• Газеты, часопісы і г.д.
  • Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку  XVIII ст  Мікола Волкаў

    Замкі і фартэцыі Радзівілаў на беларускіх землях у XVI - пачатку XVIII ст

    Мікола Волкаў

    Выдавец: Беларуская навука
    Памер: 215с.
    Мінск 2021
    76.11 МБ
    2.2.	Эвалюцыя ваеннай справы
    Паводле канцэпцыі ваеннай рэвалюцыі (англ. military revolution), прапанаванай у 1955 г. Майклам Робертсам, змены ва ўзбраенні і тактыцы вядзення бою ў перыяд з 1560 па 1660 г. аказалі вырашальны ўплыў на развіццё ваеннай справы, што выклікала маштабныя змены ў розных сферах функцыянавання еўрапейскіх дзяржаў і фактычна вызначыла іх далейшы шлях развіцця107. Гісторык лічыў, што павелічэнне сілы агню мушкетаў скончыла працяглы перыяд дамінавання кавалерыі на полі бою і пераўтварыла пяхоту ў ядро войскаў дзяржаў Заходняй Еўропы. У сваю чаргу, для дасягнення высокай баяздольнасці ўзброеных агняпальнай зброяй пехацінцаў іх трэба было належным чынам падрыхтаваць, што патрабавала часу і выдаткаў. У такіх умовах распускаць войска ў мірны час, як гэта рабілася раней, стала невыгодным, і еўрапейскія дзяржавы перайшлі да ўтрымання пастаянных армій, памеры якіх паступова ўзрасталі. Гэта вымагала вялікіх рэсурсаў, а разам з тым умацавання цэнтральнай улады і развіцця дзяржаўнага бюракратычнага апарату, што прывяло да фарміравання абсалютных манархій у Еўропе108. Гэтыя працэсы кардынальным чынам змянілі ўмовы існавання абарончых умацаванняў. Па шэрагу прычын Рэч Паспалітая не змагла прайсці шлях да ўсталявання абсалютнай манархічнай улады, што ўрэшце прывяло да амаль поўнага заняпаду фартыфікацыйнага будаўніцтва на яе тэрыторыі ў XVIII ст. Такім чынам, эвалюцыя ўзбраення і вайсковай справы аказала як прамы ўплыў на абарончую архітэктуру, вызначаючы накірунак яе эвалюцыі, так і апасродкаваны, паколькі змяняліся ўмовы функцыянавання ўмацаванняў. Гэта добра бачна на прыкладзе рэзідэнцый Радзівілаў, таму варта засяродзіцца на згаданай канцэпцыі, а таксама найбольш важных момантах у развіцці ўзбраення і ваеннай справы больш дэталёва.
    Канцэпцыя ваеннай рэвалюцыі знайшла шмат прыхільнікаў і апанентаў. Пры гэтым крытыкаваліся храналагічныя рамкі і асобныя аспекты гэтага феномену, а таксама характар сувязі паміж развіццём ваеннай справы і эвалюцыяй грамадска-палітычнага ладу. Роберт Фрост лічыў, што ваенная рэвалюцыя ахоплівае ўвесь перыяд Паўночных войнаў (1558-1721 гг.), а для Рэчы Паспалітай перадумовы для рэфармавання ваеннай галіны і пераходу да абсалютнай манархіі склаліся пасля войнаў 1648-1667 гг., гэта значыць у дру-
    107 Аўтар выказвае шчырую падзяку К. Карлюку за дапамогу ў падрыхтоўцы гэтага раздзела.
    108Roberts М. The Military Revolution // Essays in Swedich History. London, 1967. P. 195-225.
    гой палове XVII ст.109 У сваю чаргу Джэфры Паркер адзначаў, што, апроч эвалюцыі агняпальнай зброі і ўзрастання колькаснага складу пастаянных армій, важным чыннікам ваеннай рэвалюцыі было з’яўленне новага тыпу фартыфікацыйных умацаванняў, здабыванне якіх патрабавала значнага ўдасканалення арганізацыі і забеспячэння войскаў110. Нягледзячы на крытычныя заўвагі, якія выказваліся адносна канцэпцыі ваеннай рэвалюцыі, яе апаненты не ставілі пад сумненне самога пастулата М. Робертса аб уплыве развіцця ваеннай справы на трансфармацыю дзяржаўнай сістэмы1". Таму гэтая канцэпцыя да цяперашняга часу захоўвае актуальнасць і вялікую каштоўнасць для вывучэння гісторыі еўрапейскіх дзяржаў у ранні Новы час. У тым ліку яна дае магчымасць раскрыць характар развіцця ваеннай справы і ваеннай гісторыі беларускіх зямель у XVI пачатку XVIII ст.
