Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку  XVIII ст  Мікола Волкаў

Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст

Мікола Волкаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 215с.
Мінск 2021
76.11 МБ
534 Wisner Н. Wojsko litewskie I polowy XVII wieku. Cz. 3. S. 107-113.
535 AGAD. AR. Dz. VII. Sygn. 678. S. 9-10.
нешляхецкага паходжання. Таксама ў драгуны імкнуліся трапіць выбранцы536. У Слуцку ў сярэдзіне другой палове XVII ст. служыла харугва драгунаў, колькасць жаўнераў у якой вагалася ад 50 да 114. Неабходнасць утрымання драгунаў тлумачылася вялікай плошчай княства, у межах якога слуцкі гарнізон павінен быў падтрымліваць парадак. Акрамя ваенных выпраў, драгунаў таксама пасылалі для выканання рознага кшталту даручэнняў.
Важнай часткай гарнізонаў у XVI-XVII ст. былі пушкары, якія абслугоўвалі артылерыю. У XVI ст. распаўсюджанай была практыка надзялення пушкароў зямлёй побач з замкамі, за што яны павінны былі абслугоўваць узбраенне і вырабляць порах. У XVII ст. пашырылася практыка найму прафесійных пушкароў. У першай чвэрці XVII ст. на сталым утрыманні ў Нясвіжскім замку знаходзіўся толькі адзін замкавы пушкар Давід Бухольц, які выконваў функцыі цэйгварта, ці загадчыка цэйхгаўза. Паводле інструкцыі 1621 г., меліся пушкары і ў Слуцку. У ваенны час колькасць пушкароў узрастала. Падчас вайны 1654-1667 гг. у Нясвіжскім замку служыла 4-5 пушкароў, для якіх на дзядзінцы паблізу заходняга бастыёна быў спецыяльна пастаўлены драўляны будынак. У канцы 1655 г. разам з больш чым 250 жаўнерамі слуцкага гарнізона Багуслава Радзівіла ў замак увайшлі пяць пушкароў: Рудольф Вебер, Андрэс Хал, Генрых Фельш, Генрых фон Фер і Міхель Гірш537. Па прозвішчах пушкароў можна зрабіць выснову, што яны былі завербаваны ў нямецкамоўных землях. У Слуцку ў гэты час колькасць пушкароў дасягнула 20 чалавек. Пасля завяршэння вайны іх колькасць была зменшана. У другой палове XVII пачатку XVIII ст. у Слуцку ўтрымлівалася ад 5 да 10 пушкароў. У сваю чаргу ў Нясвіжы ў канцы XVII ст. служыла ад 1 да 3 пушкароў. Мяркуючы па іх нізкіх заробках, а таксама па мясцовым паходжанні (Мікалай, Васіль і Іван Раманішка), гэта былі спецыялісты нізкай кваліфікацыі, на ўтрыманні якіх уласнік усяляк ашчаджаў538. У далейшым нясвіжскі ардынат К. С. Радзівіл увогуле адмовіўся ад утрымання пушкароў. Таму ў 1700 г., напярэдадні Вялікай Паўночнай вайны, у замку не было ніводнага пушкара. Гэта негатыўна адбівалася на абароназдольнасці фартэцыі.
У XVII ст. пры нясвіжскім і слуцкім гарнізонах існавала пасада цэйгварта. Яго асноўнай задачай было захаванне артылерыі, ручной агняпальнай зброі, амуніцыі і пораху. Пры неабходнасці цэйгварт павінен быў рамантаваць зброю і гарматы альбо даручаць гэтую справу рамеснікам. Як дасведчаны пушкар ён мусіў вырабляць і запраўляць рознага кшталту «агністыя» снарады і бомбы для гармат. У выпадку недахопу рыштунку ці матэрыялаў для вырабу боепрыпасаў і направы зброі ў абавязкі цэйгварта ўваходзіла своечасовае інфармаванне аб гэтым каменданта альбо ўладальніка замка. Падчас ваеннай небяспекі цэйгварт павінен быў пастаянна знаходзіцца ў замку і пры патрэбе выдаваць абаронцам неабходную амуніцыю539.
536 Wisner Н. Wojsko litewskie I polowy XVII wieku. Cz. 3. S. 113-116.
537 AGAD. AR. Dz. XI. Sygn. 48. S. 76-83.
538 НГАБ. Ф. 694. Bon. 1. Cnp. 56.
539 AGAD. AR. Dz. XXVI. Sygn. 53.
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Замкі і фартэцыі Радзівілаў у XVI пачатку XVIII ст. з’яўляліся абарончымі, адміністрацыйнымі, эканамічнымі, культурнымі і рэлігійнымі цэнтрамі зямельных латыфундый роду. Важнейшай іх задач была абарона ўласнікаў, іх маёмасці, а таксама дэмаграфічнага і эканамічнага патэнцыялу ўладанняў магнатаў, таму забеспячэнню іх абароназдольнасці надавалася значная ўвага.
