• Газеты, часопісы і г.д.
  • Авантурнік Сімпліцысімус  Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Авантурнік Сімпліцысімус

    Ганс Якаб Крыстофэль фон Грымэльсгаўзэн

    Выдавец: Цымбераў
    Памер: 500с.
    Мінск 2024
    125.95 МБ
    ткнуцца гэтыя валухі, двух-трох пакладу, перш чым яны мяне прыкончаць».
    I вось, пакуль яны так меркаваліся, а я курчыўся ад страху, раптам мне здалося, што нехта прылёг побач і пусціў пад сябе, бо я ўвесь падмок. О, тігйт! Пагібель Троі! I ўсе мае выдатныя планы пропадам пайшлі, бо я адразу ўнюхаў, што гэта мая гаючая крыніца. Тут мяне ахапіў такі гнеў і шал, што я гатовы быў кінуцца на ўсіх шасцёх мужыкоў і зацяцца з імі ў бойцы. «Ах вы, галганы бязбожныя! закрычаў я, размахваючы кіем. Па гэтай крыніцы, што адчынілася пад мною, можаце здагадацца, хто я такі. Якое дзіва, калі я пакараю вас так, што чэрці костак вашых не пазбіраюць, калі вы што намыслілі супроць мяне!» I пры гэтым я напускаў на твар свой такую жуду, што нагнаў на іх поўнага страху. Але я адразу схамянуўся і ўбачыў, якога нарабіў глупства. «Не, падумаў я, лепш страціць гаючую крыніцу, чым жыццё, якім ты лёгка можаш заплаціць, калі завядзешся з гэтымі камлукамі і ёлупамі», таму я зноў загаварыў з імі лагодна і сказаў: «Зірніце толькі ды скаштуйце з гэтай крыніцы кіслай вады, якая адчынілася ў гэтай глухамані і якою ад сённяга з маёй ласкі будуць карыстацца ўсе лесарубы і смаляры!» Яны ніяк не маглі ўцяміць, што такое я ім даводжу, а толькі лыпалі вачыма, як палтусы, пакуль не ўбачылі, што я спакойненька зачарпнуў капелюшом і адпіў. Тут і яны адзін за адным паўставалі ад вогнішча, каля якога сядзелі, дзіву даліся з цуду і паспыталі вады, але замест каб падзякаваць мне, пачалі ганіць мяне, кажучы, каб я ішоў са сваімі кіславодамі к чартаматары; бо калі паны даведаюцца, дык замардуюць усю Дорнэнштэцкую акругу шарваркамі і падаткамі і прымусяць правесці сюды дарогу, ад чаго ім набяжыць вялікая страта. «Зусім наадварот, сказаў я, калі ўсе пачнуць імі карыстацца, дык вы больш награбяце грошай за курэй, яйкі, масла, мяса і ўсё такое ўсялякае». «Не, не, залапаталі яны, не! Пан пасадзіць тут карчмара, ён адзін і разбагацее, а мы толькі будзем
    на яго каркі гнуць, чыста дурні тыя, ды даглядаць дарожкі і сцежкі, а ніхто табе пасля і дзякуй не скажа!» Пад канец яны разышліся ў думках, двое былі за крыніцу, а чацвёра за тое, каб я зноў яе зачыніў і, як што яно ў маёй уладзе, адчыніў яе дзе-небудзь у іншым месцы, не ўблытваючы іх у такі гандаль, не думаючы пра іхні прыбытак альбо страты.
    А калі тым часам развіднела, і мне там рабіць больш не было чаго, і я пабойваўся, што калі мы доўга тут завалэндаемся, дык на ліхі лад можам пабіцца, а таму сказаў, што калі яны не хочуць, каб ва ўсім Баерсбруне ў кароў ішло крывавае малако да таго часу, пакуль не высахне гэтая крыніца, дык яны павінны мяне вывесці да Зэебаха, на што яны згадзіліся, далі мне двух праваднікоў, бо ісці аднаму са мною было страшнавата.
