Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст
Мікола Волкаў
Выдавец: Беларуская навука
Памер: 215с.
Мінск 2021
Мікола Волкаў
Памяці Юрыя Бохана
НАЦЫЯНАЛЬНАЯ АКАДЭМІЯ НАВУК БЕЛАРУСІ Інстытут гісторыі
2-е выданне
Мінск «Беларуская навука»
2021
УДК [94+728.8](476)”15/17”
ББК 63.3(4Бен)4
В67
Рэкамендавана да друку Вучоным саветалі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 24 чэрвеня 2019 г. (пратакол № 8)
Рэцэнзенты:
доктар гістарычных навук A. А. Мяцельскі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт A. А. Скеп’ян, кандыдат гістарычных навук, дацэнт У. А. Падалінскі
Манаграфія падрыхтавана ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў на 2016-2020 гады «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства» (навуковы кіраўнік член-карэспандэнт, доктар гістарычных навук, прафесар A. А. Каваленя), падпраграмы № 1 «Гісторыя ікультура» (навуковы кіраўніккандыдат гістарычных навук, дацэнт В. В. Даніловіч)
Волкаў, М. А.
В67 Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI пачатку XVIII ст. / М. А. Волкаў. 2-е выд. Мінск : Беларуская навука, 2021. 215 с.
ISBN 978-985-08-2700-5.
Радзівілы, якія лічацца адным з самых уплывовых магнацкіх родаў у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, мелі значную колькасць замкаў і фартэцый. 3 іх 16 знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі самымі вядомымі з’яўляюцца Мір, Нясвіж і Слуцк. У кнізе на аснове аналізу абарончай архітэктуры, узбраення і гарнізонаў даследуецца іх ваенны патэнцыял. Першасная ўвага нададзена раскрыццю прычын будаўніцтва і ўмоў функцыянавання ўмацаваных рэзідэнцый Радзівілаў.
Разлічана на прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў, студэнтаў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і Вялікага Княства Літоўскага.
УДК [94+728.8] (476)” 15/17”
ББК 63.3(4Бен)4
ISBN 978-985-08-2700-5
© Волкаў М. А., 2020
© Афармленне. РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука», 2020
ЗМЕСТ
Уводзіны 6
Глава 1 Гістарыяграфія і крыніцы 11
Глава2. Прычыны будаўніцтва іўмовы функцыянавання ўмацаваных рэзідэнцый
Радзівілаў 33
2.1. Ваенны тэатр Вялікага Княства Літоўскага 35
2.2. Эвалюцыя ваеннай справы 40
2.3. Афармленне зямельных латыфундый Радзівілаў 49
2.4. Гаспадарчае развіццё маёнткаў 57
2.5. Сімвалы самасцвярджэння 62
Глава 3. Абарончая архітэктура 75
3.1. Традыцыйныя драўляныя ўмацаванні 78
3.2. Мураваныя замкі 91
3.3. Мадэрнізаваныя дрэва-земляныя ўмацаванні 100
3.4. Бастыённыя ўмацаванні новаітальянскай сістэмы 114
3.5. Бастыённыя ўмацаванні старагаландскай сістэмы 119
Глава 4. Узбраенне 131
4.1. Артылерыя 132
4.2. Ручная агняпальная зброя 151
4.3. Боепрыпасы 157
Глава 5. Гарнізоны 169
5.1. Ваеннаабавязанае насельніцтва 171
5.2. Найманыя жаўнеры 179
Заключэнне 187
Спіс скарачэнняў 191
Крыніцы і літаратура 192
Архіўныя крыніцы 192
Апублікаваныя крыніцы 193
Літаратура 194
УВОДЗІНЫ
У канцы XIV XV ст. у Вялікім Княстве Літоўскім паступова ўзрасло значэнне вузкай групы знатных родаў, якія атрымалі шырокія палітычныя і эканамічныя правы. Вонкавым праяўленнем гэтага працэсу стала пашырэнне будаўніцтва прыватнаўласніцкіх умацаваных рэзідэнцый. 3 пачатку XVI ст. магнацкія замкі сталі адыгрываць значную ролю ў палітычным, ваенным, эканамічным і культурным жыцці нашых зямель, а ў XVII ст. прыватнаўласніцкія фартэцыі сталі важнейшым элементам у сістэме абароны дзяржавы.