Узвядзенне і забеспячэнне замкаў і фартэцый ва ўладаннях Радзівілаў залежала ад фактараў ваеннага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага характару. Да чыннікаў ваеннага характару адносяцца эвалюцыя ваеннай тэхнікі і ўзбраення, а таксама ваенна-стратэгічная і ваенна-палітычная сітуацыя ў рэгіёнах, дзе знаходзіліся рэзідэнцыі. Гэтыя фактары аказвалі ўплыў на актыўнасць абарончага будаўніцтва, тып фартыфікацыйных умацаванняў і характар забеспячэння рэзідэнцый зброяй і гарнізонамі. У XVI-XVII стст. прадстаўнікі роду мэтанакіравана набывалі землі пераважна ў цэнтральных рэгіёнах ВКЛ. Аднак паколькі сістэма абароны граніц дзяржавы была недасканалай, большасць замкаў і фартэцый Радзівілаў, што знаходзіліся на беларускіх землях, так ці інакш былі ўключаны ў сістэму абароны ўсходняга і паўднёва-ўсходняга тэатраў ваенных дзеянняў (Глуск, Давыд-Гарадок, Клецк, Копысь, Мір, Нясвіж, Свіслач, Слуцк).
Ад сацыяльна-эканамічнага патэнцыялу зямельных комплексаў, у цэнтры якіх знаходзіліся рэзідэнцыі, залежаў маштаб абарончага будаўніцтва. Утварэнне вялікіх зямельных латыфундый прадстаўнікамі роду дало моцны стымул для разбудовы і ўмацавання абарончага патэнцыялу рэзідэнцый. 3 аднаго боку, будаўніцтва ўмацаванняў было неад’емнай часткай працэсу гаспадарчага асваення зямель латыфундый, паколькі сядзібы стваралі ўмовы для развіцця і жыццядзейнасці гандлёва-рамесных паселішчаў і сельскіх ваколіц. 3 іншага боку, дзейнасць магнатаў, скіраваная на павелічэнне прыбытковасці сваіх зямельных латыфундый праз іх узбуйненне, рэарганізацыю старой структуры, развіццё інфраструктуры і ўдасканаленне адміністрацыі, стварала перадумовы для ўзвядзення і функцыянавання магутных абарончых комплексаў у іх цэнтрах. Пры гэтым мадэрнізацыя эканамічнай сістэмы вялікіх зямельных комплексаў суправаджалася змяненнем канцэпцыі іх абароны, у выніку чаго ўсе сродкі скіроўваліся на забеспячэнне цэнтральных рэзідэнцый, а другарадныя сядзібы прыходзілі ў заняпад.
3 пачатку XVI ст. у значнай ступені ў выніку культурных уплываў краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы абарончыя рэзідэнцыі сталі адным з важнейшых элементаў дынастычна-станавага самаўсведамлення магнатаў ВКЛ. Пры гэтым абарончая архітэктура мела высокае сімвалічнае значэнне, бо ўвасабляла магутнасць і становішча ў грамадстве ўласнікаў умацаваных рэзідэнцый. Знакавае напаўненне меў як увесь архітэктурны комплекс, так і асобныя яго дэталі. Таму выгляд рэзідэнцый быў вельмі важны для рэпрэзентацыі статусу ўласнікаў.
У XVI пачатку XVIII ст. Радзівілам на землях Беларусі належалі 16 замкаў і фартэцый, пры чым многія з іх перайшлі ў валоданне роду як сфарміраваныя комплексы, якія новыя ўласнікі так ці інакш мадэрнізавалі. Іх ваенны патэнцыял залежаў ад якасці абарончых умацаванняў, узбраення і гарнізонаў. Аналіз гэтых крытэрыяў дае магчымасць ацаніць абароназдольнасць умацаваных рэзідэнцый Радзівілаў у розны перыяд іх існавання.
Будаўніцтва фартыфікацый вымагала вялікіх арганізацыйных высілкаў і часу, таму іх якасць сведчыць аб падрыхтоўцы замкаў і фартэцый да абароны на доўгатэрміновую перспектыву. Паводле характару ўмацаванняў, іх можна ўмоўна падзяліць на наступныя тыпы: традыцыйныя драўляныя, мадэрнізаваныя дрэва-земляныя, бастыённыя новаітальянскай сістэмы, бастыённыя старагаландскай сістэмы і мураваныя замкі. Гэтыя тыпы ўзніклі ў выніку эвалюцыі абарончай архітэктуры, на развіццё якой уплываў прагрэс ваеннай тэхнікі і ўзбраення.
