Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Ад нашай высочкі збягала прамыіна паміж пагоркамі, па ёй можна зручна праехаць на конях аж да самага поля. Выйсце з яе я абсадзіў дваццаццю хлопцамі, сам застаўся з імі, а Гізуйчмута, пакінуў на тым самым месцы, дзе мы і былі, маючы такім чынам перавагу; а хлопцам сваім наказаў, каб, як толькі канвой наблізіцца, узялі кожны на сябе па адным канвойніку, і сказаў, каму страляць, а каму пакінуць стрэл у запасе. Некаторыя мае бывальцы пачалі бурчаць: што гэта такое я надумаў, ужо ці не лічу я часам, што адзін толь-
кі спанатраны і спрытны Гізуйчмут з яго кемным глуздам; бо як толькі канвой, няблага ўмацаваны, хацеў ужо быў сунуцца міма нас, Гізуйчмут, як я яму і падказаў, пачаў рыкаць, як бык, і гігікаць па-конску, аж розгалас па ўсім лесе пайшоў, і кожны пабажыўся б, што тут статак кароў і табун коней. Як толькі канвойнікі гэта пачулі, тут ім і захацелася пажывіцца і прыхапіць, што ў рукі дасца, а мясцовасць тая была даволі пустэльная. Яны паскакалі ўсім гамузам проста ў нашу засаду ды такім спехам і без усякага ладу, нібы кожны хацеў выперадзіць другога і першым дастаць па храпе, як яно і было ўчынена настолькі ўдала, што ўжо пасля першага прывітання, якое мы ім паслалі, апусцела трынаццаць сёдлаў і яшчэ некалькі чалавек было паранена. I тут адразу на іх выхапіўся Гізуйчмут і пабег па прамыіне з крыкам: «Хлопцы, сюды! Хлопцы, сюды!», што яшчэ больш напалохала праціўніка, і тыя так разгубіліся, што не ведалі, куды ім кінуцца, ні назад, ні наперад, ні ўбок на конях не паляціш, а таму яны пасаскоквалі з коней і давай уцякаць пешкі; ага уцячэш! Я пабраў у палон усіх сямнаццаць разам з лейтэнантам, які імі камандаваў, потым кінуўся да вазоў, выпраг два тузіны коней і прыхапіў некалькі сувояў шоўку і фаляндышу; бо не было калі доўга валаводзіцца з забітымі і абіраць іх ці як ці як след перагарнуць вазы, бо фурманы, як толькі ўсчалася страляніна, борздзенька ўсё пакідалі і шмуль-шмуль! Даліся ўпрочкі, а таму пра наш набег маглі хутка даведацца ў Дорстэне і перастрэнуць нас на дарозе. Як толькі мы сабраліся, тут з лесу выскачыла наша божышча Юпітар і ну крычаць, як гэта так, што Ганімед хоча кінуць яго. Я адказаў яму, што якраз-такі так, хачу, бо ён не даў блохам спадзяванага прывілею. «А няхай яны, адказаў ён зноў, пропадам прападуць у Кокіце!1» Я засмяяўся, а як што ў нас цяпер былі свабодныя коні, загадаў пасадзіць дурня ў сядло; а таму што ён сядзеў на кані,
1 Паводле грэцкіх міфаў, рака ў Аідзе, прыток Ахэронта.
як арэх, я загадаў прывязаць яго да сядла. Тады ён сказаў, што наша сутычка нагадала яму бітву памж лапіфамі і кентаўрамі на вяселлі ў Перыфоя.