    I вось развітаўся я з гэтым краем, і хоць увесь ён быў неўрадлівы, як Аравійская пустыня, і не пладзіла там нічога, акрамя яловых шышак, аднак зычыў яму яшчэ горшае долі, бо пакінуў там усе свае надзеі. Я ішоў моўчкі з праваднікамі, пакуль мы не выйшлі на вяршыню гары, дзе ўжо можна было агледзецца і пазнаць мясцовасць. Тады я сказаў ім: «Вы, панове, можаце атрымаць немалую карысць ад крыніцы, калі пойдзеце і заявіце пра яе ўладам; і будзе вам вялікая пашана, бо тады сам князь загадае будаваць тут дзеля сваёй славы і карысці ўсей краіне і абвесціць пра гэта на ўвесь свет дзеля памнажэння сваіх прыбыткаў».-«Во, гля! сказалі яны. Дурні мы былі б, калі б наклікалі дубцы на свае задніцы; не, мы хацелі б, каб лепей чорт цябе забраў разам з тваёй клятай крыніцай; мы табе ўжо казалі, чаму не хочам яе тут». Я запярэчыў: «Эх вы, бязбожныя пустадомкі, ці ж не заслужылі вы, каб вас звалі вераломнымі шэльмамі, бо вы так далёка адышлі ад праведных сцежак вашых продкаў? Яны былі такія верныя свайму князю, аж ён хваліўся, што можа з поўным даверам пакласці галаву на калені кожнаму свайму падданаму і спакойна заснуць; а вашыя баязлівыя душы такія грэшныя, што пабаяліся нават мізэрнай працы,
    якая з часам акупілася б і прынесла б усім вашым нашчадкам вялікую ўцеху, вашаму шаноўнаму князю карысць, а многім далеглым у хваробах здароўе і дабрадзенства, калі б адкрылася гэтая гаючая крыніца. Што з таго, калі б кожнаму давялося дзеля гэтага адбыць колькі тых дзён шарварку і крыху папацець?» «Што? закрычалі яны. Ды мы хутчэй заб’ём цябе да смерці на той паншчыне, каб ніхто не даведаўся пра тваю крыніцу». «Эх вы, птахі, сказаў я. Мала вас тут зляцелася!» -і, махнуўшы кіем, папёр іх да ўсіх чарцей, а сам пайшоў з гары на захад і поўдзень; і шмат намучыўшыся, пад вечар прыбіўся да сялянскага двара, такім чынам на сабе ўведаўшы, як наперад казаў мне мой татусь, што з гэтага паломніцтва нічога людскага не выйдзе, акрамя натруджаных ног ад пустое ходні ў два канцы.
    РАЗДЗЕЛ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ
    Сіліпліцы пярэхрыстаў сустракае, даспадобы яму іх жытка такая
    Вярнуўшыся дахаты, я пачаў жыць вельмі замкнёна; найбольшай радасцю і уцехай мне зрабілася чытанне; я дастаў мноства кніг, якія трактавалі пра розныя рэчы, асабліва такіх, якія трэба было чытаць з галавою, разважліва. Тыя, над чым сядзелі шкаляры і навукоўцы, хутка паабрыдалі, арыфметыка таксама прыелася; а што да музыкі, дык і яна ўжо мне згоркла горш ад горкай рэдзькі, і я ненавідзеў яе, як халеру, і разлюшчыў сваю лютню на дробныя трэсачкі, друзачкі, скабачкі. Матэматыка і астраномія яшчэ сяк-так ехалі; але як толькі я па іх заехаў у астраномію, дык хай ты згары раскланяўся і з імі і на нейкі час прыляпіўся да гэтай, памянёнай ужо, разам з астралогіяй, якая мяне няблага распацешыла. Але пад канец і яна здалася фальшывай, ненадзейнай і неапорнай, так што нядоўга я ёю галаву сабе ў затлуме трымаў, а ўхапіўся за «Мастацтва» Раймонда
    Лулія1, але і тут выявіў, што крэчу і гвалту шмат, а толку здаровага мала, і, палічыўшы гэты твор чыстай топікай, інакш кажучы вышукам лагічных сувязяў, не больш, дык і закінуў яго ў запечак, і звярнуўся да славутай «Кабалы» габрэяў і да егіпецкіх іерогліфаў, і нарэшце ўцяміў, што з усіх маіх навук і мастацтваў няма нічога лепшага за тэалогію, бо менавіта праз яе людзі вучацца любіць Бога і служыць яму. I, ідучы следам за яе настаўленнямі, я адкрыў людзям такі лад жыцця, які можна было б хутчэй назваць анёльскім, а не чалавечым, калі б яны склалі супольнасць, куды ўвайшлі б нежанатыя і жанатыя, як мужчыны, так і жанчыны, якія, паводле прыкладу пярэхрыстаў, здабывалі б сабе ежу рупнасцю рук сваіх пад разумным прыглядам свайго начальніка, а ў вольны час славілі б Бога і турбаваліся пра збавенне сваёй душы. I як што я ўжо раней нешта такое бачыў на Мадзяршчыне ў перахрышчэнскіх дварах, і як што гэтыя добрыя людзі і падобныя да іх не заблыталіся ў ерасях, супраціўных саборнай хрысціянскай царкве, і не загразлі ў іх, дык я па свабодным сумленні прыстаў да іх ці, прынамсі, пачаў шанаваць іхняе жыццё, як самае праведнае на ўсім белым свеце, бо яны паўсталі перад мною ва усіх сваіх дзеях і чынах такімі, як Язэп Флавій, і іншыя аўтары апісвалі габрэйскіх есэяў. У іх былі сабраны вялікія скарбы, назапашаны правіянт, якім яны, аднак, не раскідаліся як папала, без карысці; у іх нельга было пачуць кленічаў, нарокаў і папрокаў, аніводнага пустога слова. Я бачыў там рамеснікаў, якія працавалі ў майстэрнях, як калі б яны падрадзіліся; іх настаўнікі настаўлялі моладзь, як калі б гэта былі іхнія кроўныя дзеці; нідзе я не бачыў, каб мужчыны і жанчыны былі ўперамешку, а наадварот, кожны пол трымаўся асобна, выконваючы кожны сваю працу. Я бачыў у іх пакой спецыяльна для парадзіх, якія разам са сваімі дзецьмі без ніякага прыгляду мужоў дастаюць патрэбную дапамогу ад сваіх сясцёр і шчодра забяспечаны ўсім патрэб-
    1 Каталонскі алхімік і паэт (1235 1316).
