• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    Пасля карацейшай дарогай я рушыў у Рым, дзе мне досыць пашанцавала, бо я нажабраваў у багатых і ў простага люду шмат усякай міласціны; і пасля таго, як правёў там прыкладна тыдняў шэсць, выправіўся ў Ларэта разам з іншымі паломнікамі, сярод якіх былі і немцы,
    асабліва з Швейцарыі, якія хацелі вярнуцца дамоў. Адтуль я пераваліў цераз Гатард і прайшоў Швейцарыю, дабраўся да Шварцвальда да майго татуся, які захаваў мой двор і сваім кіраваннем прывёў яго ў выдатны стан, тым часам як сам я не прынёс дамоў нічога, апрача барады, якая вырасла ў мяне на чужыне.
    Я прабыў у вандроўках тры гады і некалькі месяцаў і за гэты час пераплыў некалькі мораў і нагледзеўся розных народаў, але ўсюды сустракаў больш ліха, чым дабра, пра што можна было б напісаць вялікую кнігу. Тым часам быў падпісаны нямецкі мір, так што цяпер я мог жыць у майго татуся ў поўным спакоі; я пакінуў яго на гаспадарцы клапаціцца пра ўсё, а сам зноў засеў за кнігі, якія з гэтага часу сталі мне поўнай радасцю і працай.
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ
    Сімпліцы жыццё зразумеў зямное яно цяпер яму марнае і пустое
    Аднойчы я прачытаў, як адказаў Апалонаў аракул рымскім пасланцам, калі яны папыталіся ў яго, што трэба зрабіць, каб спакойна кіраваць і валадарыць падданымі: «Nosce te ipsum», што азначае спазнай самога сябе. Я задумаўся і азірнуўся на пражытае жыццё, і закарцела мне парахавацца з самім сабою. «Жыццё тваё не было жыццём, а смерцю; дні твае цяжкія цені, гады цяжкія сны, асалоды цяжкія грахі; твая маладосць міраж, блізір, тваё дабрадзенства скарб алхіміка, які коціць у трубу і пакідае цябе, перш чым ты паспееш гэта ўразумець! Ты зведаў многія небяспекі на вайне, дзе перападалі табе і шчасце і няўдачы, то ты ўзносіўся, то падаў, то быў знакаміты, то нікчэмны, то багаты, то бедны, то рады, то засмучаны, то ўсімі любімы, то ўсім ненавісны, то ў гонары, то ў пагардзе. Але ты, о гаротніца душа мая, што здабыла ты ў гэтых прыгодах? Вось што ста-
    лася тваёю доляй: я збяднеў дабрынёю, сэрца маё ўціснута клопатам, я нядбалы на ўсё добрае, я гультай, я сапсаваны, а што найгорш сумленне маё парушана і патрывожана, а сам я заграз у поскудзі грэху і беззаконня! Цела стамілася, розум запамрочыўся, нявіннасць прапала, найлепшая пара маладосці растранжырана, залаты час страчаны. Ніхто ўжо мяне не радуе, і стаў я чужы самому сабе. Калі пасля смерці светлай памяці бацькі майго прыйшоў я ў свет, дык быў просты і чысты сэрцам, прастадушны, шчыры і сумленны, праўдзівы, пакорлівы, сціплы, паўстрымлівы, цнатлівы, сарамяжлівы, богабаязны і пабожны, але хутка я стаў злы, хітры, хлуслівы, фанабэрысты, задзірлівы і бязбожны ва ўсіх учынках сваіх і усім пахібам навучыўся без настаўнікаў. Я трымаў свой гонар не дзеля яго самога, а каб узвысіцца. Я глядзеў на час не дзеля таго, каб ужыць яго на душэўнае збавенне, а каб дагаджаць свайму целу. Я шмат разоў ставіў пад пагрозу сваё жыццё, але ніколі не турбаваўся, каб паправіць яго, каб здабыць сабе неганебны і шчасны скон. Я глядзеў толькі на часовае жыццё і мінушчую выгоду і ні разу не падумаў пра будучыню і яшчэ меней пра тое, што буду вымушаны адказваць перад тронам Навышняга!» Такімі думкамі мучыў сябе кожны дзень, і якраз у гэты час трапілі мне ў рукі некаторыя творы Гевары, з якіх я прывяду некалькі слоў, бо яны былі такія моцныя, што зусім адштурхнулі мяне ад свету. I гэтыя словы былі наступныя:
    РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ЧАЦВЁРТЫ
    Сімпліцы свету зямнога зракаецца, жыць пустэльнікам бедным збіраецца
    «Бывай, свеце! бо нельга на цябе ні спадзявацца, ні абаперціся; у доме тваім ужо знікла мінулае, з рук сплывае цяперашняе, а будучае не прыходзіць ніколі, самае трывалае валіцца, самае моцнае рассыпаецца пылам, і самае
    вечнае канчаецца, і ты мёртвы сярод мёртвых, і за ўсе стагоддзі не дасі нам ані хвіліны жыцця.