    Агняпальная зброя з’явілася ў Еўропе яшчэ ў першай палове XIV ст. Аднак доўгі час эфектыўнасць яе выкарыстання была невысокай, і яна не магла карэнным чынам змяніць характар войнаў. Прычынай гэтага была недасканаласць яе канструкцыі. Першыя ручныя стрэльбы мелі вялікую вагу і былі нязручныя, таму іх было цяжка выкарыстоўваць у палявых бітвах. Куды больш прыдатнымі яны былі пры абароне ўмацаванняў. Адным з найболып эфектыўных варыянтаў стрэльбаў позняга Сярэднявечча сталі гакаўніцы. У канцы XV XVI ст. былі зроблены вынаходніцтвы, якія павялічылі эфектыўнасць ручной агняпальнай зброі і зрабілі яе прыдатнай для выкарыстання ў палявых бітвах. Удасканаленне тэхналогіі вырабу ствалоў дазволіла зменшыць іх вагу, а вынаходніцтва рознага тыпу замкоў для запальвання зарада зрабіла магчымым вядзенне прыцэльнага агню адным чалавекам. У выніку ручная агняпальная зброя стала больш лёгкай і прыдатнай для страляння з рук. Гэта дало штуршок да разгортвання ваеннай рэвалюцыі. На беларускіх землях агняпальная зброя выцесніла кідальную (лукі і арбалеты) на пачатку XVI ст. Таму, напрыклад, Мірскі замак, пабудаваны ў першай чвэрці гэтага стагоддзя, меркавалася абараняць амаль выключна з дапамогай гакаўніц і ручніц, аб чым сведчаць асаблівасці яго архітэктуры112.
    У сярэдзіне XVI ст. універсальнай ваеннай стрэльбай стаў мушкет, забяспечаны кнотавым замком. Кнот уяўляў сабой шнурок з канопляў, які мог доўга гарэць, а пры спрацоўванні замка запальваў зарад. Першапачаткова мушкет быў даволі цяжкі (6-7 кг), таму пры стральбе яго ўскладвалі на спецыяльную падпорку, ці фаркет. У далейшым вага яго зменшылася (да 4,5— 5 кг), што зрабіла магчымым стральбу з рук. Больш дасканалым за кнотавы быў колавы замок. Іскры для запальвання зарада ў ім высякаліся жалезным
    109Frost R. Potop a teoria rewolucji militarnej H Rzeczpospolita w latach potopu / red. J. Muszynski, J. Wijaczek. Kielce, 1996. S. 164-165; Idem. The Northern Wars: War, State and Society in North­eastern Europe 1558-1721. Harlow, 2000. P. 310-327.
    "° Parker G. The Military Revolution: Military Innovation and the Rise of the West, 1500-1800. Cambridge, 1988. P. 43.
    111 Frost R. Potop a teoria rewolucji militarnej. P. 152.
    "2Волкаў M. Фартыфікацыя i ўзбраенне Мірскага замка IIБГЧ. 2012. № 1. С. 13-16.
    колцам аб крэмень. Але з-за складанасць канструкцыі колавы замок быў дарагі і не мог замяніць танны і просты кнотавы, таму кнотавы мушкет заставаўся асноўным відам узбраення пяхоты да канца XVII ст.113
    Вялікі ўплыў на ваенную справу аказала развіццё артылерыі. У канцы XV першай палове XVI ст. інавацыі ў артылерыйскай справе значна павысілі яе эфектыўнасць. Пераход ад каменных да металічных ядраў даў магчымасць паменшыць памер ствала гарматы, а разам з тым павялічыць яе разбуральную сілу. Павышэнню мабільнасці і зручнасці выкарыстання артылерыі спрыяла вынаходніцтва ўніверсальнага для ўсіх тыпаў гармат двухсценнага лафета. Іншым важным крокам наперад быў пераход да выкарыстання грануляванага пораху, які валодаў нашмат большай выбуховай сілай, чым ранейшы мукападобны. Акрамя таго, у згаданы час былі зроблены захады па ўніфікацыі гармат, што спрасціла практыку забеспячэння іх амуніцыяй і боепрыпасамі. У прыватнасці, у 1530 г. Георг Гартман распрацаваў лінейку калібраў, якая стала ўніверсальнай для большасці краін Еўропы114. У выніку паўстала магутная і манеўраная артылерыя, асноўныя характэрныя рысы якой не змяніліся да XIX ст.