Калі забава скончылася і мы з палоннымі папылілі адтуль, быццам нехта насеў нам на пяты ды гнаў і падсцёбваў, тады толькі скеміў паланёны лейтэнанцік, якога ён даў пудлу, калі неабачліва завёў на варожую засаду выдатны гуф райтараў, паклаўшы на ўбой трынаццаць храбрых хлопцаў, і праз гэта ўпаў у чорную роспач і адмовіўся ад пардону, які я яму даваў, ён нават спрабаваў угаварыць мяне, каб я загадаў прыстрэліць яго; бо ён не толькі думаў, што ягоная спахібка яму вялікаю ганьбаю станецца, ганьбаю невыбачальнаю, але і будзе перашкодаю ў будучых павышэннях у чынах, калі толькі ён не пазбудзецца ўсяго гэтага, заплаціўшы за шкоду галавою. А я ўшчуваў яго і даказваў, што падступніцкае шчасце многім дзельным жаўнерам няраз падстаўляла нагу, але я ніколі не бачыў, каб хто з гэтай прычыны аж так горка ўбольваўся і ўпадаў у меланхолію. Яго намер гэта знак маладушнасці; а храбрыя жаўнеры думаюць пра тое, як гандаль паправіць, як адшкадавацца за панесеныя страты і зыскаць будучы плён; а мяне ён ніколі не ўгаворыць парушыць картэль альбо дапусціць ганебны супрацьпраўны ўчынак ці нешта такое, што не ў жаўнерскіх правілах і звычаях. Калі ён убачыў, што я не даўся, ён пачаў мяне ганіць і бэсціць, думаючы, што я ўгневаюся; ён заявіў, што я не біўся з ім сумленна, у адкрытым баі, а як разбойнік і мужабойца з кустоў і ўкраў жыццё ў ягоных жаўнераў, як злодзей і апошні шахрай, і гэтымі словамі ягоныя жаўнеры былі вельмі напалоханы, а мае хлопцы ўзлаваны, так што на гарачы зуб, напэўна, прашылі б яго кулямі, калі б я ім дазволіў, а давялося-такі іх стрымліваць. Мяне ж ягоныя казані ані не пранялі, я толькі заклікаў і сяброў і ворагаў засведчыць, што тут адбываецца, а потым загадаў звязаць лейтэнанта, каб не бузаваў і не бушаваў, і ахоўваць, сачыць за ім, як за вар’ятам; абяцаў таксама яму, што як толькі мы пад’едзем
да нашых пастоў і мой афіцэр дазволіць, я дам яму свае коні і зброю, якую ён сам сабе выбера, і пістоляй і шабляй прылюдна дакажу яму, што ўжываць на вайне хітрасць супроць праціўніка дазволена правіламі і законам; чаго ж бо ён не застаўся каля падводаў, ахоўваць якія ён быў прыстаўлены, альбо, калі ўжо яму так загарэлася даведацца, што робіцца ў лесе, чаму ён, калі такі разумны, не загадаў правесці папярэдне рэкагнасцыроўку, што яму больш было б да твару, чым цяпер заводзіцца, вычварацца і выдурнівацца ў розных кепствах, на якія ўжо ж пэўна ніхто зважаць не збіраецца. Справядлівасць маіх слоў прызналі і сябры і ворагі і сказалі, што ім яшчэ не выпадала сустракаць у раз’езных гуфах другога такога чалавека, які ў адказ на такія брыдкія і абразлівыя словы, як у лейтэнанта, не толькі не застрэліў бы самога, але і не пазабіваў бы ўсіх астатніх палонных. На другую раніцу я шчасліва даставіў луп і палонных у Зёст, здабыўшы сабе ў гэтай аперацыі больш гонару і славы, чым калінебудзь раней. Усе казалі: «Аб’явіўся новы малады Ёган дэ Вэрд!1», што вельмі ўказытвала маё самалюбства; аднак наш камендант не згаджаўся дазволіць мне памерацца з лейтэнантам на пістолях ці на шаблях, кажучы, што я ўжо і так яго два разы адолеў. I чым больш такім чынам расла і множылася мая слава, тым больш мацнела зайздрасць у тых, хто не спрыяў майму шчасцю.
РАЗДЗЕЛ ВОСЬМЫ
Сімпліцы затрафеіў сабе мурына і ад страху ледзь ног не адкінуў
Мне ніяк не ўдавалася атрэсціся ад Юпітара, як таму ад блох; каменданту ён быў непатрэбен, бо што з яго ўскубеш, а таму сказаў, што хоча падарыць яго мне. I вось я за
1 Гл. спасылку 1 на с. 76.
так сабе маеш прыдбаў уласнага блазна, а ўсяго ж год таму назад я мусіў быў строіць з сябе такога самага. О дзівоснае шчасце, о пераменлівы час! Яшчэ зусім нядаўна даставалі мне душу вошы, і вось ужо я сам маю ўладу над блышыным богам. Паўгода назад я служыў нейкаму пархатаму драгуну за пахолка; і вось ужо сам маю двух слуг, якія шчыруюць мне як пану і гаспадару. He прамінула і года, як улягалі райтары, каб зрабіць з мяне шлюху; цяпер ужо самі паненкі ўгоньваліся за мною са сваімі любошчамі. Так я ў пару даведаўся, што няма на свеце нічога больш пастаяннага, як сама непастаяннасць. Таму варта было быць напагатове. Калі шчасце зноў падверне мне якую-небудзь штуку, каб мой цяперашні дабрабыт не абярнуўся ліхатою і караю.