Шматпланавасць функцый умацаваных рэзідэнцый вызначала спецыфіку іх архітэктуры і практыкі забеспячэння. Адной з асноўных задач сядзіб у XVI пачатку XVIII ст. была абарона ўласніка і яго маёмасці. Таму абарончы патэнцыял прыватнаўласніцкіх рэзідэнцый з’яўляецца адным з важнейшых пытанняў, якім задаюцца даследчыкі пры вывучэнні гэтых аб’ектаў. Асноўнымі крытэрыямі, якія даюць магчымасць яго ацаніць, з’яўляюцца якасць фартыфікацый, а таксама забяспечанасць умацаванняў узбраеннем і гарнізонамі. Разам з тым моцны ўплыў на выгляд рэзідэнцый аказвалі фактары неваеннага характару і, у першую чаргу, высокі сімвалізм рэзідэнцый як жылля феадальнай эліты, а таксама значная знакавая нагрузка абарончай архітэктуры самой па сабе. Гэтыя аспекты вельмі важныя пры даследаванні ўмацаваных рэзідэнцый і ацэнцы іх абарончага патэнцыялу.
У XVI пачатку XVIII ст. найбольшай колькасцю ўмацаваных рэзідэнцый на землях Беларусі валодалі Радзівілы. Дзякуючы знаходжанню на вышэйшых дзяржаўных пасадах Вялікага Княства Літоўскага, прадуманай шлюбнай палітыцы і эканамічным захадам прадстаўнікі роду змаглі сканцэнтраваць у сваіх руках вялізныя зямельныя ўладанні. Таму Радзівілы мелі патрэбу і рэсурсы для ўтрымання абарончых рэзідэнцый у сваіх землях. Паводле нашых падлікаў, у XVI пачатку XVIII ст. на беларускіх землях яны валодалі 16 умацаванымі замкамі і фартэцыямі (Глуск, Давыд-Гарадок, Капыль, Клецк, Койданава, Копысь, Любча, Магільна, Мір, Мядзел, Нясвіж, Пячкоўскі Гарадок, Свержань, Свіслач, Слуцк, Старое Сяло). Некаторыя з іх знаходзіліся ў цэнтрах вялікіх зямельных уладанняў і для асобных галін роду ў пэўныя перыяды выконвалі ролю галоўных рэзідэнцый, іншыя мелі выразна другасны характар.
Пачынаючы з другой паловы XIX ст. і да цяперашняга часу даследчыкамі розных спецыяльнасцей (гісторыкамі, археолагамі, мастацтвазнаўцамі) на-
запашаны і апрацаваны значны матэрыял па гісторыі радзівілаўскіх замкаў і фартэцый. Пры гэтым рабіліся спробы вызначэння іх абарончага патэнцыялу, абапіраючыся галоўным чынам на вывучэнне і аналіз архітэктуры. Аднак праблема абароназдольнасці рэзідэнцый Радзівілаў дасюль застаецца нявырашанай, а дыскусіі адносна абарончага патэнцыялу асобных помнікаў далёкія ад завяршэння. Магчымасць прасунуцца далей у вырашэнні гэтага пытання дае вывучэнне практыкі забеспячэння ўмацаваных рэзідэнцый узбраеннем і гарнізонамі, што раскрывае рэальную карціну функцыянавання ўмацаванняў. Акрамя таго, да цяперашняга часу ў навуковы ўжытак не ўведзена значная колькасць пісьмовых і іканаграфічных крыніц па гісторыі радзівілаўскіх рэзідэнцый. Таму комплексны аналіз фактараў, якія вызначалі ўзровень абароназдольнасці ўмацаванняў, разам з прыцягненнем шырокага кола апублікаваных і раней невядомых крыніц дазваляе выйсці на новы ўзровень у вывучэнні гэтай праблемы.
Такім чынам, мэтай гэтай працы з’яўляецца вывучэнне практыкі забеспячэння абароназдольнасці замкаў і фартэцый Радзівілаў на беларускіх землях у XVI пачатку XVIII ст. Для гэтага нам неабходна, па-першае, разгледзець асноўныя прычыны будаўніцтва і ўтрымання ўмацаваных рэзідэнцый, а таксама фактары, якія ўплывалі на іх характар і форму; па-другое, ахарактарызаваць тыпы абарончых умацаванняў і прасачыць іх эвалюцыю ў залежнасці ад развіцця ваеннай тэхнікі і значэння рэзідэнцый у структуры зямельнай уласнасці Радзівілаў; па-трэцяе, выявіць уплыў колькаснага і якаснага складу ўзбраення на абарончы патэнцыял рэзідэнцый; па-чацвёртае, вызначыць прынцыпы забеспячэння замкаў і фартэцый гарнізонамі і ролю ваенных падраздзяленняў розных тыпаў у падтрыманні іх абароназдольнасці.