    Удасканаленне ўзбраення прывяло да грунтоўных змен у тактыцы вядзення бою. Яшчэ ў познім Сярэднявеччы ў бітвах пачало ўзрастаць значэнне пяхоты. У XVI ст. дзякуючы мушкетам і падтрымцы палявой артылерыі сіла агню пешых фармацый значна вырасла, і пяхота канчаткова адцясніла кавалерыю на другі план. Абавязковай умовай для дасягнення высокай эфектыўнасці пяхоты на полі бітвы былі моцная дысцыпліна і зладжанасць дзеянняў жаўнераў, што дасягалася шляхам доўгай падрыхтоўкі і муштры. Калі навучыць жаўнера карыстацца мушкетам ці пікай можна было даволі хутка, то эфектыўнасць яго дзеянняў у складзе пэўнай вайсковай фармацыі залежала ад значна больш складанай практыкі і вопыту115. Неабходнасць такога высокага ўзроўню ваеннай арганізацыі падштурхоўвала еўрапейскія краіны да паступовага пераходу да ўтрымання прафесійных армій на пастаяннай аснове, што наклала адбітак і на эвалюцыю іх дзяржаўнага ладу.
    Штуршком для развіцця ars militaris (лац. 'ваеннае мастацтва’), як правіла, былі войны. Яны вымушалі дзяржавы ўкладваць значныя рэсурсы ў развіццё вайсковай справы, што дазваляла спецыялістам на практыцы ўдасканальваць узбраенне, стратэгію і тактыку ваеннага супрацьстаяння. Адной з найбольш уплывовых у гэтым плане стала вайна за незалежнасць Нідэрландаў супраць Іспаніі ў апошняй трэці XVI першай палове XVII ст. У гэты час галандская армія намаганнямі Морыца Аранскага была значна мадэрнізавана. Супраць вялікіх іспанскіх тэрцый, у якіх было аб’яднана да 3 000 жаўнераў, галанд-
    т Muller Н. Die Bewaffnung: Das Heerwesen in Brandenburg und Preussen von 1640 bis 1806. S. 65.
    114Волкаў M. Артылерыя Нясвіжскага замка. C. 17-23.
    Showalter D. Gunpowder and Regional Military Systems //The Military and Conflict Between Cultures: Soldiers at the Interface / ed. J. C. Bradford. College Station, 1997. P. 78-79.
    цы выстаўлялі больш мабільныя батальёны, якія налічвалі каля 500 чалавек. Была павялічана колькасць афіцэраў, што павысіла якасць падрыхтоўкі, дысцыпліну і магчымасць кіравання жаўнерамі. Гэта зрабіла пяхотныя аддзелы больш мабільнымі і дзейснымі тактычнымі баявымі адзінкамі. Акрамя таго, была распрацавана тэхніка стральбы залпамі, якая значна павысіла шчыльнасць агню пяхоты. Гэтыя інавацыі даказалі сваю эфектыўнасць у вайне з Іспаніяй, што зрабіла галандскае ваеннае мастацтва надзвычай папулярным у Еўропе, і ў тым ліку ў Рэчы Паспалітай.
    Адной з ключавых фігур ваеннай рэвалюцыі ў Еўропе лічыцца шведскі кароль Густаў II Адольф, які ў 1617 г. распачаў рэфармаванне сваёй арміі па галандскім прыкладзе. Пэўныя рэформы рабіліся і раней, аднак яны былі непаслядоўнымі і незавершанымі. Гэта зрабілася відавочным у час бітвы пад Кірхгольмам у 1605 г., калі ваенныя аддзелы Рэчы Паспалітай на чале з Янам Каралем Хадкевічам ушчэнт разграмілі ўтрая большае шведскае войска, якое пераважна складалася з наймітаў. Рэформы Густава II Адольфа закранулі многія сферы ваеннай справы. Быў зменшаны калібр мушкетаў і іх вага, што дазволіла жаўнерам весці стральбу з рук. Былі ўведзены папяровыя патроны, што павялічыла хуткастрэльнасць пяхоты. Гэтыя новаўвядзенні дазволілі зменшыць колькасць шэрагаў у баявым пастраенні мушкецёраў з 10, як гэта практыкавалася ў Нідэрландах, да 6. Шэрагі маглі страляць залпамі па чарзе, а ў выпадку крытычнага набліжэння непрыяцеля яны маглі здвойвацца, што дазваляла ўсім мушкецёрам разам даць залп. Па ўзоры галандцаў шведы ў палявых бітвах актыўна выкарыстоўвалі гарматы, вага якіх была зменшана, а калібр стандартызаваны (3 ці 6 фунтаў). Сквадрону шведскай пяхоты, які быў аналагам галандскага батальёна, дадаваліся 2 гарматы, а пазней 3. Паводле практыкі ранейшых часоў частка пяхоты была ўзброена пікамі і павінна была абараняць стралкоў ад ўдару кавалерыі. Іх ставілі ў цэнтры пяхотнага фармавання116.