    Бывай, свеце! 6о ты бярэш нас у палон і не вызваляеш; ты вяжаш нас і не развязваеш, ты засмучаеш і не суцяшаеш, ты рабуеш і не аддаеш нарабаванага; ты вінаваціш нас без віны, ты асуджаеш, не выслухаўшы бакоў, і забіваеш нас без прысуду і хаваеш без памірання! I няма ў цябе радасці без маркоты, міру без нязгоды, любові без злосці, спакою без страху, паўнаты без нястачы, гонару без заганы, маёмасці без нячыстага сумлення, стану без незадаволенасці і дружбы без фальшу.
    Бывай, свеце! бо ў палацы тваім даюць абяцанні, не думаючы іх выконваць; служаць без платы, лашчаць, каб забіць; узвышаюць, каб скінуць; падтрымліваюць, каб папхнуць; шануюць, каб зняславіць; пазычаюць, каб не аддаваць; караюць без літасці.
    Аслані цябе Бог, свеце! бо ўтваім доме скідаюць долу вялікіх паноў і фаварытаў, аддаюць перавагу нягодным, асыпаюць ласкамі здраднікаў і прадажнікаў, а верных трымаюць за парогам; ліхадзеяў пакідаюць на волі, а невінаватых караюць; мудрых і абазнаных гоняць у адстаўку, а няздольцам кладуць вялікую пэнсію; падступнікам вераць, а ў праўдзівых і сумленных адбіраюць крэдыт; і кожны творыць, што ён хоча, і ніхто не робіць таго, што рабіць павінен.
    Бывай, свеце! бо ніхто ў табе не завецца сапраўдным імем сваім; нахабніка называюць адважным, баязліўца асцярожлівым, настырнага рупліўцам, а маладушніа міралюбным. Марнатраўцу называюць шчодрым, а скупога ашчадлівым, хітрага балбатуна і пустамалота красамоўным, а маўклівага дурнем або летуценцам, пералюбніка і разбэсту называюць кавалерам, пахібніка завуць талантам, помслівага гарачым і мяккасэрдага баламутам, так што ты нам падтыкаеш шалапута за дзельніка і дзельніка за шалапута.
    Бывай, свеце! бо кожнага ты спакушаеш; ганарліўцам і гардунам абяцаеш пашану і чту, няўрымслівым пераме-
    ну, пыхлівым ласку ў князёў, нядбальцам пасады, скнарам вялікія скарбы, ненаядам і бабнікам асалоды і юрнасць, супастатам помсту, злодзеям потай, маладым доўгі век, фаварытам бясконцае княскае ўпадабанне.
    Бывай, свеце! бо ў палацы тваім не здабудуць сабе прыстанку ні праўда, ні вернасць! Хто ўступіць з табою ў гутарку, адыдзе пасаромлены; хто табе даверыцца, ашуканы будзе; хто за табою пойдзе, улезе ў змусту; хто цябе баіцца, таму будзе найгорш; хто цябе ўмілуе, таму ліхам аддзячыцца, а хто найбольш на цябе паспадзяецца, той найбольш пагрэбаваны будзе. Цябе не ўмілажаліць ніякімі дарункамі, якія даюць табе, і ніякаю ласкаю, якую табе робяць, і ніякімі лагоднымі словамі, што табе кажуць, і ніякаю вернасцю, што дзеля цябе захоўваюць, і ніякай дружбай, што табе дораць; а ты ашукваеш, скідаеш, разбэшчваеш, пляміш і пэцкаеш, пагражаеш, нішчыш і забываеш кожнага; а таму кожны плача, уздыхае, стогне, енчыць, нікне і здабывае пагібель сабе. У табе не ўгледзіш і не навучышся нічога іншага, як толькі ненавідзець адзін аднаго да душагубства, балбатаць да поўнай хлусні, любіць да дзікасці, гандляваць да разбою, прасіць да падману і грашыць да смерці.
