Авантурнік Сімпліцысімус
Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн
Выдавец: Цымбераў
Памер: 500с.
Мінск 2024
Такія і падобныя думкі агарталі мяне доўга, і я ахвотна аддаў бы якому-небудзь аб’яднанаму хрысціянскаму брацтву і мой двор, і ўвесь мой дастатак, каб яны прынялі мяне да сябе. Але мой татусь сказаў проста, што я ніколі не збяру вакол сябе такіх дастойнікаў.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАТЫ
Сімпліцы страціў зусім галаву, бо, як добры той дурань, падаўся ў Маскву
Тае ж восені хлынулі да нас французскія, шведскія і гесэнскія войскі, каб адпачыць, а разам з тым і аблажыць суседні імператарскі горад, той, які быў збудаваны адным
англійскім каралём і названы яго імем; з той прычыны ўсе, хто мог, уцякалі са сваім быдлам і самымі каштоўнымі рэчамі ў навакольныя лясы. Я зрабіў так, як і мае суседзі, пакінуўшы амаль пусты дом, у якім размясціўся шведскі палкоўнік на часовай аплаце. Ён знайшоў у маім кабінеце некалькі кніг, бо я ў спеху не ўсе паспеў прыхапіць, у тым ліку некалькі матэматычных і геаметрычных чарцяжоў і трактатаў па фартыфіацыі, якімі звычайна карыстаюцца інжынеры, а таму заключыў, што яго кватэра раней належала не простаму халопу, і таму ён пачаў распытвацца пра ўсе мае абставіны і стараўся залучыць мяне самога, і з дапамогай розных куртуазнасцяў ды пагрозаў яму ўдалося дабіцца, каб я прыйшоў да яго на свой уласны двор. Там ён прыняў мяне з выключнай ветлівасцю і забараніў сваім людзям без патрэбы псаваць і нішчыць што б там ні было ў мяне. Такой прыязнасцю ён схіліў мяне распавесці яму пра ўсе мае акалічнасці, асабліва пра свой род і паходжанне. I тут ён вельмі здзівіўся, што ў ваенны час я жыву сярод сялян і гляджу, як іншыя прывязваюць коней да майго шула, тым часам як з большым гонарам мог бы прывязваць свае коні ў іншых людзей; што я павінен, казаў ён, зноў навесіць шпагу і не дапусціць, каб талент, дараваны мне Богам, зацвіў у запечку ці за плугам; ён упэўнены, што калі я паступлю ў шведскую службу, дык пры маіх вартасцях і веданні ваеннага мастацтва неўзабаве дастануся ў высокія чыны і зраблюся знакамітым кавалерам. Я выслухаў гэта з поўнай халоднасцю і сказаў, што павышэнне маё застаецца за сямю гарамі, калі ў чалавека няма сяброў, якія вядуць яго пад рукі. На гэта ён адказаў, што мае выдатныя якасці дадуць мне і тое і другое: сяброў і павышэнне; апрача таго, ён не сумняваецца, што ў шведскай арміі я сустрэну сваякоў, якія сёе-тое значаць, бо там многа знакамітых шатландскіх арыстакратаў. Праўда, і яму самому, казаў ён, Торстэнсан абяцаў полк; і калі ён яго атрымае, у чым ён зусім не сумняваецца, дык адразу назначыць мяне
сваім падпалкоўнікам. Гэтакімі і іншымі ўгаворамі ён такі дамогся, што ў мяне сліні пабеглі, і як што не было яшчэ добрай надзеі, што скора настане замір’е, мяне чакалі далейшыя пастоі і лежы да поўнага разору, і я рашыўся зноў выпрабаваць Фартуну і абяцаў палкоўніку выправіцца разам з ім, калі ён стрымае сваё слова і даверыць мне месца падпалкоўніка ў сваім будучым палку.
Так і зброварылі мы піва; я папрасіў клікнуць майго татуся, хроснага, бо ён усе яшчэ хаваўся разам з маім быдлам у Байрышбрунскай даліне. Яму і ягонай старой адпісаў я двор і ўвесь маёнтак, але з умоваю, каб пасля яго смерці ўсё гэта ўспадкаваў мой байструк Сімпліцы, якога падкінулі мне да парога, калі не аб’явяцца спадчыннікі з законнага шлюбу. Пасля я ўзяў каня, захапіў усе грошы і каштоўнасці, якія яшчэ заставаліся; і калі я ўладзіў усе свае справы і распарадзіўся пра выхаванне майго памянёнага вышэй прыблудніка, дык задуманая аблога была знята, і не паспелі мы азірнуцца, як памаршыравалі на злучэнне з галоўнымі сіламі. Я строіў з сябе гофмайстра пры палкоўніку, камандаваў коньмі і конюхамі, вёў ўсю ягоную гаспадарку, якая складалася з рабункаў ды разбою і называлася фуражоўкай.