Геаграфічна даследаванне ахоплівае сучасныя беларускія землі, дзе знаходзілася большасць рэзідэнцый Радзівілаў. Сярод іх меліся рэзідэнцыі ўсіх вядомых тыпаў, таму абмежаванне геаграфічнага арэала даследавання не ўплывае на яго глыбіню. Разам з тым для параўнання мы прыцягвалі матэрыялы па рэзідэнцыях роду Радзівілаў, якія знаходзіліся на землях сучасных Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі.
Храналагічна праца ахоплівае перыяд з XVI да пачатку XVIII ст. 3 пачатку XVI ст., калі ў Радзівілаў з’явіліся першыя абарончыя ўмацаванні, прадстаўнікі роду пачалі праводзіць мэтанакіраваную і паслядоўную палітыку па ўзвядзенні і забеспячэнні ўмацаваных рэзідэнцый. У далейшым значэнне замкаў і фартэцый Радзівілаў у сістэме абароны краіны няўхільна ўзрастала. Верхнюю мяжу вызначыла Паўночная вайна 1700-1721 гг., у час якой усе фартэцыі Радзівілаў былі разрабаваны ці знішчаны. У XVIII ст. у выніку эвалюцыі ваеннай справы прыватнаўласніцкія абарончыя ўмацаванні страцілі сваё значэнне.
Важным для нашай працы з’яўляецца паняцце рэзідэнцыя. Даследчыкамі яно ўжываецца ў двух асноўных значэннях: у шырокім сэнсе як паселішча,
у якім пражываў дзяржаўны ўраднік ці магнат, і ў вузкім сэнсе як будынак ці архітэктурны комплекс, які выконваў рэпрэзентацыйныя функцыі1. У нашай працы гэтае паняцце выкарыстоўваецца ў шырокім сэнсе, гэта значыць мы паставілі сабе на мэце разглядзець меры па забеспячэнні абароназдольнасці не толькі замкаў ці сядзіб магнатаў, аднак і гарадоў, якія развіваліся пад іх сценамі і пры спрыяльных умовах ператвараліся ў магутныя фартэцыі. Разам з тым па-за увагай засталіся гарадскія рэзідэнцыі і двары, размешчаныя ў сельскай мясцовасці. У XVI-XVII стст. іх маглі так ці інакш выкарыстоўваць для абароны, аднак ваенны патэнцыял такіх сядзіб быў невялікі, а жылая, гаспадарчая і адміністрацыйная функцыі пераважалі.
Асаблівай увагі патрабуе азначэнне замак, якое характарызуе асноўны тып абарончых рэзідэнцый позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Слова замак фактычна з’яўляецца перакладам нямецкага азначэння Schlofi і прыйшло ў старабеларускую мову праз чэшскую і польскую мовы. У Вялікім Княстве Літоўскім тэрмін замак з XV да XVII ст. ужываўся для абазначэння ўмацаванняў, што забяспечвалі абарону значных тэрытарыяльных адзінак (валасцей, княстваў) ці кантралявалі важныя шляхі зносін. Фактычна паняцце замак выцесніла старажытнаславянскі тэрмін град, ці горад. Як і старажытнарускія гарады, замкі апроч абароны выконвалі яшчэ шэраг важных функцый: рэзідэнцыянальную, публічную, адміністрацыйную, гаспадарчую, культурную і рэлігійнукг.
3 другой паловы XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім пачало выкарыстоўвацца запазычанае з італьянскай мовы азначэнне фартэцыя. Яго з’яўленне выразна маркіруе пераход да новай эпохі ў фартыфікацыйным будаўніцтве, што выявілася ў распаўсюджанні земляных, дрэва-земляных ці мураваных умацаванняў з бастэямі і бастыёнамі, прыстасаванымі для выкарыстання артылерыі новага тыпу. Ужо з сярэдзіны XVII ст. замкі, якія былі выцеснены фартэцыямі са сферы ваеннай архітэктуры, пачалі ўспрымацца найперш як рэзідэнцыі з пераважна гаспадарчымі, адміністрацыйнымі і судовымі функцыямі. А ў XVIII ст. азначэнне замак цалкам згубіла прывязку да абарончай архітэктуры і выкарыстоўвалася ў значэнні архітэктурнага комплексу з рэзідэнцыянальнымі функцыямі. Па традыцыі замкамі называлі ўмацаваныя бастыённыя рэзідэнцыі, разам з тым гэтае азначэнне пашырылася і на адкрытыя сядзібы. У крыніцах XVII ст. фартэцыямі называліся радзівілаўскія Слуцкі, Нясвіжскі і Глускі замкі, якія захоўвалі значны абарончы патэнцыял.