Янка дзяўчыну і лёг спаць.
    У поўнач выйшла Кася на ганак, махнула чароўным прутком, і адразу з’явіліся да яе трыццаць хлапцоў-малайцоў — адзін у адзін.
    — Што загадаеш, паненка?
    — Вычарпайце да раніцы возера, рыбу выберыце, а дно жоўтым пяском пасыпце!
    — Слухаем! — адказалі хлапцы-малайцы і паімчаліся рабіць сваю работу.
    Назаўтра пабудзіла дзяўчына Янку.
    — Ідзі,— кажа,— далажы бацьку, што ўсё зроблена. Толькі не прызнавайся, што я табе памагала: скажы — сам усё зрабіў.
    Пайшоў Янка, далажыў пану. Той паглядзеў — праўда, усё зроблена, як ён загадаў! I работа чыстая — ніякай хібы не знойдзеш.
    — Малайчына! — пахваліў пан.— Работнік ты, як бачу, не дрэнны. Калі так будзеш старацца, дык я табе і распіску аддам і дачку замуж выдам. У мяне іх дванаццаць, выбераш сабе любую, якая спадабаецца. Толькі вось бяда: няма ў мяне асобнага палаца для цябе з маладою жонкаю. Але ты, бачу, хлопец працавіты. Дык вось табе работа: збудуй за ноч такі палац, каб было ў ім гэтулькі пакояў, колькі дзён у годзе, каб столь ззяла, як неба, а на ёй свяцілі сонца, месяц і зоры, каб вакол палаца працякала рака, а на ёй ляжаў мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб над мостам вісела вясёлка і ўпіралася канцамі ў ваду... Адным словам, каб не брыдка было самому паглядзець і людзям паказаць. Збудуеш такі палац — аддам табе распіску і дачку ў прыдачу, не збудуеш — скуру зніму з жывога. А цяпер ідзі сабе.
    Апусціў Янка галаву. «Вось каб ты лопнуў, нячыстая сіла! — падумаў ён сабе.— Што далей, то цяжэйшыя задачы дае. Дзе ж мне зрабіць такі палац? Відаць, трэба зноў да Касі ісці — можа, яна паможа? »
    Прыйшоў ён да дзяўчына і расказаў ёй, якую новую работу даў яму пан-вядзьмар.
    — Работа гэтая і праўда цяжэйшая за першую,— кажа Кася,— але што-небудзь прыдумаем. Ідзі ты пакуль што пахадзі па двары, быццам месца для палаца выбіраеш, а як сцямнее — назад сюды варочайся.
    Так ён і зрабіў. Пахадзіў па двары, а як сцямнела, вярнуўся ў хатку. Павячэраў і пытаецца ў Касі:
    — Чаму гэта ўсе твае сёстры жывуць з маткаю ў палацы, а ты ў гэтай хатцы наводшыбе?
    — Таму што ў мяне не маці, а мачыха. Яна не хоча, каб я разам з яе дочкамі жыла.
    — А ведаеш, Кася,— сказаў Янка,— бацька твой дакляраваў аддаць мне за жонку сваю дачку, калі пабудую палац... Дык я папрашу, каб ён аддаў мне цябе. Што ты на гэта скажаш?
    Спахмурнела Кася, галавою паківала:
    — He ведаеш ты, любы, майго бацьку! Ён так не аддасць мяне, а паставіць усіх нас у рад і загадае табе выбіраць, а ты мяне не пазнаеш...
    — Пазнаю! — кажа Янка.— Як гэта, каб я цябе не пазнаў?
    — Наўрад! — уздыхнула Кася.— Усе мы сёстры як адна — волас у волас, голас у голас. Але калі вельмі хочаш выбраць мяне, дык запомні прыкметы: у маіх валасах будзе белая кветачка. А калі другі раз загадае бацька выбіраць, дык над маёю галавою будзе муха лятаць, а трэці — будзе завязана зялёная нітачка на правым мезеным пальцы. Запомніш?
    — Дзіва што! Я хачу толькі цябе выбраць і нікога другога.
    — А цяпер,— кажа дзяўчына,— кладзіся спаць, бо ўжо ноч на дварэ.
    Лёг Янка на мяккую пасцель і заснуў як забіты. А Кася выйшла на ганак, махнула прутком...
    I адразу з’явіліся да яе трыццаць хлапцоў-малайцоў:
    — Што загадаеш, паненка?
    — Збудуйце за ноч такі палац, каб было ў ім гэтулькі пакояў, колькі дзён у годзе, каб столь ззяла, як неба, а на ёй свяцілі сонца, месяц і зоры, каб вакол палаца працякала рака, а на ёй ляжаў мост — залатая маснічына, сярэбраная маснічына, каб над мостам вісела вясёлка і ўпіралася канцамі ў ваду...