    Аслані цябе Бог, свеце! бо той, хто пойдзе за табою, распусціць час у забыцці, маладосць у бегатні і скаканні цераз платы і гароды, цераз шляхі і дарогі, цераз горы і долы, цераз лясы і бары, цераз моры і рэкі, у дождж і слоту, у холад і спёку, у вецер і непагадзь. Сталасць вымучыць капаннем руды, яе плаўкаю, прымусіць камень часаць і аграньваць, лес сячы і цяслярыць, расліны садзіць і гадаваць іх, уруплівацца ў намыслах і мроях, разважаць і меркаваць у турботах і жальбе, у куплі і продажы, у сварах і звадах, на вайне, у мане і хлусні. Старасць высушыць нас у гароце і ўбостве, знемачыць дух нам, дыханне зробіць смярдзючым, твар умаршчыніць, стан згорбіць, вочы зацьміць і патушыць, усё цела будзе дрыжаць, на носе павісне капіца, галава сплешыцца, вушы аглухнуць, нюх прытупіцца, смак
    прападзе, толькі і застанецца, што ўздыхаць ды стагнаць, гніць і слабнуць і, адным словам, да самага скону, акрамя турботы-маркоты, нічога не мець!
    Бывай, свеце! бо ніхто ў табе не імкнецца да пабожнасці. Кожны дзень караюць горлам забойцаў, чацвяртуюць здраднікаў, вешаюць злодзеяў, завугольных рабаўнікоў і махляроў, адцінаюць галовы смертазабойцам, паляць ведзьмароў, караюць клятваадступнікаў і выганяюць падбухторшчыкаў.
    Аслані цябе Бог, свеце! бо слугі твае не ведаюць іншага клопату і уцехі, як толькі аддавацца ляноце, глуміцца і бэсціць, спакушаць дзяўчат, вымурлыквацца з кабетамі і заводзіць з імі каншахты, гуляць у карты і кідаць косці, броварыць са зводнікамі, грызціся з суседзямі, слухаць і перадаваць плёткі, выдумляць новыя вышпігі, здзіраць ліхву, выдумляць новыя моды, плесці новыя падступствы і заводзіць новыя заганы!
    Бывай, свеце! бо ніхто не рады табе і не задаволены табою. Хто бедны, той хоча багацця; хто багаты, пнецца завалодаць яшчэ большым; хто пагарджаны, той марыць узвысіцца; хто абражаны, той прагне помсты; хто ў ласцы, той імкнецца загадваць; хто пахібны, той не жадае сабе нічога іншага, апрача бадзёрасці.
    Бывай, свеце! бо нямаўтабе нічога пастаяннага. У высокія вежы смаліць маланка, млыны пераганяюць патокі вады, дрэва точаць чэрві, зерне з’ядаюць мышы, плады вусені, а вопратку моль; быдла гіне з лядашчасці, а кволы чалавек ад упадку ў нядузе. У аднаго струпы, у другога рак, у трэцяга ваўчанка, у чацвёртага пранцы, у пятага падагра, у шостага хірагра, у сёмага вадзянка, у восьмага камяні, у дзявятага пясок, у дзясятага сухоты, у адзінаццатага шохля, у дванаццатага струпля, у трынаццатага падучы кадук, а ў чатырнаццатага дурнота! У табе, о свеце, ніхто не робіць так, як другі-іншы; бо калі адзін плача, другі рагоча, як дурны; адзін уздыхае, другі радуецца; адзін посціцца, другі жарэ і п’е ў тры горлы; адзін банкетуе, другі курчыцца
    з голаду; адзін жарабеніцца на кані, а другі валачэцца пеша; адзін гаворыць, другі ані-ні; адзін грае, другі працуе; і калі адзін прыходзіць, другі канае. I вось кожны жыве не так, як другі; адзін загадвае, другі слугуе; у аднаго паства людзі, а другі пасвіць свінні; адзін ідзе за дваром, другі за плугам; адзін плавае па моры, а другі вандруе па краіне, з кірмашу на кірмаш; адзін працуе каля агню, другі шапошыцца ў зямлі; адзін ловіць рыбу ў вадзе, другі птушак у паветры; адзін мардуецца ў поце рук, другі крадзе і рабуе краіну.
    О свеце, аслані цябе Бог! бо ў доме тваім няма жыцця праведнага, і гэтак сама не здабываюць шчаснае смерці. Адзін памірае ў калысцы, другі маладым на ложку, трэці на шыбеніцы, чацвёрты пад мячом, пяты на коле, шосты на вогнішчы, сёмы ў віне, восьмы ў рацэ, дзявяты ў абжорстве, дзясяты ад атруты, адзінаццаты проста так: ад узяў ды даў дуба, дванаццаты ў бітве, трынаццаты ад чараў і сурокаў, а чатырнаццаты топіць сваю бедную душу ў атраманце піша.