У той час граф фон дэр Валь, ваенны губернатар Вестфаліі, якраз збіраў з гарнізонаў людзей, каб зладзіць кавалькаду, якая праз Мюнстэрскі край прайшла б на Фэхт, Мэлен і Лінген ды каб пакончыла з дзвюма ротамі гесэнскіх райтараў, якія заселі за дзве мілі ад Падэрборна і шмат пары выпусцілі нашым. Я быў прызначаны ў каманду з нашымі драгунамі, і калі асобныя гуфы сабраліся ў Гаме, мы спешна рушылі ў паход і напалі на кватэры памянёных райтараў у даволі слаба абароненым гарадку, пакуль яго не занялі нашыя. Райтары паспелі ўцячы, але мы загналі іх зноў у іхняе гняздо. Ім было прапанавана спакойна пакінуць горад, без коней і зброі, узяўшы з сабою столькі, колькі можна панесці на поясе; але яны на тое не згадзіліся і бараніліся з карабінамі, як мушкецёры. Дайшло да таго, што яшчэ тае ж ночы я мусіў паспытаць шчасця ў штурме, бо драгуны напалі першыя; і мне ў гэтым пашанцавала, і я разам з Гізуйчмутам у ліку першых цэлы і здаровы ўварваўся ў гарадок. Мы хутка падмялі вуліцы, бо ўсё, што баранілася, было перабіта, а самі гараджане супраціўляцца не пнуліся; так было і ва ўсіх дамах. Гізуйчмут параіў заняць дом, перад якім ляжала вялікая куча гною, бо ў такіх дамах якраз і сядзяць самыя багатыя жмінды, у якіх звычайна становяцца на лежу афі-
цэры. Пасля гэтага мы і захапілі якраз такі дом, і Гізуйчмут зрабіў візітацыю ў канюшню, а я агледзеў сам дом з умоваю, што падзелімся ўсім, што знойдзем. I вось запалілі мы свае васковыя паходні, я гукнуў гаспадара, але мне не адказалі, бо ўсе пахаваліся, зайшоў у нейкую каморку, але не знайшоў там нічога, апрача пустога ложка і замкнутага куфра; замок я зламаў, спадзеючыся знайсці што-небудзь каштоўнае; але як толькі падняў века, проста на мяне паднялося нешта чорнае, я аж падумаў на Люцыпара. Гатовы пабажыцца, што колькі жыву, а не палохаўся так, як тады, убачыўшы таго чорнага д’ябла. «Каб ты здзейкалася і тут і там!» сказаў я ў такім страху і схапіўся за сякеру, якою разбіў куфар, але не асмеліўся рассадзіць яму чэрап. А тое нешта адразу ўкленчыла, падняло рукі і сказала чалавечым голасам: «А паночку, а спадарочку, а Богам благаю, не забівай, падаруй мне жыццё!» Тут я расшалопаў, што гэта ніякі не чорт, бо Бога спамінае і за жыццё просіць, і загадаў яму вылазіць з куфра. Ён выйшаў і пайшоў са мною голы, якім яго стварыў Бог. Я адшчапаў ад паходні дразку і даў яму пасвяціць мне; ён усё гэта рахмана ўчыніў і правёў мяне ў пакоік, дзе я знайшоў гаспадара з чэляддзю, які, гледзячы на на ўвесь гэты вясёлы спектакль і трасучыся, прасіў злітавацца з яго і не забіваць. Гэта ён атрымаў адразу, бо нам было забаронена чапаць гараджан; ён аддаў мне ўсе манаткі ротмайстра, сярод якіх была і замкнутая поўненькая скураная валіза, сказаўшы, што сам ротмайстар і ягоныя слугі, акрамя аднаго кнэхта і вось гэтага мурына, выправіліся на свае пасты абараняць горад. Тым часам Гізуйчмут злавіў на канюшні памянёнага конюха з шасцю асядланымі ладнымі коньмі; мы завялі іх у дом, зачынілі на засаўку і загадалі мурыну апрануцца, а гаспадару расказаць усё, што ён ведае пра ротмайстра. Але калі гарадскія брамы былі зноў адчынены, пастаўлены пасты і прыбыў наш генерал-фэльдцойгмайстар гер граф фон дэр Валь, ён якраз і заняў пад кватэру той самы дом, дзе мы былі; таму давялося нам сярод ночы