Запісы 33
„Запісы” – навуковы часопіс беларускае эміграцыі, ворган Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва
Выдавец:
Памер: 574с.
Мінск, Нью Йорк 2010
Варта адзначыць, што аўтар стаў адным зь першых, хто адмыслова зьвярнуўся да тэмы беларускага сьледу ў савецкім і расейскім флёце. Аднак за сьціплымі ды сухімі зьвесткамі часам вельмі хацелася б бачыць жывых асобаў. Цікава было б таксама, каб нейкі, магчыма й іншы, дасьледнік прааналізаваў гэты ўдзел беларусаў у флёце, у тым ліку й ягоным кіраўніцтве, у адмысловай працы, дзе б ацаніў болып выразна, якімі шляхамі траплялі беларусы ў флёт, на якія пасады і ў якіх галінах, якую ролю адыгралі нашыя суайчыньнікі ў гісторыі ваенна-марскога флёту СССР і сучаснай Расеі.
Ермоленко В. Белорусы й Русскйй Север. — Мйнск: Беларусь, 2009. — 390 с. (Наклад 2 ооо ас.)
Адной з задачаў беларускай гістарыяграфіі часоў незалежнасьці стала ,,вяртаньне“ ў нацыянальны кантэкст пэўных постацяў, асобаў, адметных як у гісторыі іншых краінаў, гэтак і на сусьветным узроўні. Так, у якасьці своеасаблівых сымбаляў беларускага ўнёску ў сусьветную гісторыю й культуруў школьныя падручнікі ўвайшлі Тадэвуш Касьцюшка, Ігнат Дамейка й іншыя, што яшчэ ў савецкіх энцыкляпэдыях фігураваў як палякі. Згаданы працэс своеасаблівай „нацыяналізацыі" мінуўшчыны, што мусіў бы стацца падмуркам нацыянальнай гістарычнай навукі, зь пераменным посьпехам працягваецца і ў наш час.
Кніга „Беларусы і Руская Поўнач“, што пабачыла сьвет у менскім выдавецтве „Беларусь" у 2009 г., зьяўляецца новым прыкладам „вяртаньня“ ў айчынны навуковы й грамадзка-культурны дыскурс імёнаў беларускіх дасьледнікаў расейскай Поўначы й Сібіры. Як пазначае Валер Ярмоленка ў прадмове, усе героі кнігі, колькасьць якіх перавышае чатыры дзясяткі, яшчэ ў даведніках савецкіх часоў называліся пераважна палякамі, нягледзячы на тое, што большасьць зь іх ні польскай мовай не валодалі, ні ў Полынчы не жылі.
Сорак тры разьдзелы кнігі, напісаныя ў папулярным стылі, апавядаюць пра нарадзінцаў беларускіх земляў або іхных нашчадкаў, што адкрывалі Аляску й Курыльскія выспы, былі сярод першых дасьледнікаў Паўночнага Ледавітага акіяну й Тунгускага мэтэарыту, заснавалі горад Анадыр і шэраг партоў на ўзьбярэжжы згаданага акіяну, праводзілі першыя гідралягічныя й акіянаграфічныя дасьледаваньні ў Арктыцы, Запаляр’і, Усходняй Сібіры, „адкрылі“ золата на Калыме, асвоілі расейскую „нафтагазавую трубу“ й ажыцьцявілі шмат іншых цікавых адкрыцьцяў, што паспрыялі разьвіцьцю расейскай і сусьветнай навукі. Храналягічна нарысы ахопліваюць час ад канца XVI ст., калі „пан лйтовскйй полоненйк“з Магілёўшчыны Юры Даўгушын першым перайшоў Надым-раку, а потым раку Таз, і да другой паловы XX ст., калі беларусы бралі ўдзел у выпрабаваньнях і паходах атамных падводных лодак пад крыгамі Арктыкі, як нарадзінец Мёршчыны Ягор Тамко (1935-2008).
Плёнам шматгадовай працы Валера Ярмоленкі стала сыстэматызаваная інфармацыя як пра раней вядомых дзеячаў (Чэрскі, БялыніцкіБіруля ды інш.), гэтак і пра шматякіх дасюль малавядомыху Беларусі асобаў, у тым ліку й з савецкіх часоў. Навукова-папулярнае выданьне, „Беларусы й Руская Поўнач" не прэтэндуе на паўнату ды вычарпаль-
насьць зьвестак, да таго ж мае й выразны ідэалягічны падтэкст: давесьці пра „шматвяковае імкненьне беларусаў ірасейцаў да збліжэньня адныхздругімі“. Аўтар сьцьвярджае: „Для нас зьяўляецца важным, што нашыя народы сумесна працавалі, пераадольвалі вялікія складанасьці, асвойваючы непамерныя прасторы Расеі"(с. 6). Аднак нягледзячы на згаданую ідэйную зададзенасьць выданьня й папулярны характар (што перадумовіла адсутнасьць усялякіх спасылак на крыніцы), пададзеныя ў кнізе зьвесткі безумоўна важныя й здольныя зацікавіць іншых навукоўцаў, дасьледнікаў гісторыі беларускай прысутнасьці ў Расеі й сьвеце.