    — Добра,— адказалі малайцы і паімчаліся рабіць сваю работу.
    Адзін пілуе, другі сячэ, трэці стругае — кіпіць работа!
    Выйшаў назаўтра Янка на двор, бачыць — стаіць новы палац, дахам неба падпірае. Над палацам вясёлка зіхаціць, над ракою сярэбрана-залаты мост блішчыць.
    Увайшоў ён у палац, глянуў угору, траха не аслеп: сонца ззяе, месяц свеціць, зоркі блішчаць...
    Стаў Янка на мосце, чакае пана.
    Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам.
    — Ну,— кажа да Янкі,— бачу, штукар ты не горшы за мяне. Што ж, нічога не скажаш, калі толькі сам усё гэта зрабіў...
    — Сам,— кажа Янка.— А хто ж мне рабіў?
    — Добра, калі сам. Пастараўся, але ж нікому — сабе. Ды пакуль вяселле спраўляць, дам табе яшчэ адну работу. Ёсць у мяне конь, цаны яму няма, ды вось бяда: не аб’езджаны. Аб’ездзі ты яго да вяселля...
    Янка павесялеў:
    — Добра, пане, заўтра аб’езджу.
    А сам сабе думае: «Ну, гэта работа для мяне самая лёгкая!»
    Тым часам выйшла і мачыха са сваімі дочкамі
    паглядзець новы палац. Спадабаўся ён ім. А як даведаліся, што бацька дакляраваў аддаць адну з дачок замуж за такога слаўнага майстра, дык усе як адна захацелі быць яго жонкаю.
    Пагаварыў Янка з панам ды пайшоў сабе, пасвістваючы, да Касі. Прыйшоў і хваліцца, што хутка яна стане яго жонкаю: цяпер ужо бацька даў работу па яго сіле!
    — He,— кажа яму Кася,— не радуйся загадзя. Ты думаеш, бацька дасць табе простага каня? He такі ён добранькі! Гэта будзе ён сам, а не конь. Бацька, бачыш, не верыць, што ты адзін вычарпаў возера і пабудаваў палац. Вось ён і захацеў цябе праверыць.
    Пачухаў Янка за вухам:
    — Дык што ж мне рабіць? Як яго, чорта, аб’ездзіць?
    — He турбуйся раней часу. Кладзіся спаць. Заўтра відней будзе,— супакоіла яго Кася.
    Назаўтра пабудзіла Кася Янку.
    — Ідзі,— кажа,— каня аб’язджаць, калі згадзіўся.
    — Баюся,— гнецца Янка.— Настрашыла ты мяне гэтым канём...
    — Нічога. Адзін ты яму рады не дасі, а ўдваіх дамо.
    I Кася падала яму свой жалезны пруток.
    — На,— кажа,— з ім ты не прападзеш. Як толькі конь пачне наравіцца — лупі яго з усяе сілы гэтым прутком між вушэй.
    Прыйшоў Янка ў стайню. Стаіць там конь у яблыкі: вочы крывёю наліты, з ноздраў полымя шугае, з вушэй дым валіць — падступіцца нельга!
    Падышоў Янка да каня, хацеў на спіну яму ўскочыць, а той дыбкі стаў, пад столь узвіўся і так заржаў, што ўся стайня закалацілася.
    — Эге,— кажа Янка,— такі і праўда — чартоўскі ты конь! Добра ж. Маю я на цябе лякобу!
    Падкраўся ён да каня збоку і хвастануў прутком між вушэй. Конь адразу як сноп на калені ўпаў. Янка тым часам скок на яго! Конь зноў дыбкі ўзвіўся — ледзь не скінуў Янку. Ды Янка злаўчыўся і давай з усяе сілы хвастаць яго прутком між вушэй.
    Храпе конь, танцуе пад ім як шалёны. А Янка ўсё хвошча яго.
    Круціўся, круціўся конь па стайні, як вужака, потым бачыць — няма рады: вырваўся на двор і паімчаўся ў чыстае поле. Ляціць, ледзь да зямлі капытамі дакранаецца і ўсё наровіць Янку скінуць, пад ногі падабраць.
    Лятаў, лятаў конь па палях, па гарах, вышэй лесу падымаўся, у глыбокія яры апускаўся, а потым-такі змогся: павярнуў назад і пайшоў шагам.
    Прыехаў Янка ў стайню, паставіў каня, а сам пабег, радасны, да Касі.
    — Ну,— кажа Кася,— відаць, добрую лазню задаў ты майму бацьку, калі сам цэлы вярнуўся.
    — Ды ўжо ж! — смяецца Янка.— Стараўся як мог. Чуць твой пруток не зламаўся.
    I, не вячэраўшы, як сноп упаў Янка на пасцель ды заснуў багатырскім сном.