Торстэнсанавыя абяцанкі, якімі так хваліўся палкоўнік на маім двары, аказаліся не такімі ўжо й вялікімі, як ён мне нагарадзіў, і здаецца, на яго глядзелі з пагардаю. «Ах! казаў ён мне. Які шалудзівы сабака наплявузгаў на мяне перад генералітэтам? Ну, тады я тут доўга не затрымаюся». I як што ён падазраваў, што і я не збіраюся ў яго доўга біць лынды, дык напісаў ліст, нібыта яму належала ў Ліфляндыі, адкуль ён быў родам, навербаваць свежы полк, і так патрапіў угаварыць мяне, што я выправіўся з ім з Вісмара, а адтуль у Ліфляндыю. Але ўсё гэта быў адзін пшык, бо яму не толькі ніхто не даручаў вербаваць палкі, але і сам ён аказаўся бедненькім шляхцючком, і было ў яго толькі тое, што ён узяў за жонкаю маёнтак і пасаг.
I хоць ён ужо двойчы мяне ашукаў, аднак я таргануў прынаду і трэці раз, бо ён паказаў мне паперыну, якую атрымаў з Масквы, у якой, як ён бажыўся, яму прапаноўвалі сан вялікага вайскоўца, бо ён так мне патлумачыў гэта пасланне па-нямецку і многа хваліўся, якая яму абяцана вялікая пэнсія. I як што ён падымаўся з жонкаю і дзецьмі, дык я падумаў: «Ну не, за так ён з жамарвою туды не павалачэцца!» I таму ўзбіўся з ім разам у дарогу з вясёлым спадзяваннем на будучыню, бо я і без таго не меў і не бачыў нагоды і магчымасці вярнуцца ў Нямеччыну. Але як толькі мы пераступілі рускую граніцу і нам пачалі пападацца насустрач адстаўныя нямецкія жаўнеры, асабліва ж афіцэры, у мяне мароз пабег па скуры, і я сказаў свайму палкоўніку: «Якога чорта нам тут трэба? Адтуль, дзе ідзе вайна, мы выхапіліся, а цягнемся туды, дзе пануе мір, жаўнеры не ў цане і звольнены ў адстаўку!» А ён усё яшчэ падбадзёрваў мяне добрым словам і сказаў, што мне трэба толькі пакласціся на яго, бо ён лепей за мяне ведае, што трэба рабіць, чым гэтыя баязлівыя ўбоіны, ад якіх мала толку. Калі ж мы шчасліва дабраліся да горада Масквы, я адразу прыкмеціў, што зрабіў вялікую прамашку, праўда, мой палкоўнік штодня меў канферэнцыі з тамтэйшымі магнатамі і прытым больш з мітрапалітамі, чым з князямі, тут запахла не так порахам, як ладанам, што навяло мой розум на дзіўныя намыслы і фантазіі, хоць я і не мог расшалопаць, куды ён меціць і цаляе. Нарэшце ён заявіў мне, што вайна тут ні пры чым, а сумленне памыкае яго прыняць грэцкую веру. I ён шчыра раіць мне ўзяць з яго прыклад, бо з гэтага часу ён не можа мне больш пасабляць у тым, што абяцаў. Яго царскі маестат ужо атрымалі добрую даклярацыю, што да маёй асобы і маіх выдатных здольнасцяў; і калі я павяду сябе належным чынам, дык буду літасціва ўблажаны багатым маёнткам з мноствам прыгонных, ад якой найміласцівейшай прапановы не след адмаўляцца, бо кожнаму больш карысна набыць у такім магутным ма-
нарху мілажальнага валадара, чым неабольнага вялікага князя. Такія словы падзівілі мяне нязбыт як моцна, аж я не ведаў, што адказаць; бо, калі б я сустрэў гэтага палкоўніка яшчэ дзе-небудзь, ён атрымаў бы ад мяне ладную зубатычыну і засвістку. Аднак я мусіў трымаць нос па ветры і прынаровіцца да мясціны, дзе апынуўся, быццам у палоне, і таму доўга маўчаў, перш чым адказаў. Нарэшце я сказаў яму, што хоць меў намер служыць яго царскаму маестату жаўнерам, дзеля чаго ён, пан палкоўнік, і падбухторыў мяне сюды прыехаць, але як што цяпер мая служба не затычка гасудару, дык я не магу гэтага перайначыць, ні тым больш наракаць, што дзеля яго ўчыніў дарма такую доўгую падарожу, бо мяне ж не запрашалі пасланнем; аднак калі б іх царскі маестат літасціва ўдабраволілі зрабіць мне такую высокую чту і ласку, дык мне больш лічыла б і я болей рачыў бы ўслаўляць яго на ўвесь белы свет, чым пакорліва прыняць і заслужыць, бо я ўсе яшчэ не магу рашыцца памяняць сваю рэлігію і таму выказваў жаданне вярнуцца на мужыцкі свой двор у Шварцвальдзе, не чынячы нікому лішняй канфігурацыі. На што ён адказаў: «Вольнаму воля, але я мяркую, што калі да яго Бог і Фартуна прыхільныя, дык трэба па справядлівасці аддзячыць абаім. А калі чалавек не куе свайго шчасця, а сам хоча жыць прынцам, дык, спадзяюся, яго за такога і мецьмуць, а я не шкадаваў на яго ні працы, ні дбання». Пасля гэтага скруціў ён мне глыбокі паклон і пайшоў сваёю дарогай, пакінуўшы мяне сядзець на месцы, і нават не дазволіў, каб я правёў яго да дзвярэй.