Кошалеў М., Папоўская Т. Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін. Мінск: Беларуская навука, 2009. — 187 c.
Беларусам Малдовы пашанцавала больш як іншым суайчыньнікам на ўсёй астатняй постсавецкай прасторы, бо менавіта яны апынуліся ў цэнтры сыстэматычнага вывучэньня свайго жыцьця з боку мэтрапольных навукоўцаў з Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук. Так, цягам апошняга дзесяцігодзьдзя пабачылі сьвет колькі дзясяткаў артыкулаў і адмысловых зборнікаў, а пэўным абагульненьнем усяго напрацаванага выглядае выдадзеная ў 2009 г. кніга „Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін'1.
У кнізе зроблены грунтоўны агляд гістарыяграфіі пытаньня (як беларускай, гэтак і малдаўскай), сур’ёзны нарыс гісторыі беларускамалдаўскіх сувязяў ад старажытнасьці, часоў існаваньня Малдаўскага княства й яго дачыненьняў зь Вялікім Княствам Літоўскім і Рэччу Паспалітай, да сучаснасьці. Асаблівая ўвага зьвернутая на беларусаў і нарадзінцаў беларускіх земляў, што зрабілі адметны ўнёсак у гісторыю Малдовы. Сярод іх — грамадзкі дзеяч Мікалай Судзілоўскі, мастакі Ўладзімер і Расьціслаў Акушкі, пэдагог Аляксандар Шыманоўскі й інш. Апавядаецца пра нарадзінку мястэчка Дуброўна Магілёўскай губэрні (цяпер Віцебская вобласьць) габрэйскага паходжаньня Ганну Тумаркіну (1875—1951), што вырасла ў Кішынёве, вучылася ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны й Швайцарыі ды стала першай у гісторыі жанчынай — прафэсарам філязофіі, аўтаркай шматлікіх публікацыяў. Імем Ганны Тумаркінай назвалі адну з вуліцаў у Бэрне (Швайцарыя), а ейны брат Лазар, народжаны таксама ў Беларусі ў 1865 г., стаў у Малдове вядомым мэдыкам, стваральнікам мэдычнага цэнтру й водалякарні.
Асобная вялікая частка кнігі прысьвячаецца беларуска-малдаўскім дачыненьням у часы СССР. Тут адзначаецца ўдзел беларусаў у вызва-
леньні Малдовы і ўдзел малдаванаў у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі Беларусі, разглядаецца далейшая эканамічная, культурная й навуковая супраца. Аналягічна падаецца палітычныя, гандлёва-эканамічныя, культурныя, навуковыя й адукацыйныя дачыненьні паміж краінамі часоў незалежнасьці: ад пачатку 1990-х да сучаснасьці.
Апошняя частка кнігі прысьвячаецца беларускай дыяспары ў Малдове. Аўтары характарызуюць мясцовую грамаду так: „Параўналыш невялікая па колькасьці, яна зьяўляецца адной з найбольш актыўных, добра структураваных і кансалідаваных сяродраскіданых па сьвеце беларускіх нацыянальных абшчын“ (с. 121). Пачаткі сталай прысутнасьці беларусаў у гэтай паўднёвай краіне магчыма прасачыць ад канца XIX ст. Так, ужо расейскі перапіс 1897 г. зафіксаваўу тагачаснай Бесарабіі 2 471 беларуса, хоць, паводле дасьледнікаў, рэальная колькасьць нашых суайчыньнікаў на згаданай тэрыторыі была значна большая. Асабліва імкліва стаў павялічвацца лік беларусаўу Малдове пасьля Другой сусьветнай вайны. Прыкладам, у 1959 г. тут стала жылі больш за 9 тысячаў беларусаў, а да 1989 г. іх ужо было ў Малдове каля 19,6 тысячы чалавек. У кнізе згадваюцца беларусы, што зрабілі адметны ўнёсак у эканоміку, сельскую гаспадарку, мэдыцыну, культуру саюзнай рэспублікі.