Большасць рэзідэнцый Радзівілаў мела традыцыйныя для беларускіх зямель драўляныя абарончыя ўмацаванні (Давыд-Гарадок, Капыль, Копысь, Клецк, Свержань, Свіслач, Слуцк, Старое Сяло). У пераважнай большасці гэта былі замкі, якія паўсталі на месцы гарадоў старажытнарускага часу і перанялі іх абарончую сістэму. Усе рэзідэнцыі такога кшталту перайшлі ў валоданне Радзівілаў у XVI ст. Некаторыя з іх не выкарыстоўваліся новымі гаспадарамі і хутка прыйшлі ў заняпад (Капыль, Свержань, Старое Сяло), іншыя існавалі і выконвалі абарончыя функцыі да сярэдзіны XVII ст. (Давыд-Гарадок, Копысь, Клецк, Свіслач, Слуцк). Абарончая сістэма такіх замкаў мела познесярэднявечны характар: галоўная стаўка рабілася на франтальную абарону перыметра ўмацавання, а высокая абароназдольнасць дасягалася за кошт павелічэння вышыні ўмацаванняў. Папулярнасць драўляных фартыфікацый традыцыйнага тыпу тлумачылася спецыфікай ваеннага тэатра ВКЛ, а таксама таннасцю і моцнай традыцый драўлянага будаўніцтва на беларускіх землях. У сярэдзіне XVII ст. умацаванні такога кшталту цалкам страцілі актуальнасць.
У XVI-XVII стст. Радзівілы валодалі трыма мураванымі замкамі (Койданава, Любча, Мір), а таксама трыма замкамі, у якіх меліся асобныя мураваныя будынкі (Клецк, Мядзел, Слуцк). Адной з важнейшых задач мураваных рэзідэнцый была дэманстрацыя магутнасці і сацыяльнага становішча іх уласнікаў. Гэта накладвала моцны адбітак на іх форму і выгляд. Разам з тым па прычыне большай трываласці будаўнічых матэрыялаў іх абарончы патэнцыял
быў больш значны за драўляныя ўмацаванні. Таму асобныя мураваныя замкі выкарыстоўваліся для абароны да сярэдзіны XVII ст.
У XVI ст. шэраг рэзідэнцый Радзівілаў атрымалі земляныя ці камбінаваныя дрэва-земляныя ўмацаванні новага кшталту (Копысь, Любча, Магільна, Нясвіж, Пячкоўскі Гарадок, Слуцк). Іх характэрнымі асаблівасцямі былі земляныя валы, прыстасаваныя для ўстаноўкі гармат і абароны ад артылерыйскага абстрэлу, магчымасць вядзення фланкіравальнага агню і правільная планіроўка.
У канцы XVI ст. на беларускія землі прыйшлі перадавыя на той час бастыённыя ўмацаванні новаітальянскай фартыфікацыйнай сістэмы. Асноўным тыпам фартэцый гэтага тыпу былі бастыённыя замкі, якія фактычна сталі новай формай абарончых рэзідэнцый з шырокімі магчымасцямі для рэпрэзентацыі высокага статусу іх уласнікаў (Нясвіж).
У 1620-1630-я гг. у ВКЛ распаўсюдзілася старагаландская фартыфікацыйная сістэма, аднымі з найбольш паслядоўных праваднікоў якой былі Радзівілы біржанскай лініі. Выкарыстанне зямлі пры будаўніцтве абарончых умацаванняў гэтага тыпу дазваляла абносіць умацаваннямі вялікія плошчы і ствараць абшырныя фартыфікацыйныя комплексы (Нясвіж, Слуцк). Войны сярэдзіны другой паловы XVII ст. паказалі непрыдатнасць усіх ранейшых тыпаў абарончых умацаванняў, акрамя фартыфікацый старагаландскага тыпу, якія захоўвалі сваю актуальнасць да пачатку XVIII ст.
Будаўніцтва больш дасканалых абарончых умацаванняў залежала ад значэння рэзідэнцый у структуры зямельнай уласнасці Радзівілаў і эканамічнага патэнцыялу зямельных латыфундый, цэнтрамі якіх яны былі. Умацаванні цэнтральных рэзідэнцый (Нясвіж, Слуцк) мадэрнізаваліся з выкарыстаннем новых тыпаў абарончых умацаванняў на працягу ўсяго разгляданага перыяду. Фартыфікацыі некаторых рэзідэнцый (Глуск, Давыд-Гарадок, Клецк, Мір, Мядзел, Копысь, Койданава, Любча, Пячкоўскі Гарадок, Свіслач) перабудоўваліся ў перыяды, калі гэтыя сядзібы выконвалі ролю цэнтральных або мелі важнае значэнне для асобных прадстаўнікоў роду Радзівілаў. Іншыя рэзідэнцыі (Капыль, Магільна, Свержань, Старое Сяло) з’яўляліся другараднымі і ў азначаны перыяд захоўвалі простыя дрэва-земляныя ўмацаванні або цалкам страцілі абарончы характар.