А калі я сядзеў і бедаваў, думаючы пра сваё цяперашняе становішча, пачуў, як да нашага дома пад’ехалі дзве расейскія падводы, а зірнуўшы ў акно, убачыў, што мой добры гаспадар палкоўнік сядае на адну са сваімі сынамі, а на другую пані палкоўніца з дочкамі. To была падвода і слугі вялікага князя, былі там і нейкія духоўныя патрыярхі, якія праводзілі нашую пару і выказвалі ёй усялякае ўпадабанне.
РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ПЕРШЫ
Сімпліцы Маскву забяспечыў порахам і шабляй адважна біўся з ворагам
3 таго самага часу сачылі за мною некалькі стральцоў, праўда, не адкрыта, а тайна, я нават ні разу гэтага не заўважыў, а мой палкоўнік знік з вачэй з усёю сям’ёю і бэбахамі, і я не ведаў, куды ён падзеўся. Тады, пра што можна здагадацца, самыя дурныя думкі палезлі мне ў галаву, а на ёй прыбавілася нямала сівых валасоў. Я пазнаёміўся з немцамі, якія былі ў Маскве па справах гандлю, і з рамеснікамі і пабедаваў ім на свае турботы і як хітра мяне абкруцілі; яны суцяшалі мяне і параілі, як вярнуцца ў Нямеччыну з надзейнай аказіяй. Але як толькі даведаліся, што цар рашыў пакінуць мяне ў краіне і хоча да гэтага прыняволіць, дык усе як вады ў рот панабіралі і так цураліся мяне, што мне стала цяжка знайсці сабе прыстанак, бо я ўжо праеў свайго каня разам з сядлом і вуздэчкай і распускаў дукаты, якія разумна зашыў у вопратцы. Пад канец я пачаў прадаваць пярсцёнкі і іншыя каштоўнасці, спадзеючыся пракарміцца да таго часу, пакуль не ўлаўлю шчаслівага выпадку вярнуцца ў Нямеччыну. Тым часам прайшло тры месяцы, пасля чаго памянёны палкоўнік быў перахрышчаны ў артадоксію разам з усімі дамачадцамі і адораны шляхецкім станам з грунтамі, добрамі і мноствам прыгонных.
У той самы час быў абвешчаны ўказ, які забараняў пад загрозай непазбежнай кары ўсякае дармаедства тамтэйшым чужапанцам, а ўсіх гультаёў і валацугаў, каб яны не аб’ядалі працаўнікоў і не вырывалі ў іх з горла кавалак хлеба, загадваў выгнаць з усёй дзяржавы за месяц, а з Масквы за дваццаць чатыры гадзіны. I вось, сабралася нас чалавек пяцьдзясят, каб з Божай дапамогай разам выправіцца ў Нямеччыну праз Падолле; але не паспелі мы аддаліцца ад горада на дзве гадзіны дарогі, як нагнаў нас гуф расейскіх 484
коннікаў і завярнуў назад, паведаміўшы, што іх царскі маестат дужа ўгневацца мелі за тое, што мы самахоць і ў такой кольскасці сабраліся гамузам і асмеліліся бяспашпартна праехаць па ягоных землях, дадаўшы, што яго вялікасць не палічаць несправядлівым за такое ўчыненае намі вялікае самаволле выслаць усіх нас у Сібір. Па дарозе назад я даведаўся і моцна засмуціўся, што справы мае зусім швах; бо ж начальнік таго гуфа сказаў мне, што яго царскі маестат не дазволіць мне выехаць з Маскоўшчыны, а таму шчыра мне раіць схіліцца перад найлітасцівейшай воляй яго вялікасці, перайсці ў іхнюю веру і, як зрабіў палкоўнік, не пагрэбаваць салідным дваранскім маёнткам, і запэўніў, што калі я ад гэтага адмоўлюся і не захачу жыць у іх панам, дык воляй-няволяй буду служыць у іх як слуга; і яго царскі маестат ніколі не перадумаюць і не выпусцяць з дзяржавы такога абазнанага чалавека з такімі выдатнымі якасцямі, як гэта апісаў ужо не адзін раз памянёны палкоўнік. Адказваючы на гэтую інтэрвенцыю, я пачаў упрошваць яго і сказаў, што пан палкоўнік ужо, напэўна, прыпісаў мне куды больш даброцяў, навук і мастацтваў, чым у якіх я абазнаны. Праўда, я па тое прыехаў сюды, каб служыць да апошняй кроплі крыві іх царскаму маестату і праслаўленай расейскай нацыі супроць яе ворагаў, а не каб выменьвацца вераю, на што я ўсё яшчэ не магу адважыцца. Ва ўсім астатнім, у чым і чым толькі магу паслужыцца іх царскаму маестату, не азмрочваючы свайго сумлення, дык проша пана! гатовы не пашкадавацца.