3 разбурэньнем СССР частка нашых суайчыньнікаў вярнулася на радзіму, іншыя вырашылі аб’яднацца ў нацыянальную грамаду. Так, у 1993 г. была зарэгістраваная Беларускага грамада ў Малдове на чале з Уладзімерам Дзяржыцкім, ад якой пачалося структурнае афармленьне беларускай дыяспары ў гэтай краіне. Сёньня асобныя беларускія суполкі, у якія аб’ядналіся каля 2 300 суайчыньнікаў, дзеюць у Ціраспалі, Бэндэры, Бэлці, Грыгарыёпалі, Рыбніцы, Камраце. У 2000 г. заснаваная Каардынацыйная нацыянальная рада кіраўнікоў беларускіх грамадаў Малдовы, што ўзгадняе пляны свае дзейнасьці з амбасадай Рэспублікі Беларусь у гэтай краіне. У Кішынёве працавала беларуская школа, дзейнічае беларуская бібліятэка імя Максіма Багдановіча, штогод адбываюцца фэстывалі беларусаў Малдовы. Відавочна, што беларуская дыяспара ў гэтай паўднёвай краіне зьяўляецца прыкладам шчыльнага ўзаемадзеяньня беларускага ўраду з суайчыньнікамі за мяжой. Якімі будуць вынікі такой супрацы — пакажа час. Але адну выснову можна зрабіць ужо сёньня, бо менавіта дзякуючы добрым стасункам малдаўскіх беларусаў з афіцыйным Менскам і стала магчымае навуковае вывучэньне гэтай дыяспары ў дзяржаўнай установе й выданьне згаданай кнігі.
У дадатку да кнігі зьмяшчаюцца некалькі дакумэнтаў з гісторыі беларуска-малдаўскіх дачыненьняў, пераважна найноўшага часу, ёсьць іменны й геаграфічны паказьнікі.
Наагул жа кніга „Гісторыя беларуска-малдаўскіх узаемаадносін" па-за некаторай зразумелай ідэалягічна адпаведнай дзяржаўніцкай рыторыкай і прыгожай статыстыкай эканамічнай супрацы пакідае ўражаньне добрасумленна выкананай дасьледніцкай працы, цікавы фактычны матэрыял зь якой можа стаць падмуркам для працягу вывучэньня беларускай прысутнасьці ў Малдове, а мэтадалягічныя падыходы — своеасаблівым узорам для вывучэньня беларускіх дыяспараў у іншых постсавецкіх краінах.
Мальдйс А. Белорусскйе сокровйіца за рубежом. Мйнск: Літаратура імастацтва, 2009.208 с. — (Беларусь: вчера й сегодня) (Наклад 200 ас.)
Беларускае замежжа ўлучае ў сябе ня толькі арганізацыі ды эміграцыйных дзеячаў, але й тыя матэрыяльныя каштоўнасьці, якія тым ці іншым шляхам апынуліся па-за межамі мэтраполіі. Менавіта гэтым рэліквіям і рарытэтам прысьвечаная кніга прафэсара Адама Мальдзіса „Беларускія скарбы за мяжой“. Выданьне ўяўляе сабою зборнік артыкулаў, друкаваных аўтарам на старонках газэты „СБ. Беларусь сегодня". Кожны тэкст мае завершаны сюжэт і прысьвечаны пэўнай каштоўнасьці ці комплексу каштоўнасьцяў (архівам, рэліквіям і г. д.) або краіне.
У кнізе аднаўляюцца цікавыя гісторыі зьнікненьня, пошукаў, а часам і вяртаньня на радзіму ў тым ці іншым выглядзе скарбаў беларускай культуры. Аўтар падае тут гісторыі Слуцкага Эвангельля, крыжу Эўфрасіньні Полацкай, слуцкіх паясоў, бібліятэкі Яўхіма Храптовіча, нясьвіскай мастацкай галерэі Радзівілаў і інш. Асобныя тэксты прысьвячаюцца беларускім каштоўнасьцям у Польшчы, Літве, Нямеччыне, Францыі, Вялікабрытаніі. На жаль, няма інфармацыі пра беларускія рарытэты ў ЗША, хоць тут, сярод іншага, у архіве Беларускага інстытуту навукі й мастацтва захоўваюцца аўтографы Янкі Купалы, Уладзімера Жылкі й інш.
Цікавай выглядае частка кнігі, прысьвечаная праблеме „дзе й што варта шукаць“. Тут Адам Мальдзіс нібыта фармулюе заданьні для будучых дасьледнікаў. Пры гэтым згадваюцца магчымыя кірункі пошукавай працы ў такіх „экзатычных" краінах, як Іран, Кенія, Кітай ды інш.
Несумненна, у тэкстах газэтнага фармату, разьлічаных на шырокае кола чытачоў, могуць быць пэўныя спрашчэньні й абагульненьні. Не-