    ным; іншыя дзівосныя залы напоўнены там мноствам калысак з немаўлятамі, за якімі прыглядваюць прыстаўленыя да іх нянькі, якія іх кормяць і падціраюць, так што мацеркам і клопату за іх няма ніякага, калі тры разы на дзень прыходзяць даць ім шчодрае мацярынскае цыцкі; і хадзіць за парадзіхамі і дзеткамі даручана толью ўдовам.
    У іншым месцы я бачыў жанчын, якія займаліся толькі прадзівам, так што ў адным пакоі стаяла побач больш за сотню прасніц і калаўротаў. Там у кожнае была свая праца; адна прачка, другая пасцельніца, трэцяя даржніца, чацвертая судамыйніца, пятая склепніца, шостая ключарка, якая глядзела за чыстай бялізнай, гэтак і ўсе астатнія, і кожная ведала, да чаго яна прыстаўлена. I гэтак сама, як разумна былі падзелены ўсе пасады ў жаночага полу, так і сярод мужчын і хлопцаў кожны рабіў сваё самым пахвальным і свабодным чынам. А калі каторае, хай мужчына, хай жанчына, западзе ў нядугу, дык прыстаўляюць да таго служку ці сядзелку, а таксама пасылаюць да яго медыка і аптэкара, хоць пры пахвальнай бязлішніцы ў ежы і добрым парадку ва ўсім хварэюць там рэдка; мне даводзілася бачыць у іх старых, якія былі здаровенькія ў вельмі шаноўным веку, што ў іншых мясцінах бывае нячаста. У іх назначаны гадзіны на ежу і на сон, ані хвіліны на гульні і гульбішчы, акрамя моладзі, якая дзеля цялеснага здароўя прагульваецца адну гадзіну пасля яды са сваім настаўнікам, у той жа час чытаючы малітвы і спяваючы духоўныя песні. Там не ведалі ні гневу, ні прыкрасці, ні дакукі, ні помсты, ні зайздры, ні варожасці, аніякіх турботаў пра часовае, ніякага чарадзейства, жмоцтва, поцягу да гульні і скокаў, ніякага душэўнага надрыву і знемажэння плоці! Адным словам, там была такая шчаслівая гармонія, якая, здавалася, была створана дзеля таго, каб сумленна памнажаць людскі род і царства Божае. Ніводзін мужчына не бачыць сваёй жонкі да тае пары, пакуль у пазначаны час не ўвойдзе з ёю ў спальны пакой, дзе знойдзе пасланы ложак а акрамя таго, толькі
    начную пасудзіну, кубак з вадою і чысты ручнік, каб ён мог умыць рукі перад сном і раніцай, перш чым пойдзе на працу. Звыш таго называлі яны адно адное братамі і сёстрамі, аднак гэтая сумленная ўзаемная даверлівасць не давала прычыны да парушэння цноты. I такое праведнае жыццё, якое вялі тыя пярэхрысты-ерэтыкі, я і сам бы завёў ў сябе, бо мне здаецца, што яно было нават свяцейшае за манаскае. Я падумаў: «Калі б ты мог завесці ў сябе такое сумленнае хрысціянскае жыццё, ты стаў бы новым Дамінікусам альбо Францыскам!» «Але, ах! уздыхаў я часта. Калі б ты мог схіліць пярэхрыстаў, хай бы навучылі яны праведна жыць тваіх аднаверцаў, вось тады ты быў бы святы чалавек! Альбо каб ты ўгаварыў сваіх хрысціянаў, хай бы яны, як тыя твае пярэхрысты, павялі такое самае сумленнае хрысціянскае жыццё, дык чаго б ты толькі не дасягнуў!?» Я, праўда, казаў сам сабе: «Дурань, што табе да іншых людзей? Ідзі ў капуцыны. I без таго табе ўжо бабы душу ад’елі і папярок горла сталі!» Але тут жа і адумваўся: «Заўтра ты будзеш не той, што сёння, і хто ведае, якія сродкі спатрэбяцца ў будучым, каб праведна ісці па следзе Хрыста? Сёння ты апантаны цнотай, а заўтра запалаеш пажадаю».